Працы Сяргея неаднаразова ўдастойваліся ўзнагарод буйных форумаў (І прэмія Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, Гран-пры Міжнароднага фестывалю-конкурсу сольнага танца імя Махмуда Эсамбаева ў Грозным), раз-пораз узнікалі ў справаздачных канцэртах харэаграфічнага каледжа, але «Анатомію танца» можна назваць першай прэзентацыяй творчай дзейнасці харэографа для шырокай публікі. Пра гэта засведчыў са сцэны і Валянцін Елізар’еў: «Звычайна такія прагляды праходзяць у закрытых залах, дзе прысутнічаюць і абмяркоўваюць убачанае толькі педагогі. Першы раз мы атрымалі магчымасць паказаць работу маладога харэографа так грунтоўна і поўна».
Падобных канцэртаў Мінск не ведаў больш за дзесяць гадоў — яшчэ з тых часоў, калі выхаванцамі Елізар’ева былі Раду Паклітару, Наталля Фурман, Вольга Рэпіна, Аксана Сямёнава, Уладзімір Іваноў, чые творчыя «справаздачы» на сцэнічных пляцоўках сталіцы ўспрымаліся як рэгулярная з’ява. У дадатак гледачу прапаноўваўся не звычайны канцэрт, а адмысловы аўтарскі вечар, дзе Сяргей выступіў у якасці не толькі харэографа і выканаўцы, але і рэжысёра, што надало імпрэзе вобразна-канцэптуальную завершанасць і непаўторнасць аўтарскага бачання. Яе тэматычная накіраванасць задавалася назвай — метафарычнай і шматузроўневай.
Анатомія танца — гэта даследаванне руху, раз’яднанне яго на першаэлементы і стварэнне на іх аснове цэласнай пластычнай мовы. Анатомія танца — гэта і любаванне прыгажосцю чалавечага цела, вобразнае спасціжэнне яго шматлікіх магчымасцей. Дадзеная тэма ўзнікала яшчэ да канцэрта — у фае, дзе разгарнулася фотавыстава вядомай віцебскай мастачкі Ганны Майсяюк, і набывала працяг на сцэне, візуальна-пластычным рэфрэнам пранізваючы ўсю праграму. Харэаграфічныя мініяцюры, не звязаныя між сабой знешнім дзеяннем, спалучаліся ў цэласны, завершаны спектакль-паэму — спектакль, які раскрываў прыгажосць і шматгалоссе вечна пераменлівых чалавечых пачуццяў.
Невыпадкова сярод паказаных нумароў пераважалі дуэты — розныя па настроі, пастаноўчых прыёмах. Кантыленныя лініі двух целаў-галасоў то зліваліся ва ўнісон, то ўступалі ў складаны дыялог, кожны раз шукаючы паразумення. Сярод найбольш адметных нумароў у першую чаргу адзначу дуэт «Знойдзеныя і страчаныя». На мой погляд, гэта лепшы на сёння твор харэографа. Арыгінальны па лексічным і вобразна-канцэптуальным вырашэнні, непарыўны па драматургіі, сугестыўны па мастацкім уздзеянні — дуэт быў пазбаўлены звыклага меладраматызму і ўяўляў, хутчэй, спробу філасофскага асэнсавання мужчынскай і жаночай прыроды. Напружаная выразнасць сілуэтаў танцоўшчыкаў, нервовасць пластычнага і рытмічнага малюнкаў, рэзкія пераходы ад руху да руху, памножаныя на «music macabre» Амона Тобіна, стваралі драматычную атмасферу, якая паступова нагняталася.
Зусім іншым па эмацыйным напаўненні, пластычнай інтанацыі паўставаў дуэт «Тыя, якія сышлі з карцін Клімта». Створаны па матывах знакамітых палотнаў «Пацалунак» і «Абдымкі», ён нагадваў паэтычны санет з яго лірычнай летуценнасцю і адухоўленасцю. Тэма ўзаемадзеяння мастацтваў доўжылася ў нумары «Афорт», адпраўным пунктам у пастаноўцы якога стала гравюра «Скокі ў мяшках» Франсіска Гоі. Думаецца, Сяргею варта працягваць пошукі ў гэтым плённым напрамку. Харэаграфічнае асэнсаванне вобразных матываў, кампазіцыйных і каларыстычных прыёмаў жывапісных карцін здатнае пашырыць і ўзбагаціць выразныя мажлівасці танца. Прыкладаў таму ў сучасным балетным тэатры шмат: гэта і радэнаўскі цыкл Леаніда Якабсона, і фантазія «Знакі» Каралін Карлсан, і балет «Шакунтала» Мары-Клод П’етрагалы, прысвечаны спадчыне Камілы Кладэль.
Сачыць за пачаткам творчага шляху асобы заўсёды цікава. Такія моманты дораць асаблівую асалоду першаадкрыцця, прадугадвання мажлівых кірункаў развіцця індывідуальнасці. У гэтым сэнсе ўбачанае можна назваць праекцыяй на будучае, дзе сярод цэлага вылучаюцца асобныя дэталі аўтарскага мыслення. Сярод іх — спалучэнне класічнай асновы руху з сучаснай пластыкай (вастрыня ракурсаў, вольныя лініі гнуткага корпуса, экспрэсіўны малюнак рук); імкненне да паэтычнай абагуленасці, вобразнай шматзначнасці і ў той жа час сэнсавай дакладнасці выказвання; эмацыйная напоўненасць руху, які становіцца правадніком у разнастайны свет чалавечых пачуццяў і настрояў; умелае выкарыстанне сцэнічных аксесуараў, якія набываюць характар сэнсавых акцэнтаў пастаноўкі.
Магчыма, маладому харэографу пакуль крыху бракуе вынаходлівасці і разнастайнасці лексічных фарбаў, але ж убачанае — толькі пачатак. Патэнцыялу ў Сяргея Мікеля хопіць не толькі на канцэртны вечар, але і на цэлы спектакль, які, дарэчы, наперадзе: «Наступны этап для мяне — стварэнне паўнавартаснага спектакля. Ёсць ужо музыка, ідэя, літаратурная аснова — “Вішнёвы сад” Чэхава, — дзеліцца творчымі планамі харэограф. — Таксама вельмі хачу, каб канцэрты выхаванцаў “Майстэрні” Валянціна Елізар’ева (сёння ў славутага балетмайстра таксама вучацца Юлія Мельнічук і Канстанцін Геронік, якія ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе ў прафесійным асяроддзі. — С.У.) сталі рэгулярнай і адметнай з’явай культурнага жыцця сталіцы». І ў пацвярджэнне сваіх думак Сяргей распавядае пра ідэю канцэрта, цалкам пабудаванага на музыцы беларускіх кампазітараў і сучаснай інтэрпрэтацыі харэаграфічнага фальклору. Пошук працягваецца... Чакайма новых адкрыццяў!