Відэаінсталяцыя — хіба адзінае тэхнічнае вынаходніцтва, скарыстанае ў пастаноўцы, але дарэчнае і дужа трапнае. Заднік з відэашэрагам з’яўляецца і адзінай дэкарацыяй, дзе вокамгненна паўстаюць гарадскія вуліцы, палац, абацтва. Такое вырашэнне дазваляе прыспешыць дзеянне, задаўшы неверагодны тэмп выканаўцам. «Камедыя памылак» доўжыцца паўтары гадзіны, захапляючы з першых рэплік і не трацячы глядацкай увагі да фіналу.
Мабыць, толькі відэаінсталяцыя ды джынсавая тэкстура акцёрскіх гарнітураў маюць падкрэсленыя прыкметы сучаснасці. У астатнім дзейства набліжана да англійскай сцэны XVI стагоддзя, прынамсі ў нашым сённяшнім разуменні. Прынцып незаможнага тэатра шэкспіраўскіх часоў рэжысёр Андрэй Бакіраў скарыстоўвае свядома (аб’ектыўныя чыннікі, накшталт няпростага эканамічнага становішча чарнігаўскай трупы, пад увагу можна не браць), бо гледача спанатранага ён змушае да актыўнага ўспрымання, а гледача-пачаткоўца цвеліць праз цікаўнасць.
Сюжэт адной са сваіх першых камедый Шэкспір запазычыў з твораў рымскага драматурга Плаўта. Малады артыст Яўген Бондар бліскуча ўвасабляе двух разлучаных братоў — Антыфола Сіракузскага і Антыфола Эфескага, якія воляю лёсу сутыкнуліся ў Эфесе, так што персанажа рамантычнага і далікатнага пераймае грубаваты ды цынічны. Другую пару, двайнятаў-слугаў, з няменшай віртуознасцю іграе Дзмітрый Літашоў. Але надыходзіць момант, калі абедзве братнія пары мусяць сутыкнуцца тварам у твар... Дапамагае рэжысёру той самы відэапраектар. У першыя імгненні гледачы рызыкуюць паспытаць раздваення свядомасці — наколькі натуральна персанажы з відэапраекцыі ўваходзяць у рэальнасць, настолькі пераканаўча артысты ўзаемадзейнічаюць са сваімі экраннымі двайнікамі!
Кожнаму рупіць падтрымаць вясёлую блытаніну — Князю (Аляксандр Кукавераў), бацьку двайнятаў Эгеону (Валянцін Судак), сёстрам Адрыяне і Люцыяне (Святлана Бойка ды Ірына Лазоўская). У гумарным шэкспіраўскім хаосе пачаткоўцы (Сяргей і Наталля Пунтус, Мікалай Лямешка) на роўных існуюць з дасведчанымі артыстамі (Наталля Максіменка і Аксана Грабянюк).
Андрэй Бакіраў не аднойчы ўвасабляў спектаклі з падкрэслена вынаходлівай сцэнаграфіяй і строямі, з пераўтварэннямі, фокусамі і нечаканымі хадамі. Сёння рэжысёр аддае перавагу маналітнаму акцёрскаму ансамблю з адметнай выканальніцкай дысцыплінай, бо бязмежна верыць у майстэрства сваіх артыстаў.
Уладзімір СТУПІНСКІ