Аднак пры жыцці Віктар зрабіў нямала, у тым ліку і для старажытнага Заслаўя, якому прысвяціў свае апошнія 22 гады: пісаў карціны, збудаваў і распісаў Сабор усіх беларускіх святых, праводзіў пленэры маляванага дывана, зарганізаваў і шмат год кіраваў суполкай Творчага грамадскага аб’яднання «Мастак». Яго здабыткі шмат у чым падсумавала мемарыяльная выстава «Заслаўе. Імпрэсіі старога горада ў жывапісе Віктара Маркаўца» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Экспазіцыю вызначалі не толькі красамоўныя візуалізацыі гістарычных таямніц, але і канцэптуальныя вынаходніцтвы і выяўленчы наробак творцы.
Ураджэнец Віцебшчыны, Віктар ад першых крокаў у мастацтве ўвасабляў вобразы прыроды і гістарычныя знакі часу, што пабуджалі яго да творчасці, матывавалі тэмы і сюжэты карцін. Таму адну з галоўных сваіх выстаў ён назваў «Вясна на Докшыцкай Зямлі» (Мінск, выставачная зала Дома работнікаў культуры, 1991) ды прысвяціў яе мясцінам і артэфактам, што пазначалі шлях «з варагаў у грэкі», які праходзіў праз Віцебшчыну — старажытную Полаччыну...
Віктар Маркавец у творах імкнуўся пераадольваць ходкія стэрэатыпы. Мабыць, таму ніколі не баяўся згубіць свой твар у мастацтве, пашыраў сферы інтарэсаў, працаваў у залежнасці ад пастаўленых задач. Самавыяўляўся і як жывапісец, і як мастак габелена або маляванага дывана, як стваральнік прасторавых кампазіцый: межаў формы для ажыццяўлення задуманага не існавала. На выставе «Viktar Markavec. Impresje Historyczne» ў Надвіслянскім музеі ў Казімежы Дольным (1992) нароўні з жывапісам, але як дамінуючыя арт-аб’екты, былі прадстаўленыя шэсць дываноў — манументальных, выкананых у тэхніцы традыцыйнага народнага ткацтва. Экспазіцыі выстаў «Заслаўе — старажытны горад» (Мінск, Нацыянальны выставачны комплекс, 1992), «Помнікі дойлідства Беларусі» (выставачная зала Art Library Rutgers University, 1994) і «Старонкі гісторыі Заслаўя...» (Заслаўе, вежа Музея рамёстваў і народных промыслаў Беларусі, 1996) цалкам будаваліся на маляваных дыванах. Мастак не баяўся выступаць у ролі эксперыментатара. Красамоўныя прыклады яго супрацы з Алесем Разанавым, з якім стварыў шэраг этна-авангардных мастацкіх праектаў — «Яйкаквадраты» (Мінск, Нацыянальны выставачны комплекс, 1992), «Ісвы» і «Функцыянальныя кантэксты» (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, 1993), выстава-гульня, здзейсненая сумесна з мастацкай моладдзю «ZBANABZ» (Мінск, Нацыянальны выставачны комплекс, 1993), «Адваротная сіметрыя» (Мінск, мастацкія майстэрні па Дзімітрава, 2000) і іншыя. У шэрагу праектаў ствараліся прасторавыя кампазіцыі і інсталяцыі. Ды не толькі форма была адметнай у гэтым аўтарскім тандэме. Алесь Разанаў і Віктар Маркавец выразна, красамоўна дэкларавалі сінтэз мастацтваў, калі сааўтарамі выступаюць паэт і мастак, мастак і філосаф. І не вядома, што першаснае ў падобных злучэннях.
Выстава «Заслаўе. Імпрэсіі старога горада ў жывапісе Віктара Маркаўца» будавалася як чаргаванне залаў-блокаў паводле гістарычнай храналогіі. Міфалагема нараджэння і жыцця тысячагадовага горада ўтварала пульсацыю формаў і рытмаў ва ўсёй экспазіцыі, набываючы выразныя асаблівасці ў канкрэтных гістарычных раздзелах.
На выставе дамінаваў пазнавальны класічны гістарычны відарыс, акрамя яго былі паказаны маляваныя дываны, мастацкія схемы-рэканструкцыі радаводаў князёў і магнатаў, маштабныя харугвы з сюжэтамі славутых бітваў ды шэрагам гісторыка-этнаграфічных нацюрмортаў, якія творца невыпадкова называў рэчавідамі. Менавіта ім, маркаўцоўскім рэчавідам, нібы камертонам, надавалася асаблівая роля ў гістарычнай экспазіцыі. Яны прыцягвалі ўвагу гледача метафарычнасцю вобразаў, інтрыгавалі аповедамі, уздзейнічалі энергетыкай і ў значнай ступені фармавалі атмасферу. Размешчаныя па цэнтры залы, накшталт буйных пацерак у малітоўным ружанцы, гэтыя квадратныя жывапісныя палотны задавалі рытм усёй экспазіцыі.
Славутая «Прадзедава сяўня» (1999) экспанавалася на некалькіх айчынных і замежных выставах творцы. Цэнтральную частку карціны ачоліў унушальны вобраз саламянага шыяна з зернем, з ручкамі па бакавінах, да якіх падвязваўся льняны ручнік — так яго выкарыстоўвалі падчас пасяўной. Зімой яго прыстасоўвалі для зберажэння жыта да наступнага ўраджаю. У гэтай функцыі мастак і ўвасобіў шыян-сяўню. Месцамі абадраныя і пацёртыя бакавіны з саломы велічнага тэктонікай традыцыйнага сялянскага посуду праменяцца на фоне змрочнага атачэння ў прасторы карціны, у прасторы часу. А ззаду — пабітае, падрапанае, скарожанае тло, на яго падаюць водблескі святла жыццядайнай натуры. Уражанне ўзмацняюць крыдлы-прамені белага ручніка, кінутага па версе шыяна дзеля найлепшага захавання «народнага золата», якое ахоўвае стражнік часу — чорны крумкач... Здавалася б, звычайныя этна-нацюрморты пэндзля Віктара Маркаўца набываюць статус містэрый-прытчаў, падобных да тых, што гучалі ў даўнія часы ад гусляроў, якіх грамада слухала, стаіўшы дыханне. Песенна-міфалагічны лад выяўленчых паданняў, нібыта рэха стагоддзяў, падаўжалі ў экспазіцыі рэчавіды-карціны «На доле. Звон» (1999) — рэквіем разбураным храмам, зламаным лёсам, знішчаным і страчаным пакаленням, і «Апошнія ліхтары» (1990), дзе адухоўленыя выявы — покліч да святла гісторыі. Мастак пераводзіць гэтыя творы з жанру пабытовага нацюрморта ў статус архетыпаў сакральнай значнасці, апелюе да гістарычнай памяці. Адсюль і азначэнне гэтых прац — рэчавіды, таму што ў карцінах прадстаюць вобразы рэчаў, якімі карысталіся цягам эпох і якія мастак бачыць не столькі пабытовымі артэфактамі, колькі відавочцамі многіх падзеяў і з’яваў у жыцці народа.
Творы з шэрагу выстаў, прысвечаных Заслаўю, у тым ліку «Алюзіі і рэаліі магнатаў Пшаздзецкіх» (1998), «Магнаты Глябовічы і Заслаўе. Сімвалы прамаўляюць» (1999), «Заслаўе. Гістарычны краявід», сфармавалі аснову мемарыяльнага праекта «Заслаўе. Імпрэсіі старога горада ў жывапісе Віктара Маркаўца». Блізілася да завяршэння работа над выставай «Заслаўе Сапегаў», «Яўнут Гедзімінавіч, пачынальнік роду князёў Заслаўскіх». Дзве карціны, не закончаныя аўтарам, але важныя для паўнавартаснага адлюстравання гісторыі горада, дапісалі паслядоўнікі Віктара. «Конны партрэт Яна Казіміра Сапегі» завяршыў Алесь Барычэўскі, апошнія колеравыя акцэнты ў «Партрэце Яўнута Гедзімінавіча» расставіў Віталь Гуназа. Іх праца — каштоўная адзнака павагі да зробленага Віктарам, цяпер нават не ўяўляецца, як бы выглядала выстаўка без гэтага ўнёску.
Гісторыю Заслаўя Віктар Маркавец усведамляў не толькі і не столькі праз вобразы ацалелых помнікаў і партрэты, колькі праз рэканструкцыю забытых яе старонак. Было задумана правядзенне комплексу выстаў-рэканструкцый. З гэтай мэтай творца ўдзельнічаў у шматлікіх экспедыцыях па архівах Еўропы. Існуе няслушнае меркаванне, што Заслаўе толькі аднойчы «засвяцілася» ў нацыянальнай гісторыі — у канцы Х стагоддзя, калі сюды на сталае жыхарства прыбылі полацкая княжна Рагнеда з сынам Ізяславам. Насамрэч мінуўшчына горада багатая, вось толькі доказы гэтага панішчаныя ды параскіданыя па ўсім свеце. Перад вайной заслаўскія памяткі збіраў у сваёй варшаўскай рэзідэнцыі спадкаемца адных з апошніх уладальнікаў Заслаўя Аляксандр Пшаздзецкі. У верасні 1939-га ў рэзідэнцыю трапляе нямецкая бомба, калекцыя гіне. Яшчэ адна немалая частка збораў Пшаздзецкіх згарэла падчас Варшаўскага паўстання. Сярод страчанага — увесь архіў роду разам з перапіскаю Яна Глябовіча і каралевы Боны... Ужо ў мірны час са сховаў Нацыянальнай дзяржаўнай бібліятэкі Беларусі прапала большасць матэрыялаў пра Заслаўе, у тым ліку каштоўны інвентар 1753 года (на іх спасылаецца ў сваіх публікацыях гісторык Зміцер Даўгяла). З аддзела рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта згубіўся інвентар 1760 года (яго ўзгадвае Эдвард Ляўцявічус у манаграфіі «Папера ў Літве XV—XVIII ст.»). Знік цэлы шэраг дакументаў з навуковага аддзела бібліятэкі Беларускага ўніверсітэта. Даводзілася аднаўляць цэлыя перыяды гісторыі Заслаўя. Бывалі рэдкія ўдачы, як знаходка ў Кракаўскім музеі, у фондах магнатаў Чартарыйскіх, гербоўніка роду Глябовічаў і «Панарамы Заслаўя», выкананай у 1753 годзе Лявонам Баратынскім па замове Адама Чартарыйскага, які пэўны час валодаў часткай Заслаўя і меў да горада і яго гісторыі моцны сентымент. Віктару ўдалося зрабіць дакладную копію панарамы і экспанаваць яе на заслаўскіх выставах. Каштоўнасць знаходкі яшчэ і ў тым, што па сёння гэта толькі адзіная выяўленая панарама з усёй працяглай гісторыі Заслаўя. Маркавец усведамляў свой абавязак стварыць мастацка-дакументальны вобраз сучаснай панарамы мясціны, які ўжо для наступных пакаленняў таксама зробіцца часткай вялікай гісторыі. З усёй адказнасцю і імпэтам мастак прыступіў да пачэснай працы, напісаў зімовую, убачаную з боку Мінска панараму «Заслаўе. Курганы пад Замачкам» (2005) і летнюю, што адкрываецца з супрацьлеглай часткі горада, — «Заслаўе. Панарама з Дзехнаўскай гары» (2005). Абедзве памерам 100х280 см, ахопліваюць комплексы гістарычных, архітэктурных і ландшафтных аб’ектаў і абагульняюць абрысы старадаўняй мясціны, дзе камяні і дрэвы, крыніцы і рэчкі, курганы і гарадзішчы — носьбіты гістарычнай памяці стагоддзяў, дзе вобразы трымцяць жывой энергіяй фарбаў. Панарамы адметна аздобілі экспазіцыю мемарыяльнай выставы.
Размешчаныя ў вялікай прасторы галерэі — як і ў натуральным асяродку Заслаўя — адна супраць другой, яны ўтваралі выразную галоўную сэнсава-эмацыйную лінію. Абедзве працы ўпершыню экспанаваліся на выставе «Заслаўе. Гістарычны краявід», у якой прадстаўляліся і 18 іншых рознамаштабных жывапісных карцін, напісаных паводле рэальна існых краявідаў горада. Большасць з іх таксама экспанавалася на выніковай выставе «Заслаўе. Імпрэсіі старога горада ў жывапісе Віктара Маркаўца». За ўяўнай простасцю рэалістычнага вобраза прыхаваны ўдумлівы аналіз гістарычнага ландшафту. Да ўнікальных гістарычных краявідаў належыць увасабленне Чорнай гары, размешчанай уздоўж вуліцы Вялікай. У сваім творы мастак ачысціў гару ад позніх пабытовых напластаванняў і абраў для карціны ўдалы ракурс — з боку чыгункі яна бачыцца выразнай і маляўнічай. Чорная гара — адзін з самых таямнічых гісторыка-ландшафтных пунктаў горада, таму так важна было ўвасобіць праўдзівае аблічча амаль страчанага помніка. Чорны колер у назве — згадка пра свет памерлых. Культ рознакаляровых гор ды горак быў распаўсюджаны ў перыяд пераходу да раллёвага земляробства ад гары Кронаса на Крыце да свяцілішча Святавіда на Балтыйскім моры. Ён характарызуецца шанаваннем месцаў, дзе адбываліся язычніцкія абрады. Не менш таямнічая падаплёка карціны «Курганы ля дарогі на Мінск. Хведзькін крыж» (2005), на якой — маляўнічы вобраз адзінай у Заслаўі рэканструяванай курганнай групы, а таксама выява неацалелага гістарычнага аб’екта пад назвай Хведзькін крыж. Фота яго знаходзім у ілюстрацыях даследавання Аляксандра Ляўданскага «Архэолёгічныя раскопкі ў м.Заслаўі Менскай акругі» (1928). Да нашага часу Хведзькін крыж не захаваўся. Старажылы горада сведчаць, што падчас рэканструкцыі ў 1959—1960 гадах дарогі Мінск — Маладзечна, якая раней праходзіла праз Заслаўе, ён апынуўся пад насыпам і асфальтам.
Карцінай-брэндам як выставы краявідаў 2005 года, так і апошняй — 2015-га, азначу твор «Заслаўе. Цішыня гісторыі» (2005). Сваім зместам — велічны від на гарадзішча з храмам праз разліў летапіснай Свіслачы — і назвай яна нібыта падводзіць рысу, падсумоўвае ўдумлівыя назіранні мастака, яго асэнсаванні гістарычных каштоўнасцяў аднаго з найстаражытных беларускіх гарадоў, якія не ўкладаюцца ў фармальнае паняцце «аб’ект гісторыі». Праз серыі выстаў гістарычных карцін, прысвечаных Заслаўю, творца звяртаў увагу сучасніка не толькі на персоны і з’явы гісторыі горада, але і на патэнцыял гістарычнага ландшафту — як метафізічнай прасторы матэрыяльных і духоўных скарбаў, значэнне якіх адметнае і не мае межаў у прасторы і часе.
Таццяна МАРКАВЕЦ-ГАРАНСКАЯ