Перадусім забірае ўвагу сутыкненне асабістага (якое ператвараецца ў агульначалавечае) і сацыяльнага, пачуцця і ідэалогіі, рэалізаванае праз суіснаванне біблейскіх матываў і прыкметаў савецкай паўсядзённасці 1930-х, яркае і дваістае — як у Платонава.
Жанчына і мужчына, Фро і Фёдар, сядзяць ля дрэва, чые галіны ўтвараюць дзве раскрытыя далоні, працягнутыя ўгору (абазнаныя ў творчасці Кудашова пазнаюць дрэва са спектакля «Патудань» паводле Платонава, а таксама знойдуць у «Фро» нямала ўлюбёных адзнак рэжысёрскага почырку), і прамаўляюць словы з біблейскай «Песні песняў». Выява ўзнікне і пазней, дапоўненая выразным пластычным «танцам» акцёрскіх рук, надзвычай пяшчотным і цнатліва-эратычным, як ні дзіўна выглядае такое спалучэнне. Каханне як нешта вечнае, сапраўднае і пазачасавае стварае для герояў адасобленую рэальнасць, адрозную ад той, што поўніцца грукатам цягнікоў — яны вязуць будаўнікоў камунізму на Далёкі Усход. Шчасце тут і зараз супрацьпастаўляецца абстрактнаму шчасцю ў прывіднай будучыні: і праца Фро на чыгунцы, і блізкасць маладой жанчыны з мужам вырашаны рэжысёрам праз танец далоняў, і нават прыбыццё цягніка пададзена ў эратычным ключы.
Праз рэжысёрскае вырашэнне Фро і Фёдар нагадваюць першалюдзей, Адама і Еву ля Дрэва Спазнання, альбо Жыцця. Аднак асабісты рай у краіне, што «будуе камунізм ці нешта іншае», немагчымы. Фёдар выпраўляецца наладжваць таямнічыя электрычныя прыборы, а Фро застаецца пакутваць, бо здаволіць прагу «мяшчанскага» шчасця і адначасова цяжка працаваць дзеля калектыўнага раю не выпадае. Крэс супярэчлівасці пакладзе яе маленькі анёлак... Ён з’явіцца на сцэне без тварыку, без цела, — толькі саколачка і шорцікі, уніформа новага дэіндывідуалізаванага чалавека, якому наканавана скончыць справу бацькоў.
Яшчэ адна біблейская спасылка спектакля — «чырвоная Ева», што ўзнікае падчас сцэны ў канторы: жанчына пад чырвоным покрывам, які выклікае асацыяцыі і з мафорыем Багародзіцы, і з савецкім сцягам, у адной руцэ трымае яблык, у іншай — серп і молат, пазнавальныя сімвалы, яны красамоўна і з безумоўнай іроніяй выкрываюць стан Фросі і падаюцца кодам да разумення пастаноўкі.
Побач з біблейскімі яблыкамі ў спектаклі шмат савецкіх «пладоў»: ад чырвоных хустак да папіросаў «Беламор-канал», агітплакатаў і песні «Bella chao». Рэжысёр разам з мастачкай Марынай Заўялавай далікатна, тактоўна ўзнаўляе атмасферу часу і захоўвае абаянне платонаўскага тэксту. Над сцэнай лунаюць папяровыя самалёцікі — тэлеграмы, мары, весткі і думкі, выклікі на працу, аркушы з апавяданнем, якое на старасвецкай друкарцы дзяўбе ці то лялька Фёдар, ці то сам аўтар. Гэтыя «самалёцікі» клапатліва пранюхваюцца-прачытваюцца на пошце (асабліва лісты наладчыка таямнічых прыбораў), а па шырмах — дзвярах таварных вагонаў — на будоўлю светлай будучыні імчаць цягнікі-прасы ды цягнікі-імбрыкі, пакуль у Чырвоным кутку спявае хор.
Створаны простым і дастаткова сціплым прадметным шэрагам, здольным выклікаць пэўныя асацыяцыі, пазнавальны свет суседзіцца і сутыкаецца з пазачасавым. Можа, менавіта таму тры планшэтныя лялькі асноўных персанажаў вырашаны вельмі абагульнена: эпоха амаль не дакранулася да іх, не пакінула сваіх пазначак. Затое ў вобразах масоўкі, у касцюмах артыстаў, своеасаблівай варыяцыі на тэму ўніформы чыгуначных служачых, яна адчувальная. Работа акцёрскага ансамбля і асабіста Аксаны Чывялёвай (Фро), Канстанціна Крыштаповіча (Фёдар) ды Івана Герасевіча (бацька Фро) заслугоўвае высокіх адзнак, асабліва за далікатнае ўзнаўленне рэжысёрскай інтанацыі іранічнага пасміхання і пяшчотнага шэпту.
Калектыў брэсцкіх лялечнікаў можна шчыра павіншаваць з тым, што ён папоўніў свой рэпертуар яшчэ адной пастаноўкай Руслана Кудашова. Верагодна, ёй выпадзе такі самы шчаслівы фестывальны лёс, як ягоным жа «Халстамеру» альбо «Поўні Сальеры». Бо «Фро» — спектакль пра жаданне шчасця, зразумелае і невынішчальнае.
Кацярына ЯРОМІНА