Гэта не просты шэраг і не просты погляд на сучаснае мастацтва: аўтары «Нічога такога...» змушаныя існаваць у сітуацыі, калі не знойдзена разуменне ні ў грамадстве, ні ў прафесійным асяроддзі, калі не адбываецца рэалізацыі амбіцый, а ёсць толькі зусім вузкае кола блізкіх.
«Нічога такога, гэта проста мастацтва» — гучыць амаль як апраўданне, спроба знайсці сваё месца пры зачыненых парадных дзвярах. Але дух усё роўна дыхае, дзе хоча.
Калі прытрымлівацца інструкцыі
Гэты план дзеянняў Тымэк Бароўскi прапануе выкарыстоўваць не без іроніі, але і з доляй самааналізу. Што такое мастацтва і як яно робіцца — пытанне пытанняў, і бываюць сітуацыі, калі на яго даводзіцца адказваць вельмі простымі словамі. Напрыклад, у размове з чыноўнікам ці малаадукаваным гледачом. Тымэк стараецца: пачынае ад погляду чалавека і заканчвае межамі дабра і зла. Сам прыём графічнай схемы вядомы, але, як правіла, не працуе: занадта складаная сутнасць выслізгвае. Тым не менш форма рысунка імітуе пошук адказу, і, як ні дзіўна, ёю карыстаюцца.
Такія ж інструкцыі — правілы гульні — непарушныя для ананімных рэдактараў, што адмовілі ў публікацыі нязручным аўтарам: іх падтрымаў вядомы сваім эпатажам Збігнеў Лібера, сабраўшы іншыя тэксты і фатаграфіі «майстроў». Спрэчныя рэпутацыі і аналіз скандальных перформансаў сышлі ў палітычныя выданні, але аўтар адзначае адвагу мастакоў, а куратарка — пазіцыю Ліберы.
Этычны аспект
Калі адысці, па прапанове Монiкі Шэўчык, ад «любiмай польскай публікай рамантычнай парадыгмы творцы і твора» і разглядаць сучаснае мастацтва як падставу для дыялогу і дыскусій у грамадстве, этыка становіцца найважнейшай часткай гэтай камунікацыі. Весна Буковец з праектам «Цi патрэбна мастацтва і навошта» асабліва пранізлівая ў інтэрв’ю з бацькамі. Развагі дзеячаў мастацтва прадказальныя — з прафесійнай плоскасці, але вось простыя людзі, не толькі далёкія, але і з негатыўным стаўленнем да арту (рэпартаж аб інсталяцыі з трупамі ці аб праколванні частак цела), знаходзяць свае шляхі разумення і свае фармулёўкі. Мама аўтаркі, Марцiна, прыходзіць да разумення мастацтва ад працы ў агародзе, ад усведамлення важнасці здаровага навакольнага асяроддзя і арганічных прадуктаў. Праз іх ёй адкрываецца цэласнасць свету і адчуванне формы — не толькі ў атмасферы сельскай працы, але і ў творчасці.
У Мар’яна, бацькі мастачкі, яшчэ больш прадметны і прагматычны погляд: ён не выкідае старыя рэчы і з іх дапамогай пастаянна нешта рамантуе. Да «мастацтва» ён таксама ідзе інтуітыўна, ад годнасці ручной працы, але і з разумнымі думкамі, фантазіяй, уменнем бачыць невідавочныя рэчы. Для Весны Буковец гэта, несумненна, прызнанне яе вучобы і намаганняў, выбару ў творчасці. І таксама ўваход з іншага, непараднага боку мастацтва.
Убачыць тут саму тэму, безумоўна, можна, але зрабіць з рэпартажаў аб’ект, надаць яму інакшую форму — дыскусійнае пытанне. Хоць, падобна, яно ўжо не абмяркоўваецца: актуальныя рэчы па вызначэнні не жывуць доўга.
Чаму з’яўляюцца рэплікі
Парафраз, рыфмы, амажы. Томаш Мруз з «Аўтапартрэтам...» па матывах твораў Алега Куліка і Анэта Гжэшыкоўска з каляровымі рэплікамі Сіндзі Шэрман — што гэта? Жаданне паўтарыць вопыт, прыўнесці ў працы аўтарытэтных папярэднікаў рысы, блізкія новаму часу? У рабоце Мруза, на мой погляд, агучаны заклік 1994-га да грамадства 2010-х — убачыць іншае мастацтва, іншых аўтараў, прызнаць права на творчасць без канвенцыйных умоў. «Аўтапартрэт у суправаджэнні пацукоў» — ужо цэлы паход галодных. Атрымаўся ён досыць агiдна ў сваёй фізіялагічнасці, якім калісьці быў і перформанс Куліка для рэспектабельнай публікі. Нашы абноўленыя ліберальныя каштоўнасці праз 20 гадоў па-ранейшаму не ўспрымальныя да выварочвання душэўнага і цялеснага — але калі разабрацца, гэта ўсяго толькі метад. Інструмент распазнання межаў доступу.
Цікава, што ў апошніх інтэрв’ю Алег Кулік распавядае пра тое, як нечакана запатрабаванымi апынуліся яго ўласныя «сабакі» (першая і наступныя рэплікі) — цяпер, праз столькі гадоў і за межамі РФ. Замежныя куратары ўбачылі ў галодным раззлаваным сабаку, які кідаўся на людзей, вобраз усёй краіны! Вось і яшчэ адзін адказ пра форму актуальнага.
Без бюджэту
Тэма фінансавання, дакладней, яго адсутнасці, не магла застацца за бортам адносін знутры, адносін, пры якіх фасад адрозніваецца ад зместу амаль ужо фантомнасцю. «Заява на працу» Юлiты Вуйцiк, «Скараціць бюджэт галерэі» Марціна Мацеёўскага недвухсэнсоўна сведчаць пра тое, што адбываецца. І «Пясняр» ад R.E.P. таксама выходзіць на вуліцу: яго не слухаюць, мастачка застаецца без працы — і галерэя ззяе пустатой.
Не без намаганняў, але творцы знойдуць сабе занятак — песню ці нешта яшчэ, акрамя вядучых музеяў, куды звярталася Юліта. Толькі грамадства застанецца без асэнсавання праблем, без уколаў у балючыя кропкі, без вобразаў свайго часу, якія стварае толькі мастак. Пустата, не-праца, голыя сцены галерэі без бюджэту — гэта не твор, гэта бяздзейнасць. Не пошук ідэй, не генерацыя сэнсаў і надзей. Безнадзейнасць.
Парадаксальна, што чальцы групы «Magisters», якія працавалі ў рэзідэнцыі нарвежскага праекта, ствараюць вобраз адчужэння прыкладна ў гэтым жа ключы. Іх «Высокі ўзровень свядомасці» не толькі не пакідае шанцаў інтэграцыі ў сусветнае мастацтва, але і выключае ўсякія магчымасці для гэтага — апатыяй, закрытасцю і безвыходнасцю. Мабыць, гэта таксама наступствы траўмы «без бюджэту», так проста з ёю не справішся.
Аналогія замест пасляслоўя
Зайсці з другога боку паспрабавалі і мастакі Польскага павільёна на Венецыянскім архітэктурным біенале — 2016. Экспазіцыя «Fair building», «кірмашовы дом», патрабуе, па словах куратаркі Дамінікі Яніцкай, fair trade — сумленнага гандлю. Ёю становіцца выварат архітэктуры — людзі працы, будаўнікі, пра якіх ніколі не ўспамінаюць, кажучы аб вартасцях архітэктуры. Усе філасофскія і экалагічныя суперканцэпцыі, узнагароды, усё лепшае, што ёсць у выдатных аўтараў выдатных праектаў, забяспечана цяжкай працай. Гэтая праца брудная, фізічная, напружаная і ў небяспечных умовах. Экспазіцыя ўяўляе з сябе будаўнічыя рыштаванні, якія займаюць усю прастору, і некалькі вэб-камер, што фіксуюць працу муляроў, кранаўшчыкоў, мантажнікаў, электразваршчыкаў. У другой зале павільёна гэта абмяркоўваецца. Праект відовішчны, ён закранае сур’ёзны сацыяльны аспект, блізкі сёння для ўсіх напрамкаў мастацтва. У выніку польскі павільён ашаламляльна адрозніваецца ад іншых нацыянальных павільёнаў, запамінаецца так званым простым гледачам, а знойдзены куратарамі ключ сапраўды адмыкае дзверы ў мастацтва з іншага боку.
Любоў ГАЎРЫЛЮК