Увогуле, што знаходзіцца «за формай» у творчасці майстра?У мастацтве можна схавацца за вобразам, замаскаваць свае думкі і пачуцці. І толькі глядач, крытык, мастацтвазнаўца будуць расшыфроўваць твор, шукаць сэнсы альбо эмоцыю — адпаведную ноту-настрой. Таму герменеўтыка — гэта заўсёды пошук. Ці ёсць сэнс прывязвацца да назваў розных выстаў і праектаў? Не заўсёды. Упэўнена, яны могуць як дапамагчы гледачу, так і рассыпаць тое, што ён знайшоў у працэсе стасункаў з працамі. Таму, акрамя інтэрпрэтацый Дзмітрыя, прапаную і свае асацыяцыі наконт прадстаўленых скульптур.
Адразу адзначу: у арт-гасцёўні можна ўбачыць і праекты, а таксама аскепкі матэрыялаў, з якімі працуе творца. Але маю ўвагу прыцягнулі скульптурныя работы. Што ўразіла? «Чалавек без скуры». Стаіць упэўнена, трымаючы ў адной руцэ нажніцы, а ў другой — сваю скуру. Як мне падаецца, гэтае агаленне — спроба даказаць натоўпу (тут вырашыла пафантазаваць) невінаватасць. А што скажа аўтар?
«Калі чалавек агаляе свае адчуванні і эмоцыі, адкрываецца, то людзі часта гэтым карыстаюцца. Мяне цікавіць грамадства, тыя з’явы, якія адбываюцца ў ім», — расказвае Дзмітрый.
Скульптура «Разважанні пра Ікара» нагадала знакамітую легенду пра сына Дэдала. Дзмітрый зрабіў крыло цяжкім, грувасткім, здаецца, яно праглыне юнака. Але я памылілася: творца не выкарыстоўвае сюжэт міфа. Адзінае запазычанне — вобраз, якому аўтар дае новае жыццё ў нашай паўсядзённасці.
«Герой думае, куды ісці далей: у прорву або ўверх? Здараецца, чалавек бывае на раздарожжы, — дадае скульптар. — Куды рухацца? Што рабіць? А да міфалогіі, як спачатку можна падумаць, я не прывязваюся».
Сустрэла «Пастуха», знаёмага яшчэ па «Восеньскім салоне». Памятаю, як некаторыя з наведнікаў паглядалі на твор са здзіўленнем: незразумела, што хацеў сказаць аўтар? Скульптура цікавая і тым, што яе можна інтэрпрэтаваць па-рознаму: ад вобраза адзінокага пастуха (якога ў асноўным і бачылі) да чалавека, які змог вырвацца з натоўпу і павесці яго за сабою... Дзмітрый Аганаў перадае стан адзіноты і задуменнасці, эфект узмацняецца пры дапамозе таніроўкі — паціны.
«“Пастуха” можна інтэрпрэтаваць як грамадства. І як вечнасць. У маёй рабоце ёсць тайна. Хто стаіць? Магчыма, пастыр. Альбо Хрыстос. Спачатку запланаваў дэталёва прапрацаваць будучую працу. Але потым усё змянілася. Падчас работы захапіўся Брэйгелем і Босхам. У Босха няма канкрэтыкі, ягоныя вобразы ўмоўныя, і ён дае магчымасць дадумаць твор. Я павінен быў знайсці сваю меру паміж прапрацоўкай і ўмоўнасцю».
Аднойчы Дзмітрый сказаў, што работа павінна прымушаць гледача альбо суперажываць, альбо фантазаваць. Сапраўды важна, каб ён не заставаўся абыякавым?..
«Гледача трэба правакаваць на дыялог. Няхай наведнік падцягваецца да твора, спрабуе паглыбіцца ў яго сутнасць. Альбо фантазуе. Праз час жыццё ўсё роўна выправіць недагляд. Ідэя адной маёй працы — “Міраж у Эгейскім моры” — прыйшла пасля адпачынку ў Радосе. Памятаю момант: плыву на караблі ў чаканні, здаецца, быццам скрозь туман штосьці з’явіцца. Успамін і адчуванне сталі асновай той скульптуры».
За кожным творам Дзмітрыя Аганава ляжыць гісторыя-разважанне — пераасэнсаваная і адчутая.
Вольга РОПАТ