Працу над серыяй «Свае гісторыі» Марына Бацюкова пачала ў 2005-м. Менавіта тады мастачка сфатаграфавала першыя «асобасныя» нацюрморты, будуючы кадры вакол фотапартрэтаў, выкананых калісьці ў мінулым яе безыменнымі калегамі.
Бартаўскі «ўкол пунктума» аўтарка адчула ў вохрыстай графіцы сонечных плям на пашарпаным падаконніку калідора мінскай Акадэміі мастацтваў, дзе сушыліся студэнцкія фотаздымкі. На самай першай фатаграфіі, што стала аб’ектам Марынінай здымкі, была ўвасоблена пара закаханых — маладых людзей, з якімі яна калісьці была знаёмая. Аднак у Марыны не было адказаў на пытанні «Чаму гэтыя двое разам?», «Калі і дзе гэта сфатаграфавана?». Новае асяроддзе, новыя ўмовы стварылі асацыятыўны шэраг, адкрываючы, паводле выразу самой Марыны, «партал у часе». Магчымасць «сачынення на вольную тэму», але з зададзенымі абліччамі галоўных герояў, трансфармаванымі фатаграфічнай оптыкай. І часам.
Гэта постфатаграфічны праект. Фатаграфіі фотаздымкаў людзей у экстэр’еры і інтэр’еры. Жывыя твары, што пазіраюць са старых фота ў паўсядзённым антуражы гарадскіх кватэр, з імправізаваных «блізкароднасных іканастасаў» беларускіх хат, нават з эмаляў надмагілляў. Фатаграфія, якая фіксуе «сляды душы», — супраць інертнай матэрыі. Тут важныя іскра ў вачах, пачуцці сімпатыі і яднання з героямі — чорнымі і белымі плямамі на знятых Марынай фотакартках. Мы можам будаваць гіпотэзы пра час (для адных невядомых нам асобаў ён ужо скончыўся, для іншых — мы не ведаем) і геаграфію (вёска ці горад, Еўропа ці Азія — неістотна). Зрэшты, кніга і выстава структуруюць здымкі серыі паводле ўмоўных раздзелаў, што задаюць нейкія кантэкстуальныя рамкі — відавочна, праз фатаграфію Марына наладжвае камунікацыю з мінулым. Але адсутнасць дакладных фактаў жыцця ўсіх гэтых людзей дазваляе апусціць гістарычную рэальнасць дат і біяграфій, адкрываючы магчымасць для глядацкіх асобасных фантазій. Серыя сапраўды пра мінулае — уяўнае і персаніфікаванае. У кожнага гледача ўзнікае свая версія гісторый Марыніных персанажаў.
Такім чынам, фатаграфіі серыі інтэрактыўныя. «Размытасць» у гістарычна-факталагічнай глыбіні дае старонняму назіральніку/гледачу магчымасць перажыць свае інтэрпрэтацыі рэальнасці, прад’яўленай Марынай.
Разнастайнасць і непадобнасць кадраў і персанажаў, зразумела, не выпадковыя. Працягваючы разважанні Уолта Уітмэна, С’юзан Зонтаг сцвярджае: «Калі ўсё, што чалавек робіць або думае, напоўнена значэннем, то становіцца вельмі ўмоўным дапушчэннем трактоўка некаторых жыццёвых момантаў у якасці важных, а астатніх — як трывіяльных. Сфатаграфаваць — значыць надаць важнасць». Кожны з прысутных у серыі элементаў рэальнасці — фактычнай або ўяўнай — важны і неабходны таму, хто разглядае фатаграфію.
Ідэя праекта ў тым, што наяўныя рэальныя візуальныя «сляды» і віртуальныя глядацкія рэфлексіі зліваюцца і набываюць выключную афектыўную канцэнтрацыю. «Памятаю гэтыя адчуванні, перабіраючы старыя фатаграфіі, — здаецца, трымаеш у руках жыцці сышоўшых людзей... Востра адчуваеш адсутнасць мінулага часу. Табе невядома, дзе яны і што з імі стала, нават жывыя яны ці не. І ў той жа час разумееш: самі фатаграфіі... яны маюць значэнне, а ўсё астатняе — не, — расказвае Марына і працягвае: — Фатаграфія — гэта квінтэсэнцыя часу. У гэтай абмежаванай фармальнымі рамкамі глыбіні ён настоіўся, стаў даўкім і даў новыя ключы да разумення сэнсу. Ад гэтага займае дых, а ўяўленне прыпісвае людзям і прадметам на фатаграфіі самыя нечаканыя лёсы».
Такім чынам, праект рэ-інтэрпрэтуе мінулы час, але не тое рацыянальнае мінулае, якое сімвалізуюць пыльныя скрыначкі архіва. Мінулае гэтых фатаграфій — неканкрэтнае, нефакталагічнае, і жыве яно толькі ў нашай свядомасці, унутры нас. Так, гэта «несапраўднае», сімуляванае мінулае, і, тым не менш, пасылам для яго адчування выступае рэальнае фота.
Адпраўны пункт праекта — людзі, што «ажыўляюцца» эфектам глядацкіх псеўдаўспамінаў. Але для аўтара істотнае таксама пытанне тэставання магчымасцяў фатаграфіі як медыума. «Як толькі я акцэнтую кадр на чалавеку, ён адразу становіцца першарадным, а для мяне першарадная фатаграфія», — такая аўтарская пазіцыя Марыны. Аднак позіркі з яе твораў так кранальна асэнсаваныя, што міжволі ўзнікаюць эмпатыя і суперажыванне — нават калі чалавечая прысутнасць гранічна мінімалізаваная.
Ды ўсё роўна, хто перад намі. Зрэшты, таксама як калі і дзе.
Творчая стратэгія Марыны адрозніваецца ад метадаў фотажурналістыкі, таму наратыўная дадзенасць, напрыклад, сямейных фотаздымкаў, якія прысутнічаюць у кадры, ёй свядома выключаецца. Тым не менш тут пададзена інфармацыя пра кожны здымак, што можа паслужыць штуршком для глядацкіх рэфлексій. Зрэшты, нават без тлумачальных подпісаў Марыне ўласцівая выключная дакладнасць дакументавання. Ловім кадр, давяраем рэальнасці — так больш сумленна. «Як стаяла», так няхай і будзе зафіксавана.
Прымат фатаграфічнай выявы і сімуляцыя працэсуальнасці — выклік для аглядальніка фотаальбома ці экспазіцыі. Праз фатаграфію інтэрпрэтуецца фатаграфія — і гэта інтэрпрэтацыя інтэрпрэтацыі, дзе першапачатковы аб’ект (рэальныя гісторыі людзей, прысутных у фінальным кадры) — толькі стымул для яшчэ адной, глядацкай інтэрпрэтацыі.
Марына верыць у асобасны патэнцыял індывідуальных успрыманняў. Для яе фатаграфія — архіўная адзінка, кластар памяці, які патрабуе суперажыванні сучаснага «перцэпцыяніста», каб праявіцца і загучаць на поўную моц. Таму неабходны афект — і ён няяўна тут прысутнічае. Трагізм сітуацыі ў тым, што людзі на злоўленых Марынай кадрах незваротна змяніліся ці нават памерлі. Мы нічога пра гэта не ведаем, аднак рэальнасць нацюрмортаў і інтэр’ераў, якія іх акаляюць, настолькі прадметная, адчувальная, што, здаецца, знаходзішся там — у першым фатаграфічным пласце. І адтуль складана вырвацца — застаецца толькі бяссільна назіраць за чорна-белымі абліччамі, выцягваючы з нябыту ці самастойна выбудоўваючы іх лёсы.
Гэта асабліва прыгожае суперажыванне — чыстае, без аб’ектыўных фактараў і прычын. Мы праецыруем малюнак на сябе — з нашага мінулага, нашых эмоцый, як канструктар, складаем фіктыўныя (дый ці фіктыўныя?) гісторыі незнаёмых людзей.
У цяперашнім, выставачным увасабленні праект Марыны акцэнтавана інтэрактыўны. Наведнікам прапануецца падзяліцца ўласнымі фотааповедамі, прычым зрабіць гэта можна як у музеі, так і ў віртуальнай супольнасці ў Інтэрнэце. У самой экспазіцыі ж — відэа кнігі, старонкі якой перагортваюцца, фатаграфіі на сценах і ў вітрынах, графіка тэкстаў на прасвет вокнаў... Такія фізічныя параметры вельмі аўтарскага разважання пра фатаграфію. Адкрытага разважання, да якога ўсялякі неабыякавы можа далучыцца.
Павел ВАЙНІЦКІ