Выстава «NEW PAINT.RU» прадстаўляла значную частку калекцыі музея Эрарта: 60 работ 26 творцаў з розных рэгіёнаў Расіі. Важна адзначыць пераемнасць аўтараў у гэтым шэрагу: новае пакаленне вучыцца ў старэйшых калег, традыцыі апошніх карэняцца ў рэвалюцыйным мастацтве пачатку ХХ стагоддзя.
Экспазіцыя падзялялася на шэраг секцый — «ідэнтыфікацыя», «новая сур’ёзнасць», «татальны жывапіс», «экспрэсіянізм», якія з’яўляюцца хутчэй ракурсамі рэпрэзентацыі. Не ўсе аўтары ўпісваліся ў структуру. Рэкамендаваны спосаб успрымання выставы — фенаменалагічны, прадугледжвае каштоўнасць кожнага твора.
Мінскі творца Віталь Чарнабрысаў, выхадзец з піцерскай школы нон-канфармізму і сябра многіх прадстаўленых жывапісцаў, адзначае, што абраныя работы тых асобаў, якія ўвайшлі ў гісторыю сусветнага мастацтва. Гэта знакавыя для Пецярбурга Валерый Лука, Фелікс Валасянкоў, Алена Фігурына, Анатоль Заслаўскі, Мікалай Сажын, а таксама героі ленінградскага андэграўнду Уладзімір Аўчыннікаў, Уладлен Гаўрыльчык, Анатоль Басін. Сярод маладога пакалення звяртаюць увагу Віталь Пушніцкі, Ілля Гапонаў, Павел Атдзельнаў, Рынат Валігамсі і, вядома ж, Аляксандр Дашэўскі, уганараваны сёлета прэміяй «Arte Laguna Prize».
Мастацтва пра мастацтва знаходзіцца дзесьці непадалёк ад актуальнага арт-працэсу: на палатне Юрыя Таццяніна мёртвыя зайцы Бойса, якiя набылi формы Малевіча, танчаць танец Маціса. Цікаўным інтэрактыўным дадаткам сталі мультыплікацыі па матывах жывапісных работ.
Як частка калекцыі расійскага музея апынулася ў «Доме карцін»? Спецыялісты Эрарты, наведаўшы нашу галерэю і атрымаўшы візіт у адказ, знайшлі пункты ўзаемадзеяння. У гэтым годзе склалася праграма супрацоўніцтва: у Пецярбург адправіўся выставачны праект дзесяці беларускіх аўтараў «Ты можаш быць свабодным...», спачатку дэманстраваны ў «Доме карцін», а Эрарта адправіла сваю экспазіцыю ў Мінск.
Вольга КЛІП