Прастора перасячэння

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Выстава «Баль каралёў» працягвае традыцыю, якая ўсталявалася ў Нацыянальным мастацкім музеі колькі гадоў таму: адзначаць Каляды адмысловым выставачным праектам. На гэты раз экспазіцыя ў зале музея прэзентавала графічныя аркушы В.Славука, арт-лялькі Г.Балаш і фатаграфіі Д.Парнюка, а таксама сумесныя аб’екты двух апошніх мастакоў. Арт-дэкор, тэкстыль, мастацкія аб’екты, відэа, музыка стваралі асаблівы настрой свята і гульні. Героямі выставы сталі тры сімвалічныя персанажы -- Кароль, Каралева і Блазан, а асноўная ідэя гучала так: «Рэальная прастора даўно знаёмага горада (Мінска) і ўнутранае ўспрыманне яго мастакамі, перасякаючыся, нараджаюць казку з самых звычайных, на першы погляд, аб’ектаў».

Таццяна Бембель: Нейкі час таму я сфармулявала для сябе адну з асноўных жыццёвых заканамернасцей: «Падобнае прыцягвае падобнае, а выдатнае прыцягвае выдатнае». У нашым выпадку не людзі былі падабраны «пад праект», а праект быў створаны «пад людзей», якія «прыцягнуліся» адзін да аднаго нібы выпадкова. Падобныя ў нас коды ўспрымання, гісторыя сталення, манера жартаваць, нарэшце. У дадзеным выпадку нас аб’ядналі адносіны да Мінска, дзе мы нарадзіліся і выраслі. Нам цікавы наш горад. Я хачу падкрэсліць слова -- наш. Канкрэтна мой, канкрэтна Ганнін, канкрэтна Данілаў, канкрэтна Дзімаў (я маю на ўвазе Дзмітрыя Вераб’ёва, кіраўніка групы «Механічныя апельсіны», аднаго з аўтараў саўнд-трэка да праекта). Рана ці позна чалавек, калі яго развіццё адбываецца правільна, задае сабе пытанні: «Адкуль я такі ўзяўся? І чаму я такі?» Мы «ўзяліся» адсюль. І пра тут у гэтым праекце мы расказалі адзін аднаму ўсё, што хацелі: свае казкі, свае мары, свае дзіцячыя крыўды на гэты горад, сваю любоў да яго.
Даніла Парнюк: Фатаграфія -- дакумент рэальнасці, сфатаграфаванаму мы па-ранейшаму верым, бо фарбы фатографа -- само жыццё. Мастак увасабляе сваё бачанне ў матэрыяле. У мастака і фатографа розныя кананічныя тэрыторыі, знайсці мяжу перасячэння двух мастацтваў, не страціўшы праўды і выразнасці, -- цікавая творчая задача. Мая фатаграфія -- жанравая. Яна даследуе чалавека, яго ўзаемадзеянне з прасторай. Аб’екты Ганны -- лялькі, яны сінтэзуюць у сабе персанальную міфалогію, метафізіку матэрыялу і гісторыю моды (стылю).
 /i/content/pi/mast/7/171/Prastora1.jpg
 
Мастакі не проста развесілі карціны на сценах, а працавалі з канкрэтнай прасторай на розных узроўнях яе асваення. «Прасякалі» вокны -- відэа, фатаграфіі, графіка; перагароджвалі і трансфармавалі аб’ём памяшкання, з дапамогай арт-аб’ектаў стваралі прыпынкі і акцэнты...
Д.Парнюк: У пабудове экспазіцыі мы дамагаліся эфекту нагнятання ці прывядзення (прасторы і гледача) у асаблівы стан, так званага саспенсу (suspence). Персанажы Славука, лялькі Балаш, фатаграфіі горада з міфалагічнымі насельнікамі, відэаанімацыя з магутным гукавым суправаджэннем па нашай задуме павінны былі перацякаць адно ў адно, памнажаючы свае патэнцыялы для стварэння асаблівага настрою экспазіцыі.
Быў ужыты метад накладання дзвюх выяў у серыі работ Г.Балаш і Д.Парнюка. Я разумею гэты прыём як своеасаблівую дэканструкцыю, калі ўстойлівая структура распадаецца і пры гэтым з’яўляюцца новыя сэнсы. Але шчыра: я не знайшла кропку перасячэння гэтых выяў і таму засталося пытанне: «Якім чынам выявы сумяшчаліся -- механічна, кампазіцыйна, сюжэтна?»
Д.Парнюк: У маёй жанравай фатаграфіі на гэты раз персанажамі сталі не гараджане, а гарадскія міфы, якія ўвасабляюць Кароль, Каралева, Блазан. Выкананыя Ганнай у спецыяльнай тэхніцы (малюнак пластылінам на шкле), яны сталі часткай гарадскога ландшафту. Свет мастака, увасоблены ў гэтай тэхніцы, стаў аб’ектам фатаграфічнага даследавання. Горад упусціў у сябе новых персанажаў і высвеціў новыя сэнсы ўжо прывычнай і пазнавальнай прасторы Мінска. Каменныя шары на набярэжнай Свіслачы ў парку Янкі Купалы сталі акамянелымі яйкамі дыназаўра, гарадская тэлевышка -- гняздом дракона, вежа будынка на вуліцы Алега Кашавога -- тэмай бітвы каралеўскага войска, над праспектам Незалежнасці супраць руху машын цмок ганяе гарадскіх галубоў. У прасторы здымка міфалагічныя персанажы ажываюць, яны пачынаюць уплываць на свядомасць гледача, таму што фатаграфія прымушае глядзець на выяву як на дакумент. На паверхні здымка (а фатаграфіі надрукаваны на тонкай плёнцы і наклеены на празрыстую шкляную аснову) адлюстроўваецца і сам глядач, нібы трапляючы ў прастору кадра...
Т.Бембель: Мы расказвалі свае гісторыі пра гэты горад, выкарыстоўваючы тыя сродкі, якія ў кожнага былі ў руках: іголка з ніткай, фотакамера, камп’ютэрная клавіятура, скрыпка, ды... што заўгодна... Вось адна з гісторый, якую мы прыдумалі паралельна рабоце над фатаграфіямі. 

Пагоня за голубам, ці Ілюзіі маладосці
Юны Цмок, што вылупіўся з велізарнага круглага яйка на набярэжнай у скверы Янкі Купалы, рос не па днях, а па гадзінах. Да таго ж, ён яшчэ па-дзіцячы шмат рухаўся. Таму ўвесь час хацеў не столькі баляваць, колькі есці, есці... Вельмі яму падабаліся мінскія галубы. За імі ганяўся цэлымі днямі. У гэтым захапленні быў не толькі
 /i/content/pi/mast/7/171/Prastora2.jpg
 
гастранамічны, але і рамантычны складнік. Суправаджаючы Караля і Каралеву на прагулку ў Парк імя М.Горкага, Цмочак пралятаў міма барэльефных медальёнаў на сценах дамоў. Там на блакітным фоне ён пабачыў парачку галубоў, павернутых адзін да аднаго дзюбкамі -- такіх белых, такіх прыгожых, такіх ідэальных! У псіхалогіі ёсць такое паняцце -- «навязаны вобраз», ці «комплекс Асоль». Юны Цмок пакахаў. Ён насіўся ўздоўж і ўпоперак праспекта, навыперадкі з машынамі. Глядзі, малы, аварыйных сітуацый не стварай, -- казаў Блазан строгім голасам. – І аб сценку не стукніся. А з галубамі завязвай. Яшчэ Пікаса пісаў Элюару: «І чаму голуба выбралі сімвалам міру? Тупая, нахабная птушка». Цмок засаромеўся і засумаваў: ён быў уражлівы. Ён быў дзяўчынкай.
Гісторыі і казкі прыдумваліся лёгка і весела, але мы, урэшце, вырашылі абысціся без літаратурнай часткі.
Мне падаецца цікавай ідэя стварэння міфалогіі горада. Яна лунае ў паветры. Стварэнне свайго, асвоенага асяроддзя ў горадзе, дзе слаба адчуваецца тое, што называюць духам гісторыі, дзе адбываецца «стэрылізацыя прасторы», калі з цэнтральных вуліц прыбіраюцца ўсе выпадковасці (ці гэта мастакі, ці кіёскі), і можа вырашацца такім радыкальным чынам -- праз надзяленне куточкаў горада сваёй уласнай міфалогіяй.
Т.Бембель: Кожнае дзіця ведае: калі цябе нечым не задавальняе навакольны свет -- ствары свой. І будуе свае замкі ў пясочніцы і свае «дамы» -- пад сталом, на дрывотні за склепам... З часам прыходзіць такая ідэя: а ці не лепей будаваць унутры сябе? -- надзейней будзе. Не згарыць і не разваліцца. Накопленае ўнутры, аднак, перыядычна просіцца вонкі -- сама прырода штодзённа нагадвае нам пра гэта. Што ж тычыцца міфалогіі Мінска, так бы мовіць, агульнага карыстання -- наш горад, на жаль, не можа пахваліцца яе наяўнасцю ў тым маштабе, у якім гэта існуе, напрыклад, у Пецярбургу, Венецыі, іншых казачных гарадах... Але часам менавіта стэрыльнасць, незапоўненасць навакольнага асяроддзя можа справакаваць моцнае аўтарскае «выпраменьванне». Прырода не церпіць пустэчы. Вось які каментар застаўся за кадрам галоўнага здымка экспазіцыі «Баль каралёў» з выявай уласна балю: 

Пікнік
Кароль і Каралева любілі абедаць у эстэтычнай абстаноўцы. Часта гэта кампенсавала беднасць самой трапезы. І гэта было не позай, а стылем. А стыль меў месца, што і казаць. Нават валёнкі Караля і дзіркі на калготках Каралевы ўспрымаліся іх калегамі па каронанашэнні не як даніна падагры ці сведчанне адсутнасці грошай у казне, а як смелая, аднак прадуманая частка іміджу pauvreté volontaire (фр. -- добраахвотная беднасць). А Блазан увогуле хадзіў босым. Гэта ў яго засталося з часоў захаплення вучэннем Рама Крышны. А яшчэ Іх Вялікасці любілі есці так, каб агляд быў добры, з прыгожымі відамі ва ўсе чатыры бакі. Плошча перад Палацам прафсаюзаў падалася ім прыдатнай для пікніка. Тым больш, што дарога ад Парка імя Горкага, дзе яны любілі гуляць, так званая стометроўка, устаўленая прыгожымі вазамі, вяла ўперад і ўверх, намякала і запрашала. «Які прыгожы горад! -- усклікнула Каралева -- Асталюемся тут».Д.Парнюк: Мінск -- гэта горад, у якім мы жывем, якім натхняемся і... карыстаемся, часам «на аўтамаце». Горад, які настолькі становіцца часткай нас саміх, што мы перастаём яго заўважаць. Наш праект -- яшчэ і спроба сумясціць прыватнае (прастора персанальнай міфалогіі -- нашы гарадскія гісторыі, перажыванні, наш погляд на горад) і публічнае (сама прастора горада). Паказаць, што ў кожнага ёсць «свой» горад і ва ўсіх ёсць «наш» горад. Нашы з Г.Балаш аб’екты экспазіцыі складаюцца з дзвюх сумешчаных адна з адной асноў, на якія нанесены выявы. Адна на шчыльную і непразрыстую, другая -- на ілюзорную і празрыстую, так, каб праз адно можна было б бачыць другое. Так і наш погляд на свет мяняецца ў залежнасці ад таго, праз які фільтр мы на яго глядзім.

Алеся Белявец