Такія розныя гісторыі, як розныя планеты, з адной, праўда, цывілізацыі пад умоўнай назвай «вясковае жыццё».
«Сула», што адкрылася ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея, аказалася на хвалі абмеркавання: супалі пачатак летняга сезона, прастора, Ноч музеяў і, вядома, уласныя рысы, якасці і колькасці. Ужо пры першым набліжэнні відавочна, што «Сула» — праект сучасны, вулічны, жывы, у ім ёсць эмоцыя. У чым яго каштоўнасць?
Пачнем з візуальнай мовы, дакладней — з «маўленчых» інтанацый. Праект выразна распадаецца на дзве часткі. Адна — дакументальная, нават рэпартажная, другая — больш блізкая да арту, наколькі гэта магчыма пры нядоўгай здымцы ў абмежаваны час. Ці ёсць паміж імі канфлікт? Мяркую, ёсць інтрыга: экспрэсія вяртання да далёкага мінулага і сённяшняе жыццё з ягонымі абавязковымі атрыбутамі: помнік савецкім воінам, замест ікон — партрэты памерлай сваячкі ў ручніках, зялёныя валасы дзяўчыны. Спакойна даглядае жыццё вуліцы сабака. Пажылы чалавек на ровары, размаляваныя гаражы, адрыны. Складана сказаць, якая частка праекта фатаграфічна мацней. На мой погляд, рэпартаж не спрачаецца з рытуальнымі надзеямі на ўрадлівасць, але дадае долю пабытовага абсурду: мы прывыклі жыць, не заўважаючы яго.
Серыя жаночых партрэтаў вытрыманая ў іншай стылістыцы і праяўляе характарнасць гераінь, дае ім магчымасць выказацца больш рэзка, ясней. Гэта ўжо трэці візуальны пласт, з асаблівымі ўмовамі паказу і прыняцця, але калі не вылучаць яго ў асобны праект ўнутры праекта, ён становіцца блізкім колам, дзе надзвычай ярка праяўленыя індывідуальныя рысы ўнутры маленькай супольнасці.
Пра кантэкст — сам абрад, зафіксаваны этнографамі як нематэрыяльная культурная спадчына, — напісана ўжо нямала. Прынамсі, абрад не сыдзе ў нябыт, а фатаграфічная дакументацыя і мастацкая інтэрпрэтацыя Марыны Бацюковай унеслі свой значны ўклад у выкананне гэтай задачы.
Але адзначым яшчэ адзін момант: даследаванне і захаванне старажытнай беларускай традыцыі — бытавой і ментальнай — блізкiя Гістарычнаму музею менавіта па духу, калі не па родзе дзейнасці. Ці няма супярэчнасці паміж формамi — фатаграфічнай інсталяцыяй, то-бок сённяшняй яркасцю, нават фарсіраванай народнасцю напаўнення прыгожага панадворка, — і архітэктурай музея? Бо яна асабліва гарадская, цэнтравая... і па суседстве з афіцыйнымі прасторамі? Тут уступае ў сілу блаславёны постмадэрнізм — і ў самой экспазіцыйнай сітуацыі, і ў яе дызайне, і ва ўспрыманні гледачоў. Постмадэрнізм у тым сэнсе, што адбываецца змешванне і падмена, і такая прыватнасць, як чырвоная цэгла, у нашай свядомасці — ужо памяць, матэрыялізаваная гісторыя. А горад гэта ці вёска, XIX або XX стагоддзе ці архаіка — няважна.
Ёсць яшчэ адзін адрыў: літаральна ў метры ад параднага фасада ўжо адбываецца жыццё. Хай нават гэта арт-жыццё, акцэнтаванае, дэкараванае, але жыццё. Наколькі рэгламентавана дзейнасць музея, настолькі вызвалена і расслаблена атмасфера ў яго цені, ды яшчэ і мастацтва дорыць сваё дыханне, сваю прэтэнцыёзнасць, індывідуальнасць, шырокі жэст Марыны ў бок публікі.
Прастора двара ў прынцыпе зручная, сувымерная чалавеку. Ужо не архіў, хоць (вяртаючыся) папулярызацыі музея служыць. І каштоўнасць двара як актыўнай публічнай прасторы відавочная. Жыццё ў такіх дварах адмысловае. Для яго (забягаючы наперад) можна было б і спецыяльную канцэпцыю напісаць.
Ну і нельга не сказаць, што счытваецца прыманка — здзіўленнем, неспадзявана воплескам цікавасці да невядомых месцаў, да паганства і экзатычнай у сваім родзе стралы, да годнасці жаночых вобразаў.
Думаю, у праекце працуе тая ўмоўная зона, дзе перасякаюцца ўсе гэтыя неадназначнасці, накладваюцца ўсе фактары. Унутры кожнага «зашытая» дваістасць, і ўтвараецца цэлы спектр сінтэзаў і дысанансаў. Цалкам абстрактных, але, як высвятляецца, адчувальнасць да такіх рэчаў у гараджан ёсць. І праект запатрабаваны, што дае надзею на развіццё новых нефармальных і нават спантанных праяваў урбаністычнай культуры.
Любоў ГАЎРЫЛЮК