З-пад вечак-адтулінаў на сцэнічны пандус персанажы выпаўзаюць, як патрывожаныя чэрві. Градус пандусавага нахілу невялікі. На такім метафарычнае спаўзанне да прорвы хоць і няўхільнае, але запаволенае. Так што чэрвепадобныя паспяваюць кахацца, сварыцца, спадзявацца...
Калі святла набярэцца дастаткова і размаітыя векі шчыльна прымкнуцца да люкаў, пандус набудзе падабенства і са смеццеправодам, і з адмысловай шафай-захавальняй (морг? архіў?), і нават з закінутай вайсковай прыстасовай жудлівай канструкцыі (фартэцыя? танк?). Насельнікі там і сапраўды... як у танку. Асуджана дзяўбуць адзін аднаму тэксты ўзору 1902 года (на яго прыпала першая пастаноўка п’есы), аж сліна пырскае: дно пільнуюць. Цягам першага акту на авансцэне памірае велізарная, даўжэзная Ганна, і ў сцэнічны краявід можна ўглядацца толькі праз ейныя, так бы мовіць, кашчавыя падрабязнасці. Навошта? Каб не забыцца пра смерць.
Яна муляе чэрвепадобным сваёй няўхільнай відавочнасцю. Волю набывае Ганна (Таццяна Зелікава) — па сваёй смерці, Васіліса (Галіна Барысава) — па мужавай. Брыняюць, выбухаюць чырванню выхады Васілісы: кабету пратачыла прага чужой смерці, але гэта смурод, бруд, які так проста не вымецеш і не схаваеш. І яна падае рэпліку, праз якую Ігар Казакоў убачыў ды ўвасобіў фінал спектакля: «А вось калі санітары прыйдуць ды штраф дадуць, я тады ўсіх вас — прэч!»
Камбінаваныя лялькі (галава на вядучай акцёрскай руцэ, штучная рука для лялечнай істоты і адмысловая апранаха на акцёрскі торс) прадстаўляюць персанажаў як бы з падвоенай экспазіцыяй — пакуль характарная лялечная галава адпрацоўвае рэпліку, эмацыйнае аблічча артыста нюансуе перажыванні персанажа. (Сучасныя тэхналогіі паспрыялі таму, што галовы, зробленыя з сілікону, пластычныя, так што і за лялечнай мімікай назіраць не сумна, асабліва тым, хто апынуўся бліжэй да сцэны.) Камбінаваная лялька абыгрываецца рэжысёрам і як чужое, несапраўднае аблічча, якое знявечыла персанажа: Акцёр, апантаны надзеяй вылекавацца ад п’янства, згадвае улюбёны верш Беранжэ пра пошукі праўды святой і... пазбываецца лялечнага «дадатку»; але клічуць выпіць, і Акцёр (Азіз Азімаў) літаральна нацягвае на сябе персанажа — на колькі імгненняў лялька і выканаўца зазіраюць адно аднаму ў вочы...
П’есу Горкага зазвычай разбіраюць на цытаты. Спектакль Ігара Казакова крэсіць з іх новыя сэнсы — праз вобразы і мізансцэны. Моцная падтрымка Нерсісян забяспечыла іх выключную выразнасць, якая не цураецца метафарычнасці.
На першы выхад Ваську Попела (Іван Трус) прадстаўляе ягоная вялікая галава — як паганская маска. Васька пагрозліва прымушае Барона брахаць, але той «адвывае» яшчэ жывую Ганну; пакуль Васька засыпае яму грошы проста ў лялечную глотку, Барон прыніжаецца ўжо мэтанакіравана, атрымліваючы калі не асалоду, дык пэўнае здавальненне — да істэрыкі і рэзанёрскага «адхадняку». Паказальна, што размова Ваські з Васілісай пра жаночую душу таксама перамяшчаецца рэжысёрам да цела паміраючай Ганны і падаецца як бы праз ягоную праекцыю. І наступная сцэна спакушэння Ваські адбываецца пры Ганне, калі страшная Васькава галава-маска нібы душыць Васілісу, а яна, як чарвяк у яблыку, точыць гэтую галаву, курчыцца, насалоджваецца, і з вуснаў Васькавай галавы-маскі высоўваецца і трапеча чырвоны язык — Васілісіна рука... Суцяшэнне Ганны Лукою (Мікалай Сцешыц) рэжысёр спалучае са сцэнай масавай гульні ў карты; гульцы б’юць — картамі адно аднаго і Ганну па нервах, а карцёжны пройгрыш (маўляў, гульня вымагае таленту) гучыць пралогам да будучай споведзі Акцёра. Пры памерлай Ганне п’яная кампанія ладкуецца спаць з крыкамі, што «мерцвякі не чуюць, не адчуваюць», і атрымлівае на сон макабрычны танец велізарнай кіёвай лялькі — танец вызвалення.
Каб глядзельня не прамінула цуду з’яўлення Лукі, Васька гучна рэзюмуе, што сумленне мець невыгодна...
...Праз паветраную шахту ліецца мяккае ззянне, і з’яўляецца маленькая лялечка з крылцамі, гэткае птушаня-анёлак. Развіццё дзеяння зробіць яго падобным да молі, якая выгрызае ў душах ледзь заўважныя дзіркі надзеі, веры, спадзявання. Адна лялька Лукі вырашана як традыцыйная планшэтная — так, што іншыя персанажы перадаюць яе з рук ў рукі, нянькаюць, шпурляюць, валтузяць, нават намагаюцца ёю кіраваць (проста ўвасобленыя пошукі праўды!); другая — на доўгім кіі, як на шпяні, па памерах яшчэ меншая, па вырашэнні — яшчэ больш іранічная. І суцяшае Лука перабольшана бадзёра — галаском якога-кольвек дамавічка з савецкага мультфільма. Падабенства да «анёла аўтарскай ідэі» ўзмоцнена скарачэннем тэксту персанажа — і расповеду пра злодзеяў, якіх Лука прымусіў высцебаць адзін аднаго, і высновы пра тое, што турма добраму не навучыць. Затое падкрэслены, вылучаны развагі пра «зямлю праведную»: у іх кожны чуе тое, што хоча пачуць. Здаецца, кідай усё — і бяжы, шукай, але дно трымае, дно не ўхваляе...
Спектакль Казакова пазбаўлены хрэстаматыйнай «спрэчкі праўды» праз супрацьстаянне змагара Саціна (Віктар Клачко) і суцешца Лукі. За сто гадоў сцэнічных увасабленняў пошукі «праўды святой» і сацыяльныя перабудовы стоадсоткава змянілі склад глядзельні: яна ведае цану паказу рэвалюцыйных заклікаў. І, верагодна, яе сённяшні герой — Васька Попел, упэўнены, што трэба жыць інакш, лепей трэба жыць! Вось толькі дзе і калі...
Перад усімі падзеямі спектакля рэжысёр вылучае дачыненні Ваські і Наташы (Наталля Слашчова). Васькавы заляцанні і «крыкі душы» камічна перапыняе Лука, ды так, што паўстае вельмі сур’ёзная паўза. Прыём, скарыстаны з Акцёрам, у сцэне мройнага вянчання Ваські з Наташай пераасэнсоўваецца: артысты таксама сцягваюць з сябе лялек і становяцца пад мяккае святло якраз пад той самай паветранай шахтай, праз якую «надзьмула» Луку (чым не знак пераходу ў «праведную зямлю»?). Васька дастае вясельную сукенку, а са сцэнічных адтулін цягнецца... пахавальнае кустоўе (яно суправаджала расповед Насты пра Раўля-Гастона): Васька і Наташа — не бязважкі крылаты Лука. Узлунаць ім не наканавана. Безабароннымі аголенымі нагамі адсвечвае Наташа. Лёс гэтых ног вырашае сястра Васіліса.
І макабрычны танец памерлай Ганны пераймае знявечаная Наташа: працягвае чырвоныя абвараныя ногі да глядзельні. Сцэна памылковага асэнсавання Наташаю Васькавага ўчынку (маўляў, забіў Карастылёва, бо ў змове з Васілісаю) рэжысёрам справядліва скарочана, таму што ўсе асэнсаванні, здагадкі і прасвятленні ўжо не маюць значэння. Вокамгненна пачынаецца калатнеча, падсвечаная чырванню і дымам на ар’ерсцэне. У спыненым імгненні мізансцэны бойкі адтуль моўчкі падымаюцца санітары. Падымаюцца! Ці не з-пад таго сакрэтнага месца, якое чэрвепадобнае насельніцтва лічыла дном?! Чым кіраваліся там, калі вырашалі знішчыць смурод, мярзоцце, бруд са сваёй столі? І ў які неспадзяваны бок хістанулася метафара, і як разгарнулася...
Тры хвіліны доўжыцца канец свету, што шукаў ды не здолеў адшукаць дарогу да святой праўды. Лялькі здзіраюцца з выканаўцаў, як праўдзівыя скуркі, бо ўвасабляюць толькі знявечаныя і брыдкія целы колішніх насельнікаў дна. Аніводная душа (бо не вылекаваная праўдай?) не прамільгне на чырвоным тле санітарнай апрацоўкі: нават Лука знік у прадонні і знішчаны, як усе астатнія. Як і ўсё, што гучыць ганарліва.
Праўда, асобы санітараў рэжысёр не вызначае. Аднак ёсць верагоднасць, што яны не з іншае планеты.