Сярод нацыянальных кінематаграфій «гуманітарную» лінію цяпер стабільна вытрымліваюць, мабыць, толькі краіны Паўночнай Еўропы. Мо таму, што сацыял-дэмакратычныя перакананні факусуюць аўтараў на г.зв. маленькім чалавеку, а мо таму, што пратэстанцкі менталітэт прымушае бесперапынна зазіраць унутр саміх сябе.
Трэба адзначыць, беларускі фестывальны глядач шануе гэтую адданасць аднойчы абранай тэматыцы. Шмат у чым тое звязана з цікавасцю да самой Скандынавіі, у асаблівасці Швецыі, за якой у нас умацаваўся імідж адной з самых шчасных і заможных краін свету. Але, верагодна, справа яшчэ і ў вельмі падобных тэмпераменце, менталітэце: героі скандынаўскіх гісторый успрымаюцца намі нібыта блізкія людзі. А тэмы і праблемы ў шведскіх, дацкіх, нарвежскіх і ісландскіх фільмах выглядаюць тыповымі і для нашага грамадства.
Паўночнаеўрапейскае кіно — часты госць у беларускім пракаце, шмат у чым дзякуючы моцнаму міжнароднаму фестывальнаму рэзанансу і гучным аўтарскім імёнам. Традыцыя звязваць нацыянальныя кінематаграфіі гэтых краін толькі з адным імем ідзе яшчэ з часоў, калі пры словах «дацкае і шведскае кіно» на розум адразу прыходзілі імёны абсалютных класікаў — Карла Тэадора Дрэера і Інгмара Бергмана. Значна пазней кінаманы адкрылі для сябе выдатны і агідны свет фільмаў Ларса фон Трыера. Ужо на рубяжы дзевяностых і двухтысячных гучна стрэліла дацкая «Догма». Імёны датчаніна Томаса Вінтэрберга, шведа Лукаса Мудысана, а ў апошні час Нікаласа Віндзінга Рэфна і Рубена Эстлунда ўпрыгожваюць афішы арт-кінацэнтраў на ўсіх кантынентах. Скандынаўскія кінематаграфісты з лёгкасцю адаптуюцца ва ўмовах глабалізацыі і ўжо самі ўплываюць на развіццё сусветнага кінапрацэсу, уключаючы нават Галівуд.
Кіно Скандынавіі заўсёды было куды больш разнастайным, чым тое можа падацца. Адлюстраваць яго шматграннасць якраз і быў прызваны міні-фестываль «Паўночнае ззянне». Сёлета ён праходзіў у Мінску і Віцебску ўжо ў другі раз пры падтрымцы Савета міністраў Паўночных краін і адпаведных дыпламатычных прадстаўніцтваў. Але, у адрозненне ад большасці стандартных пасольскіх «дзён» і «тыдняў», арганізатары прадставілі вельмі прадуманую і разнастайную праграму. У ёй знайшлося месца фільмам з усіх чатырох скандынаўскіх краін і Фінляндыі, краіны — члена Паўночнага Савета, у якой апошнія дзесяцігоддзі кінаіндустрыя актыўна набірае абароты. Зразумела, цалкам адлюстраваць увесь спектр нацыянальных кінематаграфій пяці краін за чатыры дні і праз восем фільмаў немагчыма. Аднак пэўнае меркаванне пра адначасова далёкае і блізкае нам кіно і грамадства скласці было можна. Тым больш што паказы суправаджаліся вельмі цікавымі майстар-класамі ад фінскіх і дацкіх гасцей і аўтараў фестывальных работ. Усе стужкі былі забяспечаныя субцітрамі на беларускай мове, на беларускай жа вяліся ўсе мерапрыемствы і гучаў сінхронны пераклад сустрэч гасцей з гледачамі.
Паўночнаеўрапейскія кінематаграфіі ўключаны ў глабалізацыйныя працэсы, але не падпарадкаваныя ім. Узяць хоць бы маленькую ва ўсіх сэнсах Ісландыю з яе 300-мі тысячамі насельніцтва, што вядомая, хутчэй, сваёй рыбалоўнай галіной. З пачатку двухтысячных у гэтай краіне назіраецца сапраўдны бум кіно.
Паказаныя на «Паўночным ззянні — 2016» ісландскія стужкі цалкам адлюстроўваюць агульную карціну нашых уяўленняў пра ісландцаў і іх краіну. «Гара цнатлівасці» Дагура Кары шмат у чым працягвае тэму яго работы «Ной — белая варона» пачатку двухтысячных. І там, і там узнімаецца пытанне сацыялізацыі. Толькі калі ў «Ноі» гаворка ідзе пра сацыялізацыю падлетка, то ў «Гары цнатлівасці» з вялікім тактам і сімпатыяй распавядаецца пра чалавека сталых гадоў, які хоча развітацца са сваім інфантылізмам.
У «Лэнд Хо!» Аарона Каца і Марты Сцівенс мы маем магчымасць паглядзець на ісландскія прыгажосці вачыма двух амерыканскіх сяброў-пенсіянераў. З дапамогай паездкі ў адну з найбольш экзатычных краін свету яны спрабуюць разабрацца са сваім унутраным узроставым крызісам і назапашанымі за гады праблемамі. Фільм цікавы тым, што выдатна рэкламуе мясцовы турыстычны рай. Пасля знакамітага банкаўскага крызісу канца двухтысячных Ісландыя актыўна некалькі гадоў запар развівае турыстычную галіну, і на прыкладзе «Лэнд Хо!» добра бачна, што кіно выдатна ўпісваецца ў сучасныя маркетынгавыя схемы.
Нарвежскі фільм «Супраць прыроды» Оле Г’явера і Мартэ Волда шмат у чым перасякаецца з ісландскай «Гарой цнатлівасці». Героі і той, і другой карціны сутыкаюцца з унутранымі канфліктамі і намагаюцца самастойна іх вырашыць. У нарвежскай стужцы герой спрабуе пры гэтым адасобіцца ад цалкам камфортнага і нават прыемнага на першы погляд соцыуму. Унутраны канфлікт вельмі часта выходзіць на першае месца ў скандынаўскіх аўтараў. Што праяўляецца нават у падлеткавым кіно — шведская карціна Саны Ленкен «Мая худзенькая сястра» вельмі дакладна апісвае ўнутраны свет дзіцяці, якое становіцца дарослым, яго надзеі, страхі і прыхільнасці.
Дацкае кіно на фестывалі было прадстаўлена таксама дзвюма карцінамі — «Ітсі-бітсі» Оле Хрысціяна Мадсэна і «Сэкс, наркотыкі і падаткаабкладанне» Крыстафера Боэ. У адрозненне ад іншых, гэтыя фільмы больш дарагія і складаныя ў сэнсе пастаноўкі, бо распавядаюць аб яркіх асобах дацкай гісторыі 1960-х. Але тэма ўзаемаадносін індывіда і навакольнага свету прасочваецца і ў іх. Аўтар першай карціны асабіста прадстаўляў яе ў Мінску і правёў вельмі змястоўны майстар-клас, дзе дзяліўся ў тым ліку і сваім вопытам працы над амерыканскімі тэлесерыяламі.
Стрыманая эмацыйнасць, закрыты, паглыблены ў сабе характар і пратэстанцкі менталітэт, які дазваляе разлічваць толькі на свае сілы, — скандынаўскае кіно засяроджваецца на экзістэнцыяльнай тэматыцы, але дае яе з няхітрай прастатой і функцыянальнасцю прадукцыі кампаніі «IKEA». Асабняком тут стаіць куды менш вядомае ў нас фінскае кіно. Фінляндыя, нягледзячы на моцны шведскі ўплыў (шведская мова да гэтага часу там другая дзяржаўная), самастойна праклала дарогу ў кіно. Падобна Бергману, які накіраваў пакаленні шведскіх кінематаграфістаў у бок псіхалагізму, Акі Каўрысмякі зарыентаваў сваіх малодшых калег на пэўную эксцэнтрычнасць і абсурдысцкі камізм у паказе суайчыннікаў і праславутага фінскага характару. Абедзве фінскія стужкі ў праграме цалкам адпавядалі гэтаму трэнду. «Вясковыя жыхары» (фільм асабіста прадстаўляла рэжысёрка Мар’я Пююкка) — карціна адкрыцця фестывалю, цалкам пабудаваная на смешных мудрагелістых характарах жыхароў паўночнай вёскі, якія чакаюць прыезду прэзідэнта. А чорная камедыя «Перашкоды» Алексі Салменпера зацягвае гледача ў свет абсурду, які мае ўсе відавочныя прыкметы стылю нуар.
З прагледжаных на фестывалі работ і гутарак з гасцямі можна было яшчэ раз зразумець, што вельмі эфектыўная мадэль фінансавання і спрыяльная эканамічная сітуацыя дазваляюць аўтарам з Паўночнай Еўропы не толькі свабодна выказваць сябе, але і выконваць грамадскі заказ. Удалы лёс іх нацыянальных кінематаграфій дае магчымасць быць ім той самай soft-power — «мяккай сілай», ледзьве не лепшым аргументам дыпламатыі на сусветнай арэне. Праўда, апошнім часам грошы на пастаноўкі даводзіцца збіраць гадамі нават такім прызнаным майстрам, як той жа Оле Хрысціян Мадсэн. Але «Паўночнае ззянне» даказала: сакрэт поспеху скандынаўскага і фінскага кіно не толькі ў фінансаванні. Часцей за ўсё паўночнаеўрапейскае кіно камернае, простае ў пастановачным плане. Яно нацэлена на ўнутраны свет чалавека, аднак раскрывае яго хутчэй праз візуальны шэраг, чым праз дыялогі. Парадаксальным чынам закрыты характар людзей у ім спалучаецца з адкрытасцю і добразычлівым стаўленнем да ўсяго свету. Аўтары фільмаў імкнуцца быць, а не ўяўляць нешта з сябе. І гэта іх жаданне наколькі нам сімпатычна, настолькі ж нас ад іх аддаляе.
Антон СІДАРЭНКА