У біяграфічным слоўніку, прадстаўленым у рабоце вядомага даследніка сучаснага беларускага мастацтва Міхаіла Баразны «Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гадоў» (2001), вылучана 96 імёнаў вядучых беларускіх кніжнікаў, сярод іх — Георгій Скамарохаў.
У знакамітай прэзентацыі беларускай кніжнай графікі 1987 года Мікалая Ганчарова, што выяўляе панараму дасягненняў беларускай кніжнай ілюстрацыі ад 1920-х да пачатку 1980-х, звяртаецца ўвага на тры кнігі, аформленыя Скамарохавым. Не ўсякі графік тых гадоў мог заняць месца побач з класікамі-пачынальнікамі беларускага кніжнага дызайну 1920—1930-х. Панарамны агляд Ганчарова падкрэсліў уменне маладога мастака працаваць у розных стылістычных манерах, актыўныя пошукі ім свайго стылю ў 1980-я.
Скамарохаў прыйшоў у кніжную графіку ў 1965 годзе, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння — Акадэмія мастацтваў). У 1970—1980-я ў краіне асвойваўся шырокі спектр графічных тэхнік: ад афорта з яго таемнасцю святла і цені да лінагравюры. Шанавалася лінія. На першае месца выйшаў малюнак, дакладней ягоная лаканічная экспрэсія. Беларуская станковая і кніжная графіка стала часткай «суровага стылю».
Яшчэ падчас вучобы Скамарохаў стаў працаваць у мінскіх кніжных выдавецтвах і часопісах. У «Народнай асвеце», «Мастацкай літаратуры», «Беларусі», часопісах «Нёман», «Бярозка» і іншых майстар быў запатрабаваны на працягу ўсяго свайго творчага жыцця.
У беларускіх выдавецтвах у працы ілюстратараў можна вылучыць некалькі кірункаў: аўтарскую ілюстрацыю, кангеніяльную тэксту, і апавядальную, прызначаную хутчэй для масавага спажыўца, бо яна дае візуальную выяву тэксту, часта з акцэнтам на патэтыку і дыдактычнасць.
Пачатак творчага шляху Георгія Скамарохава на мяжы 1970—1980-х супаў з бурным перыядам адкрыццяў і стылістычных шуканняў многіх маладых графікаў, якія скончылі як беларускія ВНУ, так і навучальныя ўстановы Масквы, Кіева, Львова. Да таго часу ў Беларусі была створана моцная паліграфічная база. Кнігі нашых выдавецтваў разыходзіліся па тэрыторыі ўсяго СССР.
Георгій Скамарохаў быў прадстаўніком таго пакалення майстроў, якія творча выраслі ўжо на беларускай традыцыі, г.зн. атрымалі адукацыю ў тых выкладчыкаў, што самі скончылі беларускія ВНУ. Гэта тэндэнцыя нацыянальнай школы, якая пачала сцвярджацца з адкрыццём адпаведнай кафедры ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1953 годзе. Любімым настаўнікам Георгія стаў Арлен Кашкурэвіч, прадстаўнік першага выпуску графікаў тэатральна-мастацкага інстытута. Прычым Кашкурэвіч скончыў яго ў 1959-м, Скамарохаў у 1965-м — настаўніка і вучня падзялялі толькі 6 гадоў. Але калі Кашкурэвіч — прынцыповы наватар, што ў кожным творы шукаў экспрэсіўную драматычную выразную форму, то ягоны таленавіты вучань зусім іншы. Спачатку ён ідзе ў нагу са сваім настаўнікам, выкарыстоўваючы разнастайныя стылістычныя манеры — экспрэсіўныя, плакатныя, калажныя. Але ў далейшым Георгія Скамарохава будзе найперш цікавіць перадача настрою, знаходжанне той інтанацыі, якая загучыць ва ўнісон з аўтарам ілюстраванага твора. Ён відавочна пачынае аддаваць перавагу рэалістычнай фігуратыўнасці, паступова набліжаецца да стылю іншага свайго выкладчыка, Мікалая Гуціева, адпаведна — становіцца прыхільнікам традыцыі настаўнікаў самога Гуціева, рэалістаў віцебскай мастацкай школы 1930-х — Анатоля Волкава, Вольгі Ціхановіч.
У канцы 1980-х Скамарохаў-вучань і Кашкурэвіч-настаўнік працуюць у плакатнай, лаканічнай манеры. Але для Скамарохава важныя сувымернасць старонкі, яе прасторавасць, падкрэсліванне розніцы паміж франтальнай кідкасцю вокладкі і рытмам форзаца, які ўводзіць у кнігу. Для Кашкурэвіча галоўным з’яўляецца прынцып станковасці, магчымасць прытрымлівацца не тэксту, а ідэі твора, калі пісьменнік і мастак роўныя адно аднаму, а ілюстрацыі можна лічыць асобнымі графічнымі аркушамі.
Да пачатку 1990-х лаканічнасць мастацкай мовы Скамарохава захоўваецца, але ўзнікае і актыўна выкарыстоўваецца прыём аплікатыўнасці, калі некалькі розных па часе сюжэтаў фіксуюцца ў кампазіцыі на адной старонцы: унутраная логіка падпарадкаванасці аўтарскаму тэксту застаецца вызначальнай. Мастак не шукае, як ягоны настаўнік, арыгінальнага кампазіцыйнага ходу для праявы галоўнай ідэі, ён інтуітыўна перадае настрой і стан герояў літаратурнага апавядання. Так, у ілюстрацыі аповесці «Сенажаць у Куненгсуорсе» Генадзя Папова радасная светлая сцэна сустрэчы маладога салдата і дзяўчыны выканана ў стылістыцы, падобнай да фотанегатыву: белае на чорным, чорнае на белым. Ілюстрацыя прамаўляе. Зразумелая складанасць калізій вясковага жыцця: старая з дзяўчынкай на фоне хаты, складанасць выбару маладога вайскоўца і сустрэча двух маладых, што пакахалі адно аднаго. Гэта тонка падкрэслівае ўнутраную інтанацыю літаратурнага тэксту, злучаную з настальгічным успамінам пра мінулую юнацкасць.
У 1980-я Скамарохаў афармляе кнігі, якія выходзяць вялікімі накладамі. Яны друкуюцца на шэрай паперы, але з яскравымі, часам каляровымі вокладкамі, з чорна-белымі пастаронкавымі ілюстрацыямі. Іншая справа — падручнікі для пачатковай школы: у іх актыўна ўводзіцца колер, а малюнак і тэкст цесна звязваюцца паміж сабой.
Асабліва любіў Георгій Скамарохаў ілюстраваць дзіцячыя кнігі. Яго візітнай карткай стала афармленне аповеду Аркадзя Гайдара «Гарачы камень». Атрымалася маленькая, суцэльная і прадуманая гісторыя пра дзяцінства. Ілюстрацыі на разваротах ствараюць агульную прастору, адчувальную да апавядання Гайдара. Арганізацыя формы і прасторавых суадносін хавае нейкую загадку, для адкрыцця якой мы павінны звярнуцца да твора пісьменніка. Так мастак адкрывае для нас яшчэ адну задачу дзіцячага ілюстратара: захапіць маленькага чытача зместам і заахвоціць яго прачытаць тэкст.
Георгий Скамарохаў быў нешматслоўным майстрам, з тых, якія з самага дзяцінства захоўваюць у сваёй душы велізарную колькасць уражанняў, дэталяў.
І не выпадкова ўсё, што ён маляваў, атрымліваліся менавіта такім, якім бывае ў жыцці: яблыкі саспелыя, налітыя сокам, жывыя, нават птушкі з адметнымі характарамі.
Збіраючы непасрэдныя ўражанні, майстар любіў падоўгу шпацыраваць і карміць птушак. Потым па вяртанні хутка, па памяці мог замаляваць свае назіранні. Адзін такі малюнак захаваўся да нашых дзён. У ім каробкі дамоў амаль дакранаюцца да маладога месяца.
Мастак імкнуўся строга ісці за стылістыкай кніжнага тэксту, адзінае, што заставалася ягонае, аўтарскае, — перадача настрою ад прачытанага.
Асабліва дакладнай візуалізацыі патрабавалі малюнкі для падручнікаў пачатковай школы. У аформленых ім дзіцячых кнігах цеплыня і святло, уважлівае стаўленне да птушак, звяркоў, травінак, лісточкаў. У ілюстрацыях да дзіцячых кніг выяўляецца вялікая назіральнасць творцы. Напрыклад, вельмі адметна выглядае пухнаты снег. Гэты снег даецца ў чорна-белым малюнку, але так, што ён ляжыць светлым і лёгкім, нібы вось-вось выпаў. Дарэчы, у пяшчотнай фактуры свежага мяккага снегу ёсць нешта ад ад традыцый рускага срэбнага веку і японскай гравюры, якімі так захапляліся савецкія мастакі ў 1980—1990-я.
Георгій Скамарохаў прайшоў сваёй дарогай у гісторыі беларускай кніжнай графікі, дзе пакінуў прыкметны след, ацэнены сучаснікамі, значны і для нашчадкаў, будучых даследнікаў, знаўцаў і аматараў такой вытанчанай і такой складанай з’явы, як кніжная ілюстрацыя.
Вольга БАЖЭНАВА