Навуковец, збіральніца, сціплая працаўніца, якая адыграла ў гісторыі нашай культуры выбітную ролю. Яе ўнёсак не ацэнены ў поўнай меры, але памяць пра Вольгу Церашчатаву жыве ў музеі, у сэрцах яе калег, сяброў і вучняў.
Беларусь позна ўступіла на шлях аховы сваёй культурнай спадчыны. На гэта багата прычын. Шматгадовая адсутнасць сваёй дзяржаўнасці. Практычнае знішчэнне магнацкіх калекцый мастацтва ў выніку рэквізіцый маёмасці актыўных удзельнікаў паўстанняў 1830—1831 і 1863 гг. Разбурэнне манастыроў падчас царкоўных рэформаў Кацярыны II і Мікалая I. У другой палове XIX стагоддзя калекцыі сакральнага мастацтва былі ў царкоўных зборах Віцебска, Мінска і Магілёва, але пасля вывазу каштоўнасцей у расійскую глыбінку перад Першай сусветнай вайной у 1914 годзе беларускія скарбы аказаліся раскіданымі па розных месцах, большасць — страчанымі незваротна.
Піянерамі сістэматычнага збірання старажытнабеларускіх артэфактаў былі выбітныя дзеячы першага беларускага Адраджэння браты Іван і Антон Луцкевічы. Яны адкрылі ў 1919 годзе Беларускі музей у Вільні, які праіснаваў да 1939-га. У 1945 годзе калекцыя братоў Луцкевічаў была расфармавана і экспанаты раздадзены музеям Вільнюса, за пяць год да таго стаў сталіцай суседняй Літвы.
Урад Савецкай Беларусі адкрыў у 1919 годзе Мінскі абласны музей на аснове рэквізаваных калекцый дваранскіх сядзібаў і царкоўных збораў. Прыкладна 70 абразоў на дошках XVII—XVIII стагоддзяў былі апісаны Міколам Шчакаціхіным, першапраходцам у вывучэнні гісторыі беларускага мастацтва. Але ён быў рэпрэсаваны ў 1930-х, а помнікі выяўленчага мастацтва вывезены немцамі ў гады Другой сусветнай вайны.
Алена Аладава, шматгадовая дырэктарка ўзноўленай у 1944 годзе Дзяржаўнай карціннай галерэі, збірала калекцыю рускага мастацтва; сакральнае і старажытнабеларускае ў музеях тады было пад падвойнай забаронай — як помнікі рэлігійнага культу і як творы нацыянальнай культуры. Гэта працягвалася прыблізна да 1970-х.
Аддзелы старажытнарускага мастацтва ў сталічных і правінцыйных музеях Расіі сталі адкрывацца з сярэдзіны 1970-х на падставе наяўных, але раней не экспанаваных фондавых калекцый, сабраных яшчэ ў 1920—1930-х. У Беларусі такіх калекцый не было праз прычыны, названыя вышэй. У экспазіцыі Дзяржаўнага мастацкага музея ў сярэдзіне 1970-х толькі два абразы (XVI і XVIII стагоддзяў) і дзве скульптуры (XVIII) сведчылі пра амаль тысячагадовую гісторыю беларускага мастацтва.
Новы перыяд у збіранні калекцыі датуецца 1968 годам, калі распачала сваю дзейнасць Вольга Васільеўна. Пра тое, што калекцыі іканапісу можна збіраць, ніхто і не думаў. Усё пачыналася як навуковая праца для Збора помнікаў гісторыі і культуры народаў СССР, бо Савет Міністраў СССР у 1968-м прыняў рашэнне пра выданне гэтага 200-томнага кампендыума.
Збор матэрыялаў для выдання сямі тамоў, адведзеных БССР, быў даручаны Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Неўзабаве высветлілася, што ў Беларусі няма спецыялістаў у вобласці сярэднявечнага сакральнага мастацтва. З чатырох экспедыцый, накіраваных у Брэсцкую вобласць улетку 1970 года, адна была арганізавана на добраахвотных пачатках. Яе складалі маладыя энтузіясты, кіраваныя навуковым супрацоўнікам мастацкага музея Элеанорай Вецер (1932—2011). Без спецыяльнага транспарту за тры тыдні яны сабралі неабходную інфармацыю на тэрыторыі двух раёнаў і прывезлі ў Менск каля 60 помнікаў жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Яшчэ некалькі датаваных абразоў прывезла і група, якую ўзначальвала Вольга Церашчатава. Астатнія не прывезлі нічога, бо гэта не прадугледжвалася вытворчым заданнем.
Аднак ад неабыякавага стаўлення да артэфактаў, якія аддавалі самі храмы, да стварэння музея, сховішча, рэстаўрацыйнай службы пройдзе яшчэ некалькі гадоў, напоўненых, у першую чаргу, абаронай матэрыяльных сведчанняў нашай гісторыі — сакральных рэчаў, цудам захаваных у цэрквах. Але Вольга таксама прыйшла ў царкву як верніца. Мітрапаліт Філарэт, які ў 1978-м распачаў служэнне ў Беларусі, стаў яе сябрам і апекуном. У тыя складаныя часы самыя цёплыя кантакты злучалі Церашчатаву са святарамі ўсіх канфесій. І жыццё і праца патрабавалі мужнасці, сумленнасці, адданасці справе. Акадэмічная кар’ера спынілася, Вольга Васільеўна не стала рыхтаваць доктарскую дысертацыю, усе яе сілы былі аддадзены будаўніцтву музея…
Вольга Церашчатава (у дзявоцтве Арцёмчык) нарадзілася 22 ліпеня 1926 года ў мястэчку Лоеў, у самым паўднёва-ўсходнім кутку Беларусі. Памятаю, як яна распавядала мне пра родныя абшары, траву ў палях, над якімі, здавалася, дзяўчынка Воля парыла птушкай. Пачуццё прыгажосці, густ і ўражальная інтуіцыя былі адтуль, з палёў роднага краю. Да пачатку вайны Вольга скончыла толькі няпоўную сярэднюю школу. Пасля — два цяжкія гады акупацыі, якія запомніліся ёй пастаянным страхам выгнання ў Германію. Але ўвосень 1943-га Лоеў быў вызвалены савецкім войскам, і ўлетку 1944-га, калі дзяўчыне споўнілася 18, яна сышла добраахвотніцай — і не проста ў армію, а ў разведшколу КДБ, дзе яе кшталтавалі як радыстку.
Аднак да таго часу, калі яна набыла ваенную спецыяльнасць, неабходнасць засылання ў тыл суперніка выведвальна-дыверсійных груп адпала. У 1947 годзе Вольга Васільеўна выйшла замуж і разам з мужам з’ехала служыць у Германію. Там у яе нарадзіўся сын, а ў 1952 годзе сям’я вярнулася ў Мінск. І Церашчатава наноў пачынае асвойваць мірную прафесію: паступае вучаніцай у друкарню газеты «Звязда» і адначасова ў вячэрнюю школу. А пасля — на завочнае аддзяленне Маскоўскага паліграфічнага інстытута, па заканчэнні — у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1968-м абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную кніжнай графіцы даваеннай Беларусі. Неўзабаве Вольгу Васільеўну прызначылі кіраўніцай групы выяўленчага мастацтва ў наваствораным Сектары збору помнікаў.
Тое быў няпросты крок. Мала сказаць, што ў Паліграфічным інстытуце даволі павярхоўна знаёмілі з сакральным хрысціянскім мастацтвам і нічога не казалі пра беларускае. У самой Беларусі гэта быў час глыбокага забыцця ўласнай праўдзівай гісторыі і культуры. На тыя дысцыпліны было накладзена табу. Але маладая даследчыца мела глыбокае, прыроднае, тонкае адчуванне прыгожага і ўменне глядзець на рэчы незашоранымі вачамі.
З набыткаў экспедыцый 1970 года пачала складацца акадэмічная калекцыя старажытнабеларускага мастацтва. Пачалося яго вывучэнне і супрацоўніцтва Церашчатавай з групай памочнікаў-добраахвотнікаў. Вольга Васільеўна ўмела прыцягваць людзей, спачатку справай, потым ужо прыгажосцю і каштоўнасцю артэфактаў калекцыі. У музеі збіраліся самыя выбітныя людзі таго часу, прыязджалі маскоўскія сталічныя і замежныя навукоўцы. Можна згадаць пра члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі мастацтваў Алега Швыдкоўскага, дырэктара навукова-даследчага інстытута рэстаўрацыі ў Маскве Івана Горына, кіраўнікоў маскоўскіх устаноў, але больш важна ўспомніць пра беларускіх аднадумцаў Вольга Васільеўны, якія ўдзельнічалі ў экспедыцыях і выконвалі першыя даследаванні помнікаў, — Юрыя Хадыку, Валерыя Філіпава, Ірыну Быцеву, Людмілу Іванову, многія з іх пасля пайшлі працаваць у музей — Эльза Максімава, Аляксандр Ярашэвіч, Мікалай Мельнікаў, Уладзімір Карэлін. Сабралася незвычайная каманда маладых энтузіястаў — Ганна Фурс, Аксана Варатнікова, Алена Котава, Анатоль Літвіновіч. І сёння там цудоўныя даследчыкі, але мы згадваем самых першых, што ішлі поруч з Вольгай Васільеўнай. Варта ўспомніць супрацоўнікаў правінцыйных музеяў, якіх Церашчатава таксама далучала да працы, запрашала ў экспедыцыі — Людмілу Карнілаву і Ніну Ляшчонак. Гэтыя гродзенскія даследчыцы змаглі сабраць у музеі гісторыі і рэлігіі ўнікальны збор помнікаў старажытнабеларускай культуры.
У 1974 годзе пракацілася чарговая хваля барацьбы з нацыяналізмам, арганізаваная ў чаканні праверкі камісіяй ЦК КПСС ідэалагічнай працы ў КП Беларусі. Элеанора Вецер была звольненая з НАН, а акадэмічная калекцыя абразоў перададзена ў запаснікі Дзяржаўнага мастацкага музея, бо ніхто не хацеў браць адказнасць за яе наяўнасць у сваіх сценах. У такіх варунках менавіта Вольга Церашчатава працягнула працу па зборы помнікаў для ўжо запланаванага Музея старажытнабеларускай культуры з добраахвотнікамі і сумесна са сваёй каляжанкай Алай Лявонавай.
У час з 1974 па 1979 Вольга Васільеўна істотна пашырыла кола помнікаў для калекцыянавання, уключыўшы ў яго народнае мастацтва і этнаграфію. Церашчатава пісала тэксты для Збора помнікаў і шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва», сачыла за будаўніцтвам і абсталяваннем памяшкання музея і некалькі разоў у год выязджала ў экспедыцыі. Пачала рыхтаваць маладых даследчыкаў, і я аказалася першай і адзінай яе аспіранткай.
Стыль палявой работы Вольгі Васільеўны заўсёды вылучаўся высокай культурай. Яна ніколі не ашуквала людзей, не забірала помнікі з храмаў сілай, а тады гэта было магчымым. Толькі тое, што не трэба храму ці вельмі трэба музею. І толькі са згоды святароў і прыходу. І ніколі за грошы, акрамя помнікаў этнаграфіі — посцілак, ручнікоў, тканых дываноў, адзення, ганчарных вырабаў, музычных інструментаў і традыцыйных прылад працы. Даследчыца знайшла і прывезла ў Мінск з Маларыты найстаражытнейшы абраз грэчаскага пісьма «Божая Маці Замілаванне» ХV стагоддзя, захаваны ў Беларусі, але пазней выкрадзены з музея. Сваімі рукамі зняла ў зачыненым касцёле ў Дрысвятах карціну «Пакланенне вешчуноў» 1514 года. Былі выпадкі, калі ў Акадэмію навук перадавалі артэфакты толькі пасля таго, як святары запэўніваліся, што прыехала экспедыцыя Церашчатавай. Ёй удалося пераканаць кіраўніцтва Вільнюскага музея этнаграфіі перадаць у Мінск калекцыю дзіцячых цацак з даваеннага музея Луцкевічаў, а з маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музея вярнуць сем абразоў з даваеннай экспазіцыі мастацкай галерэі БССР. Cабраная Вольгай Васільеўнай і іншымі рупліўцамі калекцыя налічвае некалькі сотняў значных твораў старажытнабеларускага мастацтва. Усё гэта пацверджана дакументамі, музейнымі актамі. Памятаю, як адно сіла пераканальнасці Вольгі Васільеўны дазволіла ўзяць у касцёле ў Крывічах (Салігорскі раён Мінскай вобласці) партрэт фундатара Андрэя Укольскага, на той момант пагрызенага пацукамі. Калі б не даследчыца, твор не перажыў бы зіму.
Адначасова ёй даводзілася праяўляць выключныя здольнасці да кампрамісу, вырашаючы складаныя гаспадарчыя і арганізацыйныя пытанні з людзьмі, якія зусім не гарэлі жаданнем адкрыць першы сапраўды нацыянальны музей, са звычайнымі бюракратамі, ад згоды якіх залежала вырашэнне кожнай дробязі. Тут ёй дапамагалі і партыйны стаж, і пяць ветэранскіх медалёў.
Музей адкрыўся 15 мая 1979, у дні, калі адзначалася 50-годдзе Акадэміі навук. Адкрыўся як база для вывучэння мастацкай культуры беларускага народа. У трох вялікіх залах былі выстаўлены сотні твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, узоры народнага адзення, ткацтва, прадметы побыту, прылады працы, цацкі і музычныя інструменты. Развіццё ўяўленняў пра прыгажосць прасочвалася ад археалагічнай эпохі неаліту да XX стагоддзя. Экспазіцыя ахоплівала ўсе бакі традыцыйнай культуры Беларусі: працоўную, пабытовую і прафесійную — ва ўсіх яе шматгранных праявах. У фондах, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі, знаходзілася каля 15 тысяч экспанатаў, у тым ліку каля 1000 помнікаў мастацтва. Акрамя таго, архіў музея сканцэнтраваў дакументальныя дадзеныя пра помнікі, якія засталіся на месцах. Вольга Васільеўна выдала каталог музея і чатыры зборнікі артыкулаў, прысвечаных асобным пытанням гісторыі беларускай культуры, што аб’ядналі мноства тады яшчэ маладых і гарачых даследчыкаў.
Вольга Церашчатава памерла 30 сакавіка 1992 года ад кровазліцця ў мозг. За свой грамадзянскі подзвіг не была ўганаравана. Але музей, першай дырэктаркай якога яна была, жыве, як і жыве памяць пра гэтага выдатнага чалавека.
Вольга БАЖЭНАВА