Зімовыя згадкі
№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г
Другая палова зімы пазначылася шэрагам знамянальных падзей, пра якія абавязкова хочацца нагадаць. Тым больш, што важкі гістарычны досвед, здаецца, болей нікога не абцяжарвае. Культуралагічная прастора ў наш час надзвычай звужаная. Таму зазірнуць у гістарычную далеч бывае цікава і карысна.
| "Залёты" В.Дуніна-Марцінкевіча. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа. | Напрыклад, сцэнічную гісторыю славутай Купалавай «Паўлінкі» многія звязваюць выключна з Нацыянальным тэатрам імя Янкі Купалы, а гэта не зусім так. Варта нагадаць, што ўпершыню ў рэпертуары БДТ «Паўлінка» ў пастаноўцы Фларыяна Ждановіча з’явілася толькі ў 1920 годзе, неўзабаве пасля афіцыйнага адкрыцця тэатра. А знакамітая і значна пазней упадабаная купалаўцамі п’еса была створана яшчэ ў 1912 годзе. У прыватнасці, у лісце да Б.Эпімах-Шыпілы Янка Купала зазначаў: «Напісаў у двух актах камедыю, каторую чытаў пану Лявіцкаму (Ядвігіну Ш.), і ён казаў, што напісана дарэчы. Камедыя называецца “Паўлінка”, напісана прозай, з шляхецкага жыцця». П’есу адразу заўважылі аматары тэатральнага мастацтва. І неўзабаве, 27 студзеня 1913 года -- 95 гадоў таму -- адбылася першая прэм’ера ў Беларускім музычна-драматычным гуртку ў Вільні. На спектаклі прысутнічаў аўтар, і ўдзячныя віленскія беларусы падарылі яму залаты гадзіннік. А 9 лютага 1913 года прайшла пецярбургская прэм’ера «Паўлінкі», ажыццёўленая Беларускім навукова-літаратурным гуртком. У падрыхтоўцы спектакля актыўны ўдзел браў сам Купала. Галоўную ролю выконвала Паўліна Мядзёлка. 115 гадоў споўнілася літаратурнаму і тэатральнаму крытыку, пісьменніку і драматургу Максіму Гарэцкаму. Хоць цікавасць да ягонай асобы і ўзрасла за апошнія дзесяцігоддзі, але творчы лёс, па сутнасці, так і застаецца трагічным, бо дагэтуль у поўнай меры не выйшаў з чорнага ценю гісторыі. Між тым, руплівы даследчык нацыянальнай драматургіі і тэатра М.Гарэцкі ў сваім знакамітым артыкуле «Наш тэатр» пісаў пра адметную тэатральную | «Паўлінка» Янкі Купалы. Б.Платонаў (Быкоўскі). Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. | прыроду беларусаў, пра іх асаблівую тэатральную адоранасць. М.Гарэцкі вельмі трапна заўважыў, што «...лепшы гаварун беларус “прыстаўляіць” тое, аб чым гаворыць: ён і голас падвядзе, і рукамі і нагамі языку паможа. Нахіл к прыстаўленню хаваецца ў беларуса ў яго душы і выяўляецца ім у жыцці на кожным сігу. Беларус дужа любіць “прыстаўленне”, і тэатр яму замянілі “вярцепы”, хадня з мядзведзем, жоравам ды казою, хадня на Каляды ў масках, улетку карагоды, узімку ігрышчы...» 105 гадоў споўнілася з дня нараджэння заснавальніка і першага галоўнага рэжысёра Рэспубліканскага тэатра юнага гледача Любові Мазалеўскай. З ёю звязаны першыя дасягненні і першыя праграмныя -- «як для дарослых, толькі лепш» -- увасабленні пасляваеннага ТЮГа. Любоў Мазалеўская -- сярод тых дзеячаў беларускай сцэны, чые імёны дагэтуль вымаўляюцца з цеплынёй і павагай, ахутаныя тэатральнымі легендамі і асаблівай удзячнасцю людзей, што доўгі час працавалі разам. Узорнасць творчага лёсу шчыльна спалучана з лепшымі старонкамі тюгаўскай гісторыі. На рахунку Любові Мазалеўскай -- праца і далучэнне да сцэны шэрагу нацыянальных драматургаў, выхаванне адметных акцёраў, яркія спектаклі. І працяглы творчы перыяд, які склаў залатыя старонкі беларускага дзіцячага тэатра. Тэатральная грамадскасць адгукнулася яшчэ на адну знамянальную дату: 4 лютага споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння заснавальніка прафесійнага беларускага тэатра і новай беларускай драматургіі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Варта згадаць, што свае знакамітыя творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты» ён стварыў у другой палове ХІХ стагоддзя. У 1852 -- арганізаваў беларускі нацыянальны тэатр. У ягоны склад уваходзілі дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, сваякі, вучні мясцовай школы і знаёмыя. Тэатр пад кіраўніцтвам В.Дуніна-Марцінкевіча паставіў ягоную п’есу «Сялянка», музыку да якой стварылі С.Манюшка і К.Кржыжаноўскі. Аўтар драматургічнага твора выканаў ролю Навума Прыгаворкі.
| «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча. Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. | Большасць драматургічных твораў, напісаных В.Дуніным-Марцінкевічам цягам жыцця, не захавалася. Але «Залёты», «Сялянку» і асабліва «Пінскую шляхту» сучасны тэатр увагай не абмінае. «Залёты» ў пастаноўцы Ю.Лізянгевіча доўгі час не сыходзілі з афішы Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа. «Пінская шляхта» -- улюбёная камедыя беларускіх рэжысёраў усіх часоў і накірункаў. Нарэшце, спектакль «Ідылія» па п’есе «Сялянка» ў пастаноўцы М.Пінігіна быў рэпертуарным хітом Купалаўскага тэатра на працягу многіх сезонаў. Такая яркая тэатральная падзея на беларускай сцэне з’яўляецца не кожнае дзесяцігоддзе. Удзел у гэтым спектаклі стаў знакавым для выдатных купалаўскіх акцёраў Віталя Рэдзькі, Зоі Белахвосцік, Віктара Манаева. Адзін з апошніх сцэнічных вобразаў у сваім жыцці стварыў Юрый Авяр’янаў. Адну з лепшых роляў «другога плана» сыграла незабыўная Лілія Давідовіч. Ярка вылучыліся Арнольд Памазан і Генадзь Аўсяннікаў. Дарэчы, адноўленай «Ідыліяй», увасобленай адпаведна поглядам на тэатр самога В.Дуніна-Марцінкевіча, з песнямі, музыкай, танцамі, гумарам і шматлікімі драматычнымі перыпетыямі, аб’яднанымі ў межах яркага іскрамётнага відовішча, купалаўцы адзначылі угодкі славутага беларускага драматурга.
Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:
|
|