Аншлагі хатніх кінатэатраў

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Зайздрошчу тым, у каго няма тэлевізара. Ягоную адсутнасць на сёння не лічу прыкметай жабрацтва. Хутчэй -- пазнакай элітарнасці і гарантыяй духоўнага і душэўнага здароўя. Я -- нездаровы. Таму штовечар самнамбулічна пстрыкаю тэлевізійным пультам у жаданні спатоліць прагу глядацкага катарсісу. І пастаянна згадваю пры гэтым любімых Стругацкіх: «Тэлевізар... Сапраўды фантастычны канцэнтрат намаганняў, таленту тысяч найцудоўнейшых розумаў нашага часу! Для таго, каб цяпер вось, вярнуўшыся з працы, дзесяткі мільёнаў стомленых людзей раз’юшана пераключалі каналы, не ў сілах вырашыць: што выбраць? Натхнёнага пільшчыка на скрыпцы, альбо буйны потны натоўп самадзейных танцораў, альбо маркотных і коснаязыкіх спецыялістаў за круглым сталом?».

 /i/content/pi/mast/7/175/Anshlagi1.jpg
 Кадры з мастацка-анімацыйнага фільма А.Туравай і І.Паўлава «Навагоднія прыгоды ў ліпені». Д.Співакоў (Гала-Вірус).
Ад забойства ў стане афекту ратуюць тэлевізар хіба што кабельныя фільмавыя каналы «Наша кіно», «
Cinema», «TV XXI», «Расійскае кіно», «TV 1000», дзе паміж дэманстрацыямі стужак у рэжыме non stop няма ні абрыдлай рэкламы, ні гаваркіх расійскіх галоў (у салаўёўскім фармаце надакучыў нават вытанчаны Міхаіл Велер), ні пустога пералівання з хлусні ў няпраўду, ні бясконцых руска-беларускіх крывавых крымінальных хронік, разлічаных ці не на зваротную сувязь з прафесійнымі маньякамі і рабаўнікамі. Астатнія каналы, як падаецца, атрымліваюць асалоду ад стасункаў з самімі сабой. Словам, адзіная канструктыўная функцыя сённяшняга TV (ды яшчэ ў спалучэнні з DVD-прайгравальнікам) -- функцыя хатняга кінатэатра, асуджанага на заўсёдны вячэрні аншлаг. Тут мы, уладкаваўшыся ў любімым крэсле з талеркай супу, самі сабе і прадзюсеры, і крытыкі, і нястомныя спажыўцы-«пстрыкальшчыкі». Гарадскія і вясковыя кіназалы -- адпачываюць...
Што з беларускага прапанавалі фільмавыя каналы за апошні час? Амаль нічога, апрача бліскучых стужак Леаніда Нячаева «Прыгоды Бураціна» і «Пра Чырвоны Каптурык» (буяла ж у 1970-х слава «Беларусьфільма», буяла!) ды фільма Міхаіла Пташука «У жніўні 1944-га», які Леў Прыгуноў на леташнім «Лістападзе» назваў «дзіўнай амерыканскай карцінай».
Што ж сёння падрыхтавалі для нас галоўныя нацыянальныя пастаўшчыкі кінапрадукцыі -- супрацоўнікі «Беларусьфільма»? Урэшце, пакуль нямногае. Яны, як і мы, не чарадзеі -- яны, як і мы, толькі вучацца. Мы -- глядзець, захоўваючы нервы. Яны -- паказваць,
 /i/content/pi/mast/7/175/Anshlagi2.jpg
 Кадры з мастацка-анімацыйнага фільма А.Туравай і І.Паўлава «Навагоднія прыгоды ў ліпені». Камп’ютэрны горад.
захоўваючы твар. Адзіная істотная падзея пераднавагодняга месяца -- прэм’ера «Шчыта Айчыны» маладога «пташукоўца» Дзяніса Скварцова. Прыгодніцкая стужка пра сучасную армію, каханне, здраду і шпіёнскія хітрыкі, шчодра прыпраўленая камп’ютэрнай графікай (амаль усё, як у Галівудзе!), дазволіць гледачу на гадзіну з гакам забыцца аб праблемах побыту. Урэшце, толькі гэтага і застаецца чакаць ад сучаснага кіно...
Пра вучобу нашых кіношнікаў -- не дзеля прыгожага слоўца. У снежні на базе Нацыянальнай кінастудыі распачалі дзейнасць курсы па падрыхтоўцы работнікаў здымачных груп. Навучанне, якое будзе доўжыцца ўвесь 2008 год, скіравана на падвышку кваліфікацыі рэжысёраў, адміністратараў, аператараў, мастакоў па касцюмах і асістэнтаў. Профільнае навучанне пачнецца пасля лекцый па ўводзінах у кінавытворчасць і гісторыі беларускага кінематографа...
Ёсць усе падставы спадзявацца на ўзнаўленне добрых нячаеўскіх традыцый. «Мастацтва» пісала ўжо пра казку Алены Туравай і Івана Паўлава «Навагоднія прыгоды ў ліпені». Цяпер музычны мастацкі фільм, які спалучае ігру акцёраў і анімацыю, знаходзіцца ў стадыі камп’ютэрнага сумяшчэння...
 /i/content/pi/mast/7/175/Anshlagi3.jpg
 Кадры з прыгодніцкага фільма Д.Скварцова «Шчыт Айчыны».
Дзень айчыннага кінематографа -- 17 студзеня -- «Беларусьфільм» адзначыў стартам двух праектаў: Сяргей Сычоў распачынае здымкі двухсерыйнай тэлевізійнай меладрамы «Пакуль мы жывыя» (сцэнарыст -- Фёдар Конеў), а Ігар Чацверыкоў збіраецца парадаваць аматараў дэтэктыва іранічным серыялам «Цень самурая» па сцэнарыі Валянціна Залужнага. Як казала разанаўская кінагераіня, пажывем -- пабачым…
А пакуль, пасля трагічнага завяршэння расійскага тэлесерыяла «Не нарадзіся прыгожай», стасункі гледачоў з высокім мастацтвам кіно на асобна ўзятым канале зноў спыніліся. Хранічныя «пстрыкальшчыкі» змушаны ў які ўжо раз глядзець цьмяныя «Вуліцы разбітых ліхтароў». Ва ўмовах паўсюднай эканоміі і беражлівасці -- рэч даволі актуальная.