Назва «Зандажы і Міражы», запазычаная ў мінскіх рэстаўратараў, сімвалічна вызначыла сэнс аднаўленчых і экспазіцыйных прац па захаванні спадчыны цэлай вобласці. Тое, што атрымалася ў выніку, існавала на мяжы дакументальнага і музейнага тэатра, інтэрактыўнай экскурсіі, гістарычнай анімацыі, гарадскога перформансу, флэшмобу, архівавання вуснай гісторыі... Музейны аматарскі тэатр мае шмат прыхільнікаў і столькі ж адмаўленцаў, але бліскучыя прыклады сусветных музеяў натхняюць. Ад нашых ужо таксама чакаюць інтэрактыўнасці, крэатыўнасці, інавацыйнасці. Аднак на практыцы перад супрацоўнікамі паўстае непасільная задача, тым больш традыцыйныя музейныя справы — захаванне і папаўненне фондаў, навуковую працу — ніхто не адмяняе. У выніку музейшчыкам, часцей за ўсё з адукацыяй гісторыкаў, даводзіцца шчыраваць не на сваёй дзялянцы і марнаваць час на «тэатралізацыі», якія даюць добрую нагоду наракаць, маўляў, не трэба ператвараць музей у клуб.
Ашмянскі эксперымент па ўмацаванні мясцовай музейнай супольнасці прафесіяналамі розных мастацкіх галін можа аспрэчыць падобныя меркаванні. Рэжысёрка — Таццяна Шылава (кіраўніца ўзорнага тэатра-студыі «Клас-А!»), непаўторная спецыялістка па працы з акцёрамі-аматарамі. Сцэнарыст — Аляксей Стрэльнікаў, супрацоўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Менеджарка праекта і дэкаратарка — мастачка-рэстаўратарка Ганна Выгонная. Гукааператар з Тэатра юнага гледача Сяргей Пятроўскі. Архітэктарка — Нэлі Дарашкевіч. Усе яны на колькі месяцаў ператварыліся ў ашмянцаў, аб’яднаўшыся з мясцовымі жыхарамі, калі тамтэйшы краязнаўчы музей, адпавядаючы сусветным тэндэнцыям візуалізацыі культуры, вырашыў дапоўніць прадметна-прасторавае асяроддзе сэнсавым (сюжэтным) зместам. Трэба было прымусіць «экспанаты» — будынкі і збудаванні старога горада — «распавесці гледачу свой драматычны лёс». Своеасаблівы «інтэрактыўны элемент» меўся напоўніць гарадское асяроддзе — экспазіцыйныя пляцы Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча, помнікі архітэктуры — Царкву, Касцёл і Сінагогу, шараговыя дамы гістарычнай забудовы і, самае галоўнае, сучасныя навабуды ды адмысловыя дэкарацыі. Размаітым артэфактам ён мусіў надаць агульны сэнс і аб’яднаць іх у адзінае цэлае.
Тэатралізаванае дзеянне не ўяўляла самастойнай каштоўнасці — яго варта разглядаць і ацэньваць у кантэксце складаных працэсаў захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Але каб захаваць гэтую спадчыну, мясцовай гарадской супольнасці трэба было яе... прысабечыць, адчуць сваёй — істотнай і крэўнай.
Згадайма, як грамадства бавілася гульнямі цягам гістарычных эпох: у магнатаў была «гульня ў замкі», у шляхціцаў — «гульня ў сядзібы»; сваю гульню вялі прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій, свае правілы навязвалі заваёўнікі... Праз гэта продкі выпрацоўвалі эстэтычныя прынцыпы, што вызначалі нашу непаўторную культуру і ідэнтычнасць, таму сёння мы і можам казаць пра «гульню як культурную з’яву».
«Гульні» розных супольнасцяў у розныя гістарычныя перыяды пакідалі своеасаблівыя культурныя напластаванні, якія перакрываюць, а часам і забіваюць адно аднаго, пазбаўляючы нас памяці. Расчышчаць гэтыя напластаванні даследчым «зандажом» і прад’яўляць сучаснікам гістарычныя «міражы» — задача складаная, але, як выявілася, надзвычай займальная.
Каб адчуць смак да «гульні ў эпохі», глядач мусіў паслядоўна праходзіць праз шэраг асобных самастойных сюжэтаў-навэл, чыё прадметна-вобразнае напаўненне спрыяла назапашванню ўражанняў і напалу эмоцый. 25-га верасня пасля касцельнай службы акцёры пад гукі дуды мясцовага музыкі пачалі выносіць дэкарацыі...
У дынамічнай, авангарднай і гратэскавай манеры перад жыхарамі паўстала «Гісторыя горада» з галоўным героем, гісторыкам-краязнаўцам Чэславам Янкоўскім, Збіральнікам гісторыі і Захавальнікам памяці. Потым пачуліся лірычныя ноты, неўзаметку з’явіліся сучасныя жыхары і пачалі гутарку «дзе стаяла тая хата» (тэму выпала падгледзець у сеціўным ліставанні ашмянцаў). Узбагацілі аповед і вобразныя дзіцячыя ўспаміны ўраджэнкі Ашмян Розы Лявіт — яна цяпер жыве ў Канадзе. Пры канцы дзеяння на сцэне гледачы і акцёры разам спявалі «Ашмянскі вальс»: верш ў 1970-я напісала тутэйшая настаўніца Марыя Стома, а музыку — дырэктар Ашмянскай музычнай школы Рэнэ Кахановіч. Падобна, повязь часоў сапраўды аднаўлялася (перадусім — праз эмоцыі), людзі адчувалі, як робіцца гісторыя — «тут і цяпер», і бралі ўдзел у працэсе!
Тое, што выпала зрабіць у Ашмянах, можна параўнаць з колішняй дзейнасцю Чэслава Янкоўскага. У сваёй прадмове да манаграфіі «Ашмянскі павет» ён пісаў: «Мной кіруе самае гарачае жаданне засцерагчы ад знішчэння гэты сціплы збор матэрыялаў, гарачае жаданне выратаваць ад забыцця ўсё тое, што напісана на старонках гэтай кнігі. Хай мяне не папракаюць, што я... не заўсёды дакладна прытрымліваюся асноўнага сюжэта, бывае, што ўхіляюся ад тэмы, заглыбляюся ў ашмянскую рэчаіснасць і дэталі, якія быццам бы і не маюць сувязі з нейкай гістарычнай падзеяй, апісваю часам які-небудзь краявід, прыводжу для прыкладу ўрывак з дзённіка ці апісанне сувеніра, ці што-небудзь з этнаграфіі... Буду рады ў гэтай кнізе і ў кнігах, якія будуць выдадзены пазней, змясціць усё, што не трапіла пад увагу прафесійных даследчыкаў, усё тое, што ад страты атрымаецца выратаваць, і што калі не для шырокага кола, дык для нас, ашмянцаў, будзе мець нейкую вагу і цікавасць». Што манаграфія, што сучасны Ашмянскі праект сабраны аднолькава — па драбочках, па макулінках, па лапіках — і «пашыты» ў адзіны фармат. У Янкоўскага атрымаўся літаратурны твор, у арганізатараў праекта — сучаснае мультымедыйнае і інтэрактыўнае прадстаўленне.
Спектакль «пра Ашмяны для ашмянцаў» наўрад ці калі паўтораць цалкам, але дэкарацыі забралі школьнікі і збіраюцца самастойна граць урыўкі. А гараджане з’ядналіся, і хочацца верыць — надоўга, бо праз супольную творчасць аднавілася цікавасць да старажытнага горада і вельмі спадабаўся ягоны новы вобраз.
Ігар РАХАНСКІ