З мэтай разгадаць яе таямнічы сэнс, этнограф, рэжысёр і кампазітар Юрый Выдронак падрабязна зафіксаваў абрад у вёсках Стаўбун і Янова Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці ў 2008 годзе. Для даследаванняў абраная вёска Янова. Там рытуал праводзілі выключна старажылы — без умяшання ў яго людзей звонку, што нельга сказаць пра абрад у вёсцы Стаўбун, дзе ўдзельнічалі прыезджыя студэнты і фалькларысты як з Беларусі, так і з-за мяжы. У выніку аналізу зафіксаванага этнаграфічнага матэрыялу Юрый Выдронак вылучыў гіпотэзу, якая можа даць ключ да разгадкі тэксту асноўнай песні. Для больш нагляднага ўспрымання гіпотэзы створаны навукова-папулярны фільм «Як пушчу стралу».
Як пушчу стралу па ўсяму сялу,
Ляцела страла ўздоўж сяла,
Забіла страла добрага молайца,
Па тым молайцу няма каму плакаці:
Мамка старэнька, сястра маленька,
Жонка молада ў карагод пайшла,
У карагод пайшла, сабе трох знайшла.
Дзе маці плача — там рака цячэ;
Дзе сястрычанька — там крынічанька;
Дзе жонка плача — там расы няма.
З абрадам «Пахаванне стралы» я ўпершыню пазнаёміўся ў час першай уласнай экспедыцыі (да гэтага працаваў толькі з архіўнымі запісамі) — у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці ў 1993 годзе. Будучы маладым кампазітарам і аранжыроўшчыкам, акрылены першымі паспяховымі эксперыментамі з архаічным фальклорам, я ставіў задачу запісаць як мага больш прыгожых мелодый у аўтэнтычным выкананні. За суткі праходзілі 2-3 вёскі. Зразумела, пры такім тэмпе і не маючы дастатковага вопыту, я спехам зафіксаваў толькі фрагмент абраду з песняй «Як пушчу стралу». Па вяртанні з экспедыцыі пасля разбору матэрыялу гэтая песня прымусіла звярнуць на сябе ўвагу невытлумачальнай незямной магіяй. Я зрабіў апрацоўку, і ў выкананні гурта «Палац», мастацкім кіраўніком якога я тады з’яўляўся, гэтая кампазіцыя 48 тыдняў утрымлівала 1-е месца ў беларускім хіт-парадзе вельмі папулярнай радыёперадачы таго часу. Гэта мяне крыху здзівіла, бо былі песні і больш «папсовааранжыраваныя» ў гэтым кірунку. Я зразумеў: закрануўся генетычны код слухачоў.
Але некаторыя рэчы не давалі мне спакою. Я не разумеў сэнс тэксту ключавой песні. Магчыма, тая акалічнасць і прымусіла мяне пазней заняцца этнаграфіяй прафесійна. Спачатку я звярнуўся да знакамітых беларускіх фалькларыстаў, але ўцямнага адказу не атрымаў. Былі розныя спробы растлумачыць сам абрад, нават такія вар’яцкія версіі кшталту таго, што абрад адносіцца да часоў матрыярхату або (ужо цяплей), што ён звязаны з маланкай, грымотамі і Перуном. Але загадкавы сэнс словаў растлумачыць не мог ніхто! І ён заставаўся для мяне таямніцай да 2008 года. Менавіта тады адна з замежных тэлекампаній прапанавала мне як рэжысёру зняць некалькі дакументальных фільмаў пра Беларусь. Выбар, як вы здагадаліся, выпаў на абрад «Ваджэнне стралы». Разам са сваім асістэнтам я выправіўся на здымкі ў Гомельскую вобласць.
Мекай усіх фалькларыстаў у тым рэгіёне з’яўляецца вёска Стаўбун. «Стралу» там водзяць на Ушэсце. Мы прыехалі на дзень раней, каб правесці разведку. Азнаёміўшыся з сітуацыяй, я зразумеў, што ў Стаўбуне заўтра не будзе містыкі, паколькі некаторыя прыезджыя фалькларысты і энтузіясты збіраюцца прыняць удзел у абрадзе. Таму вырашыў пашукаць іншае сяло. Непадалёк знаходзілася вёска Янова, куды мы дабраліся ўвечары. Мясцовыя жыхары расчаравалі, сказаўшы, што «стралу» не водзяць, паколькі тамтэйшы поп забараняе. Але, убачыўшы нашую шчырую зацікаўленасць, яны пакінулі нам надзею. На наступны дзень раніцай мы зноў прыехалі ў Янова і ў выніку адзнялі фантастычны матэрыял.
Наколькі мне вядома, у гэтым сяле абрад у наступныя гады больш не праводзіўся. Тады ж мы паспелі яшчэ і ў Стаўбун: там «стралу» вадзілі пазней. Такім чынам я атрымаў дзве версіі рытуалу, але менавіта матэрыял з Янова паслужыў разгадкай да тэксту песні, паколькі там абрад захаваўся ў больш архаічным выглядзе. Па вяртанні з прагнасцю згаладалага фалькларыста я заняўся праглядам відэа.
Пачынаўся абрад з песні «Вы падуйце, ветры буйныя». І тут я занатаваў нізкачастотны гул мікрафона, які ўзнікае пры моцным ветры. Звярнуў увагу на раскалыханую вопратку ўдзельнікаў і падумаў: гэта не проста песня, а замова, каб выклікаць вецер. Але навошта? І тут мяне як Перуновай стралой працяла. У адзін момант я ўбачыў адказ, бо ўсё выбудавалася ў крышталёва-лагічны ланцужок. Я зразумеў: сэнс «Стралы» трэба шукаць у кантэксце астатніх песень і дзеянняў рытуалу. Выклікаюць вецер, каб сутыкнуць хмары паміж сабой, стварыць электрычны разрад, г.зн. маланку, або Перунову стралу. Гэта чалавечае ахвярапрынашэнне, прычым узвышанае і добраахвотнае. Абгрунтаванне гіпотэзы заняло больш часу, чым яе разуменне. Па-першае, ці існуюць факты чалавечых ахвярапрынашэнняў у славян? Па-другое, ці існуюць факты добраахвотных ахвярапрынашэнняў? Па-трэцяе, якія іх мэты? Пацвярджэнні я знайшоў у старажытных беларускай і ўсходняй літаратурах. Чытаем у «Аповесці мінулых гадоў»: «В год 6491 (983) пошел Владимир против ятвягов, и победил ятвягов, и взял их землю. И пошел к Киеву, принося жертвы кумирам с людьми своими. И сказали старцы и бояре: “Бросим жребий на отроков и девиц, на кого падет он, того и зарежем в жертву богам”». Але ці можна гэтай крыніцы давяраць цалкам? Хоць адна зачэпка ўсё ж была. З тэксту песні, запісанай у Янова: «Братка перайшоў, сястра ўтонула». Іншасказальна: сястра пайшла ў царства мёртвых, а брат застаўся жыць. Магчыма, у гісторыі славян былі і не самыя ўзнёслыя моманты, да таго ж гэта не тлумачыць прысутнасць электрычнасці і добраахвотнае самаахвяраванне, як у нашым выпадку. Я шукаў далей і знайшоў: Шрымад Бхагаватам, Песня Першая, Глава 13, тэкст 58:
«Убачыўшы звонку, што яе муж згарае разам з трысняговай хацінай у агні містычнай сілы, яго цнатлівая жонка з глыбокай засяроджанасцю ўвойдзе ў гэты агонь.
КАМЕНТАР: Гандхары была ідэальнай цнатлівай жанчынай, спадарожніцай жыцця свайго мужа, таму, убачыўшы, як яе муж згарае разам з трысняговай хацінай у агні містычнай яг’і, прыйшла ў адчай. Яна пакінула дом, страціўшы сто сваіх сыноў, а зараз, у лесе, назірала, як згарае яе любімы муж. Тут яна сапраўды адчула сваю адзіноту і ўвайшла ў агонь, рушыўшы ўслед за сваім мужам і ў смерці. Калі цнатлівая жанчына ўваходзіць у агонь, які спальвае яе мужа, гэта называецца абрадам саці. Лічыцца, што калі жанчына выканала яго, то яна дасягнула дасканаласці. Пазней абрад саці ператварыўся ў агіднае злачынства, таму што яго сталі праводзіць сілком, нават насуперак жаданню жанчыны. У эпоху дэградацыі ні адна жанчына не здольная здзейсніць яго гэтак жа цнатліва, як Гандхары і іншыя жанчыны мінулага. Цнатлівую жонку, падобную Гандхары, расстанне з мужам паліла мацней, чым агонь. Такая жанчына здольная здзейсніць абрад саці добраахвотна, і для гэтага не патрабуецца чыйсьці злачынны гвалт».
А што адносна славян? «...Масъу ди говоря о томъ, что жены славянския лишаютъ себя жизни по смерти мужей, замечаетъ, что они съ охотою бросаются на костеръ, надеясь чрезъ то войти въ рай. Ибнъ Фоцланъ, разсказывая о Русскомъ обрядЬ сожжения мертвыхъ, приводитъ слова дьвушки, обрекшей себя на смерть въ честь умершаго вельможи: “Вотъ, вижу” — говорить она въ восторгЬ, приготовляясь къ смерти — “я вижу отца моего и мать мою; вотъ сидятъ всЬ мои умершие родимые; вотъ и мой господинъ, — онъ сидитъ въ раю, и рай такъ прекрасенъ, такъ зеленъ!..”» (І.І. Сразнеўскі, «О языческом веровании древних славян в бессмертие души»).
Што ж у нашым выпадку? Вернемся да тэксту песні:
Ды ўбіла страла добрага молайца.
Па таму молайцу некаму плакаці:
Мамка старэнька, сястра маленька,
Жана молада ў карагод пайшла,
У карагод пайшла, сабе трох знайшла.
Выкажу здагадку: герою гэтай песні губляць няма чаго. Здрада ставіць яго ў сітуацыю, калі ён можа ахвяраваць сабой дзеля дабрабыту ўсёй абшчыны, стаць своеасаблівым громаадводам — адвесці ўдар маланкі ад свайго паселішча і, як верылі нашы продкі, перанесціся наўпрост у рай. Усе жыхары вёскі, ад старых да малых, дапамагаюць яму, ствараючы калектыўную падтрымку: «Сначала ўсе маладзічкі станавіліся шчыльненька адна да аднае так, каб перап’яць вуліцу. За імі ззаду так жа сама станавіліся ўсе мужчыны. А ў самым канцы браліся за рукі ўсе дзеткі так жа шчыльненька. І вот так з песняю ішлі яны ўдоль усяе вёсачкі, як бы перакрыўшы вуліцу» (в. Мархлеўск, ад Праскоўі Іванаўны Півавар, 1933 г.н.). Кожнае скрыжаванне абыходзілі карагодам і выходзілі на адкрытую прастору ў поле, сутыкалі хмары — і маланка забірала ахвяру. Прайграць у дэталях гэты рытуал цяпер вельмі складана. У розныя перыяды на яго накладваліся дадатковыя элементы. Абрад вар’іраваўся. У пазнейшых формах чалавечая ахвяра была замененая на сімвалічную (ляльку, прадметы, грошы). Але мяне больш цікавіць тая старажытная форма, у якой чалавек у містычным агні маланкі распадаўся на атамы. Феномен маланкі да канца не вывучаны. Ёсць шмат фактаў, якія навука не ў стане растлумачыць. Напрыклад, маланка можа пераследаваць сваю ахвяру паўсюль і нават пасля смерці ўдарыць у яе магілу, можа пакідаць фатаграфічны малюнак мясцовасці на целе ахвяры або спапяліць, захоўваючы форму: «У Вік-сюр-Эне, у 1838 годзе, падчас моцнай навальніцы тры салдаты схаваліся пад ліпай. Маланка забіла іх траіх адным ударам, а тым часам усе яны засталіся па-ранейшаму стаяць, дакладна быццам нічога не здарылася. Адзенне іх аказалася некранутым! Пасля навальніцы людзі, праходзячы міма, бачаць іх, падыходзяць, размаўляюць з імі, але, не атрымаўшы адказу, дакранаюцца да іх, прычым усе тры трупы рассыпаюцца, як куча попелу. Гэты факт не адзіны; нават старажытныя заўважылі, што людзі, забітыя маланкай, рассыпаюцца ў попел» (Флaмaрыён Кaміль, «Атмасферa»). У культуры старажытных славян было шмат дзіўнага і невытлумачальнага. Без сумневу, многія загадкі нашых продкаў разгадаць можна было б хутчэй, каб яны вырашаліся калектывам прафесіяналаў з удзелам гісторыкаў, археолагаў, лінгвістаў, этнографаў, кампазітараў, тэарэтыкаў музыкі, фізікаў, астраномаў, антраполагаў, аб’яднаных адной ідэяй. Я быў бы вельмі ўдзячны за любыя звесткі ад калег па навуцы і проста энтузіястаў. А пакуль дзякуй тым крыніцам, з якіх я запазычыў інфармацыю для абгрунтавання сваёй гіпотэзы.