Гартаванню духу ды характару спрыяюць інтэлектуальныя заняткі, таму колькі настаўніцкіх пытанняў пра журналіста, крытыка, драматурга Міхая Себасцьяна (Язэпа Гехтэра) нечакана і вельмі арганічна ўтвараюць пралог спектакля. Дзяўчаткі, вядома, пра адно ведаюць пэўна, іншае падглядаюць, апавядаючы публіцы, як зімой 1943 года п’еса «Безназоўная зорка» стваралася ў гета Бухарэста — сакрэтна, на замову тэатра. З цікавасцю перабіраюць рэмаркі, што неўзаметку робяцца рэплікамі, катурхаюць сваё ўяўленне, і яно абуджаецца: асвятляюцца рэйкі і адзіная дэкарацыйная пабудова мастака Андрэя Меранкова — нібыта вагон, але на ўсе выпадкі жыцця. У ім і едуць, і станцыяй кіруюць, і жывуць на ціхай вуліцы як на запасной каляіне.
Вакзал гарадка драматург сімвалічна аздобіў спыненым гадзіннікам. Каб дастаць да ягоных стрэлак, мастак-пастаноўшчык узброіў Начальніка вакзала драбінамі; каб ажывіць чыгуначны краявід — густоўна ўжыў дымавую машыну. Увасабляючы шалёны подбег часу, ценем мільгае па вакзальных забудовах і персанажах славуты дызель-цягнік: ягоны гістарычны рух, зафіксаваны п’есай, ці не ўсю Еўропу асталюе па вагонах і давязе да трагічных канцовых пунктаў, шмат каму давядзецца іх штурхаць і рухаць да ўсіх тэатраў... ваенных дзеянняў.
Але адносна сцэны вагон нікуды не ссоўваецца, і гэтая тэхнічная акалічнасць пакрыёма рыхтуе метафару: яна ўсвядоміцца й спрацуе, як толькі героі загавораць пра зорнае неба. «Мы разам ляцім да зор», — наўпрост выснаваў Максім Багдановіч; пастаноўшчыкі з драматургам відавочна прыпадобнілі да маленькага вагона ўсю Зямлю. Каб не сапсаваць палёт і не зблоціць вагон, трэба пільна сачыць зоры. «Вы што, ніколі не глядзіце на неба?» — пытаюцца са сцэны.
Варта глядзець, асабліва дбаючы пра шчаслівае паразуменне. Рэжысёры Дзмітрый Бейнарт-Саладуха і Павел Харланчук-Южакоў відавочна дбалі, прапанаваўшы рэпертуарнаму тэатру найдыхтоўнейшую драматургію, не аднойчы ўвасобленую ў кінастужках. Тая, у 1978 годзе адметна зрэжысараваная Міхаілам Казаковым, да сёння карыстаецца глядацкай любоўю.
Кожную ролю «Безназоўнай зоркі» можна лічыць за дарунак лёсу — настолькі пранізліва і дакладна яны выпісаныя. На сцэне ўразіў Рыгор Жураўлёў — ягоная вывучка і псіхафізічныя акцёрскія асаблівасці як мага прыдаліся да ролі настаўніка Марына Мірою. Здзівіла Святлана Яфімава — прыхаваным канфліктам жаноцкасці і абавязку ў асобе Мадэмузэлі Куку. Расчуліў Фёдар Іваноў — ягонаму Селяніну, відаць, так і не собіла дапяць да пункту прызначэння. Але непаўторнае вырашэнне спектакля забяспечыў ансамбль, альбо, лепей, калектыўная роля гімназістак у складзе Веры Грыцкевіч, Марыі Хадзяковай, Ліліі Гоставай, Ірыны Курака, Кацярыны Уладзіміравай, Віталіі Цішковай, Таццяны Грынь, Дзіяны Чарнышэвіч і Аляксандры Бычковай. Іхнія персанажы прагнуць жыццёвага руху, падзей, асабістага ўдзелу; іх магнэсам цягне зменлівы вакзал, які настаўнік Мірою параўноўвае з морам; ім даводзіцца даследаваць, соваць і варочаць вагон, каб ён, пазначыўшы чарговае месца дзеяння, ператварыўся ў чароўную скрыню дзявочых выдумак і чаканняў. Яны пачынаюць размову пра шчасце і шчыра пачуваюцца шчаслівымі, разглядаючы зорку-ўцякачку Мону. І вырак элегантнага мужчыны, якому Юрый Марціновіч дадае спакойнай злавеснасці, пакуль што гучыць не для іх: «Нам няма часу быць шчаслівымі». Яны яшчэ маюць час на шчасце, хоць рух да зор яго і не прадугледжвае.
«Нам ледзь хапае яго на тое, каб проста добра жыць».