Стрыманыя колеры беларускай вясны за шкляной сцяной-акном галерэі адцянялі трапічны каларыт палотнаў з не менш трапічнымі назвамі: «Вадаспад колеру», «Вачамі насякомага», «Немігальнае глыбакаводнае жыццё», «Ператварэнне матэрыі ў цяпло і святло», «Хваляванне прыроды, якая нараджае вецер», «Сэлфі летняга дня» і нават «Прывідныя насельнікі старажытнага горада над ракой пад залітай сонцам пустэльняй». Найбольш разгорнутая назва адной з прац Вячаслава — «Час, што перамолвае горы ў пясок, а цывілізацыю — у пыл. Адвечна бясконцы працэс, які ўсяляе ў рамантыкаў веру ў адраджэнне і прагу дзейнічаць, супрацьпаставіўшы свае сілы сляпому руху». Калі дадаць да гэтага «Здабыццё ўстойлівасці ў руху», то складваецца ўяўленне не толькі пра аўтарскую, але і асобасную пазіцыю развіцця і пра выразна пастаўленыя самому сабе задачы. Акрамя сябе самога, пастаноўшчыка такіх задач у Вячаслава няма. Гэта значыць, ён працуе, зыходзячы з патрабаванняў свайго разумення мастацтва. Працуе шмат і дысцыплінавана. Не на продаж, не на камерцыйны вынік. На ўнутраны. Калі я ў якасці куратаркі галерэі «TUT.BY» вырашыла падтрымаць жаданне Кліменкі выставіцца, гэтая якасць маладога мастака была вызначальнай для майго рашэння. Па-першае, таму што яна рэдка сустракаецца. Па-другое, тут цяжка памыліцца з перспектывай: пры такім канцэнтраваным укладанні энергіі ў адным кірунку вынік будзе абавязкова. Хоць ужо і цяпер ён цалкам варты гутаркі.
Сам мастак разглядаў выставу як завяршэнне этапу — досыць доўгага, калі ўлічыць, што Вячаслаў маляваў з маленства. Гэта значыць, ён, як і ягоныя сябры, ягоная публіка, — першае пакаленне іншай краіны, дзеці эпохі незалежнасці. Я ладзіла шматлікія выставы і магу сказаць, што гэтае пакаленне аддае перавагу іншым фарматам баўлення часу. І такі аспект таксама быў для мяне сур’ёзнай матывацыяй падтрымаць «Смагу колеру».
Хачу падкрэсліць, што над праектам мы сталі працаваць задоўга да таго, як камісія адмовіла Вячаславу Кліменку ў статусе «творчага работніка» — вольнага мастака, як нам звыкла назваць людзей, якія аддаюць творчасці не 8-мігадзінны працоўны час, а столькі, колькі патрабуецца мастацтвам. Гэтая акалічнасць стала дадатковым стымулам маральна падтрымаць не толькі канкрэтнага аўтара, але і іншых маладых пачаткоўцаў у іх выбары жыццёвага шляху і разуменні творчай рэалізацыі. Сябры Вячаслава, сярод якіх шмат музыкаў, дапамаглі зрабіць вернісаж яркім не толькі каларыстычна. Саўндтрэкам для цыклу жывапісных работ Вячаслава Кліменкі сталі выступы ад IAMME і DJAZA, пластыка-рытмічнае ўспрыманне рэзанавала з эксперыментальным тэатральным праектам «Genesis», што спалучыў «вулічныя» напрамкі сучаснага танца са сцэнічнай і кантактнай імправізацыяй. Агульнае музычнае афармленне ад MICBEATZ надало падзеі характар хутчэй клубнага атмасфернага мерапрыемства — свята маладых творчых людзей, а не прагляду перад «журы старэйшых».
Хоць, калі ўжо гаворка зайшла аб ацэнках, «журы старэйшых» давала яго творчым дасягненням добрую ацэнку: Вячаслаў у 13 гадоў стаў стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пасля гэтага самастойна займаўся і засвоіў цэлы шэраг мастацкіх практык: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (у прыватнасці, разьба па дрэве), фатаграфія і карыкатура (выступаў як пазаштатны аўтар для шэрагу беларускіх СМІ). З 2010 года большую частку часу аддае жывапісу, і на сённяшні дзень менавіта жывапіс уяўляецца аўтару сферай максімальных магчымасцей для рэалізацыі ўласнага творчага патэнцыялу.
Першая персанальная выстава Вячаслава Кліменкі падвяла вынікі пяцігадовых пошукаў уласнага стылю. Пасля экспазіцыі аўтару паступіла некалькі прапаноў аб набыцці работ. Мне спадабалася, што ён не спяшаецца расстацца з працамі, пазбягае спакусы ўступіць на шлях канвеернай вытворчасці хуткаспелых «хітоў». Жывапісны этап Кліменкі далёка не завершаны, ён толькі пачынаецца. Жадаю, каб не здавальнялася яшчэ доўга ягоная смага — колеру, формы, невядомага і небывалага.
Таццяна БЕМБЕЛЬ