Пачнем з «Шарлi Эбдо». У нас распаўсюджана меркаванне, што ўменне пасмяяцца над сабой у любой, нават самай складанай сітуацыі — гэта старадаўняя французская традыцыя і частка вашай культуры. Сёння такая пазіцыя блізкая французскім інтэлектуалам, прыхільнікам левага светапогляду ці ўсяму грамадству?
— Мастакі «Шарлi Эбдо» сапраўды даюць сабе права высмейваць усіх, і здольнасць пасмяяцца над іншымі мяркуе, што мы смяемся і з сябе таксама. У выніку гэта падштурхоўвае людзей задумацца пра тое, як мы жывем.
Іншая справа, што, на маю думку, гэта робіцца не заўсёды таленавіта і тонка. Думаю, «Шарлі Эбдо» і самі разумеюць гэта, бо яны не чакалі такога эфекту і не прэтэндавалі на сусветную вядомасць.
Мне імпануе тое, што мастак можа падняцца над будзённай сітуацыяй і выцягнуць з яе зусім іншыя сэнсы.
— Вядома, гэта, хутчэй, студэнцкі гумар, эпатаж, калі вельмі маладыя людзі не заўсёды разумныя, але затое ўсё весела і заўзята. Мне таксама падабаецца!
Культура коміксаў у Брэтані мае глыбокія карані. Вы адчуваеце сябе спадчыннікам гэтага здабытку ці адарваліся ў бок постмадэрнісцкіх тэндэнцый?
— Ці можна казаць пра змешванні гэтых напрамкаў...
У нас ёсць асноўная тэндэнцыя, дзе вядучая лінія — брэтонскі эпас, але я займаюся крыху іншым.
На сённяшні дзень сучасныя брэтонцы пачынаюць забываць свае традыцыі і ўжо не вераць у старажытных герояў. У адной са сваіх серый я ствараю сітуацыю, калі ў іх асяроддзе трапляе японская дзяўчынка — нікога падобнага яны раней не сустракалі. Я спадзяюся, што гэта прымушае іх задумацца і вяртае цікавасць да сваёй культуры. Узнікае пытанне: ці памятаюць яны самі, хто яны?
Што такога ёсць у эстэтыцы коміксаў, што яны прыцягваюць людзей ва ўсім свеце?
— Прыцягвае класічны аспект — карцінка. Ты разгортваеш кнігу і разумееш, хочацца яе глядзець ці не. Але акрамя карцінкі ёсць яшчэ тэкст — асаблівая рыса, да візуальнага дадаецца цікавасць да аповеду.
У той жа час аўтар комікса павінен уседзець на двух крэслах, атрымліваецца, што ён быццам не зусім мастак і не зусім пісьменнік. Таму доўгі час коміксы не ўспрымалі сур’ёзна і не лічылі мастацтвам.
Мае бацькі таксама думалі, што коміксы добрыя для дзяцей — каб навучыцца чытаць, лічыць. Але цяпер грамадскае меркаванне змянілася: іх перасталі ўспрымаць як субкультуру і прызналі мастацтвам. Выдаецца ўсё больш коміксаў для дарослых.
Як жыве гэтае мастацтва? Ці ёсць у аўтараў спецыялізаваныя галерэі, выдавецтвы, калекцыянеры? Наколькі яно развіта ў Францыі?
— Ёсць тры віды коміксаў. Тыя, што выдаюцца ў ЗША, папулярныя ў падлеткаў, у іх шмат ілюстрацыйнага матэрыялу. Ёсць манга ў Японіі — гэта адмысловая стылістыка, іх чытае ўся публіка, усіх узростаў без гендарных адрозненняў.
Абодва — практычна індустрыя, іх спажываюць і выкідваюць.
І толькі ў Бельгіі і Францыі ўпершыню прыйшлі да таго, што коміксы — добрая літаратура і прыгожыя кнігі. Іх захоўваюць, калекцыянуюць, бачаць іх асаблівую эстэтыку. У нас разумеюць, што аўтар коміксаў — гэта мастак. Арыгіналы работ дорага каштуюць, іх купляюць на аўкцыёнах.
Так што толькі ў нас коміксы і развіваюцца як мастацтва.
Раскажыце, калі ласка, пра фэст, у якім вы ўдзельнічалі. І ў чым вы бачыце эфектыўнасць фэстаў?
— Гэта фестываль коміксаў у Ангулеме. Ангулем цікавы тым, што аўтара туды запрашаюць выдавецкія дамы, там для мяне больш важны кантакт з чытачом, дачыненне да самой падзеі.
Якія вашы кнігі для вас адметныя?
— Вызначу дзве серыі. Першая — «Жыццё Нормана», гісторыя аднаго хлопчыка. Ён — фанатык жахалак, і пад іх уражаннем становіцца серыйным забойцам. Гэта чорны гумар і не дзіцячая літаратура.
Але потым я пасталеў, стаў мудрэйшым і зрабіў серыю «Бігудзен». Маленькая дзяўчынка, японка, прыязджае ў Брэтань і робіць тут культурны шок. Як брэтонец магу сказаць: гэта закрыты рэгіён, людзі ў нас замкнёныя. І раптам яны бачаць чалавека з іншага канца свету — яна размаўляе на чужой мове, у яе японская прычоска, кімано. Для брэтонцаў яна іншапланецянка.
Мне хацелася, каб брэтонцы ўспомнілі пра ўласную культуру, пра багатую мастацкую спадчыну, звычаi і легенды. У Японіі людзі жывуць сваёй культурай, а ў нас пачалі забываць сваё.