Падтрымліваць традыцыю альтэрнатывы
Часам цяжка растлумачыць, у чым альтэрнатыўнасць у архітэктуры. Па словах маіх новых знаёмых з галерэі «Nulіnіs laіpsnіs», гэта даўняе і ўстойлівае нежаданне ісці за патрэбамі камерцыйных забудоўшчыкаў, выключэнне плагіяту, вывучэнне і максімальна магчымае злучэнне з навакольным асяроддзем і мясцовымі супольнасцямі. У такім рэчышчы працуе архітэктурная галерэя, у такім жа кірунку пабудаваў сваю кар’еру архітэктар Саўлюс Славінскас: у выніку галерэя прадставіла на «АртВільнюсе-2016» ягоную фатаграфічную серыю «Грані» і была ўганараваная.
...Нечакана я апынулася перад фактам сімбіёзу двух мастацтваў і прыйшла да разумення гэтага ўзаемапранікнення. Магчыма, часовага і лакальнага, але тое адкрыццё цяпер мяне літаральна пераследуе.
Вяртаюся да Саўлюса: ягоныя вобразы, узятыя з прафесійнай практыкі, ператвараюцца ў абстракцыі. Так здымаць канструкцыі, чыстую форму, аб’ёмы і паверхні архітэктару не ўласціва — таму ў карпаратыўным асяроддзі творчасць Саўлюса не знаходзіць асаблівага шанавання. У той жа час ягоны шлях у фатаграфію — а літоўская фатаграфія вылучаецца вельмі канкрэтным «пісьмом» і ўвагай да мноства паўсядзённых жыццёвых праяў — простым назваць таксама нельга. Больш за тое, ён здымае пінхол-камерай, а аналагавыя здымкі друкуе ўручную, і вось гэта ўжо альтэрнатыва тэхналагічная.
У Літве сёння абмяркоўваецца функцыя творчых саюзаў, якія падтрымліваюць канвенцыйныя інтарэсы, а не працуюць на грамадства. На думку куратара выставы і кіраўніка галерэі Томаса Грунскіса (эсэ «Філасофія гранічнага стану»), «Грані» Славінскаса — гэта грані ва ўсіх сэнсах слова. Мне здаецца, тут па аддаленай аналогіі з «павольным чытаннем» і «павольным жыццём» можна назваць фатаграфію павольнай архітэктурай. Хіба не?
Цікава, што «Nulіnіs laіpsnіs» атрымала ў спадчыну памяшканне ад мастака Валдаса Зарынскаса, які таксама быў далёкі ад піетэту перад іерархіямі. Служыў у Цэнтры сучаснага мастацтва, прадстаўляў Літву на адной з апошніх сусветных выстаў ЕХРО, але пры гэтым заставаўся на платформе крытыкі карупцыі і плагіяту і адстойваў альтэрнатыўныя праекты. Напрыклад, у «архіве» Зарынскаса — «модная» рабочая вопратка, такой была яго інсталяцыя на персанальнай выставе ў Рызе.
Захоўваецца атмасфера галерэі мастака, рэчы, што засталіся тут, будуць выкарыстоўвацца для арт-аб’ектаў.
«Вам добра там, дзе добра вашаму тэлефону»
Калі за месяц да адкрыцця выставы «Detachment» супрацоўніца Цэнтра сучаснага мастацтва ў Вільні сказала мне, маўляў «мантуюць нейкія вентыляцыйныя трубы», я не вельмі здзівілася. Ці мала, што слова «архітэктура» прысутнічае ў назве аўтарскай групы «Network Archіtecture Lab», мабыць, і ўрбаністыка тут недзе побач. Але рэчаіснасць перасягнула чаканні.
Што разумець пад архітэктурнай выставай? Яна таксама трансфармавалася: ад макетаў з подпісамі да нехарактэрных рэчаў. І як наогул перакласці назву: непрывязанасць, адлучанасць? Калі апошняе, то гэта да Хайдэгера. З адной папраўкай: ягоны прароцкі тэкст быў напісаны ў 1955 годзе. Ужо тады вялікі філосаф прадбачыў і назваў адлучанасцю «тое, што ўзмацняе бяздумнасць» чалавецтва, «уцёкі ад мыслення» пры багацці планаў і інфармацыі. Пра «мысленне, якое разлічвае», пра выцясненне «ўсведамляльнага роздуму» пісаў Хайдэгер. Вось, уласна, канцэпцыя і апынулася на паверхні.
А аўтары «Network Archіtecture Lab» — пра «архітэктуру сеткі» або «сеткавую архітэктуру»? Групу складаюць Казіс Варняліс і Ліа Дэніс, абое жывуць у Амерыцы, яны архітэктары і дызайнеры, з вопытам даследаванняў у гісторыі, мастацтве, адукацыі.
Праект «Detachment» размясціўся ў самай вялікай зале і склаўся з дзвюх фатаграфічных серый і двух аб’ектаў. «Manwatchіng» уяўляе з сябе рэплікі даследаванняў Морыса Дэсманда. Серыя па-свойму простая, аднак аўтары настойваюць на яе сюррэалістычнасці. Дэсманд, біёлаг у Лонданскім заапарку, бачыць агульнае ў паводзінах сваіх падапечных і людзей: жэсты, культуру зносін, манеру гаварыць.
У нашым выпадку «Manwatchіng» — чалавек, які шукае кантактаў і заглыблены ў іх дзякуючы гаджэтам. Не так ужо важна, тэлефанія гэта ці сеткавыя кантакты, важна, што віртуальныя. Таму паняцце «які назірае» з традыцыйных значэнняў захоўвае і канкрэтызуе адно — які глядзіць у манітор. Серыя вялікая: дарослыя і дзеці, за ежай і ў дарозе, у адзіноце і ў кампаніі. Але ў масе сваёй тыя людзі ўтвараюць сетку, нават супольнасць, адначасова і раз’яднаную. Яны ўбудоўваюць сваё прыватнае ў любую публічную прастору. Ці ёсць геаметрыя ў гэтых сувязяў і чым менавіта яна напоўненая — ведае толькі Bіg Data.
Падзарадзіць дэвайсы прапаноўвае «Pleasure Box». Абвяшчаючы friendly-аб’ектам металічны кораб з ячэйкамі, аўтары недвухсэнсоўна кажуць: вам добра ўсё, што добра для вашага тэлефона. Менавіта такі кораб уратуе вас ад роспачы, калі тэлефон разраджаецца ў самую адказную хвіліну. Ёсць яшчэ адна ідэя, прапісаная нават больш старанна: зараз вы застанецеся без тэлефонаў, як тое адбываецца, напрыклад, у пасольствах. Камфортна гэта ці не, але вы можаце надаць рэальную ўвагу таму, што адбываецца навокал. У тэксце яшчэ напісана пра бяспеку інфармацыі, якая не гарантаваная ніколі, і пра нейкае асабліва зручнае для тэлефона становішча ў скрыні, напэўна, у сэнсе любові да зараднай прылады, але ўспрымаць гэта ўжо няма ніякіх сіл.
Нарэшце, самая простая серыя «Detachment» фіксуе прылады, што працуюць у энергетыцы: батарэі, вышкі і г.д.
І вось ён, «Thunder» — грувасткі атракцыён з гукам: у прасторы, абмежаванай вентыляцыйнай трубой, шум вашых перасоўванняў і гутарак ператвараецца ў струмень энергіі, якая яшчэ ў нешта трансфармуецца і некуды падаецца. Сама труба выдатная, прастора велізарная, вынік непрадказальны. Нешта напісана пра забеспячэнне Wі-Fі і магнітныя ваганні ўнутры СAC. Літоўская назва праекта «Пяркунас» адсылае нас да боства грому: аўтары настойваюць на тым, што ні мастацтва, ні архітэктура тут ні пры чым. Інсталяцыя прысвечана магічным сілам тэхналогіі.
Праект відовішчны, але нескладаны. Глабальныя тэндэнцыі і асцярогі з іх нагоды аўтары выказалі лаканічна, хоць куратарскія канцэпцыі напісаны куды больш падрабязна. Такім чынам, глядач атрымлівае падвойную магчымасць: пайсці шляхам адчуванняў і ўласных уяўленняў аб прадмеце ці атрымаць падказку, якая можа як растлумачыць карціну, так і заблытаць канчаткова.
Зваліцца ў «Дзюны»
Калісьці ў Мінску дырэктар віленскага САС Кястусіс Кузінас тлумачыў графік правядзення выставачных праектаў. Асноўная ідэя: буйныя праекты занадта доўга рыхтуюцца (нават на мантаж сыходзяць тыдні!), каб выстаўляць іх па адным месяцы і наогул хутка чаргаваць адну падзею за адной. Зноў жа абмеркаванне і асэнсаванне таго, што адбываецца, не можа быць імгненным: для якаснага рэзанансу таксама патрэбны час. Так склалася практыка доўгага 2-х і 3-х месячнага экспанавання, часта адначасовага адкрыцця адразу трох выстаў у трох залах САС.
«Дзюны» — праект аўтарскі, з ліку тых, якім дакладна патрэбны тэксты, бо іначай яны выглядаюць дзіўнымі.
«Дзюны» даюць уяўленне пра прадмет разважанняў Антанаса Герлікаса трыма графічнымі аркушамі. Іх мог бы зрабіць мастак-стыліст, каліграф, але я б не здзівілася і твору дасканалага штучнага інтэлекту. У цэнтры экспазіцыі размясціліся велізарныя канструкцыі, накшталт тых, што мастакі ўсталёўваюць у пустынях ці на пляжах. Будуюць іх такім чынам, каб улоўліваць прамяні сонца ў вызначаныя гадзіны або праверыць уздзеянне вады — невыпадковае размяшчэнне, матэрыял, арыентацыя па баках свету. Куратар выставы піша, што Антанас прыйшоў да гэтых аб’ектаў пасля многіх размоў з сябрамі пра «тонкія рэчы», але больш за ўсё яго захапіла думка пра рэчы, якія «падаюць з вялікай вышыні і правальваюцца ў гісторыю».
Бліжэй да лэнд-арту
У апошняй трэцяй зале САС — самы загадкавы «Ars Post. The Score», яго я аднесла б да перформансаў, дзе фатограф не толькі дакументаваў, але і рэжысараваў працэс. Акцыі адбываліся ў палях і гарадах, з удзелам травы, дрэў, людзей, музыкі і бодзі-арту.
Чацвёра мастакоў групы «Ars Post» прадстаўляюць свае працы, зробленыя ў перыяд пасля 1998 года, уключаючы значную выставу 1994-га ў Германіі. Абрыўкі дыялогаў на некалькіх мовах — куратары назвалі іх «ацэнкамі» — высцілаюць падлогу папяровымі стужкамі.
Разважаю як глядачка: формы рэпрэзентацыі праектаў у апошнія дзесяцігоддзі так моцна змяніліся, што можна ствараць падзеі, якія не працуюць у рэале наогул. Імітацыя, сімулякры, сеткавыя (ізноў) рэплікі, вытворчасць малюнкаў і афарызмаў зусім не азначаюць вытворчасці сэнсаў. Можна абмежавацца фэйкамі, больш за тое, можна зрабіць праект выключна з іх, але сэнс... А калі яшчэ дадаць фактар сяброўскага прыняцця, ды і атмасфера сеткавых зносін існуе. Вось заблытаць усё канчаткова — гэта да «Ars Post. The Score».
Калі звярнуцца да прафесійнага меркавання, трэба ўспомніць парады Фрэнсіс Морыс, новай дырэктаркі лонданскай галерэі «Tate Modern», пра тое, як захоўваць і калекцыянаваць перформансы і лічбавыя творы мастацтва. Практыка галерэі складаецца ў тым, каб адразу рабіць майстар-копію і перакладаць працу ў такі фармат, каб праз год-два мець магчымасць перавесці ў іншы. Перформанс можа працягваць існаваць у мультымедыйным выглядзе, а калі ён не дакументаваны на відэа ці фатаграфічна, то можа быць захаваны ў фармаце інструкцый, касцюмаў і іншых аб’ектаў. Так робяць некаторыя мастакі, і ў любым выпадку ўсё гэта вырашаецца па дамоўленасці з імі. Ідэя ў тым, каб паказваць твор так, як хоча аўтар, але не страціць ні носьбіт, ні тэхналогію прайгравання інфармацыі. І паступова — бо тэхналогіі змяняюцца даволі хутка — пераводзіць запіс ва ўсе новыя фарматы. Пры гэтым ніколі копія не выдаецца за арыгінал. Пішу пра гэта, бо не ўпэўненая, што такая практыка ёсць у Беларусі. І літоўскі «Post Ars. The Score» — якраз такі прыклад.
Ужупіс як урачыстасць нефармальнасці
Мае канікулы працягнуліся ва Ужупісе, дзе пераход ад фатаграфічнага «акампанементу» архітэктуры да графічнага адбыўся арганічна і пакінуў уражанні, якія мне дагэтуль складана ўсвядоміць.
Феномен вулічнай культуры — вось што такое Ужупіс, але тут я б разгледзела толькі адзін яе зрэз.
Услед за Юрыем Лотманам паспрабуем апісаць Ужупіс як семіясферу: асобную прастору як адзіны механізм, з яго адмежаванасцю, аднастайнасцю і індывідуальнасцю. З аднаго боку, гэта абстрактныя паняцці, якія вызначаюцца часта інтуітыўна і цяжка фармалізуюцца. З іншага — яны ўвасабляюцца цалкам канкрэтна. Фізічная граніца Ужупіса — выгін ракі, прытока Нерыса. Мяжа зялёная, месцамі цалкам цёмная, і тэрыторыя невялікая, але ёсць семіятычная мяжа — найважнейшы элемент семіясферы. Гэта лінія кавярняў адразу пры пераходзе праз мост. Сюды трапляе турыст, тут памежжа, дзе гавораць яшчэ на «знешніх» мовах, але ўжо адчуваючы спецыфіку раёна, што ўзбіраецца ўверх па галоўных вуліцах: Полацкая, Ужупё, Крываў, Паупё. Можна абмежавацца першай жа трэшавай галерэяй, зрабіць сэлфі ля таблічкі на чатырох мовах. Але можна паглыбіцца ў двары, у калідоры графіці, дабрацца да зарослых бернардынскіх могілак. Уніз і ўверх, па лесвіцах, якія абсыпаюцца, па бруку, да маленькіх садкоў і да ўзрушальных відаў на суседнія пагоркі.
Тут ёсць усё: завершанае аблічча, тэрыторыя, рух, функцыянальныя зоны. Мастацкія і культурныя складнікі, публічнасць і новая прыватнасць, і вы ўжо не заўважаеце, як усмоктваецца гэты нефармальны дух і расслабляецца паходка.
Няма сувенірных кіёскаў, гэта папса, і кажуць, што няма інтэрнэт-кавярняў, гэта іншы стыль. Але Wі-Fі ёсць. Жывы раён, і ўпарадкаваны, не хаатычны.
Калісьці рамесны, небагаты, да пачатку 90-х мінулага стагоддзя Ужупіс прыйшоў у заняпад і быў аблюбаваны творцамі. Час надзей, пачынанняў і ілюзій прывёў да такога рамантычнага ўсплёску, як абвяшчэнне Канстытуцыі Незалежнай Рэспублікі Ужупіс. Канстытуцыю стварылі мастакі, пра яе напісана вельмі шмат, і яна таго заслугоўвае. Ад «кожны мае права на гарачую ваду» да «котка мае права не любіць чалавека, але ў цяжкі момант павінна прыйсці яму на дапамогу». Усе 38 пунктаў, уключаючы апошні: «кожны мае права не баяцца».
У нейкі момант багатыя людзі зразумелі, што рака, брук і агарод ля старога двухпавярховага дома — гэта супер. Студыі, майстэрні, дзе пачынаецца нешта новае — вельмі крута. А багатым жа туды і трэба, дзе крута. Пачалася паступовая джэнтрыфікацыя і, на шчасце, пакуль прытармазіла з-за крызісу. Адбывалася яна з пачуццём меры і стылю.
Ва ўсім свеце адбываецца працэс выцяснення мастакоў з занятых імі сквотаў, бо створаны імі дух месца спрыяе павышэнню коштаў на нерухомасць. Спачатку маленькія кавярні, потым рэстараны даражэй, потым растуць кошты на кватэры, ствараюцца канторы юрыстаў і страхавальнікаў. І вось мастакі ўжо не спраўляюцца з арэндай, іх становіцца менш, менш свабоды, а больш правілаў для інфраструктуры.
Вернемся да Канстытуцыі. Сам факт стварэння ўласнага маніфесту сведчыць пра тое, што наша семіясфера знаходзіцца на высокім узроўні самаапісання, то-бок канструюе мову, з дапамогай якой яе варта вызначыць і асэнсаваць. Па запэўніваннях бацькоў-заснавальнікаў Рэспублікі, у прыватнасці паэта Томаса Чапайціса, тады, у 1998 годзе, гэта быў несістэмны вопыт, не маркетынгавы праект.
Паводле Лотмана ў семіясферы маюцца структура-ядро і перыферыя, неаднародныя і ўяўныя, яны знаходзяцца ва ўзаемадзеянні. І гэта законы ўнутранай арганізацыі семіясферы. Дык вось да ядраў, акрамя Бернардынаў, упэўнена адношу адзіны беларускі касцёл у Вільні — святога Варфаламея, і Палац Ганестаў (XVІІІ стагоддзе). Ва Ужупісе ёсць цікавыя помнікі і мемарыяльныя дошкі: напрыклад, у гонар вядомага анколага, прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя Казіміра Пельчара, якога фашысты расстралялі ў Панарах, а на вуліцы Полацкай размяшчаўся НДІ анкалогіі, дзе ён працаваў. У 1933 годзе яўрэйская і польская супольнасці ўсталявалі помнік Мечыславу Дордзіку, вучню рамеснай школы, што загінуў падчас паводкі 1931-га, ратуючы іншае дзіця — Хацкеля Хармаца. У 1995-м помнік быў рэстаўраваны.
Па вуліцы Крыві можна прайсці міма гары Магілы Гедыміна, дзе быў, паводле падання, спалены вялікі князь літоўскі. А ў будынку былога праваслаўнага манастыра ў 1934—1936 гадах жыў польскі паэт Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі. Можа, я ідэалізую, але нават такія памятныя месцы ва Ужупісе таксама нетрывіяльныя.
Між іншым узаемасувязі ядраў і перыферыі, іх разнастайнасць мяркуе цэласнасць семіясферы.
***
Часам джэнтрыфікацыя бывае спантаннай, у іншых выпадках ёю кіруюць мэтанакіравана, спачатку ствараючы сімвалічную каштоўнасць на пустках і руінах, каб потым пабудаваць закрытыя супольнасці для супербагатых або каб муніцыпалітэт атрымаў раён, прывабны для турыстаў. Кола замыкаецца, таму што на гэтым этапе ўсё становіцца банальна, сумна і «як ва ўсіх». Ва Ужупісе ўжо цяпер ёсць вельмі дарагія дамы, кватэры, буцікі і добраўпарадкаваныя зялёныя ўчасткі; перспектыва стаць такім дэкаратыўным наваробным маршрутам, вядома, захоўваецца. Але будзем спадзявацца, да абсурду і самаразбурэння справа не дойдзе.
Любоў ГАЎРЫЛЮК