Кожны з пяці спектакляў ІХ Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, прызначаных для дзіцячага прагляду, быў бы цікавы глядзельні падгадаванай, дарослай і сталай: прыпавесці, казачнае вар’етэ і гісторыя, названая адвечнай, паводле старасвецкіх англійскіх казак, з якіх карыстаўся сам Шэкспір. Апошняя, увасобленая Краснадарскім краявым тэатрам лялек пад назвай «Трысняговая шапка» (п’еса Юрыя Сідарава і Ірыны Уваравай), уяўляла з сябе шырокафарматнае сцэнічнае палатно, разгорнутае на ўсё люстэрка і ўсе магчымасці адноўленай сцэны Тэатра юнага гледача. З эфектнай зімовай завеяй, праз якую вандроўныя артысты нібыта і трапілі да сваёй аўдыторыі. Вазок з лялькамі ды іншым тэатральным начыннем яны, на шчасце, не згубілі, таму адразу ж усталявалі маляваныя шырмы, убраліся ў шыкоўны строі (стылізаваныя пад англійскія пятнаццатага стагоддзя), вывелі сваіх планшэтных персанажаў... І на тле бліскучых, добра пашытых сукенак з яркімі нагавіцамі тыя відавочна зніякавелі. Пры гэтым і сцэнаграфія, і касцюмы, і лялькі (мастакі Канстанцін Мохаў і Алена Мацкевіч), разгледжаныя паасобку, вымагалі што высокай прафесійнай ацэнкі, што глядацкага захаплення, але сабраныя на сцэне ў адным спектаклі сведчылі хіба пра лішак... Колераў, формаў, фасонаў. Пэўны лішак выявіўся і ў акцёрскім выкананні жывым планам, калі дасведчаныя, спанатраныя краснадарскія лялечнікі перанялі не самую пераканаўчую манеру драматычнага выканання: стандартныя фізічныя дзеянні, перабольшаныя эмоцыі і вялікае намаганне сыграць падзеі, тым часам як варта было б іграць гісторыю — цудоўную, чароўную і павучальную адначасова. Самы важны яе персанаж, спадар Кароль, вырашыў падзяліць каралеўства між трох дачок і, як вядома, дужа захацеў пачуць, хто і як яго за гэта ўхваліць, распавёўшы пра любоў да бацькі; Шэкспір зрабіў з яго караля Ліра. Балазе, казачныя абставіны склаліся так, што каралёву дурноту выправіла вынаходлівая дасціпнасць дачкі, але ёй такое давялося перажыць!
Выяўленчай яркасцю вылучыўся і «Вялікі змей» Марты Гуснёўскай з Гродзенскага тэатра лялек, а гэта не жарты — стылізаваць пад вар’етэ спектакль з узроставай пазначкай «4+»! Гэта значыць забяспечыць паласаты балаганчык эстраднай пляцоўкай і шырмамі, убраць артыстак у такія самыя, чырвоныя з чорным, гарсэты ды цыліндры, вынайсці анімацыйны шэраг для перамены месцаў і адлюстравання ўнутраных станаў асноўных персанажаў, адблішчыць планшэтных лялек да гламурнага ззяння і, нарэшце, даць у рукі актрысе Вользе Авасількі Удава с прыкметамі вострай падлеткавай дэпрэсіі, маўляў, чаму я не такі, як усе?! Чаму не маю гэтак званых канцавінаў? Аж пакуль высветліцца, што гэта рукі-ногі... Ды абазнаныя жывёлы ведаюць: калі нешта можна адшукаць, дык чаму б не пашукаць? Знаёмства з шэрагам жывёльных і чалавечых арыгіналаў вызначае пошук — чытайце: змест — эксцэнтрычнай казкі, над якой шчыравалі рэжысёр Алег Жугжда і мастачка Ларыса Мікіна-Прабадзяк. Эксцэнтрычнасць, так бы мовіць, зашкальвае, бо адказаць на ўсе пытанні (падлеткавых прэтэнзій падчас пошукаў Удаў паступова пазбыўся) можа толькі Бог. Трапіць да яго можа дапамагчы толькі Драпежны Птах — сцярвятнік цалкам пазнавальны ў абліччы і пластыцы. Дапамагае ён своеасабліва — з-пад самай вышыні скідае Удава долу. І тады ў выглядзе мілай старэчы з парасонам на сцэну выходзіць... Ён.
Напраўду, цяжка быць Богам. Як — у межах аднаго спектакля — і Апавядальніцай, і Варажбіткай, і Фокусніцай. Але ў ролі Бога Галіна Закрэўская без лялькі, як актрыса драматычная, нязломна супрацьстаіць аўдыторыі, добра ўжо разняволенай жартамі ды фестывальным гуморам, — ды так, што западае ціша: Бог прамаўляе няголасна, то-бок даходліва. Пра свой асаблівы план для кожнага ўдава і чалавека. Шырэй — для кожнай сусветнай істоты ды стварэння. Уяўляеце, колькі планаў трэба трымаць напагатове і мець на ўвазе?! Таму добра будзе, каб на Бога хоць бы не забываліся...
Такая паваротка сюжэта можа зрабіцца іспытам для самага ганараванага рэжысёра: твор сягае за вызначаныя жанравыя межы. Іх трэба або вокамгенна пашырыць (праз стаўленне выканаўцы да аўдыторыі, інтанацыю, які-небудзь прыём ці нават фокус), або сыграць падкрэслена «ўстаўны нумар» — ды так, каб усё скончылася добра, а не натацыяй. Ад рэжысёрскай трактоўкі Богава асоба не пацярпела, бо ягоны вобраз — кабеты ў веку, бабулі альбо цёткі — перадусім вылучаў дабрыню спагадлівага паразумення. Можна пажартаваць, маўляў, пакуль сусветная сцэна спачывала без «бога з машыны», вядомага са старажытнасці, Алег Жугжда выпусціў «бога з вар’етэ», і той таксама прыдаўся. Магчыма, Бог паўсюль да месца, у любым выглядзе і стане. Але вось Удаў — у якім стане з ім разумеўся Удаў?..
Праз жарты, досціпы, кепікі дзеці на праглядзе пастаноўкі сутыкаюцца з жыццём і смерцю, між якіх віхляе дарога пошукаў уласнай асобы, а дарослыя атрымліваюць важныя ўрокі абыходжання з тымі, хто спанатрыўся на гэтую дарогу выйсці. А як несур’ёзна і прывабна ўсё пачыналася — вар’етэ, спевы, фокусы!..
...Фестывальныя спектаклі не ўнікалі гаворкі пра смерць. Варшаўскі «Вaj» вылучыўся назвай «Гуска, Смерць і Цюльпан» Вольфа Эрльбруха. «Да чаго цюльпан? Дзе цюльпан?» — перапытвалі гледачы па праглядзе, бо толькі найбліжэйшыя да сцэны шэрагі разгледзелі, як кашчавае лялечнае дзіця з вялікай галавою ўсклала на бялюткае птушынае цела адпаведную чорную кветку. Бо ад самай сваёй пабудовы тэатральныя залы сталіцы дзяцей пад увагу не бралі, і першая сярод самых не дзіцячых — зала Дзяржаўнага тэатра лялек. Глядзельню Новага тэатра на Лізы Чайкінай, 26, дзе ладзіліся фестывальныя прагляды і выступалі варшаўскія лялечнікі, гэтаксама для дзяцей не прызначалі, а сярод гледачоў «Гускі, Смерці і Цюльпана» яны пераважылі. Не разгледзелі Цюльпан, затое ўбачылі і пачулі сапраўднага Казачніка: артыст Роберт Плушка апавядаў нягучна і нетаропка, не фарбаваў тэкст, не намагаўся пражыць ролі за персанажаў. З Эльжбетай Бяліньскай і Малгажатай Сузукі, Гускай і Смерцю, выпала ўслухацца ў трыццаць хвілін выключнай сцэнічнай цішы: бязгучна плылі аблокі, хістаўся чарот, ззяла вада, хіба Гуска часам шчоўкала дзюбай. Смерць бавілася з ёю на сажалцы. Яна ўпадабала цёплае пер’е і забірала Гуску няўлоўна, пакрысе, як, напэўна, мае быць ў прыродзе. Бо Смерць, аказваецца, суправаджала птушку ад самага нараджэння.
Да гібення і адыходу жывой істоты чалавек, напэўна, не здужае загадзя падрыхтавацца і прызвычаіцца — каб яму не так балела. А ў спектаклі моўчкі давяраюцца прыродзе. Глядзельня фізічна адчувае нейкую гіпнатычнасць, закалыхванне, засынанне. Перш як адплыве цела Гускі, выявы і гукі прыроды прыглушаць жалобу, яна зробіцца празрыстай, але не праз слёзы, а праз дзіўную паэтычнасць моманту...
Таму, што нарадзілася, наканавана памерці. Але чалавек, пакуль жывы, нішчыць жывое вакол сябе. Гэтую асаблівасць чалавечага існавання можна назваць змушанай, але ж ці выпадае пагадзіцца з ёю? Для Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек драматург Дайва Чапаўскайтэ стварыла версію прыпавесці Шэлдана Сільверстайна «Шчодрае дрэва» пад назвай «Зялёны-зялёны яблычак» як аповед пра чалавечую прыроду: жадаць, атрымліваць і... заставацца няўдзячным. Чалавечак розных узростаў бярэ ад сяброўкі-яблыні плады, галінкі, ствол; сваім адданым сяброўствам ён забівае дрэва, якое не гоніць нават ворага-чарвяка, ратуючыся ад самоты, бо сябра-чалавек з’яўляецца толькі тады, калі мае чарговую пільную патрэбу. І ўрэшце ссякае яблыню. Старым і вельмі нешчаслівым ён прысаджваецца на пень і, агледзеўшы, што душа дрэва яшчэ жывая, прызнаецца ёй у нікчэмнасці сваёй рацыі. Ці зразумеў стары хоць што-небудзь? А калі й зразумеў, што можа выправіць?
Па сюжэце, думках і манеры іх выказвання вельмі падобным да літоўскага апынуўся спектакль з Ізраіля «Калі ўсё было зялёным», дзе хлопчык бароніць дрэва, не дае яго знішчыць. Юнаком зарабляе першыя грошы, прадаўшы ягоныя плады. Чым старэйшым робіцца чалавечы персанаж, тым больш адымае ад дрэва. Для пабудовы жытла дрэва даводзіцца ссячы. А пакуль пень прарастае зялёным пабегам, стары лірычна згадвае жыццё ў калаўроце ўзростаў.
Разыгрываюць пастаноўку Дзікла Кац і Аві Зліха, жанчына і мужчына, якія міжволі ўспрымаюцца бацькамі лялечнага персанажа, а тое, што яны паказваюць, — мадэляваннем будучыні і выбару для дзіцяці.
І літоўскі, і ізраільскі спектаклі адзначаюць, што прырода адраджаецца насуперак чалавеку, але кожнае адраджэнне даецца з большай цяжкасцю і няўхільна набліжае фінал. Прыродны ці чалавечы? Усвядоміць, асэнсаваць іх непадзельнасць і залежнасць адно ад аднаго гледачу трэба самастойна.
Літоўскі твор, разыграны камбінаванымі і планшэтнымі лялькамі, рэжысёр Арвідас Лебелюнас свядома «зацішвае», робіць нягучным, спакойным, і глядзельня не прапускае момантаў, калі мілае чалавечае дзіця выступае эгаістычным спажыўцом. Але спажывецкі лад жыцця не робіць яго шчаслівым, а набыткі часцяком не патрэбны яму самому - чалавеку, па сутнасці, трэба не так ужо і шмат, і гэтым «не-шматам» прырода дзеліцца з ім ад пачатку існавання...
Прыхаваны матыў шчодрага сусветнага дрэва дачуваецца са сцэны. На ім спеюць усе плады. Ягоная страта азначае страту чалавецтва. Верагодна, бацькі не паўтараюць гэта дзіцяці. Ці здолее яно зразумець і запомніць тэатральны ўрок?
«Дарослыя» спектаклі фестывалю таксама давалі свае «ўрокі». Знішчэння асобы — у пастаноўцы «Смерць Караля» Славаміра Мрожака, віртуозна разыграную марыянеткамі (Пензенскі абласны тэатр «Лялечны дом»). Увасабляючы твор з драматычнымі артыстамі, рэжысёры часам дамагаліся пэўнай «лялечнасці» ад выканаўцаў, якая вылучала падпарадкаванасць, прызвычаенасць, здачу пазіцый асобы на ўсіх чалавечых франтах. Галоўны лялечны герой Мрожакавай драмы мізарнеў на вачах літаральна: выканаўцы падмянялі чарговую ляльку запалоханага доктара, а доктаравы наведнікі, што палявалі на нейкага Караля, стралялі ўжо без разбору і без мэты: паводле рэжысёра Уладзіміра Бірукова, персанажаў знішчала сама логіка прычын і наступстваў. Драму абсурду мастак Віктар Ніканенка змясціў у макет заможнага драўлянага дома, які метафарычна разбураўся і гібеў разам з людзьмі, — дома-эпохі, занесенага ў эпілогу друзам і смеццем.
Своеасаблівы аповед пра захаванне асобы прапанаваў спектакль Палтаўскага абласнога тэатра лялек «Партрэт з лятаючым гадзіннікам. Марк Шагал» паводле кнігі Марка Шагала «Маё жыццё». Жанр сваёй работы рэжысёрка Аксана Дзмітрыева вызначыла як ілюстрацыю, але, на шчасце, ілюстрацыяй кнігі не абмежавалася — і мы займелі пастаноўку пра тое, як «трэба рабіць сваё», як калісьці трапна сфармуляваў беларускі літаратурны класік. Шагал у выкананні Сяргея Цыбы не мяняецца ад першага і да апошняга з’яўлення на сцэне, затое мяняецца ягоны мастакоўскі свет (для двухпамерных лялек-аб’ектаў мастачка Наталля Дзянісава выкарыстала вядомыя вобразы з карцін Шагала). Навакольны свет таксама мяняецца безупынна, ды бязрадасна. Хіба ў Парыжы Марка чакае поспех (карціны набываюць трохпамернасці праз канструкцыю з асобнымі рухомымі дэталямі), але не толькі таму, што ягоныя творы ўпадабалі калекцыянеры і аматары: і для сваіх, і для чужых Шагал патрапіў акрэсліць мяжу і пакласці крэс вымогам іх зменлівых густаў.
На жаль, расклад фестывальных спектакляў не дазволіў паглядзець усю праграму без выняткаў, і ў гэты раз выняткам зрабіўся спектакль Аляксея Ляляўскага «Ваня. Казка пра Ваню і загадкавую рускую душу» Тэатра «Karlsson Haus» з Санкт-Пецярбурга, неафіцыйна названы адным з найлепшых. Тым большым будзе жаданне пабачыць яго на ўласныя вочы сёлета ўвосень. А пра пастаноўкі, якія вымаглі самай пільнай увагі, чытайце далей.
Юрый БУТУСАЎ