Тое, ад чаго адштурхоўваецца апавядальнік, знаходзіцца як бы на адваротным баку чалавечага жыцця: кулісы, пашытыя са шкуматоў, выпускаюць на сцэну адвечныя сілы прыроды Поўначы, а духі-танцоры падхопліваюць гісторыю і пачынаюць расповед праз стыхіі. Іншыя духі (лялечнікі) дзейнічаюць праз жывёлаў і людзей, даюць глядзельні свайго роду пасвячэнне, бо раскрываюць вялікія таямніцы быцця, рух светабудовы, працу жыццёвых сіл.
Пра суворасць холаду апавесціць аддалены звон, ствараючы прысутнасць лютага марозу: духі поўначы лёгкія і спрытныя, сцэна хутка запоўніцца іх фізічнымі дзеяннямі пад гукі званочкаў — як быццам граюць на голым нерве дзэну... Спакойна, разважліва, метадычна шчыруюць прыродныя сілы, насычаюць прастору спектакля… не, не любоўю, а павагай да створанага, да існага, няхай тое будзе чалавек ці жывёла, мора ці крыга. Робіцца зразумелым: нішто жывое не нараджаецца і не памірае без нагоды і патрэбы, не з’яўляецца на свет «проста так», усё заўсёдна ў дзеянні і ў працы. Гарманічна і ўпэўнена ўплятаецца ў работу стыхій усеабдымны голас і бубен шамана — яго слухаюцца вольныя сілы прыроды і духі, ён уплывае на здзяйсненне нябачных спраў, што цягнуць за сабой наступствы ў чалавечым свеце пастаноўкі. Повязь прыроды і шамана моцная і натуральная, але да канца так і не зразумела — ці то шаман валадарыць сіламі зямлі, ці то яны вядуць і падтрымліваюць шамана.
Сцэнічныя падзеі кампануюцца і падаюцца так, што дарослая частка глядзельні згадвае свае дзіцячыя перажыванні, звязаныя з навакольным светам, ды заняткі па ягоным пераўтварэнні — хоць бы ў пясочніцы, упэўненасць у тым, што нічога немагчымага для дзіцячых фантазій не існуе. Арганічны, як прышэсце паравіны года, спектакль рэжысёра Віктара Клімчука пакідае ўражанне, што яго ствараюць падчас паказу. На сцэне некалькі вертыкальных канатаў сімвалізуюць эфір. Мінімалістычная дэкарацыя надзяляецца ўсемагчымымі сэнсамі, значэннямі і абыгрываннем. Так, паверхня, якая з’яўляецца крыгай, зямлёй, уводзіцца ў кантэкст паказу як шаманскі бубен, бо напачатку было слова, а слова — гук! Гэтая акалічнасць парадавала б Альфрэда Жары і Гіёма Апалінэра, але асабліва — Антанена Арто. Яна сведчыць пра якасць і спелы стыль пастаноўшчыкаў «Лялькі» — рэжысёра, мастака, кампазітара. Мы назіраем іх эвалюцыю ў паступовым адмаўленні ад сімвальнай сістэмы (успрыняць «Умку» праз яе не выпадае хоць бы таму, што сапраўдныя падзеі мы папросту прамінем — пра падобнае папярэджвалі Сартр, Мішо, Арто) і звароце да пачуццёвай інтэрпрэтацыі. Музычны складнік прапісаны з уступам, развіццём і кульмінацыяй, дакладна і канкрэтна, без істэрыі (на сцэне ўсё-ткі прысутнічае шаман), складна, але без залішняй лірыкі і захаплення. У «шаманскай» музыцы спектакля прасочваецца хоць не частая, але прысутная сувязь «космас — зямля» (не блытаць з «зямля — космас»).
Праз зладжанасць і сінхроннасць артысты дамагаюцца таго, што іх успрымаюць як адзіны арганізм, а ігру можна назваць бліскучай (у галоўных ролях — Дар’я Зімніцкая, Наталля Гайдук, Ларыса Мартынава і Ганна Сцепанец).
Спектакль утрымлівае і маральныя павучанні, з поспехам выконваюцца псіхалагічныя сцэны ўключэння неўсвядомленага ў свядомае (магчымае толькі з дапамогай пачуцця даверлівага сяброўства або любові). Агульная сімпатыя, сяброўства і паразуменне Умкі з хлопчыкам дае магчымасць асэнсаваць, чым жа моцны чалавек, якім пачуццём перавагі ён змушае падпарадкавацца жывёлаў, прыроду і прычыняецца да сяброўства з багамі. На поўны голас адкрываецца вялікая таямніца: з якой прычыны Бессмяротныя падпарадкавалі дзікую стыхію Тытанаў і чаму свет духаў будзе з вялікім жаданнем (залежнасцю?) дапамагаць ва ўсім.
Канфуцый казаў: сакрэт жыцця ў тым, што неба і зямля заўжды ваявалі і будуць ваяваць між сабой, і толькі чалавек ходзіць па зямлі, а жыве ў нябёсах. Песня шамана кажа пра тое самае і пацвярджае: чалавек як увасабленне сяброўства-любові ўтрымлівае Неба, каб яно не звалілася на зямлю з усімі сваімі сузор’ямі Скарпіёна, Стральца і Вялікай Мядзведзіцы.
У эпілогу, калі мядзведзіца з медзведзянём падымаюцца ўгару па крыгах — шаманскіх бубнах, — распавядаецца пра сузор’е мядзведзіцы і, вядома, Умкі, у якога засталася моцная сяброўская повязь з хлопчыкам. Мажліва, гэта адмысловы ход рэжысёра: толькі па фінале выявіць метафізічны складнік сяброўства.
Фінальны танец духаў выяўляе тыя жыццёвыя сілы, што ўдзельнічаюць у колазвароце рэчаў. Сімволіка адрынута канчаткова, і гэтыя скокі з’яўляюцца самым энергетычна насычаным пунктам у спектаклі. Праз жывую энергію акцёры падкрэслена рассоўваюць межы сцэны (хоць уважлівы глядач адчуе гэта ўжо на пачатку пастаноўкі), але канчатковая шчырая капітуляцыя залы адбываецца вокамгненна — дзеці і дарослыя робяцца паўночнымі язычнікамі і супляменнікамі, выбіваюць далонямі рытм для стыхій і выканаўцаў танца жыцця, а прастора поўніцца здавальненнем і радасцю.
Аляксандр СУРАЖ