Штогод я наведваю абароны дыпломаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з надзеяй угледзець у работах мастакоў і дызайнераў наш заўтрашні дзень. Але часта збольшага бачу толькі прыстасаваную пад наш кантэкст спрошчаную версію ўчорашняга дня Заходняй Еўропы. І тады я сумую па тых часах, калі мы радзей гарталі замежныя часопісы, былі менш дасведчанымі адносна таго, што робіцца ў сусветных цэнтрах арт-шопінгу. Калі само жыццё прымушала нашага мастака ставіць радзіму ў цэнтр Сусвету. У любым выпадку тое мастацтва было нашым. Чыё сённяшняе, не ведаю.
З такімі настальгічным настроем глядзеў я сёлетнюю абарону ў БДАМ.
Лічыцца, што на мастацкім факультэце традыцыйна моцнае аддзяленне графікі. Патэнцыял жывапісу больш сціплы: тут гаворка не пра школу, а пра асобных творцаў. А вось скульптура і таго не мае: не пра аўтараў трэба гаварыць, а толькі пра асобныя працы. Гісторыя абарон у гэту схему нібыта ўпісваецца. Графіка — выбітная, жывапіс — як калі, а апошнія дыпломы на аддзяленні скульптуры, якія выклікалі непрыхаванае захапленне, належалі сённяшнім мэтрам Святлане Гарбуновай і Валяр’яну Янушкевічу. Так сітуацыя бачыцца мне. Магу памыляцца.
Сёлетняя абарона збольшага згаданай схеме адпавядае. У графічных творах — вывераная часам традыцыя, эфектная тэхніка, сучасны дызайн, разняволенасць на грунце высокага майстэрства. Гэта краявіды Мінска Крысціны Аўшавай, нізка Кацярыны Бяляўскай «Дванаццацігадовы каляндар», кампазіцыі Яна Жвірблі паводле апавядання Васіля Быкава, ілюстрацыі Лізаветы Міхадзюк да беларускай народнай казкі, нізка лінарытаў Настассі Хадакоўскай «Сем гасцей».
З сямі выпускнікоў аддзялення жывапісу трое — кітайцы. Цікава, што вучацца грамадзяне КНР па тых жа праграмах, што і наша моладзь, але дыпломы робяць на сваю, кітайскую тэматыку. Нашы выпускнікі — Вадзім Богдан, Дар’я Раманенка, Міхаіл Сянькоў і Вольга Шкаруба — звярнуліся да тэм, якія болей адпавядаюць іх сэнсавым прыярытэтам і стылёвым прыхільнасцям. Высокая якасць прафесійнай адукацыі ў работах адчуваецца, але адкрыццяў, на мой погляд, няма.
Скульптараў гэтым разам было толькі двое. Сяргей Калядзюк (кампазіцыя «Каўчэг») і Максім Макарэвіч (прасторавая кампазіцыя «Парад планет»). Пра першую скажу, што для курсавой было б нармальна, а для дыплома драбнавата. А вось «Парад планет» нагадвае вядомы цыкл Цэслера і Войчанкі «Дванаццаць з дваццатага», але тэхнічна выкананы не так дасканала, а глядзіцца простым запазычаннем з творчасці французска-румынскага скульптара Канстанціна Брынкуша.
Паліна Амельяновіч, Кацярына Говен, Вольга Куваева, Віталь Друй, Ігар Гаменюк, Іван Аношкін — выпускнікі аддзялення манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Аздоба Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра, бізнэс-цэнтра, басейна ў прыватным доме, храмаў. Відаць, што сярод замоўцаў пераважаюць прыватныя асобы і падпарадкаваныя ім установы, а таксама — царква. Першым патрэбны псіхалагічны камфорт (дарэчы, пацыентам медычнага цэнтра — таксама), царква ўяўляе з сябе герметычную, закрытую структуру, якая трымаецца ўласнай эстэтычнай традыцыі, дбае пра непахіснасць канону. Калі прыняць такі расклад як праўдзівы адбітак нашай рэчаіснасці, дык даводзіцца канстатаваць, што ідэі грамадскага гучання і драматычнага зместу, на якіх калісь паўстала беларуская манументальная школа, застаюцца незапатрабаванымі. На іх мастацкую візуалізацыю няма замоўцы...
Падсумоўваючы абарону дыпломаў мастацкага факультэта, згадаю: статус жывапісца/графіка/скульптара сёння ўжо не такі прэстыжны, як быў за савецкім часам. Гэта відаць і па тым, што некаторыя дызайнерскія спецыялізацыі вабяць абітурыентаў куды больш, чым класічная трыяда.
Факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэальна цягне на самастойную структуру, можа, нават са статусам акадэміі. Чаго варты толькі пералік прафесій факультэта — графічны дызайн, фотаграфіка, дызайн віртуальнага асяроддзя, камунікатыўны дызайн (тэлерэклама), дызайн інтэр’ера, сродкаў вытворчасці і транспарту, вырабаў бытавога спажывання, касцюм і вырабы з тэкстылю, дызайн мэблі, прадметы з керамікі.
На абароне былі прадстаўлены праекты турыстычных даведнікаў, запаковак, графічнай аздобы сацыяльных праграм, фірмовага стылю прадпрыемства і гандлёвай сеткі, шрыфтавай гарнітуры, афармлення кніг, рэкламных кампаній у сферы культуры. Тут жа анімацыйныя ролікі на тэмы экалогіі, беларускай гісторыі і культуры, кліпы на песні, ролікі адукацыйнага зместу, рэкламныя і прома-ролікі, інтэр’еры гіпермаркета, выставачнага комплекса, медыцынскай установы, забаўляльнага цэнтра, праект рэстаўрацыі помніка архітэктуры, рэканструкцыя помніка архітэктуры, памяшканняў санаторыя. Далей — машына для камунальнай гаспадаркі, транспартныя сродкі для экатурызму і палявання, электрамабіль, перспектыўны праект трактара «Беларус» і модульнага аўтобуса, прыстасаванні для кухні, метро і гарадскога транспарту. А яшчэ — жаночае і маладзёжнае адзенне, выставачныя рэчы з тэкстылю, мэбля для школ, кавярняў, загараднага жытла, дэкаратыўная пластыка для інтэр’ераў.
Спіс немалы. Прычым на кожны пералічаны твор ёсць эканамічнае і тэхналагічнае абгрунтаванне. Практычна ўсё можна хоць зараз у вытворчасць, у тыраж. За выключэннем рэчаў, чыя каштоўнасць ва ўнікальнасці. Асабіста мяне вельмі ўразілі дыпломы па віртуальным і камунікатыўным дызайне. Такія, як «Гісторыя Мірскага замка» Наталлі Марчанка, «У чаканні мора» Івана Макаркова, «Беларусь — край азёр. Возера Свіцязь» Дар’і Сальковай. Вартым сур’ёзнага абмеркавання падаўся мне праект Міхаіла Пазнякова па рэканструкцыі будынка былой фабрыкі-кухні, помніка архітэктуры канструктывізму, у раёне сталічнай плошчы Незалежнасці, а таксама дызайн-праект трактара «Беларус» са зменлівай прасторавай структурай Аляксандра Насыра. Знайшла б пакупніка калекцыя мэблі «Дванаццаць крэслаў» Вікторыі Ключнікавай. Графічны праект Мікіты Расолькі, прысвечаны 100-годдзю творчага аб’яднання «УНОВИС», паспрыяў бы папулярызацыі нацыянальнага культурнага брэнда ў Беларусі і ў замежжы.
Агляд абароны дыпломаў у нашай Акадэміі падводзіць да думкі, што дызайн (інакш кажучы — стварэнне для чалавека камфортнага асяроддзя) мае добрую дынаміку развіцця і сацыяльнай экспансіі, а выяўленчае мастацтва (за выключэннем, бадай, графікі, якая сутнасна блізкая графічнаму дызайну) знаходзіцца ў стане, гранічным да крызіснага. Дызайн, які мы ўзялі ў гатовым выглядзе і ўжо некалькі дзясяткаў год спрабуем прыстасаваць да нашай рэчаіснасці, паціху адсоўвае на перыферыю грамадскай свядомасці і сацыяльнай практыкі культурныя з’явы з больш-менш выяўленай мясцовай аўтэнтыкай. У тым ліку і традыцыйнае выяўленчае мастацтва. Яно, калі прыгледзецца, ужо не такое, як было. Здрабнела. Зрэшты, звычайнае рэч: з адыходам ідэалогіі яе месца заняло спажыванне. На Захадзе гэта здарылася раней, у нас — сёння. Мы ж пры гэтым, набываючы камфорт ды ілюзію далучанасці да высокіх жыццёвых стандартаў, страчваем частку сваёй тоеснасці.
Магчыма, традыцыйным формам культуры, каб выжыць у такой сітуацыі, трэба будзе звярнуцца да таго ж дызайну, да ягоных філасофіі, метадологіі, інструментарыя. Прыйсці да саміх сябе праз засваенне не свайго досведу. Паспрабаваць сталаму, а значыць — схільнаму да кансерватызму чалавеку павучыцца ў сваіх жа дзяцей. Спусціцца ў андэграўнд, каб падняцца на гару. Гэта можа быць цікавы дызайн-праект.
Фелікс ГАРДА