![]() |
Сцэна жыція святой Еўфрасінні Александрыйскай на паўднёвай сцяне малельні Еўфрасінні Полацкай. |
Тады здавалася, што далейшае вывучэнне старажытнага жывапісу, схаванага за пазнейшымі напластаваннямі, немагчыма. Аднак зімой, калі ў царкве паставілі печку-галандку для ацяплення памяшкання, фрэскі раптоўна пачалі самараскрывацца. Выратоўваць іх узяўся вопытны беларускі рэстаўратар вышэйшай катэгорыі В.Ракіцкі. З летняга сезона 1992 г. ён карпатліва і самазабыўна, з вялікай любоўю і ашчаднасцю па міліметрах расчышчаў самыя складаныя ўчасткі і пакрываў іх ахоўным кансервантам (адкрыты старажытны жывапіс баіцца сучаснага агрэсіўнага асяроддзя, колеры хутка жухнуць і знікаюць). У выніку В.Ракіцкі адкрыў і ўмацаваў старажытныя фрэскі ў капэле -- малельні Прападобнай Еўфрасінні, у купале і барабане, на ветразях і падкупальных слупах, многія сюжэты ў галоўным аб’ёме царквы. Рэстаўратар не толькі здымаў пазнейшыя напластаванні. У выніку шматгадовай працы і замежных стажыровак ён авалодаў методыкай расслаення роспісаў. В.Ракіцкі выратоўваў верхні слой -- высокамастацкі, акадэмічны жывапіс другой паловы ХІХ ст. -- і наклейваў яго на палатно.
Аднак царкоўнаму кліру і чыноўнікам здавалася, што В.Ракіцкі працуе задужа марудна. Адным карцела навесці «хараство» ў старой закопчанай царкве да ўрачыстасцей перанясення мошчаў святой Еўфрасінні ў новую сярэбраную раку 5 чэрвеня мінулага года, другім -- надаць аб’екту турыстычны выгляд. Была запрошана брыгада рэстаўратараў з Масквы пад кіраўніцтвам В.Сараб’янава. Яна ўзялася за тры (!) месяцы, што засталіся да святкаванняў, навесці ў царкве неабходную прыгажосць. І з 1 сакавіка праца закіпела. Ужо ў пачатку месяца было сказана, што «вопытныя масквічы за тры дні зрабілі столькі, колькі В.Ракіцкі не зрабіў за год». Ні аб якім расслаенні не ішло нават гаворкі. Пазнейшыя роспісы здымаліся на падлогу, як луска з рыбы. Хто падумаў пра тое, што жывапіс ХІХ ст. -- таксама кавалак культуры, які належыць Полацку і ўсім беларусам? Сёння на гэтае пытанне адкажуць: «Там не было значных фрагментаў». Іх не заўважалі, бо В.Сараб’янава цікавіла толькі ХІІ стагоддзе.
Затое айчынныя не вельмі дасведчаныя СМІ выдавалі ашаламляльную інфармацыю, кшталту: «маскоўскія рэстаўратары прыехалі вучыць беларускіх калег... як працаваць...». На раскрытыя фрэскі нават заяўляліся «аўтарскія правы». Не буду адмаўляць, да
![]() |
Сцэна жыція святой Еўфрасінні Александрыйскай на паўднёвай сцяне малельні Еўфрасінні Полацкай. |
![]() |
Свяшчэннамучанік Кіпрыян, епіскап Карфагенскі. Фрэска на паўночнай сцяне Спаса-Праабражэнскай царквы. |
На думку В.Сараб’янава, спачатку быў зроблены майстрам Лазарам Богшам знакаміты крыж (1161), а пасля ўжо пабудавана Спаская царква для яго захавання. Але пры гэтым рэстаўратар забываецца, што раней за Спаскую царкву была ўзведзена царква Багародзіцы. Гэтае меркаванне В.Сараб’янава можна патлумачыць не іначай, як імкненнем сказаць «новае слова» ў мастацтвазнаўстве і жаданнем пацвердзіць уплыў іканаграфіі роспісаў цэркваў Старой Ладагі, Пскова і Ноўгарада на аздабленне Спаса-Праабражэнскага храма.
Аднак пасля раскрыцця полацкіх фрэсак В.Сараб’янаў павінен быў зразумець, што методыка і меркі, з дапамогай якіх ён вывучаў сценапіс рускіх храмаў, не падыходзяць да вызначэння роспісаў беларускага помніка. Знакамітая князёўна Еўфрасіння, блізкая паводле роду да дома візантыйскіх імператараў, не мела неабходнасці запазычваць «пскоўска-наўгародскую праграмную накіраванасць». Стругі варажскіх караванаў дасягалі Полацка па знакамітым шляху з варагаў у грэкі. Разам з таварамі прывозіліся трактаты, прыязджалі майстры з Візантыі. Патрабаваліся яшчэ многія месяцы плавання, шматлікіх валокаў, каб дасягнуць пскоўска-наўгародскіх балот.
Полацк быў у той час заканадаўцам і распаўсюджвальнікам ідэй як у архітэктуры, так і ў жывапісе. Абапіраючыся на візантыйскія помнікі, беларускія майстры стваралі арыгінальныя высокамастацкія ўзоры для пераймання ў суседнім Смаленску, Ноўгарадзе, іншых гарадах Паўночнай і Паўднёвай Русі, Македоніі, Сербіі. Гэтае пытанне было вывучана і абгрунтавана яшчэ ў 1980-я гады ў працах расійскіх даследчыкаў Г.Штэндзера і П.Рапапорта.
![]() |
Адкрытыя фрэскі на паўночнай сцяне малельні Еўфрасінні Полацкай. |
Па даследаваннях мастацтвазнаўца Л.Беціна, будаўніцтва храма з мясцовага матэрыялу (гліны) з дапамогай дармавой рабочай сілы не было складаным. А вось аздабленне яго фрэскавымі роспісамі абыходзілася нятанна. Трэба было знайсці таленавітага майстра, які б ведаў тэхналагічныя працэсы: выраб арганічнай фарбы, грунту пад фрэску. Спаскі храм быў распісаны толькі ў 1147 г. -- праз 15 гадоў пасля будаўніцтва. А ў 1141 г. вярнуліся на радзіму полацкія князі. Відавочна, Еўфрасіння вырашае распісаць храм у падзяку Збавіцелю і таму ўключае вобраз Хрыста на пяці добра бачных месцах у галоўным аб’ёме царквы па восі ўсход -- захад. Яна стварае новыя па ідэйна-сэнсавай накіраванасці кампазіцыі. Неабходна ўлічыць і яе амбіцыі як князёўны і ігуменні. Безумоўна, у яе было жаданне мець уласны храм, роўнага якому не было ў той час ні ў смаленскіх, ні ў пскоўскіх землях.
Фрэскі малельні, адкрытыя пры рэстаўрацыі В.Ракіцкім, сведчаць, што Еўфрасіння Полацкая імкнулася ўвесці ў роспісы ўсе вядомыя сюжэты, што распавядалі аб пераходзе ад язычніцкага мнагабожжа да адзінабожжа. Самы старажытны сюжэт -- легенда аб царыцы Саўскай на паўночным баку келлі. Хрыстос у сваёй прытчы згадвае пра візіт (каля 965 -- 925 гг. да нашай эры) царыцы з багатымі падарункамі да цара Саламона, каб той патлумачыў ёй запаведзі скрыжалей Маісея, якія леглі ў аснову рэлігіі адзінабожжа.
На фрэсцы ў Спаса-Праабражэнскім храме прыгожая жанчына ляжыць на царственным ложы. Вольна спадае струменістымі складкамі ізумруднае покрыва, закручанае вакол галавы падобна німбу. Царыца з бялюткай павязкай на пышных каштанавых валасах і ў тонкім празрыстым пеньюары працягвае вытанчаную руку да сваіх знатных дарадцаў. Звяртаюць на сябе ўвагу іх эфіопскія тыпы твараў.
У сюжэце мастак звяртаецца да моманту, калі царыца прымае пасланне. Па паданні,
![]() |
Царыца Саўская. Фрэска ў малельні Еўфрасінні Полацкай. |
Аднак, чаму Еўфрасіння Полацкая размяшчае ў сваёй келлі такі рэдкі ў старажытнарускім жывапісе сюжэт? Дзяржава Саба, ці Сава, была транзітам у паўднёвай «шчаслівай Аравіі», амывалася рукавамі Ніла, знаходзілася непадалёк ад сучаснага Адэна (Йемен). Яна была багатая на духмяныя рэчывы, бальзамы, ладан, золата, каштоўныя камяні, ажыўлена гандлявала з Пярэдняй Азіяй, Тырам, усходнім узбярэжжам Афрыкі, Індыяй. Сабеі валодалі кансанантным пісьмом. Як пісаў у трактаце «Іудзейскія старажытнасці» Іосіф Флавій: «Калі царыца (Саўская), якая валадарыла ў той час над Егіптам і Эфіопіяй і вылучалася асаблівай мудрасцю, даведалася пра доблесці і незвычайныя разумовыя здольнасці цара Саламона, то жаданне асабіста пазнаёміцца… цалкам авалодала ёю...» Арабскія пісьменнікі звязваюць яе падарожжа з асветніцкай дзейнасцю Саламона. Царыца Саўская, у дзяржаве якой працвітала язычніцтва, а людзі пакланяліся больш як сотні бостваў, галоўным з якіх было Сонца, мела ўяўленне аб рэлігіі яўрэяў. Па паданні, царыца пры сустрэчы з Саламонам прыняла іудзейскую рэлігію адзінабожжа.
![]() |
Прарок Іезекіль (?). Фрэска на паўднёва-усходнім слупе малельні Еўфрасінні Полацкай. |
Еўфрасіння Полацкая, якая глыбока вывучала тэксты Свяшчэннага пісання, ведала пра царыцу Саўскую і адносілася да яе як да сімвала нараджэння, станаўлення і ўмацавання асноў хрысціянства. Думаецца, асоба гэтай неардынарнай жанчыны таксама цікавіла Еўфрасінню як рэлігійнага дзеяча і палітыка.Над сюжэтам пра царыцу Саўскую была напісана кампазіцыя «Канстанцін і Алена, занятыя дабрачыннасцю». Кампазіцыя ілюструе загад, выдадзены Канстанцінам пасля таго, як ён стаў імператарам Рымскай імперыі: сіроты і дзеці, кінутыя бацькамі, бедныя і ўбогія, якіх язычніцтва пазбавіла дапамогі, былі прыняты пад царскую апеку. Св. Дзімітрый Растоўскі пісаў: «Жабракам і ўвогуле людзям, выкінутым на вуліцу, ён выдаваў грошы, ежу, прыстойнае адзенне. Аб асірацелых дзецях ён клапаціўся замест бацькоў». З «Жыція» вядома, што і сама Еўфрасіння аказвала шчодрую дапамогу бедным. Ці не з прычыны гэтага яна вырашыла размясціць той рэдкі сюжэт у сваёй келлі?Захаванасць абедзвюх фрэсак здавальняючая. Яны пакідаюць уражанне ілюстратыўнасці, а не жорсткай кананічнасці, умоўнасці царкоўнай мовы. Асабліва цікавы сюжэт з царыцай Саўскай, ён вельмі жывапісны з тонавым рашэннем небагатай градацыі колераў. Ізумруднае пакрывала аб’ядноўвае ўсю кампазіцыю, надае ёй цэласнасць. Галоўная фігура: жанчына пасля начнога сну, у прасякнутай водарамі атмасферы. Праўда, не адчуваецца весялосці, хутчэй -- спалох ад атрыманых пагроз. Такое ўражанне, што мастакі пісалі не біблейскую гісторыю, а ілюстравалі рамантычны твор, апавядальны і эмпірычны. Фрэска «Канстанцін і Алена» больш сухая, графічная. Кожны персанаж пастаўлены на пэўнае адведзенае яму месца.
Беларусь валодае унікальным помнікам архітэктуры з цалкам захаванай сістэмай жывапісу. У манументальным старажытнарускім жывапісе нам невядомы аналагічныя творы. І тут Полацк стаў першаадкрывальнікам -- і асобаў святых, і тэматыкі роспісаў. Сюжэты з царыцай Саўскай на беларускіх землях з’яўляюцца зноў у другой палове ХVIII ст. у роспісах касцёла Божага цела ў Нясвіжы. Але гэта ўжо іншая сцэна і трактоўка гісторыі.
Старажытныя фрэскі тояць у сабе загадкі. Каб іх усебакова даследаваць і пацвердзіць фактаграфічным матэрыялам, трэба валодаць эмпірычным пачуццём, трэба нарадзіцца на гэтай зямлі, урасці ў яе каранямі, пачуць галасы продкаў.
Адольф Селіцкі