Гэтай формуле спектакль «Лондан» цалкам адпавядае. Ягоная прэм’ера зрабілася лагічным працягам чытак сучаснай беларускай п’есы на леташнім фестывалі нацыянальнай драматургіі. «Лондан» выходзіць за межы «зручнага» тэатра, вымагаючы ад гледачоў канцэнтрацыі і гатоўнасці адмовіцца ад стэрэатыпаў, хоць бы праз прымірэнне з нецэнзурнай лексікай на сцэне. Максім Дасько напісаў вельмі просты і адначасова знакавы тэкст, які атрымаў Гран-пры расійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска» на «Конкурсе конкурсаў» і ўвайшоў у шорт-ліст фестывалю маладой драматургіі «Любімаўка».
Сюжэт «Лондана» да геніяльнага просты: сантэхнік Гена з Азярца, які захапляецца саломапляценнем, выйграў паездку ў сталіцу Вялікабрытаніі на конкурс народнай творчасці. Лондан герою катэгарычна не спадабаўся, і ён шчаслівы, што вяртаецца дадому. Катарсіс са слязьмі заспявае героя ў аэрапорце: ён пачуў песню «Каліна» ў выкананні Аляксандра Саладухі.
«Маленькі чалавек», выцягнуты з зоны камфорту, пакутуе праз немагчымасць увайсці ў чужы свет. Адна-адзіная спроба выклікае ў яго экзістэнцыяльныя ўсплёскі любові да радзімы, і панятак патрыятызму паўстае ледзь не сінонімам дыягназу.
Для бесканфліктнага тэксту Генавага дзённіка рэжысёрка Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры (яна ж і мастачка-пастаноўшчыца спектакля) Алена Сілуціна арганізуе дзейсны візуальны шэраг.
Аповед сантэхніка суправаджаюць немудрагелістыя фатаграфіі Лондана (праз відэапраекцыю), унітаз (сімвал працоўных будняў персанажа) і інтэрактыўныя выхады ў залу як у каналізацыю, дзе Гена (Аляксандр Касінскі) на радасць гледачам знаходзіць то пыжыкавую шапку, то дзіцячае вядзерца. Артысты Уладзіслаў Санаценка, Юлія Кісакова, Марыя Агейкіна і Дар’я Шаршына адцягнена даносяць да гледачоў тэкст постдраматычнай п’есы — без зменаў, але з жывой эмоцыяй. Яны хутчэй перформеры — як і Аляксандр Касінскі.
Жанр — «гісторыя аднаго незвычайнага вяртання»; анатацыя пытаецца: «Ці вернецца Гена назад, ці застанецца ў Англіі?» Ідэя эміграцыі, што лунае ў беларускім паветры, Гену не натхняе. Больш за тое: яго апанавала пякучая, такая дзікунская настальгія, што ўсё брытанскае здаецца нейкім... няслушным. «Вырашыў у душ схадзіць. Сантэхніка, вядома, добрая, якасная, а вада ў кране — чысты яд, казляняткам, бля, станеш ад такой вады; з той, што на свідравінах у Азярцы, і блізка не стаяла, яшчэ цывілізацыя называецца».
Патрыятызм велізарнай краіны, дзе мы нядаўна жылі, вымагаў падпарадкаваць прыватныя інтарэсы інтарэсам дзяржавы. Такі патрыятызм страціў сваю каштоўнасць, а гісторыя давяла ілюзорнасць самога панятку і пераканала, што жыццё і шчасце аднаго чалавека куды больш важныя за барацьбу і гібенне за міфічныя і дзяржаўныя ідэалы. Патрыятычную пустэчу Гена запаўняе элементам «беларускасці» — саладухаўскай «Калінай» (гэты шэраг можна працягнуць білбордамі «Я люблю Беларусь!» або папулярнымі вышымайкамі). Ягоны патрыятызм раўняецца з ксенафобіяй і шанаваннем немудрагелістых знакаў, бо павярхоўнасць не заахвочвае асэнсоўваць складанае.
Дзіўную рэч выявіла абмеркаванне прэм’еры: глядач не настроены на сумнеў і пошук, чакаючы ад тэатра... указанняў. Ад тэатра, які сёння не хоча і не можа быць уладаром розумаў, але імкнецца ўздзейнічаць на асобу праз механізм рэфлексіі і самааналізу. Мінулае стагоддзе прадэманстравала, ува што ператвараюцца калектыўныя стратэгіі выжывання і як разуменне абсалютнага раю для ўсіх канчаецца газавай камерай. «Лондан» можа і мусіць перазагрузіць глядацкую свядомасць і хоць неяк ачысціць яе ад звыклых клішэ.
Крысціна СМОЛЬСКАЯ