Нерэальнасць Дырыжора — не толькі ў тым, што ён не пільнуецца мяжы сцэны і глядзельні. Перадусім каб выканаць «санату для скрыпкі і фартэпіяна», дырыжора не трэба... Пак-Дырыжор выклікае цені, і яны запаўняюць сцэну, каб нанова разыграць гісторыю, якой больш за стагоддзе. Мы здагадваемся: цені асуджаныя яе паўтараць, пакуль штосьці не зменіцца: пакуль не знойдуцца адказы на пытанні, зачараванае кола не разарвецца.
Цягам спектакля на сцэне як быццам і няма жывых людзей, але блукаюць прывіды: напачатку хістаецца чорная постаць Познышава і цягае за сабой кайданы, напаўпразрыстая дзяўчына ў белым узнікае за акном, безаблічныя страшнікі бразгаюць ланцугамі, а сіняе святло робіць абліччы выканаўцаў прывіднымі. Як мае быць у доме са зданямі, чуецца рыпенне няісных дзвярэй і крокі нябачных істотаў, гучаць тагасветныя галасы і смех, прадметы як быццам рухаюцца самі па сабе, на сценах (заслоне) праступаюць патойбочныя пісьмёны. Толькі з набліжэннем да фіналу, адчуваючы, што неўзабаве пральецца кроў, здані набываюць плоцевай шчыльнасці і робяцца жывейшымі.
На загад гэтых прывідаў штораз узнікае кінжал — то ў руках Познышава, то дзесьці побач, нагадваючы пра няўхільнасць даўно вызначанага фіналу. У Саўлюса Варнаса герой «Крэйцаравай санаты» напраўду становіцца трагічным, спрабуе супрацьстаяць лёсу і трывае страшную паразу. Літаратурнаму Познышаву сяк-так рупіла апраўдацца, ён імкнуўся распавесці пра сябе і настойваў на заканамернасці ўсяго адбытага. У тэатры ён зрабіўся існай ахвярай светаладу — нават размаўляць не хоча, так што Дырыжор стукам палачкі прымушае яго працягваць.
З Познышавым у спектаклі ўсё здараецца як бы супраць ягонае волі. Прастытуткі да яго самі чэпяцца і катуюць (за стрыманасць?), а ён да іх не дакранаецца і нават не варушыцца... Колькі можа. Раман ягоны складаецца, бо вясло само кладзецца ў руку — як пазней кінжал. Познышаў абрынаецца ў «аркестравую яму» нечакана, а калі па добрай волі захоча праваліцца, дык не патрапіць. Яго падвешваюць, валтузяць, цягаюць і качаюць па сцэне, пасля антракту быццам выштурхоўваюць з-за куліс. Персанаж штораз упарта спрабуе ачысціцца ці хоць абцерціся, але не можа, паколькі дапамагаюць і ручнікі падаюць тыя самыя рукі, што старанна «пэцкалі».
І ў сварках з жонкай Познышаў не вінаваты: мы выдатна бачым: ягоную жонку падмянілі (пасля вяселля адну актрысу пераймае іншая).
Непазбежна скарачаючы тэкст аповесці для тэатра і пазбаўляючыся ад бальшыні падрабязнасцяў, рэжысёр замала пакідае для Лізы. На сцэне яна прысутнічае, але ўласным жыццём не валодае. Нават у эпізодзе забойства Ліза патрэбная рэжысёру пастолькі, паколькі без яе ліхадзейства не здзейсніцца. А як здзейсніцца, дзяўчыну найхутчэй трэба прыбраць са сцэны (у Талстога яна не губляе самастойнасці нават на божай пасцелі).
Зважым: пра ўсё і ўсіх апавядаюць адны-адзіныя вусны, а дзейныя асоб вынікаюць з аповеду. Іван Трус, безумоўна, моцны апаведнік. Кніжна-цяжкому тэксту Талстога ён надае амаль натуральнае гутарковае гучанне, але, мабыць, маюць рацыю пастаноўшчыкі, якія ператвараюць «Крэйцараву санату» ў монаспектакль. Бо калі на нашых вачах з’яўляюцца асуджаная Ліза і гратэскавы Трухачэўскі, мы ўспрымаем іх самастойнымі персанажамі, то-бок жывымі людзьмі. А яны толькі цені...
Здані разыгрываюць стагадовую п’есу, не змяняючы ні пытанняў, ні адказаў. У эпілогу са старога фанаграфічнага запісу голас Талстога паўтарае: «Нельга так жыць! Нельга так жыць!» Вядома, нельга, згаджаемся мы, — ну дык жа здані й не жывуць.
Аляксей ЗАМСКІ