Уладзімір Шэлестаў. Непадобны да самога сябе

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Адзін з найбольш папулярных акцёраў Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага Уладзімір Шэлестаў працуе на знакамітых падмостках ужо трыццаць трэці год. Сёлета адзначыў шасцідзесяцігоддзе. Цягам паўнавартаснага творчага жыцця перайграў такую колькасць роляў, што сучасны Рускі тэатр без яго наўрад ці можна ўявіць. Амплуа сацыяльнага героя. Удзел Шэлестава ў спектаклі -- гэта, бадай што, факт інтэлектуальнай прысутнасці, высокай мастакоўскай загартоўкі. Тонкія псіхалагічныя нюансы ў характарах персанажаў як трымценне напятай струны. Нечаканыя зместавыя павароты роляў -- плён здатнасці да парадаксальнага мыслення. Акцёру вельмі важна штовечар весці дыялог з глядзельнай залай. Ягоныя героі заўзята абвяргаюць састарэлыя ісціны і абавязкова пацвярджаюць класічныя маральныя пастулаты. Нават выконваючы ролі адмоўных персанажаў, якія актыўна раздражняюць уласнай дробязнасцю і зацятасцю, ён здатны даказваць -- ад процілеглага -- жыццёвую неабходнасць чалавечай дабрыні. Уласна кажучы, акцёрская асаблівасць Шэлестава -- у здольнасці праз ролі ўзняць чалавечую годнасць да ўпэўненай вышыні. Са сцэны ён звычайна звяртаецца да простых людзей, якіх у глядзельнай зале большасць. А значыць, можна разважаць пра універсальны акцёрскі дар, падмацаваны мяккай сумленнасцю і палкай эмацыйнасцю. Гэта пацвярджаецца сыгранымі цягам жыцця ролямі, сярод якіх: Освальд («Здані» Г.Ібсена), Джэк («Усё ў садзе» Э.Олбі), Эліэйзера («Цяжкія людзі, або Жаніх з Іерусаліма» І.Бар-Іосефа), Слава («Улюбёнцы лёсу» А.Паповай), Паўлін, Клешч («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Беркутаў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Напалеон («Ад’ютант-ша Яго Вялікасці» І.Губача). Асаблівая старонка ягонай творчасці -- праца над монаспектаклямі. Надзвычай уражваюць у ягоным выкананні «Рахманая» паводле Ф.Дастаеўскага, «Нобіль -- барвяны ўладар» паводле аповесці «Сівая легенда» У.Караткевіча, «Камедыя пра Барыса Гадунова і Грышку Атрэп’ева» паводле А.Пушкіна.

 /i/content/pi/mast/7/172/Shelestau1.jpg
 “Ад’ютант-Ша Яго Вялікасці” І.Губача. Напалеон.
Даўно было... У 1986 годзе вы прымалі ўдзел у дыскусіі пра акцёрскую творчасць на старонках «Мастацтва Беларусі». Тады ў сваім артыкуле напісалі: «Штовечар прагну разумення і праўдзівай сур’ёзнай размовы з залай». І ўрэшце канстатавалі: маўляў, часам даводзіцца шкадаваць, калі жаданні абодвух бакоў не могуць спраўдзіцца, бо тэатр сам не заўсёды верыць у неабходнасць высокага мастацтва. Гучыць вельмі актуальна. Здаецца, больш за трыццаць гадоў мінула, а ў тэатры нічога не змянілася?
-- Шмат што змянілася. Стала яшчэ горш. Старыя майстры сышлі -- і страчана цэлае акцёрскае пакаленне. Ды толькі Рускі тэатр заўсёды трымаўся не на рэжысёрах, а на артыстах, здатных выцягваць са спектакля сэнс. Бо гледачы прагнуць духоўнасці. А цяпер на сцэне пераважаюць мітусня, беганіна, танцы... Моладзь думае, што тэатр насамрэч такі, бо нічога іншага ў сваім жыцці не бачыла. Наогул -- усеагульнае імкненне зарабляць грошы, разбуральнае для акцёраў і рэжысёраў. У сучасным тэатры квітнеюць дылетантызм і плагіят. На падставе чужых напрацовак будуюцца спектаклі. Таму я займаюся «мона», іншага выйсця для сябе не бачу.
Так можна ўвесь айчынны тэатр абвінаваціць у другаснасці і плагіяце, маўляў, трыццаць гадоў адно і тое ж...
-- Справа ў іншым, у адсутнасці нацыянальнай годнасці і ўласнага прафесійнага падмурку. На многіх цісне боязь: раптам нічога не атрымаецца. Гэта вельмі адказна -- выйсці на сцэну і зрабіць штосьці сваё. Раптам -- правал? Але шукаць уласнае, непадобнае да іншых творчае аблічча неабходна. Вельмі важна, не страчваючы традыцый, знаходзіць новае. У нас, дарэчы, Мікалай Пінігін робіць сваё.
Я гляджу на сітуацыю крыху інакш: у 70-я, у 80-я гады мінулага стагоддзя тэатральнае мастацтва было на ўздыме. Вы памятаеце, у Рускі тэатр немагчыма было трапіць, лішні білецік пыталіся ўжо на праспекце Леніна. Тады ў межах
 /i/content/pi/mast/7/172/Shelestau2.jpg
былога СССР узнікла універсальная пастановачная школа, якой, дарэчы, нашы рэжысёры авалодалі, навучыліся -- і некалькі дзесяцігоддзяў трымалі тэатр на плыву. Больш старэйшыя Луцэнка і Раеўскі, іх наступнікі Маслюк, Пінігін, Натапаў, Мушперт цудоўна разумелі, што сучасны тэатр -- гэта не толькі пастановачныя вынаходствы, а, галоўным чынам, змест, які з дапамогай прыёму даводзіцца гледачам. Цяпер сапраўды многае знікае. Як вы думаеце, чаму?
-- Некалі Станіслаўскі і Неміровіч-Данчанка распрацавалі сістэму, абгрунтавалі школу псіхалагічнага тэатра. Жыццё чалавечага духу і г.д. Тагачасная Расія была тэатральнай дзяржавай, з традыцыямі, атмасферай. Але яны сваю сістэму прыдумалі самі. Так бы мовіць, вучыліся самі ў сябе. Займаліся самаадукацыяй, дарэчы. Вось я і хачу сказаць, што ўсё трымаецца на асобах. Галоўная бяда нашага часу -- не дурні, а прафесійная некампетэнтнасць, недасведчанасць. Вось гэта -- канец любой справе. Таму я і пайшоў у «мона». Іграю «Рахманую» Ф.Дастаеўскага, «Сівую легенду» У.Караткевіча, «Пугачова» С.Ясеніна. Сам-насам з аўтарам, са сваёй школай. Проста выходжу да гледача, які мае пэўны жыццёвы багаж, і пачынаю з ім размаўляць. Далей: узаемасувязь і водгукі. Акцёр -- праваднік. Адкрыў душу, каб праз яе гледачы спрычыніліся да аўтара. Як аўтара зразумеў, так і распавёў. Толькі прыдумляць нічога не трэба. Прыгожы ты або не, умееш танчыць і спяваць або не ўмееш -- не мае ніякага значэння. Важна, каб агеньчык, які запальвае сэрцы людзей, зіхацеў. Менавіта для гэтага існуе тэатр: толькі сёння, увечары, у гэтую самую секунду. Усё астатняе -- спадабалася некаму або не, хто, што і як пра спектакль сказаў -- неістотна. Густаўшчына.
 /i/content/pi/mast/7/172/Shelestau3.jpg
 “Пугачоў”. Монаспектакль паводле твораў С.Ясеніна і А.Пушкіна.
Калі над спектаклем працуе некалькі чалавек, кожны ўспрымае аўтара індывідуальна. І думкі «з нагоды» з’яўляюцца ва ўсіх розныя. Праблема -- як іх натуральна спалучыць? Мяркую, што «мона», малая сцэна для вас -- пэўны прытулак. Вам усё хочацца зрабіць самому, каб больш ніхто не ўмешваўся ў працэс?
-- Напрацаваўся ўжо разам з усімі.
Але існуе вялікая сцэна, на якой у выніку сумесных намаганняў нараджаецца маштабны твор…
-- Можна і на дыванку зрабіць маштабнае палатно.
Гэта я разумею. Але «мона» -- асобны від тэатральнага мастацтва, які яго дарэшты не вычэрпвае.
-- Дарэчы, у мяне мае калегі таксама часам пытаюцца: што табе яшчэ трэба, чаго не хапае? Ведаеце, я хварэю пасля кепскіх спектакляў, калі разумею, што нельга выпускаць такое на сцэну. Ды толькі даводзіцца іграць ролю, выходзіць у спектаклі, нават калі рабіць падобнае сорамна. Ад гэтага можна звар’яцець, спіцца, што заўгодна... Вось вам, так бы мовіць, нягоды акцёрскай прафесіі. Калі б адну палавінку мозгу можна было адключыць, сказаць: «Працуй дзеля таго толькі, каб грошы атрымліваць...» А ў мяне так не выходзіць. Лічу, калі маеш у душы тое, што некаму патрэбна, што здатны аддаць, -- аддай. Самая лепшая прафесія на зямлі -- акцёр. Ды калі сюды людзі прыходзяць толькі па славу, або перадусім грошы зарабляць -- усё проста страчвае сэнс.
Можна сказаць, што лёс акцёра абавязкова драматычны?
-- Так. Працуючы ў тэатры, людзі спальваюць сябе. Таму што ўнутры гарыць агонь, ад якога не схавацца, не ўцячы. Але ён успыхнуў... Мне было гадоў шаснаццаць, калі я ўпершыню задумаўся, навошта існуе ўсё гэта... Неба, зямля... Бацька аддаў мяне ў машынабудаўнічы тэхнікум. Я сумленна вывучаў супрамат, але займацца прафесіяй не стаў. Мне хацелася ствараць. Так атрымалася. Недзе нешта сышлося, спалучылася…
Тое, што сучасны тэатр змяняецца не ў лепшы бок, абумоўлена працэсамі, якія адбываюцца ў свеце?
-- Я б назваў гэта татальным вар’яцтвам. Як яшчэ растлумачыць агульнае захапленне гвалтам? У кіно, на тэлебачанні ракой цячэ кроў, на экране -- забойствы ва ўсіх паталагічных падрабязнасцях. Што гэта? Навошта?
Але ж апрача гэтага ў кіно і тэатры ўсталёўваецца новы спосаб мыслення, так бы мовіць, людзей новага тысячагоддзя. Не ўсе гэта разумеюць і ўспрымаюць. Як
 /i/content/pi/mast/7/172/Shelestau4.jpg
 “Ваўкі і авечкі” А.Астроўскага. Беркутаў.
цяпер кажуць, не даганяюць...
-- Існуюць агульначалавечыя каштоўнасці. Навошта даганяць, калі яны нікуды не знікалі?
Пра адну і тую ж з’яву можна распавесці па-рознаму. Можна з пафасам, гучна. А можна проста жыць з нечым у душы і не лямантаваць пра каштоўнасці на кожным кроку. Напрыклад, на знакаміты фільм «Бяжы, Лола, бяжы» людзі розных пакаленняў рэагуюць па-рознаму. Я бачу тут фармальныя прыкметы дзеяння. Мне мала лінейна пазначанай думкі, патрэбны нюансы і павароты. Моладзь успрымае фільм зусім інакш. Ёй падабаецца Лола, якая бяжыць... Нехта бачыць у гэтым філасофію часу... Думаю, тэатр таксама паступова вызваліцца ад рэчаў, якія яго скоўваюць. Што і будзе рухам наперад.
-- Тэатр існуе тут і зараз. Калі запальваецца агеньчык у душах гледачоў, цуд адбываецца. Нібы анёл пралятае. А далей -- глядзіце... Менавіта такія моманты за ўсё даражэй. Думаю, у гэтым сэнсе нічога ніколі не зменіцца. Заняпад, адраджэнне -- проста звычайныя хвалі. Так было і будзе заўсёды. Калі цяпер заняпад, неўзабаве абавязкова адбудзецца ўсплёск. Новая якасць.
Мне здаецца, вы -- акцёр, але разважаеце, існуяце ў творчасці як мастак або пісьменнік. Яны застаюцца сам-насам з аб’ектам мастацтва, ім у працэсе творчасці ніхто не патрэбны. Акцёры ж, наадварот, залежныя ад партнёраў, рэжысёра, сцэнографа і г.д.
-- Безумоўна, акцёры шмат ад чаго залежныя. Але мая прафесія мне дарагая, таму што я магу наўпрост звяртацца да гледачоў. Рэжысёр звяртаецца да публікі толькі праз акцёра.
Умоўна кажучы, калі «мона», дык вы ў пэўным сэнсе -- «чалавек-тэатр». Адзін выходзіце на сцэну і ўвасабляеце аўтара, выканаўцу, рэжысёра, сцэнографа. Для вас гэта ідэальна. А што ў іншай сітуацыі, калі побач -- партнёры?
-- Тады, як мяне вучылі: я -- акцёр і мушу выконваць загады рэжысёра. Не маю права рабіць заўвагі партнёру. Павінен сумленна выканаць свой кавалак працы. Зразумець і дакладна вывучыць схему, мізансцэны, унутраныя хады. І толькі падчас спектакля ў межах агульнага малюнка і агульнай задумы імправізую душой. Тады ўзнікаюць пачуцці, асаблівая атмасфера, штораз у кожнае імгненне новыя. Трапяткое адчуванне, што ты разам з аўтарам, рэжысёрам, партнёрамі і глядзельнай залай. Усяго гэтага вельмі складана дасягнуць. Бо тэатр -- такая ўстанова дзіўная. Тут -- у кожнага сваё. Зусім як у «Прыніжаных і зняважаных» Дастаеўскага: не хачу тваё добрае, хачу сваё кепскае.
А калі, нарэшце, усё спалучаецца і гучыць?
-- Гэта і ёсць мастацтва.
Вы акцёр шырокага амплуа. Іграеце станоўчых, іграеце адмоўных персанажаў. Як мірыцеся з адмоўнымі?
-- Паводле Станіслаўскага: іграю добрага -- шукаю, што ў ім благое; іграю ліхадзея -- шукаю, калі ён добры. Памыляецца той, хто лічыць, быццам тэатр не мае законаў. Станіслаўскі іх сфармуляваў. Дарэчы, напрыканцы жыцця пакутаваў, лічыў, што акцёры іх не разумеюць. Калі неяк падчас рэпетыцыі актрыса спыталася, што павінна рабіць па «сістэме», адказаў: «Вы -- сама сістэма». Насамрэч зараз з-за дылетантызму і неарганізаванасці многае прападае дарма. Мне падабаецца, як працуе Аркадзь Кац. Ён паважае наш час, але і патрабуе жорстка. У яго ніхто не адпрошваецца, не сыходзіць па справах. З адзінаццаці да дзвюх гадзін, калі ласка, рэпеціруй. Не працуеш -- глядзі. Выйшаў на сцэну -- мусіш ведаць тэкст. Якая ад рэпетыцый карысць? Ёсць магчымасць за сціслы час праверыць усё, што напрацаваў дома.Дарэчы, прызнаюся: я -- вельмі нязручны артыст. Звярніце ўвагу: у пакоі, дзе знаходзіцца шмат людзей, адзін з іх абавязкова раздражняе астатніх. У дадзеным выпадку я кажу пра сябе. Патрэбна вялікая смеласць, каб даць мне ролю.
 /i/content/pi/mast/7/172/Shelestau5.jpg
“Люці” А.Дударава. Капітан.
Вы раздражняеце?! Чаму?
-- Не ведаю. Памятаю, мы рэпеціруем. У зале сядзіць Маслюк. Я стаю, слухаю, гляджу, што адбываецца. Раптам Валерый Васільевіч кажа: «Валодзя, калі ты будзеш так сябе паводзіць, я не змагу рэпеціраваць.» А я -- маўчу! Дарэчы, у тэатры вельмі важна, калі па інтанацыі, па выглядзе чалавека можна зразумець, што з ім адбываецца.
На самай справе, усё зразумела: у акцёраў ёсць абаянне адмоўнае і станоўчае. Існуюць акцёры, якім адмоўнае абаянне вельмі перашкаджае. Што б ён ні іграў -- раздражняе. Вы -- не раздражняеце, хутчэй прыцягваеце ўвагу. Дарэчы, штодня шмат працуеце?
-- Акцёр працуе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, вытрымліваючы пастаянны псіхалагічны ціск. Я нават не магу глядзець фільмы, каб скінуць дзённае напружанне. Сюжэт, падзеі, канфлікт... Усё гэта ўваходзіць у мяне, пачынаецца звычайны акцёрскі працэс. Уначы -- ён таксама не заўсёды спыняецца. Дарэчы, выдатныя амерыканскія кінаакцёры на мяне ўздзейнічаюць па-рознаму. З дэ Ніра, напрыклад, няма судакранання. Аль Пачына -- моцна ўплывае, цікава сачыць за рухам ягонай думкі пры абсалютна нерухомым твары. Менавіта думка, якая перадаецца ў глядзельную залу, найбольш каштоўная ўласцівасць тэатральнага мастацтва.
Так. Самае цікавае на сцэне -- працэс думкі. Тое, што адрознівае прафесійны тэатр ад самадзейнага. Становіцца зразумелым патаемнае, адкрываецца так званы другі план, высвятляюцца псіхалагічныя матывы... Дарэчы, на сцэне ў вас здараецца, так бы мовіць, раздваенне асобы? Калі вы становіцеся нібыта не сабой, усведамляючы гэта?
-- Вар’яцтва на сцэне быць не павінна, хоць існуюць у нашай прафесіі і такія прыклады. Тут ужо наколькі псіхіка вытрымае. І ўсё ж са мной такога (я -- не я) не бывае. Вядома, пэўныя метамарфозы адбываюцца, але пад жорсткім кантролем. І ўвогуле -- хочацца атрымліваць задавальненне ад таго, што робіш. Зрэшты, у кожным звычайным чалавеку абавязкова існуюць два «я» -- ніжэйшае і вышэйшае. Але што да мяне, дык я -- вельмі рацыянальны выканаўца і не дапускаю палётаў у іншую рэальнасць. Хоць, як кажуць, ад торбы ды ад турмы...
На сцэне акцёры пражываюць шмат жыццяў, вытрымліваючы нягоды чужога лёсу, падзяляючы эмацыйны і душэўны цяжар сваіх персанажаў. Як гэта магчыма: перажываць зноў і зноў?
-- Што рабіць, калі не атрымліваецца інакш? Тэатр не даруе здрады. Гэта ісціна. Неяк у мяне спыталіся: «Валодзя, у чым твая бяда?» Адказваю: «Працую ў тэатры». -- «Можаш яго пакінуць?» -- «Не». Таму варта спакойна ставіцца да таго, чаго не ў стане змяніць. І нікога не трэба шкадаваць, бо кожны выбірае свой шлях сам.

Людміла Грамыка