Дзіна Даніловіч, нязменная аўтарка і куратарка праекта, відавочна захапляецца ўласнай ідэяй трансляцыі дыялогаў пра аспекты ўспрымання цела, штогод смакуючы гэтую тэму на розны лад. Выставы «Anatomia» вылучаюцца вялікім складам удзельнікаў, шырокай тэмай і неабмежаваным падыходам да яе прэзентацыі. І звыкла гэтаму спрыяюць даволі прыемныя ўмовы для экспанавання, вялікі аб’ём прасторы, лаяльнасць куратаркі і шырокі розгалас праекта ў Інтэрнэце ды падтрымка дзяржаўных арт-устаноў. Сёлета ўдзельнікі працавалі з тэмай мужчынскай цялеснасці. «Мужчынскае цела», па словах Дзіны Даніловіч, даследуе эвалюцыю цялеснага канону і стэрэатыпаў маскуліннасці ў кантэксце гісторыі мастацтва, асэнсоўвае, як мяняюцца мужчыны і іх уяўленні аб саміх сябе ў сучасным свеце, працуе з праблемай аб’ектывацыi мужчынскага цела, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя спосабы мастацкай рэпрэзентацыі мужчынскай аголенасці.
Як звыкла, уражліва вялікі склад аўтараў: Міхал Мацку, Сяргей Кажамякін, Алена Пратасевіч, Iгар Саўчанка, Мiхаiл Бадасян, Уладзімір Парфянок, Андрэйс Строкінс, Валерый Вядрэнка, Андрэй Дубінін, Аляксандр Міхалковіч, Дзяніс Раманюк, Павел Осіпаў, Алена Гайдук, Яўген Шадко, Алена Ажгірэй, Дзмітрый Рагель, Віктар Сядых, Юрка Дзівакоў-Душэўскі, Дзіна Даніловіч. А ў выставе фатаграфій «Сентыментальныя купальшчыкі», якая далучылася да праекта «Anatomia» пад куратарствам Уладзіміра Парфянка, прынялі ўдзел яшчэ пятнаццаць мастакоў, сярод якіх Вадзім Качан, Галіна Маскалёва, Аляксандра Салдатава, Максім Шумілін ды іншыя.
Багатая на актыўнасці праграма ўлучыла дыскусію з аўтарам з праекта «Персоны» — «Дзесяць складаных пытанняў Ігару Саўчанку», сустрэчу з творцамі і куратарамі праекта ды экскурсію па выставе, а таксама выступленне «KorniagTheatre» са спектаклем «Латэнтныя мужчыны». У першым мерапрыемстве вядомы беларускі мастак адказваў на пытанні, якія датычацца яго творчасці, задаваныя беларускімі арт-крытыкамі, журналістамі, куратарамі. Другое стала пляцоўкай для выказвання працоўнай групы выставы і падтрымала яшчэ не шырока прывітую традыцыю распавядаць пра праект «ужывую» перад зацікаўленнымі, адказваць на пытанні «з натоўпу». А трэці стаў цудоўным падарункам прыхільнікам творчасці папулярнай тэатральнай групы ды развіў паднятую куратарам тэму ўспрыняцця мужчынскага цела.
Нягледзячы на відовішчны размах праекта, сама выстава пакінула шмат пытанняў, і я паспрабую акрэсліць некаторыя з іх, падсумоўваючы ўласна перажытае, асэнсаванае ды пачутае ад іншых.
Сучаснае мастацтва працуе з ідэямі, нарошчвае тэмпы прадукавання канцэпцый, выразае з цьмянай падсвядомасці грамадства актуальныя думкі і выдзяляе гаварлівыя сэнсы. Куратары імкнуцца шматгранна падаць выбраную тэму, творцы спадзяюцца выказацца максімальна разнастайна. За гэтымі базісамі губляецца элементарная сістэма выбудовы візуальнага шэрага, а за ёй знікае ў небыцці і эстэтычны бок самога праекта, рассыпаючыся на мноства невялікіх самастойных выстаў. Мы ўжо не спрачаемся пра тое, што неэстэтычнае — гэта таксама эстэтыка, і не змагаемся з выявамі памірання, разбурэння ці знішчэння. Але гэты факт не адмяняе закону натуральнага зрокавага ўспрымання аб’ектаў і іх выбудаванай гармоніі. Чым большы па памерах праект, чым больш месца займае пералік мастакоў-удзельнікаў на постары, тым больш увагі і часу трэба на тое, каб правільна размеркаваць творы па залах, вызначыць даміноўныя аповеды і лагічныя ланцужкі ўспрымання візуальнай часткі імпрэзы. Нават якасная пляцоўка НЦСМ, якой можа пахваліцца рэдкая выставачная ўстанова ў Мінску, не зберагае ад адназначных правалаў. Слабое звяно «Anatomiі» вызначылася ў складанай да ўспрымання навігацыі і поўнай адсутнасці каардынацыі аўтарскіх праектаў між сабой. Залы, ніякім чынам не звязаныя тэматычна, акрамя падабенства выяў адназначна мужчынскага цела, пакідаюць ўражанне падобнасці, нягледзячы на розны колер сценаў і ступень зацямнення святла. У кожнае з памяшканняў глядач заходзіць з аднолькавым адчуваннем таго, што гэта ён ужо недзе бачыў. Гэта несумненна пакідае не самае пажаданае адценне для ўспрыняцця прадстаўленага твора. Галерэйная/музейная прастора сёння прадукуе магчымасці змяняць прастору такімі шматлікімі спосабамі, што звычайная развеска твораў на ўзроўні вачэй падаецца ўжо выключэннем з правілаў, а не яго абавязковай часткай.
Каб мець нейкае дакладнае меркаванне пра выставу, лепш паглядзець яе кавалкамі, часткамі ў некалькі заходаў. Праекту гэта не пашкодзіць, а ўспрыманне будзе больш цэльным. Можна засяродзіцца на рэлігійнай зале з творамі Алены Ажгірэй, Андрэя Дубініна ды Дзяніса Раманюка. Па гэтым наведаць лаканічны праект Яўгена Шадко з па-барочнаму задрапіраванай тканінай, што вызначыць багата сэнсаў у ягоным творы «Мне няма чаго сказаць» пасля барвовых адценняў залы з палотнамі і фотаздымкамі. Можна прайсціся па частцы выставы з «Сентыментальнымі купальшчыкамі» і разгледзець пару здымкаў з калідора, зайсці ў чорную залу з працамі Міхала Мацку — угледзець у відавочна дэкаратыўна-прыгожых работах пяшчоту ўспрымання цела, яго хараство і пругкую моц. Але і ў зале з «Купальшчыкамі», і ў пакоі з «Жэлажам» трэба апрануць шоры, каб абмінуць твор Гайдук ды выбарачныя фота з мужчынамі ў вадзе. Інсталяцыю Алены добра разглядаць пасля наведвання «Бокс. Вяртанне цела» пад куратарствам Алены Пратасевіч, Вольгі Рыбчынскай і Уладзіміра Парфянка, зачапіўшы вокам шэраг фота Віктара Сядых «Беларускія Арнольды», і павольна перайсці да серыі здымкаў Аляксандра Міхалковіча «Стаць мужчынам?». Калі б я рабіла экскурсіі па выставе, я б скарысталася геніяльным спосабам майго ўлюбёнага мастака-куратара і рэжысёра Пітэра Грынуэя. На адной з арт-пляцовак, якую ён курыраваў, была дамоўленасць, што мастакі робяць экспазіцыю так, як для іх важна, насуперак пажаданням Пітэра. Незадаволены вынікам такога падыходу, ён на тыдзень зачыніўся на гатовай выставе з камандай мантажораў па асвятленню і на адкрыцці прадставіў цалкам цёмнае памяшканне праекта, экскурсаводам між творамі стаў свет, які запальваўся папераменна то там, то тут і вёў гледача ад твора да твора, будуючы зусім іншы праект, складзены ў ідэальнай візуальнай прапорцыі.
Другой хібай «Мужчынскага цела» я б назвала само мужчынскае цела, выстаўленае на прагляд аднабакова і малаінфарматыўна. Ці то праблема ў занадта шырокай тэме, ці ў нежаданні яе ўдакладняць, але пры падыходзе да маштабнага праекта важна прапрацаваць тэарэтычныя пытанні загадзя і падрыхтаваць адказы, запыт на якія відавочна ўзнікне: а што наконт мужчынскага цела, якое не адчувае сябе мужчынам? А дзе прапрацоўка праблем квір-супольнасцяў? А як можна прамаўчаць пра гістарычныя мадыфікацыі і шаблоны мужчынскага? А дзе ўвогуле тут жанчына, якая глядзіць на мужчынскае цела са свайго боку і транслюе яго так, як яна яго бачыць?.. І дзе імёны мастачак, якія маюць што сказаць пра мужчынскае? Дзяленне мастакі/мастачкі ў прадстаўленай прапорцыі падаецца несуцяшальным. Позірк жанчыны на праблематыку ўспрыняцця мужчынскага быў бы выключна цікавым і ўплывовым. У гэтым завужаным фармаце праект больш падобны да стыхійнага флэшмобу пад хэштэгам #мужчынскае- цела, чым на абгрунтаваны мастацкі праект. Але, з другога боку, выдатным падаецца менавіта той факт, што куратарства праекта толькі намінальнае: усю працу па выбары твораў, іх дэманстрацыі і экспанаванні праводзяць самі аўтары. Тая ж справа і з тэкстамі-апісаннямі: выказванне можа быць кароткім, на пару сказаў, можа займаць некалькі старонак друкаванага тэксту. Ніхто не стане карэктаваць, скарачаць, удакладняць і падганяць пад фармат. Гэта адначасова і цудоўна для гледача, і небяспечна: пачуваешся як на фестывалі — вакол шмат прывабных выступоўцаў на некалькіх сцэнах, выбірай на свой густ. Але калі адысці на адлегласць і паслухаць сам фэст — можа атрымацца яшчэ тая поліфанія гучання. Таму адбор твораў па факце прысутнасці ў іх мужчынскага цела нагадвае вынік запросу ў пашуковіку: загугленае прысутнічае — значыцца, падыходзіць.
Мы разглядаем целы праекта «Anatomia» як набор ягоных складнікаў. Бачым скуру, мышцы і мурзатыя пяткі, а не тое, што можна было б імі сказаць, акрамя «яны транслююць напрамкі». У мяне настолькі моцна склалася адчуванне, што не я разглядаю мужчынскія целы ў розных іх праявах, а яны дазволілі мне разглядаць іх і чакаюць дакладнай рэакцыі. Я вызначыла сябе аб’ектам гэтай выставы, які варты вывучэння і ўглядання. Відавочна, праект збудаваны ў такой прапорцыі эксцэнтрычнасці, у якой глядач павінен ці то хаваць абурэнне з-за выяў «18+», ці то сарамліва пасміхацца, перагаворваючыся паўшэптам з сяброўкай перад фотаздымкам, адкуль табе ў вочы пазірае малады, голы і абсалютна бессаромны мужчына.
Мужчынскае цела пераўтварылася ў атракцыён, які можна разглядаць па частках (фотапраект Ігара Саўчанкі), здзекавацца з яго (перформанс Юркі Дзівакова-Душэўскага), маліцца на яго (здымкі Валерыя Вядрэнкі), не без задавальнення чыніць яму боль (відэа Міхаіла Бадасяна), атрымоўваць асалоду ад яго (лірычныя працы Максіма Шуміліна), выкарыстоўваць як інструмент, стэрэатыпную праяву (твор Сяргея Кажамякіна). Глядач меў магчымасць усвядоміць мужчынскае цела асобна ад персоны, ад мужчыны-чалавека, што звыкла нам уяўляецца цэльным, з яго ўнутраным светам, непадзяляльным з духоўным напаўненнем. У адрозненне ад жанчыны, абалонку якой мы лёгка можам стылізаваць у чыста дэкаратыўны элемент, аформіць у выглядзе закончанага стэрэатыпа, вызначыць яе аддзеленасць ад вечнага жаночага «а яшчэ ў мяне ёсць унутраны свет». Гэты факт праявіў для мяне праблему нашага звыклага стаўлення на працягу стагоддзяў (тысячагоддзяў) да цялеснасці жанчыны. Праз прывычны да гэтай пары патрыярхальны ўклад жыцця мы проста прымаем за норму рознага кшталту маніпуляцыі з анатамічнай жаноцкасцю, трансфармуючы яе ў завершаныя сімвалы. Фімэйл-цела паказваецца ва ўсіх ракурсах, без спробы нешта схаваць, жаночыя органы раскладваюцца на вышыўкі і прынты для сукенак, жаночая скура выкарыстоўваецца як безаблічнае палатно для надпісаў і малюнкаў, на целе сервіруюць вячэры, з яго дакладнымі абрысамі ствараюць мэблю і элементы дэкору. Канешне, такое здараецца і ў дачыненні да мужчынскага, але ў да смешнага іншай прапорцыі, што толькі падкрэслівае норму масавай жаночай безасабовай аголенасці.
Таму ў выніку я выйшла з выставы з адчуваннем, што «Anatomia» ў маёй свядомасці спрацавала найлепшым чынам, праект можна лічыць паспяховым — ён ускрыў хвалю пасіўнай мізагініі, дзе жаночае ўжо перастала абараняцца, бо мы пагадзіліся з тым, што абараняць няма чаго, жаночая дэкаратыўнасць — гэта агульная грамадская маёмасць. А феміністычна скіраваныя ўдзельнікі працэсу інфармавання аб праблемах меншасцяў выкарыстоўваюць інструменты, якія ўжо ў працы: выходзяць з голымі грудзьмі за права распранацца без скіравання на эратычны падтэкст, выкарыстоўваюць сваю аголенасць як інструмент у барацьбе за права быць роўнымі. Малююць крывавымі выдзяленнямі і робяць інсталяцыі з грудным малаком, каб правакаваць і звяртаць увагу да пэўных праблем грамадства. Паводзяць сябе гэтак жа, як ужо заведзена. Бо ўсё працуе, увага забяспечаная.
«Табуяваныя тэмы мужчынскага цела» — казала эксплікацыя да «Anatomiі», а ў выніку атрымалася — табуяваныя думкі паводле мужчынскага цела наконт жаночага.
Нам яшчэ доўга рухацца па шляху, які ў больш развітых еўрапейскіх краінах паспеў зарасці быллём, ды адкрываць для сябе паняцці і сістэмы, што сталі канстантай у заходнім грамадстве. А пакуль гэта толькі адно з меркаванняў пра праект. І нават калі яно відавочна жаночае, яно, падаецца, мае несумненнае права на існаванне. Мой унутраны анатам у чарговы раз расклаў мой светапогляд на асобныя органы, даў ім новыя імёны і прапанаваў рухацца далей, за разбіццём чарговых стэрэатыпаў успрымання.