ПРА СУЧАСНАСЦЬ І АКТУАЛЬНАСЦЬ
У музычнай творчасці сёння існуе такая неверагодная разнастайнасць, што сучаснаму кампазітару сказаць нешта радыкальна новае цяжка ці зусім немагчыма. Навацыі хутка пераўтвараюцца ў архаіку, авангардныя адкрыцці хутка апелююць да мінулага і робяцца банальнымі. І ўсё ж некаторым шчасціць знайсці і выпрацаваць індывідуальны стыль — пазнавальны, ні да каго не падобны. Іншых прываблівае сінтэзаванне розных плыняў, кампазіцыйных тэхнік. Некаторыя паступова рухаюцца ад адной манеры да другой, а ёсць і такія аўтары, што ў кожным новым творы мяняюць стылёвыя сродкі ў адпаведнасці з ідэяй, канцэпцыяй ці праграмай і ніколі не паўтараюцца.
У спісе работ Вольгі якраз шмат індывідуалізаваных сачыненняў. Амаль кожнаму опусу адпавядае непаўторная назва — «Прэлюдыя і параход», «Адсутны гром», «Дзень шпіёна», «Рыба і неба» або «The Fog», «Uroboros». Ёсць нават і такія, што мяняюцца ў залежнасці ад выканання, як цыкл п’ес для аргана і сябра арганіста. Бо сябрам можа выступіць любы выканаўца. Або п’еса «Сакратары» для піяністаў, якіх чым больш, тым лепш. Тым самым Падгайская нагадвае кампазітараў ХХ стагоддзя, што прыцягвалі ўвагу незвычайнымі жанравымі азначэннямі. Напрыклад, Стравінскі пазначаў — «балет ў трох здачах», «карціны язычніцкай Русі», а Сяргей Пракоф’еў у «Мімалётнасцях» акрэсліваў характар выканання — «насмешліва», «раз’юшана».
Назвы — гэта імкненне быць сучаснай, пазнавальнай, ці, як кажуць, апынуцца ў трэндзе?
— Проста жаданне пазбегнуць банальнасці і звычайнасці. У творы «Прэлюдыя і параход» зыходзіла з цыкла «Прэлюдыя і фуга», але ў другой частцы бачыўся вобраз парахода, які я і ўвасобіла з дапамогай аргана. Назва «Рыба і неба» нарадзілася з тэксту Аляксандра Увядзенскага, дзе існуе вобразны кантраст, супастаўленне ўзвышанага і зямнога. Іншае «Uroboros», тут істотная канструктыўная ідэя. Змяя, што кусае сябе за хвост, — сімвал, філасофская алегорыя, але хацелася перадаць музычнымі сродкамі працэс, калі канец становіцца пачаткам і зноў працягваецца рух.
Ідэя п’ес для аргана і сябра арганіста ўзнікла выпадкова. Сябрам мусіў быць Аляксандр Хумала, але штораз ён не мог выступаць у канцэртах. Таму вакальную партыю выконваў то скрыпач, то саксафаніст. «Сакратары» — музыка для адпаведнага верша Чэслава Мілаша. Андрэй Хадановіч пераклаў шмат яго вершаў з польскай на беларускую мову. Каля 20 з іх меркавалася чытаць пад музыку. У выніку напiсала арыгінальны твор. Хацелася, каб уся сцэна была застаўлена фартэпіяна. Выканаўцы павінны ўвасабляць музыкай гукавы эфект, як у друкарскім бюро. Што да іншамоўных назваў, яны залежаць ад таго, дзе ўзнікае і будзе выконвацца твор — у Германіі або ў Польшчы.
Што, па-вашаму, сучасная музыка? Як вызначаеце, праца сучасная ці не — па стылі, тэматыцы, канцэпцыі? Калі кампазітар піша опус да пэўнай падзеі або як водгук на яе, сачыненне апрыёры робіцца актуальным, але ці робіцца сучасным?
— Сучасная музыка створаная сучасным кампазітарам, і не важна, ён карыстаецца традыцыйнымі сродкамі або найноўшымі тэхнікамі кампазіцыі. Ці актуальны твор? Гэта залежыць ад тэмы, у якой уздымаюцца хвалюючыя, балючыя праблемы; але толькі аўтара ці многіх людзей. Прывяду прыклад з уласнага жыцця. Быў сон — як прадбачанне, прадчуванне рэальных падзей, што адбыліся ў Францыі. Сон зразумела менавіта пасля шэрагу тэрактаў. Потым знайшла малітву «Аб духу любові» Францыска Асізскага і на гэты тэкст напісала хор а cappella «Малітва за мір», які прысвяціла хору «Salutaris» i дырыжору Вользе Янум.
А як ставіцеся да ангажаванай музыкі? Згадаем вашу оперу-буф «0:1», напісаную да Чэмпіянату свету па хакеі. Адкуль узялася ідэя? Вы захапляецеся спортам?
— Нават калі іншаму кампазітару давядзецца напісаць музыку да нейкай даты, ён зможа зрабіць так, што ніхто і не падумае лічыць яе ангажаванай. Усё залежыць ад таленту. Ні хакеем, ні футболам не захапляюся. На стадыёне «Дынама» была, адчувала азарт, адрэналін, але больш туды не пайду. У студэнцкія гады любіла граць у баскетбол. А ідэя хакейнай оперы належыць Віталю Дарашуку, майму мужу, кампазітару і мультыінструменталісту. Яна падалася вартай увагі. Была прапанова Музея Азгура зладзіць Ноч музеяў на стадыёне «Юнацтва». Мы адгукнуліся на прапанову.
Па сюжэце гэта незвычайны матч, а ў музыцы дамінуе неакласічны стыль. Тут шмат гукаў рэальнай гульні — свісткі, скандаванне, шумавыя эфекты спаборніцтва, каментары, завяршальная сірэна...
— Усё так, дакладна. Але спаборніцтва як такога тут няма. Ёсць два браты хакеісты і трэці няўдалы, бо... кампазітар. Ён чакае сваю Музу, а браты пераконваюць, што ён павінен займацца хакеем. З’яўляецца Муза, якая таксама любіць гэтую гульню. Каб быць разам, музыканту трэба стаць хакеістам. У рэшце рэшт ён пачынае граць... Лібрэта напісаў Віталь Дарашук, пастаноўку ажыццявіў Георгій Глік, дырыжорам быў Аляксандр Хумала. Партыю малодшага брата выканаў Сяргей Доўгушаў. А яшчэ мы знайшлі незвычайную выканаўцу на партыю Музы — Кацярыну Зуеву, якая скончыла Акадэмію музыкі як дырыжор-харавік і адначасова выкладае фігурнае катанне!
АСАБІСТАЯ МАТЫВАЦЫЯ ВЫБАРУ
Вольга Падгайская — рознабакова адораная асоба. Скончыла Лідскае музычнае вучылішча як тэарэтык. Але больш цікавым ёй бачыўся шлях кампазітарскай дзейнасці. Сачыняць музыку, невялікія танцавальныя п’есы Вольга пачала яшчэ ў 11 гадоў. Прафесійна кампазіцыю вывучала ў Беларускай акадэміі музыкі — спачатку ў класе Уладзіміра Дарохіна, потым у прафесара Вячаслава Кузняцова, а арганнае выканальніцтва спасцігала тамсама ў дацэнта Уладзіміра Неўдаха. Між іншым у яе сям’і і сярод блізкіх родных музыкантаў не было, хоць усе добра спявалі. Бацькі з прафесіі будаўнікі, інжынеры-канструктары.
Як здарылася, што пачалі займацца музыкай?
— У першым класе знаёмая дзяўчынка адвяла мяне ў музычную школу, паказала інструменты, і мне вельмі захацелася навучыцца іграць. Ніхто пра гэта не ведаў, і, калі я своечасова не вярнулася дамоў са звычайнай школы, бацькі вырашылі, што я знікла. Уся міліцыя Караганды, дзе я нарадзілася, настаўнікі і бацькі мяне шукалі, бо горад быў небяспечны. Калі вярнулася дамоў пасля экскурсіі ў музычную школу, перш за ўсё мяне пакаралі. І было крыўдна, але не за тое. Бо так і не даведалася, ці буду вучыцца музыцы. Потым усё-такі бабуля з дзядулем назбіралі грошай і падаравалі фартэпіяна.
На пачатку перабудовы ў Казахстане заставацца было немагчыма. Адключылі электрычнасць, зімой — мароз мінус 50, палілі вогнішчы ў дварах, нават на балконах, казахі прыязджалі з аулаў і скуплялі жыллё, таму што ўсе адтуль з’язджалі, хто куды мог. Сям’я наша пераехала ў Ліду, дзе жыў бацькаў сябра. Ён дапамог знайсці працу, уладкавацца ў інтэрнаце. Так у 1996 годзе мы апынуліся ў Беларусі.
Што сёння вызначальнае, каб абраць прафесію кампазітара, бо, як і раней, яна не лічыцца прэстыжнай.
— Толькі не матэрыяльны бок. Для сапраўднага мастака творчасць і самарэалізацыя — адзіны спосаб выжывання (найперш у маральна-псіхалагічным сэнсе), бо ён не можа не сачыняць. Яму не патрэбны за гэта грошы. Я магу зарабіць іншай працай.
Катастрафічна, што многія дзеці лічаць, быццам кампазітары жылі ў далёкім мінулым, а цяпер засталіся толькі іх партрэты на сцяне. Таму ў музычнай школе № 3 імя Фрыдэрыка Шапэна, дзе выкладаю кампазіцыю, у 2013-м упершыню арганізавала невялікі аркестр юных кампазітараў «Фрыдэрыкі». Тры-чатыры разы на год ставім тэматычныя спектаклі. Дзеці пішуць музыку і самі выконваюць яе. Самі робім дэкарацыі, касцюмы. Сцэнарыі распрацоўваю самастойна. Першую казку паказвалі на Каляды. Іншапланетнік прылятае на Зямлю і не разумее, што тут адбываецца. Не разумее, што такое музыка, чаму ніводнае свята не абыходзіцца без яе. Урэшце кампазітары тлумачаць, паказваюць, і іншапланетны госць пачынае з задавальненнем іграць.
На Дзень святога Валянціна зладзілі спектакль пра людзей, незадаволеных тым, чым займаюцца. Юныя кампазітары аркестра прадстаўлялі пажарнага, цырульніка, афіцыянта. Іх аб’ядноўвала менавіта музыка, толькі разам з музыкай яны рабіліся шчаслівымі. На пастаноўку запрасіла сваю сястру. Яна па прафесіі аэрафотагеадэзіст, але марыла адкрыць школу фламенка. Па спецыяльнасці працавала толькі два гады. Потым паехала ў Іспанію на спецыяльныя курсы, вярнулася дамоў і здзейсніла сваю мару.
А якой была ваша ўласная матывацыя выбару прафесіі?
— У музычнай вучэльні ўсе тэарэтыкі павінны займацца кампазіцыяй. Маімі настаўнікамі былі Вераніка Швец, якая выкладала яшчэ фартэпіяна ў іншых студэнтаў, і яе настаўнік Віталь Радзівонаў, ён прыязджаў да нас з Гродна і вучыў, кансультаваў. На тэарэтычным аддзяленні вучыцца карысна, але самой пісаць нейкія навуковыя працы, кнігі ці падручнікі пра музыку нецікава. А вось сачыняць — іншая справа. Для мяне гэта як уваход у нейкую ірэальнасць.
Калі зразумелі, што хочаце быць менавіта кампазітарам, а не тэарэтыкам?
— Вызначальныя падзеі адбыліся на апошнім курсе. Мой дэбютны аўтарскі канцэрт. Нічога падобнага ў Лідскім вучылішчы за ўсю гісторыю не здаралася. Першае аддзяленне склалі камерныя сачыненні, а ў другім гучалі аркестравыя творы з удзелам саліруючага кларнета. Пасля быў удзел у конкурсе маладых кампазітараў імя Юрыя Семянякі ў Гродна, на якім атрымала прыз Саюза кампазітараў.
Паступова, але натуральна рухалася па шляху кампазітарскай творчасці. Наогул не было выбару — пісаць навуковую працу ці музыку. Сачыняла і нават не заўважала, што вучуся на тэарэтычным аддзяленні. Мае настаўнікі Швец і Радзівонаў давалі пэўную свабоду, і гэта спрыяла развіццю фантазіі. Вядома, чула заўвагі наконт формы ці інструментоўкі. Кампазіцыі навучыць нельга, галоўнае не задавіць, а развіць здольнасці ствараць музыку.
Ці складана быць жанчынай і кампазітарам? У тым ёсць антаганізм або гарманічнае суіснаванне?
— Так, складана, бо кожны раз трэба даказваць, што ты сапраўды прафесіянал. Канешне, пералом у сувязі з эмансіпацыяй адбыўся. Але не хачу на гэты конт разважаць. У мяне шмат спраў, якія імкнуся зрабіць у такім кароткім жыцці. Насамрэч ёсць такія жанчыны-кампазітары, каму наканавана, як кажуць немцы, Kinder, Kirche, Küche, і лепей, каб яны гэтым і займалася. Але ж калі жанчына хоча яшчэ нешта сачыняць, мо гэта і нядрэнна...
ТВОРЧЫЯ СТАСУНКІ І ВАНДРОЎКІ
Вольга — лаўрэат Міжнароднага фестывалю арганістаў і Міжнароднага конкурсу кампазітараў імя Андрэя Пятрова (Пецярбург, 2004 і 2010). Выступала на фестывалі, прымеркаваным да 70-годдзя Алега Янчанкі ў Маскве. Удзельнічала і ў многіх еўрапейскіх музычных фэстах — «Orgelsommerakademie» ў Аўстрыі, «Transit 7» у Даніі, «Freakshow», «Unsound», «Stuka ulicy», «NOSPR» у Польшчы, «Orgelmomente», «Freakshow», «Kinoorgel in Babylon» у Германіі, «Sonata islands» у Італіі, «RIO» у Францыі, «Rock in Opposition» у Партугаліі.
У старадаўнім нямецкім Гейдэльбергу праводзіцца Міжнародны фестываль, дзе выконваецца музыка кампаністак з розных краін. Ініцыятарам яго выступае Культурны інстытут «Кампаністкі ўчора — сёння»...
— Чула пра яго, але давялося трапіць на іншы фэст, дзе свае спектаклі прадстаўлялі жанчыны-рэжысёры. У штогадовым Міжнародным фестывалі ў Даніі (у Хольстэбру) мы прымалі ўдзел сумесна з Брэсцкім незалежным альтэрнатыўным тэатрам «Крылы халопа» са спектаклем «Званіць-ляцець» паводле твораў Данііла Хармса. Пастаноўку здзейсніла Аксана Гайко, музыку я пісала разам з Віталём Дарашуком. Фестываль стаў для мяне сапраўдным адкрыццём.
Калі доўжыць гаворку пра фестывальны рух, дык нічога падобнага ў беларускім асяроддзі чакаць не даводзіцца?
— Сапраўды, у галіне сучаснай акадэмічнай музыкі фэстаў у нас мала. Да 330-годдзя з дня нараджэння Баха Віталь Дарашук зрабіў мінчанам і самому кампазітару цудоўны падарунак — фестываль «Бах у метро». На дзесяці розных станцыях мінскага метрапалітэна выконвалася музыка Баха. Гэты праект добра прымалі гараджане. Наогул хацелася б, каб горад ажыў. Сёлета, акрамя Баха, выконвалі музыку Вівальдзі, «Полацкі сшытак» i iнш.
Вы — адна з тых, хто арганiзоўвае беларускі фестываль сучаснай музыкі i нямога кiно «Кінемо»...
— Ён ладзіцца з 2012 года летам ва ўнутраным дворыку Музея Азгура ў фармаце open air. Тут аб’ядналіся Георгій Глік і Вольга Надольская, арганізатары праекта «Cinemascope», якія займаюцца падборам фільмаў, Аксана Багданава, дырэктарка музея, і Віталь Дарашук, арганізатар фестываля «Кінемо». Праграма складаецца з пяці вечароў. Першы — тапёрскае агучванне стужак, звычайна камедыйнага жанру, рознымі выканаўцамі-піяністамі, якія падбіраюць адпаведныя опусы; тры вечары — са спецыяльна напісанымі сачыненнямі розных кампазітараў, у тым ліку і замежных; і пяты вечар кароткаметражных карцін, для агучвання каторых запрашаюцца ансамблі. У межах фестывалю я агучвала фільмы «Вазніца» Віктара Шострама, «Монстр» Роланда Уэста, «Жылец» Альфрэда Хiчкока, «Шэрлак малодшы» і «Таемны знак» Бастэра Кітана, «Сэрца скнары» Дэвіда Грыфіта.
Які прафесійны інтарэс мае для вас гэтая прыкладная сфера?
— Музыка для нямога кіно не мае перапынку, гучыць увесь час, пакуль ідзе фільм. Яна ствараецца як асобная партытура, падрабязна распрацоўваецца ўслед за кадрамі кінастужкі. У тэатры музыка павінна гучаць толькі тады, калі патрэбна рэжысёру. Ён вызначае, дзе, у якой сцэне і колькі хвілін. Таму сачыненне для нямога кіно можа гучаць і самастойна. Праглядаю карціну і раблю ўласную распрацоўку тэмы. Гэта вельмі сур’ёзная праца.
Вы — удзельніца ансамбля новай камернай музыкі «Five-Storey Ensemble», які перакладаецца як «пяціпавярховы» ці «пяціярусны ансамбль». Што маецца на ўвазе?
— Тут шмат складнікаў. Гэта сiнтэз удзельнiкаў ансамбля «Рацыянальная дыета» i групы «Fratrez» (арганізатар і спявак Сяргей Доўгушаў). Цяпер у складзе скрыпка, габой, флейта, гітара, бас-гітара, кантрабас, акардэон, ударныя. Я граю на фартэпіяна і спяваю. Мы запісалі альбом, выдадзены ў Італіі ў 2013-м. А ў Партугалii адбылася яго прэзентацыя. Гэтым жа ансамблем, склад якога, дарэчы, мяняецца ў залежнасці ад праектаў, мы граем і на фестывалі «Кінемо».
Не так даўно вы вярнуліся з Польшчы. Якая нагода, што пачулі, адкрылі новага для сябе?
— Прайшла папярэдні конкурсны адбор, атрымала стыпендыю «Gaude Polonia» Міністэрства культуры Польшчы і паўгода стажыравалася ў Варшаўскай кансерваторыі. Уражанне, быццам трапіла ў рай! Кожная паездка ў Еўропу, тым больш на працяглы час, узбагачае, разнявольвае, натхняе. Маім куратарам стаўся кампазітар і арганіст Дарыюш Пшыбыльскі. Дзякуючы Нацыянальнаму Варшаўскаму цэнтру культуры набыла электронны арган. Вывучала арганную творчасць сучасных беларускіх і польскіх кампазітараў. Гэта была галоўная мэта і тэма маёй стажыроўкі. Пазнаёмілася і з такімі значнымі фігурамі польскай музычнай культуры, як Станіслаў Марыто, былы рэктар Варшаўскай кансерваторыі, і культавы кампазітар і дырыжор Павел Лукашэўскі.
Чым сачыненні польскіх кампазітараў для аргана адрозніваюцца ад беларускіх? Якой вам бачыцца агульная сітуацыя ў сучаснай сусветнай музыцы? Як вы ацэньваеце айчынную кампазітарскую школу ў гэтым кантэксце?
— У Польшчы больш магчымасцей вывучаць арган, выконваць арганную музыку, бо шмат кампазітараў, якія пішуць для гэтага інструмента. У нас у свой час быў толькі адзін аўтар, Алег Янчанка, ён жа і сам выканаўца. Цяпер для аргана працуюць адзінкі — Ганна Кароткіна, Дзмітрый Лыбін, Яўген Паплаўскі. Я звярталася да нашых аўтараў, каб напісалі для аргана штосьці новае. На мае просьбы адгукнуліся Канстанцін Яськоў, Андрэй Цалко, Змiцер Горбач, Вячаслаў Кузняцоў. Цяпер можна нават зборнік выдаць.
Наконт агульнай сітуацыі. У авангардным накірунку замежныя кампазітары прасунуліся значна далей, чым мы. Наогул сучасныя аўтары больш імкнуцца да таго, каб знайсці ярка вызначаны стыль, індывідуальны і пазнавальны. У нас многія кампазітары не пазнавальныя, іх сачыненні можна пераблытаць.
У Польшчы даводзілася трапляць на канцэрты сучаснай музыкі, якую немагчыма слухаць. Сярод дзясятка кампазітараў мо толькі адзін яркі. Справа не ў тым. Лічыце самі. Там канцэрты сучаснай музыкі ладзяцца раз на тыдзень, у нас жа — раз на паўгода. Тое і з фестывалямі. Іх шмат: напрыклад, такія грандыёзныя, як Бетховенскі ці фестываль Лютаслаўскага. Залы поўныя, публіка розных узростаў. Ёсць цікавасць да творчасці сучасных кампазітараў. У нас падобнага няма. Інтарэс адсутнічае, разнастайнасці няма, няма з чаго выбіраць. Наогул сучасную музыку беларускі слухач не ведае. Здаецца, канцэртныя арганізацыі і нас, сучасных кампазітараў, таксама не ведаюць.
Акрамя сучаснай музыкі, чым яшчэ цікавіліся ў Польшчы?
— Паглядзела шмат польскіх авангардных спектакляў. Наведвала Zamek Ujazdowski, Nowy teatr. Пазнаёмілася з Аленай і Томашам Ляшчыньскімі і іх «OpenHaus». Алена — актрыса і мастак, а Томаш — акцёр, рэжысёр і перакладчык. Яны вельмі на мяне паўплывалі. Адным з яркіх уражанняў стаўся нямецкі рэжысёр і кампазітар Хайнер Гебельс — яго лекцыя і спектакль паводле кнігі «Эстэтыка непрысутнасці». Незвычайная пастаноўка: ігра дэкарацый, святло, відэаінсталяцыі, гучанне некалькіх фартэпіяна, туманы, птушкі — выкарыстаны ўсе тэатральныя сродкі, акрамя акцёраў. Усё разам выклікала эфект стварэння свету.
Акрамя таго, пабывала на фестывалі нямога кіно ў Берліне, у кінатэатры «Вавілон» агучвала некалькі фільмаў на спецыяльна прызначаным для гэтага аргане. Гэта былі кінастужкі Даўжэнкі, Козінцава, Пудоўкіна.
ЗДАБЫТКІ СТАГОДДЗЯ...
У верасні ў канцэртнай зале «Верхні горад» адбылася прэм’ера хору Вольгі Падгайскай «Малітва за мір», якi выконвала Музычная капэла «Sonorus» пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Хумалы. У кастрычнiку Вольга грацьме на аргане разам з ансамблем медных духавых інструментаў на XI Мiжнародным фестывалі духоўнай музыкi ў гонар святой Цыцыліі ў Архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У музычнай школе № 3 разам з Аленай Бажко з Брэста і аркестрам юных кампазітараў «Фрыдэрыкі» будзе ставіцца ценявы эка-спектакль. Плануюцца паездкі ў Польшчу, сумесны праект з Аленай і Томашам Ляшчыньскімі.
Прайшло дзесяць год, як вы атрымалі дыплом магістра мастацтваў. Як вы згадваеце мінулы перыяд? Адбываецца штосьці новае ў вашай творчасці?
— Насамрэч здаецца, што прайшло сто гадоў пасля таго, як скончыла Акадэмію музыкі. Столькі падзей у маім жыцці — тыдзень праходзіць як год. Хоць фізічна адчуваю азарт, апантанасць, быццам мне пятнаццаць. Не магу сядзець без справы.
У дадатак у Польшчы адкрыла шмат невядомых уласных рысаў, з іншага боку спазнала сябе. Галоўнае, што прыйшла ўнутраная свабода, я пазбавілася шматлікіх комплексаў. Убачыла сябе збоку. Багата зроблена, але багата яшчэ хачу зрабіць.
Сёлета нарадзілася шмат твораў, напрыклад, музыка да нямой стужкі Бастэра Кітана «Шэрлак малодшы». Атрымалася разгорнутае палатно. Фільм — камедыя, часам ад смеху аркестранты і дырыжор не маглі іграць. Напісала сачыненне для хору, аргана і ўдарных на словы з «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч. Створана і шмат камерных опусаў для аргана. Прэм’еры чакайце на фестывалі арганнай музыкі ў Кафедральным саборы.
Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН