Новая хваля пачатку XXI стагоддзя (Павел Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Канстанцін Сцешык, Павел Расолька, Андрэй Курэйчык, Дыяна Балыка і іншыя) узняла тэмы ўсеагульнай камунікацыйнай раз’яднанасці, пачуцця адчужанасці, закрытасці асобы, нестабільнасці эмацыйнага стану, дэпрэсіі, спажывальніцтва, крызісу сям’і, гвалту, няздольнасці да самаідэнтыфікацыі... Мінула больш за 10 гадоў. Склаліся і зацвердзіліся Дзмітрый Багаслаўскі, Віталій Каралёў, Максім Дасько, Лёха Чыканас, Аляксей Макейчык. Новыя п’есы/тэксты, здаецца, зрабіліся вастрэйшымі, дакладнейшымі па думцы, узбуйніліся па змесце і форме.
Такім чынам, надышоў час конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «WriteBox». Ён адбыўся на незалежнай пляцоўцы — студыі «BlackBeastMedia» з фінансавай падтрымкай конкурсу сацыяльных праектаў «Social Weekend». Арганізатарка фэста, тэатразнаўца-менеджарка Вікторыя Белякова, перадусім наважылася стварыць «…прастору для развіцця і рэалізацыі сучаснай драматургіі і, адпаведна, сучасных аўтараў, каб беларуская драматургія не прыходзіла да нас праз расійскую тэатральную прастору, а мы самі адкрывалі і ставілі новыя беларускія п’есы». «WriteBox» складаўся з тэатралізаваных чытак і абмеркаванняў, варштату для драматургаў знакамітага ўкраінскага аўтара Максіма Курачкіна і лекцый вядомага расійскага крытыка і менеджара Паўла Руднева. Восем твораў для прадастаўлення шырокай публіцы выбрала прафесійнае журы.
П’есы фестывалю накрэсліваюць вобраз сучаснага свету і даследуюць свядомасць чалавека, які спрабуе выкараскацца з вадакруту хаатычных каштоўнасцяў і сэнсаў, знайсці арыенціры і апору. Героі адмаўляюцца ад ілюзіі змяніць свет, бо, здаецца, сёння мяняць можна толькі сябе і нават… праз п’есу.
Падставаю твору «Сэкс мне не патрэбны» Лёхі Чыканаса зрабілася рэальная судовая справа амерыканкі, якая мела сэксуальныя дачыненні з цяжкахворым мужчынам (множныя парушэнні развіцця праз цэрэбральны параліч). Ганна Стаблфілд сцвярджала, што Дзіман Джонсан усё разумеў і рабіў добраахвотна, але ёй прысудзілі турэмнае зняволенне. Драматург звязвае некалькі пластоў айчыннай і замежнай рэальнасці, паралельна разгортваючы яшчэ дзве гісторыі, звязаныя тэмай сэксуальных стасункаў. Маладая пара (Ён і Яна) падпісвае петыцыю за амерыканку і спрабуе разабрацца ў страце «балансу» ўласных дачыненняў; малады мужчына прыходзіць да доктара, каб разабрацца з паслабленнем патэнцыі, і вырашае, што сэкс яму не патрэбны. Каштоўнасць драматургіі Чыканаса — у зняцці табу з тэмы сэксуальнага жыцця інвалідаў.
У сваёй дэбютнай п’есе «ВрайИлиад» Мікіта Ільінчык сутыкае часавыя і гістарычныя падзеі. Другая сусветная вайна і акупацыя траўмуе маладых герояў, і яны імкнуцца зразумець, як жыць з такой складанай спадчынай. Гістарычныя фрагменты перамешваюцца, набываюць мазаічную форму — як у свядомасці і падсвядомасці сучаснага чалавека: савецкі вайсковец заязджае ў кватэру рэпрэсаванага рыжаніна, школьнікі здзекуюцца з настаўніка, які расказвае пра Другую сусветную…
Дзмітрый Багаслаўскі ў новай п’есе «Кропкі на часавай восі» таксама выкарыстоўвае прыём кампіляцыі гістарычных пластоў: твор складаюць дзесяць гісторый фотаздымкаў. Маці і сын каля дома, цалкам зруйнаванага тарнада; румынскае дзіця дае паліцэйскаму паветраны шарык падчас пратэстаў у Бухарэсце; бацька на штогадовых цырымоніях памяці, дзе сярод усіх памінаюць і ягонага загіблага сына… Гісторыі прадстаўляюць унутраны свет людзей з фотаздымкаў такім чынам, што свет навакольны робіцца цэласным і гарманічным, адкрываючы нам сваю «ласкавую абыякавасць», як вызначыў Альбер Камю.
Фота, іх прысутнасць альбо апісанне — адрозная рыса драматургічных твораў Максіма Дасько. Адразу два ягоныя тэксты трапілі на фестываль. «Сэканд-хэнд ТДЖ. Канец свету» складаецца з выхапленых жыццёвых дыялогаў, разважанняў, фрагментаў рэальнасці з аўтаравай думкай пра тое, што канец свету надыдзе вось у такой паўсядзённасці, з размовамі пра апранахі ды ў чарзе на абмен валюты. А таксама «этнаграфічная» п’еса «Онікс» пра беларускіх падлеткаў, якія імкнуцца прыпадобіцца да сваіх куміраў — чорных гангстараў Нью-Ёрка. Дасько піша пародыю на рэп-стыль, дзе эпічных прыгоднікаў-бандытаў заўсёды спасцігае няўдача. Але фінал апынаецца неадназначна-сумным: пасталелыя дзеці згадваюць мройны «бандыцкі» час як самы дзейсны і яркі ў жыцці.
Вострасацыяльныя п’есы Віталія Каралёва «Опіум» і Аляксея Макейчыка «Бзік». Персанажы першай — жыхары Рагачова, маці і двое сыноў — літаральна выжываюць сярод заняпаду, беспрацоўя і грамадскай абыякавасці, калі для старэйшага сына адзіным выйсцем бачыцца праца ва Украіне, дзе ідзе вайна. П’еса Макейчыка ўяўляе з сябе драматургічны нарыс пра наркатычную залежнасць, якой імкнуцца пазбыцца маладыя людзі, але камусьці бракуе характару, а камусьці проста не шчасціць…
«Пенаты» Івана Крапаснога — камедыя пра дысфункцыю сям’і, што складаецца з «робатаў»: тыя дзень пры дні прамаўляюць і робяць адно і тое ж. Бабуля, былы партыйны работнік, імкнецца арганізаваць побыт па законах партыйнай ячэйкі. Бацька, выкладчык, крытыкуе малаадукаванасць і бездухоўнасць моладзі, але не цураецца блізкіх дачыненняў са студэнткай. Сын перад усімі заняткамі аддае перавагу сядзенню за камп’ютарам, але марыць з’ехаць за мяжу. Нават смерць Дзеда нічога не мяняе ва ўкладзе сям’і, і толькі Дачка ўцякае з дому, бо не бачыць ані іншага выйсця, ані перспектывы. Дысфункцыя сям’і выяўляецца дысфункцыяй грамадства, якому патрэбна абнуленне і перазагрузка.
Драматург Максім Курачкін адзначыў, што бальшыня твораў, прадстаўленых на фестывалі, можа скласці рэпертуар сучаснага еўрапейскага тэатра: раз на тыдзень туды прыходзяць шчаслівыя людзі, каб болей даведацца пра свет і дзіўныя з’явы, з якімі еўрапейцы штодня не сутыкаюцца.
Першы конкурс-фестываль найноўшай беларускай драматургіі «WriteBox» пацвердзіў наяўнасць новых цікавых п’ес, перспектыўных аўтараў і іх жаданне весці дыялог з гледачом.
Крысціна СМОЛЬСКАЯ