Велізарнае шчасце ўсведамляць, што прысутнічаеш у момант нараджэння новага музычна-тэатральнага спектакля, суперажываеш яго героям, па-сапраўднаму разумееш іх пакуты-страсці, адчуваеш катарсіс ачышчэння і пры тым неверагодную энергетычную сілу ад усіх, хто ўклаў часцінку таленту ў рэалізацыю праекта. Гэтае захапленне пад знакам «Адбылося!» імкнешся захаваць у сабе на доўгі час.
І тыя гледачы, для якіх, як і для мяне, усе зоркі сышліся на адной музычна-тэатральнай прасторы — на прэм’еры «З жыцця жамяры», — зразумеюць, пра што гаворка.
Вакальны твор «З жыцця жамяры» Валерыя Воранава напісаны на 14 вершаў Мікалая Алейнікава. Імкліва створаны кампазітарам за сёлетні студзень, мае на тытульным лісце прысвячэнні: «Цыкл быў ініцыяваны і напісаны для спявачкі і актрысы Святланы Залескай-Бень і выканаўцаў Дашы Мароз і Марыі Васільеўскай». У загалоўку таксама падкрэсліваецца, што опус, дзе ў якасці раўнапраўных інструментальных герояў удзельнічаюць скрыпка, тэрменвокс і фартэпіяна, прызначаны для «актрысы, якая спявае».
І вось на камернай сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбылася сапраўды мастацкая падзея — монаспектакль з рысамі монаоперы, суцэльная мультымедыйная кампазіцыя. Справядлівая думка, што ўсякая творчасць — адзін з відаў аўтабіяграфіі. Практычна для кожнага мастака яго опус — частка ўласнай светабудовы. У сінэргетычнай музычна-тэатральнай прасторы спектакля «З жыцця жамяры» глыбока і шматмерна адкрыўся паэтычны свет абэрыута Мікалая Алейнікава, адсканаваны і прапушчаны праз музычную паэтыку Валерыя Воранава.
Нагадаем, сам кампазітар паэзію рускага авангарду першай трэці ХХ стагоддзя ўжо не раз увасабляў у музычных інтанацыях: сярод яго твораў вакальны цыкл «Любоўныя песні Данііла Чармса» і харавы цыкл «Фрыкадэлькі і катлеты» на вершы Хармса. А зварот да жанру вакальнага цыкла адкрывае глыбокія карані, якія ідуць яшчэ ад шубертаўскага «кола песень». Ён дае магчымасць зазірнуць ва ўнутраны лірычны свет героя, з яго радасцямі, жарсцямі і пакутамі.
У праграмцы спектакля акцэнтавалася філасофска-этычная аснова дзеяння — «экзістэнцыйная энтамалогія», «спектакль пра жыццё жамяры ў свеце людзей і пра жыццё людзей сярод жамяры, пра жамяроўскія звычкі чалавека і пра чалавечыя страсці кузурак», «пра захапленне навуковым спасціжэннем і жахам перад ім», «пра мітуслівасць, прыгажосць і... Сусвет».
14 маленькіх трагедый аб’яднаныя скразнымі вобразамі-сімваламі — каханне, час і смерць, сувязь чалавека з прыродай, каштоўнасць чалавечай асобы, што разумеецца як своеасаблівы духоўны космас. Над усім гэтым узвышаецца тэма абсурднасці свету і трагічнага ўсведамлення сваёй адзіноты істотай, адасобленай ад навакольнага свету бясконцай пустой прасторай. У ёй чуваць толькі гукі жамяры, якімі адкрываецца спектакль: у поўнай цемры прамень святла выхоплівае «шлем» жука-аленя. Дыялектыка дзіцячага і дарослага ў абраных паэтычных радках стварае аснову для арыгінальнага жанравага змяшэння — «паміж эпічнай драмай і дзіцячымі лічылкамі, паміж рэгтаймам і оперным трагізмам».
Музыка Воранава гіпертэкстуальная, яна прасякнута алюзіямі, асацыяцыямі, элементамі полістылістыкі, у ёй ярка выяўляюцца парадаксальнасць і тэатральнасць музычнага мыслення кампазітара. Кожны верш Алейнікава становіцца імпульсам да музычнага выказвання. Часткі цыклу пабудаваны на прынцыпе кантрасту. У музычнай драматургіі першы («Азарэнне») і апошні («Слова») нумары асэнсоўваюцца як філасофска-рытарычны Пралог і Эпілог, нумары 8 і 9 — бліскуча-іранічны дыялог «Муха» і эфектна-надрыўная «Блыха Пятрова» — гратэскава-трагічныя кульмінацыі. Эмацыйна выбухам успрымаюцца плач Прусака і сцэна правядзення аперацыі над жывой кузуркай — «Вівісектар». У чараду чалавекападобных партрэтаў жамяры інкрустуюцца музычныя знакі, якія набываюць асаблівую семантычную значнасць: найгрышы калядак («Конік»), перайманне балалайкі ў духу савецкай папсы, выкананай пад гітару («Птушачка»), жанравыя вобразы-сімвалы танга і жалобны марш («Смерць героя»), паланэз «Блыха Пятрова» ў духу варламаўскага раманса «Белеет парус одинокий», барочнае гудзенне «Мухі». Гратэскавыя акцэнты ўзмацняюцца праз семантычную неадпаведнасць музычнага і вербальнага шэрагаў, парадаксальныя жанравыя і стылявыя музычныя рашэнні.
Уражанне ад глыбіні і цэласнасці задумы (рэжысёры Святлана Бень і Дзмітрый Багаслаўскі) шматкроць узмацняецца арыгінальнай сцэнаграфіяй (Аляксандра Грыцкова), выразнымі, сапраўды касмічнымі касцюмамі. Безумоўна, асаблівая роля належыць мультымедыйнай праекцыі на закругленым экране, які ахоплівае ўсю сцэну і адначасова замыкае маленькі свет кузуркі. Анімацыйныя калажы Марыі Пучковай дакладна і дзівосна раскрываюць сутнасць таго, што адбываецца, віртуальныя героі (нулікі, «селядзец, які спявае», жывая эксцэнтрыяда народных прыказак, вынаходніцтвы навукоўцаў) тонка ўзаемадзейнічаюць з салісткай.
Гэты монаспектакль — несумненны творчы поспех Святланы Бень, лідаркі музычнага кабарэ-бэнда «Серебряная свадьба». Яе акцёрская харызма ўзрушае, а ў выкананні высвятляецца ўзаемасувязь паэтычнага і музычнага тэкстаў. Святлана па-майстэрску валодае спецыфікай прамоўніцтва, накіроўваючы ўсе сродкі на максімальную выразнасць. У інтэрпрэтацыі артысткі раскрываецца глыбіня задумы — праз дзіўную сумесь і кантраст фантастычнага і рэальнага, прыгожага і пачварнага, трагічнага і камічнага, праўдападабенства і карыкатуры. Асабліва адзначым вакальныя дадзеныя актрысы, якія дазваляюць ёй спяваць у розных стылях — ад рускага рамансу да джаза, блюза, рабіць гукаперайманне роба-голасу і вакалу Б’ёрк, спецыфічна «дзіцячаму» вышынна-недакладнаму інтанаванню.
Усё гэта апраўляецца выразным, семантычна шматвектарным інструментальным дыялогам. Складаныя, насычаныя разнастайнымі сучаснымі тэхнічнымі прыёмамі (вострыя, гратэскавыя, кантрасна-рэгістравыя пуантылістычныя россыпы), элементамі гукапераймання, інструментальныя партыі цыкла гучалі ў бліскучым выкананні Дашы Мароз і Марыі Васільеўскай.
Як жа рэдка цяпер сустрэнеш высакакласных прафесіяналаў, у якіх вочы ззяюць ад захаплення! А тут ззялі не толькі вочы, але і сэрцы ўсіх, хто працаваў над рэалізацыяй гэтага праекта.