Маторная першая за апошняе дзесяцігоддзе радыкальна перапісала першакрыніцу, хоць магла заняцца банальным пераносам месца і часу дзеяння. Партытуру венгерскага кампазітара Пала Абрахама і права пракату на пяць гадоў наш Музычны набыў у Маскоўскім тэатры аперэты, дзе спектакль ужо некалькі сезонаў з поспехам ідзе пад назвай «Баль у “SAVOY”». У Мінску дырыжор Мікалай Макарэвіч наноў аркестраваў партытуру з яе факстротамі, пасадоблем і аргенцінскім танга.
Розніца паміж арыгінальным лібрэта Альфрэда Грунвальда і Фрыца Лёнер-Беда і версіяй Маторнай відавочная. У арыгінале галоўны герой маркіз Арысцід кахае сваю жонку Мадлен, але вымушаны ёй здрадзіць. Калісьці ён паабяцаў танцоўшчыцы Разіце ля Торэс, што падорыць ёй ноч, калі яна таго пажадае. Але жонка героя не збіраецца здавацца і вырашае яму адпомсціць. Згадзіцеся, у такім сюжэце знайшлі адлюстраванне светапогляд і мысленне, тыповыя для ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Цяпер у падобным лібрэта адчувалася б архаіка, а яго інтэрпрэтацыя адкрывала прастору для двухсэнсоўнасці. Нездарма сюжэт значна змянілі і ў «Маскоўскай аперэце».
Маторная адмовілася ад шэрагу другарадных персанажаў (напрыклад, у арыгінале на сцэну выходзілі адразу шасцёра (!) жонак, якія паслядоўна развяліся з Мустафой-беем) і рашуча змяніла акцэнты. Ды так, што, калі б я не ведаў пра існаванне арыгінальнага лібрэта, паверыў бы: менавіта такі сюжэт з’яўляўся першапачатковым.
Гісторыя з жыцця арыстакратыі ператварылася ў гісторыю з жыцця творчай эліты і шоу-бізнэсу. Згодна з версіяй Маторнай, Арысцід (Сяргей Суцько) і Мадлен (Наталля Дзяменцьева) яшчэ не ўзялі шлюб. Яны толькі пазнаёміліся, але іх раману перашкаджае каралева танга Разіта ля Торэс, яна ж Тангаліта (Лідзія Кузьміцкая). Абяцанне, калісьці дадзенае ёй, засталося ў сюжэце, але пазбавілася адцення інтымнасці. Інтрыга мае як асабісты, так і творчы бок. Дзеянне аперэты адбываецца на прэстыжным кінафестывалі. На перамогу ў ім прэтэндуюць фільмы, у якіх зняліся Мадлен і Тангаліта.
У выбары кінафестывалю ў якасці цэнтральнай пляцоўкі дзеяння ёсць свая логіка. Героям «Балю ў “Савоі”», як і персанажам многіх аперэт, уласцівая проста маніякальная схільнасць да пераапранання. За іншых выдаюць сябе Арысцід, маладая кампазітарка Дэйзі Дарлінгтан (Наталля Глух), яе бацька, прадзюсар містар Дарлінгтан (Аляксандр Асіпец) і нават Памероль, адміністратар гранд-гатэля «Савой» (Дзяніс Нямцоў). Гэтую акалічнасць цудоўна абыгрывалі ў Маскве: частка дзеяння адбывалася на венецыянскім карнавале, дзе бясконца змяняюцца маскі.
Апраўдана і рашэнне Ганны Маторнай: менавіта ў жанры кіно выканаўцы вымушана прымяраюць на сябе іншыя лёсы і біяграфіі. Пераапрананне і блытаніна, звязаная з гэтым, ствараюць атмасферу незвычайнай весялосці і разняволенасці, таго, што называецца аперэтачным настроем.
З іншага боку, падаецца, усе госці форуму трапляюць пад уздзеянне энергетыкі кінафестывалю. І мо міжволі, але пачынаюць іграць на камеру. Прычым гаворка не толькі пра кіназорак, але пра ўсіх астатніх — нават пра шараговага адміністратара. Гэтая гульня адбываецца ў межах аперэтачных амплуа: героя, гераіні, прастака, субрэткі і персанажаў сталага веку. Мужчыну ў гадах увасабляе прадзюсар Дарлінгтан, жаночая роля падзелена паміж двума вобразамі: Тангаліты, якая перажывае другую маладосць, і спецыяльнай госці фэсту Вуазье (цалкам інтэрмедыйная роля, створаная для Наталлі Гайды). Так кінафорум робіцца пляцоўкай, дзе здымаецца віртуальны фільм пра аперэту.
Галоўная акцёрская ўдача напаткала Лідзію Кузьміцкую. Яшчэ гадоў пяць таму яна выконвала ці не ўсе вядучыя партыі ў класічных аперэтах. Цяпер пакрысе пераходзіць да характарных роляў, дзе ў большай ступені запатрабавана яе акцёрскае майстэрства. А ў гэтым кампаненце Кузьміцкая можа даць фору многім калегам. Зусім нядаўна яе Васіліса стала ці не самай яркай гераіняй у мюзікле Уладзіміра Кандрусевіча «Соф’я Гальшанская».
Кузьміцкая стварае вобраз рэтра-спявачкі, актрысы, якая іграе 24 гадзіны ў суткі. Прычым так удала, што можа глядзець на сябе збоку і нават парадзіраваць акцёрскія штампы (напрыклад, у сцэне атрымання галоўнай прэміі фестывалю). Такой інтэрпрэтацыяй Кузьміцкая, па сутнасці, тлумачыць, чаму скончыліся яе адносіны з Арысцідам Дзюбуа. Для Тангаліты прыярытэтам усё ж такі застаецца мастацтва. Усё яе жыццё — бясконцыя здымкі, дзе яна ніколі не забывае, што за ёй назіраюць. Для рамантычнай і арыстакратычнай Мадлен Цібо першасным з’яўляецца асабістае шчасце. Пры ўдалым шлюбе яе гераіня лёгка памяняе сцэну на хатні салон. Калі яе характар не зменіцца з часам.
А вось Сяргей Суцько ў пэўнай ступені застаўся ў палоне аперэтачнай традыцыі. Яго Арысцід — сапраўдны «герой» (гаворка пра аперэтачны тыпаж) і абаяльны малады персанаж. Але характарыстыка Арысціда як «кінарэжысёра, сцэнарыста і пісьменніка» ўсё ж такі пакуль асабліва не праяўляецца. У іншым палоне (не традыцыі, а ўласных вобразаў) застаўся Дзяніс Нямцоў. На жаль, ягоны Памероль вельмі нагадвае ранейшыя работы таленавітага акцёра. Магчыма, гэты папрок у нечым трэба адрасаваць рэжысёрскай групе. Чамусьці нават у самых лепшых спектаклях Музычнага адчуваюцца штампы, з якімі тыя або іншыя артысты вандруюць з пастаноўкі ў пастаноўку.
Дзеянне «Балю ў “Савоі”» адбываецца паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Атмасфера таго часу знайшла сваё адлюстраванне ў сцэнаграфіі Андрэя Меранкова: на задніку з’яўляюцца працы вядомага чэшскага мастака Альфонса Мухі. Хоць у рашэнні сцэны не абышлося без абавязковых лесвіц (цяжка сказаць, ці то гэта любімы сцэнаграфічны элемент Меранкова, ці то тэатр ужо не ўпершыню вырашыў сэканоміць). Выбар менавіта такога часу выяўляе яшчэ два нюансы. Да прэм’еры стваральнікі спектакля заяўлялі, што імкнуцца паказаць пераломны характар эпохі, калі нямое кіно ператваралася ў гукавое, а аперэта — у мюзікл. Па шчырасці, гэтая ідэя пакуль засталася ў тэорыі і не знайшла сябе на сцэне.
Куды больш важным падаецца іншы момант. Перыяд паміж сусветнымі войнамі (асабліва гаворка пра 1920-я) быў часам пэўнай эйфарыі і шчасця заходняй цывілізацыі, якая нават не здагадвалася, што за выпрабаванні чакаюць яе наперадзе. Ганна Маторная цудоўна ўвасобіла ў спектаклі атмасферу той весялосці, гульні і ўсеагульнай радасці, калі на сцэну хочацца трапіць не толькі дырыжору Мікалаю Макарэвічу (бо ён паўстае на чале сцэнічнага аркестра), але і кожнаму гледачу.
Дзяніс МАРЦІНОВІЧ