Менавіта гэтай работай «Жастар Тэатры» распачаў свой першы сезон у ліпені 2007 года, а паспяховы ўдзел у нашым фэсце даў магчымасць ацаніць «Чынгісхана» праз еўрапейскія культурныя чаканні.
Літаратурнай падставай пастаноўкі стала драматургічная кампазіцыя Жаныша Кулмамбетава, складзеная з дзвюх аповесцяў — Чынгіза Айтматава «Белае воблака Чынгісхана», з якой узята толькі легенда пра Саразекскую страту, ды Абіша Кекілбаева «Хатынгольская балада» — эпічнай гісторыі пра тое, як царэўна Гурбелжын адпомсціла за народ тангутаў забойствам Вялікага Мангола.
Рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар мастацкага і музычнага вырашэння, мастацкі кіраўнік «Жастар Тэатры» Нурканат Жакыпбай выбудоўвае грандыёзны сцэнічны эпас вакол Скаланальніка Сусвету Чынгісхана ў выкананні Адыла Ахметава — асабліва пераканаўчага і эфектнага праз лаканічны тэкст і скупы ролевы малюнак. Аднак з такой цэнтралізацыяй шматлікія сюжэтныя лініі выглядаюць абрывіста і другарадна. Паводле формы спектакль можна класіфікаваць як «драматычны балет», дзе харэаграфія знітоўвае элементы акадэмічнай вывучкі і стылізацыю пад народную традыцыю, злучае ўсе лініі аповеду і робіць ансамбль важнай дзейнаю асобай накшталт хору антычнага тэатра (харэографы — Салтанат Жалымбаева і Рынат Білібаеў).
Сцэнаграфія — спляценне лінаў з конскага воласу — увасабляе імкненне тырана засцерагчыся ад верагоднай здрады і схавацца ад уласнага сумлення. Раскошныя сцэнічныя строі не проста цытуюць нацыянальны казахскі гарнітур — яны падкрэслена этнаграфічныя і дэталёваму раскрыццю вобразаў не спрыяюць. Па бальшыні сваёй характары персанажаў пазбаўлены псіхалагічнай дынамікі і застаюцца няскратнымі, але гэта часткова апраўдана жанрам міфічнага эпасу.
Скарыўшы вялікую частку Азіі, Чынгісхан рухаецца ў Еўропу. Яго чакае самая цяжкая частка шляху — пераход праз саразекскі стэп. Як біблейскі Ірад, Чынгісхан атрымлівае вяшчунства — пра белае воблака, якое суправодзіць яго ў паходзе. Калі воблака згубіцца або сплыве, Вялікі Мангол пазбудзецца сваёй моцы. Падобна таму самаму Іраду, што збіваў немаўлятаў, тыран забараняе жонкам сваіх салдатаў нараджаць, бо для ворагаў няма нічога больш датклівага за сем’і ваяроў. Прарочыць Чынгісхану таямнічая Старая Маці (Балжан Зіякулава) — яна ніколі не кленчыць і не схіляе перад ім галавы, а ў пустым намёце, атуленым аховай, з’яўляецца знянацку, увасабляючы і фатум, і сумленне.
Праз каханне старэйшага дазорцы Эрдэне (Бакыт Хаджыбаеў) і майстрыхі Дагулан (Мядзіна Май) нараджаецца дзіця. Бацькоў, якія не зважылі на забарону, Чынгісхан карае смерцю. Дзіця кахання сярод вайны і нянавісці ратуе Старая Маці: прарочыца бачыць над сабой чароўнае белае воблака і ў яе з’яўляецца малако для немаўляці (у харэаграфічнай сцэне эфектна шыхтуецца шэраг жанчын, што перадаюць дзіця з рук у рукі — у будучыню). Яна таксама паведамляе ўладару пра дзяўчыну-прыгажуню Гурбелжын, царэўну зваяваных тангутаў: Чынгісхану не наканавана зрабіць яе шчаслівай. Спачатку яго працінае жаданне авалодаць красуняй, а потым пераймае пакутлівае каханне — такое ж рэдкае, як воблака над пустэльняй. Гэтае фатальнае воблака ператвараецца ў чароўную царэўну, грацыёзную і лірычную ў выкананні Айнур Рахіпавай.
Каханы Гурбелжын, правадыр тангутаў Чыдургы (Даўрэн Сергазін), наказвае ўдовам сваіх ваяроў захаваць і нарадзіць дзяцей, каб выхаваць паводле звычаяў малога народа (зберагаючы мову, культуру, веравызнанне) — насуперак Чынгісхану. Па жорсткім законе Гурбелжын мусіць зрабіцца ягонай наложніцай, але яна забівае ўладара кінжалам, атрыманым ад Старой Маці (у гэтай сцэне мімаволі згадваецца легенда пра Рагнеду Полацкую і князя Уладзіміра). Чынгісхан памірае, а ягоныя паплечнікі скідаюць на зямлю конскія аброці — утвараюць белае воблака. Воблака кахання, што нельга ўтрымаць, утаймаваць, прысабечыць...
Сучасны казахскі нацыянальны тэатр, засвоіўшы дасягненні заходнееўрапейскага і рускага мастацтва, шукае мастацка-эстэтычнай ідэнтычнасці і фармуе творчае аблічча, звярнуўшыся да сваіх вытокаў — песень акынаў, абрадавых танцаў, паўсядзённых культурна-пабытовых традыцый, пляцавых прадстаўленняў пра Алдара Касэ і іншых «камічных ашуканцаў». Творчыя перамогі «Жастар Тэатры» сведчаць пра слушнасць гэтага пошуку і шчырую глядацкую цікавасць да казахскай культурнай індывідуальнасці, пададзенай праз прыёмы музычна-драматычнага тэатра.
Дзмітрый ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ