«Гармонія ўсеагульнага вар’яцтва на дзве дзеі» атрымалася ў Дзівакова па-добраму разбэрсанай і дасціпнай, хіба толькі не ўсе гледачы ды ўдзельнікі фэсту яе віталі. Але неспадзеўка, з сучаснай іроніяй вытрыманая ў стылістыцы палацавага (прыдворнага) французскага тэатра васямнаццатага стагоддзя, з’явілася крадком, неўзаметку і адтуль, адкуль не чакалі, — з паўднёвай Беларусі, з Гомеля. І пацягнула згадкі ды асацыяцыі — з «Механічным апельсінам» Стэнлі Кубрыка, знятым па рамане Энтані Бёрджэса, пастаноўкамі Роберта Уілсана, спектаклем «Выкраданне Еўропы, ці Тэатр Уршулі Радзівіл» Мікалая Пінігіна ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, урэшце мультфільмамі геніяльнага савецкага аніматара Андрэя Хржаноўскага. Праца Дзівакова — адначасова і стылізацыя, і гульня са стылем, і элеганцкая дуля ў кішэні ўсім снобам і псеўдаінтэлектуалам. На пачатку прыёмы збіваюць з панталыку, але, успрыняўшы рэжысёрскую іронію, вы непазбежна адчуеце здавальненне. Нават тады, калі прыхільнікам творчасці Лафантэна сябе дагэтуль не лічылі. І наогул да французскай культуры абыякавыя.
Пасыл Дзівакова варты павагі: «Які адметны гэты свет, зірні!» Усе ў ім сведчаць пра гармонію і пошук дыялогу — мурашы, лісы, ваўкі, курапаткі... Незразумела, дзе канчаецца адна субстанцыя ды пачынаецца іншая: усё натуральна праходзіць праз кола пераўтварэнняў, вяртаецца да пачатку і не мае ні мяжы, ні скону. Звяры, неба, расліны, людзі — усё адзінае, задзіночанае, усё падпарадкоўваецца адзінай боскай задуме.
Спектакль мае шалёны, зусім не правінцыйны рытм. Такі рытм не ў кожным сталічным творы вытрымліваюць — што лялечным, што драматычным. Добрая не толькі форма, зададзеная рэжысёрам, але і выкананне: у пастаноўцы занята ўсяго сем акцёраў, а такое ўражанне, што на сцэне цэлы карнавал з дзіўных істотаў. Праўда, артыстам прыкметна бракуе прафесійнай вывучкі, каб існаваць па мулкіх законах фармалістычнага тэатра. Але, як пісаў Андрэй Вазнясенскі, «за спробу — дзякуй»...
Фантазію рэжысёра абмежавалі вельмі сціплыя фінансавыя магчымасці, і гэта заўважна. Вось бы Дзівакову такі бюджэт, які для ўвасаблення казак Пушкіна прапанаваў Роберту Уілсану Тэатр Нацый у Маскве! Вось дзе можна было б разгарнуцца! Не кажучы ўжо пра ганарар...
«Fable (Байка)» відавочна выбілася з праграмы лялечнага фэсту дый са стылістыкі сучасных айчынных спектакляў таксама: там казырацца, гарлаюць, рэжуць, спрабуюць эпатаваць, збіваюць на горкі яблык гарачым скразняком агрэсіі ды не пакідаюць надзеі на выйсце. Твор ставіць рубам філасофскае пытанне: ці бывае ў вар’яцтве гармонія? І Юрый Дзівакоў, які сталічнай публіцы запомніўся ў ролі Гамлета (жанр аднайменнага спектакля Ігара Казакова пазначаны як «трагіфарш»), адказвае цалкам па-мастацку пераканаўча, вытанчана і гарэзліва.
...А Гамлет ягоны перакінуўся змэнчаным трыццацігадовым хлопчыкам, які дрэнна суіснуе з рэчаіснасцю. Нейкай пародыяй на Супермэна і ўсіх галівудскіх супергерояў разам. Ён кідаўся прыгожымі словамі, але ў душы заставаўся цюхцяем і недарэкам. І Дзівакову-артысту воляю Казакова-рэжысёра гэта выпала ўвасобіць бліскуча. Ва ўласнай рэжысёрскай працы Дзівакоў таксама дэманструе адметную меру густу і самаіроніі.
Мяркуючы па афішы, Гомельскі абласны лялечны тэатр мае сур’ёзныя пастаноўкі: «Сабачае сэрца» Міхаіла Булгакава, «Памінальная малітва» Грыгорыя Горына, «Вішнёвы сад» Антона Чэхава, «Над прорваю ў жыце» Джарома Сэлінджара, «Генералы ў спадніцах» Жана Ануя. Здаецца, побач з імі «Fable (Байка)» — ці не самая легкадумная назва. Каб жа толькі глядач на яе зважыў і прабачыў нейкія непазбежныя агрэхі і недасканаласці. Бо «Fable (Байка)» — узор інтэлектуальнага тэатра, вытанчанага, рафінаванага, выбітнага «мастацтва для мастацтва».
Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ