А эксперты адгледзелі 774 спектаклі, і толькі 68 твораў (драматычных, оперных, балетных, танцавальных і эксперыментальных) склалі конкурс. Крыўдна і дзіўна, што ў спіс намінантаў не трапілі «Мёртвыя душы» ў пастаноўцы Кірыла Сярэбраннікава (тэатр «Гогаль-цэнтр», Масква): спектакль давёў сваю вартасць паспяховым удзелам у буйных міжнародных фэстах Авіньёна, Вены (Wiener Festwochen) і Белграда (BITEF).
Лепшым спектаклем вялікай формы названы «Сон у Іванаву ноч» у пастаноўцы Івана Папоўскі (тэатр «Майстэрня Пятра Фаменкі», Масква). Два гады македонскі рэжысёр падбіраў акцёрскі склад, кшталціў канцэпцыю і — самае галоўнае! — дамагаўся лёгкасці выканання ў адмысловым чароўным лесе з рухомых чорна-белых палотнаў-ліянаў. Персанажы пасоўваліся ўгару і долу, коўзаліся, слізгалі, блыталіся ў іх і канвульсавалі (дзівосная, поўная фантазіі праца харэографа Алега Глушкова). Сімфонія тканін — ці не найважнейшы элемент спектакля. Пасля гэтага казачнага дзеяння падумалася, што па 2012 годзе, па смерці майстра, заснавальніка і лідара тэатра Пятра Фаменкі, у майстэрню нарэшце вярнуўся дух тэатральнасці, гульні дзеля гульні.
Праз паэтыку сюррэалізму і сваю ўласную методу «неліноўнага тэатра» рэжысёр Юрый Бутусаў вырашыў «Бег» Міхаіла Булгакава (Тэатр імя Яўгена Вахтангава, Масква). Усе месцы дзеяння (Крым, Канстанцінопаль, Парыж і Пецярбург) рэжысёр звёў да велізарнай пустой сцэны і вузкай палоскі авансцэны, адгароджанай жалезнай заслонай. Спектакль вельмі нагадвае існаванне чалавека ўва сне: узнікаюць і вельмі хутка знікаюць выявы і апорныя сэнсы, саступаючы месца іншым выявам і сэнсам. Ствараецца ўражанне, што персанажы існуюць не ў рэальнасці, а ў чыімсьці ўяўленні. Логікі гледачу не дашукацца, застаецца падпасці пад асацыяцыі і занурыцца ў падсвядомае — у жудлівыя, хваравітыя, страхотныя сны пра грамадзянскую вайну.
Нешта цалкам процілеглае прапануе рэжысёр Роберт Уілсан у Тэатры Нацый (Масква). Ён стварыў «Казкі Пушкіна» як альбом з лубочнымі малюнкамі ў традыцыях рускага авангарду 1920-х. Міжсобку дачыняюцца не так персанажы, як святло, гук і рытм; акцёры пераўтвораныя ў лялек з набеленымі тварамі, са строгай партытурай рухаў і выразнай мімікай.
Лепшым спектаклем малой формы прызнаны «О-й. Поздняя любовь» Дзмітрыя Крымава (тэатр «Школа драматычнага мастацтва», Масква). Рыхтык як пастаноўку Папоўскі, работу Крымава паводле Аляксандра Астроўскага можна назваць татальнай гульнёй. Рэжысёр прагне засяродзіцца на сюжэтных лініях і героях, важных яму самому, тэкст выварочвае, цягне на пляцоўку процьму ўсялякай «адсябеціны», ператвараючы персанажаў у дзіўныя гратэскавыя істоты. І праз усё гэта яму выпадае заглыбіцца ў сэнс п’есы, а словы класіка (ад якога ў афішы засталіся дзве літары — О[стровски]й) гучаць так, быццам напісаны толькі што: артысты (усе ролі выконваюць студэнты) падаюць звыклыя рэплікі з новымі інтанацыямі, нібы й не ведаюць, якія сэнсы хаваюцца за словамі. Тэкст становіцца адным з элементаў гульні.
...Драматург напісаў п’есу і расклаў перад сабой аркушы. Але нечакана прабегла мышка, махнула хвосцікам, каламар пабіўся, атрамант заліў рэплікі. Перапэцканыя, пераблытаныя і часткова страчаныя аркушы трапілі да артыстаў, якім выпадае ствараць новую, актуальную гісторыю. Тэкст можна запісаць і агучыць праз фанаграму, незразумелыя словы альбо рэплікі — прамыкаць (а каб глядач не памыліўся, удакладніць праз бягучы радок), прагаласіць, як на хаўтурах, праспяваць, ператлумачыць карнавальным прыёмам ці цыркавым трукам. Вастрыні дадае і тое, што ў характарных ролях старых заняты жанчыны, а энергічных кабет іграюць мужчыны (выключэнне — ролі закаханых). Для пераўвасабленняў шчодра выкарыстоўваюцца накладныя насы, бровы, лысіны, мудрагелістыя парыкі, вампіравыя вочы. «Позняе каханне» — віртуозны спектакль, у ім правяраюцца акцёрскія ўмельствы і здольнасці даводзіць публіку да экстазу.
Лепшым рэжысёрам вызначаны Андрэй Магучы за спектакль «П’яныя» Івана Вырыпаева (Вялікі драматычны тэатр імя Георгія Таўстаногава, Санкт-Пецярбург), дзе таксама вядзе рэй гульня, закладзеная драматургам і падхопленая пастаноўшчыкам. Усе персанажы, так званыя прадстаўнікі капіталізму, — і дасведчаныя, і вельмі маладыя, іх жонкі, іх топ-мадэлі ўвесь час п’юць — дома, у рэстаране, у бары. У іх развязваюцца языкі (ці загаворваюць душы), і яны разважаюць пра сэнс жыцця, Бога і богашукальніцтва. Выпрастацца/працверазець здужалі адзінкі, дый тое на імгненне, бо ногі ўвесь час падгіналіся, а целы ссоўваліся па мяккай паверхні — абкладзены матамі подыум сцэнографа Аляксандра Шышкіна меў заўважны ўхіл. Пастаноўка Андрэя Магучага — пра агульную хлусню, у яе ўлонні так камфортна пачуваецца сучасны чалавек, няўстойлівы як целам, так і душой. Хлусня мяняе свет — цяпер тут няма месца ні пачуццю, ні прыхільнасці, ні пэўнасці... «Мы страцілі кантакт з рэальнасцю, з той праўдзівай рэальнасцю, з якой усё тут насамрэч складзена. (...) Усе рашэнні, што мы прымаем, усё гэта адбываецца ў адрыве ад рэальнасці», — выкрыквае адзін з герояў. Гэтыя словы маглі б стаць ключавым выслоўем пастаноўкі.
Дзіўна, але журы не звярнула ўвагі на такі манументальны оперны спектакль, як «Свярдзельцы» (Электратэатр «Станіслаўскі», Масква) у пастаноўцы Барыса Юхананава. Ён цікавы ўжо тым, што шэсць лепшых сучасных кампазітараў — Дзмітрый Курляндскі, Уладзімір Раннеў, Сяргей Неўскі, Аляксей Сысоеў, Аляксей Сюмак, Барыс Філаноўскі — напісалі музыку да гэтага опернага серыяла. Такая праца мусіць быць ацэнена.
У рамках фэсту традыцыйна адбылася праграма «Russian Case» (сёлетні куратар — крытык Павел Руднеў), якая дала магчымасць убачыць правінцыйныя расійскія тэатры і спектаклі-эксперыменты. Найцікавейшы — «Альма і Брут», гісторыі двух сабак — прапанаваў малады рэжысёр, магістрант рэжысёрскай майстэрні Цэнтра імя Усевалада Меерхольда Данііл Чашчын. Альма перажыла чарнобыльскую катастрофу, але не пакінула хату, ахоўвала яе і свята верыла, што гаспадары абавязкова вернуцца (тыя змушаны былі перасяліцца). Брут праз штодзённую жорсткую дрэсіроўку з вернага свойскага сабакі ператварыўся ў бязлітаснага ахоўніка нямецкага канцлагера. Сабачыя гісторыі аб’ядналі катастрофы, у якіх вінаватыя людзі. Незвычайнасць гэтага праекта палягае і ў структуры: кожная гісторыя апавядаецца ў асобнай зале, а гледачы лёсуюцца, з якой пачынаць. У вельмі сціплых дэкарацыях (на адной сцэне — тры скрыні і некалькі лямпаў, на іншай — два крэслы і экран) распавядаюць і выконваюць шэраг роляў па два артысты. Праз гэтыя акалічнасці спектакль, прызначаны Даніілам Чашчыным для сямейнага прагляду (і рэжысёр абавязкова сустракаецца з дзецьмі, каб патлумачыць некаторыя дэталі), набывае своеасаблівае, проста-такі брэхтаўскае гучанне.
Сціплую па форме, але змястоўную па сэнсе пастаноўку «Паліва» Яўгена Казачкова прапанаваў Сямён Аляксандраўскі («Pop-up тэатр», Санкт-Пецярбург). Яе герой — Давід Ян, стваральнік кампаніі «Abbyy», распрацоўнік электронных слоўнікаў «Lingvo» і пачынальнік расійскіх флэш-мобаў. Праз вербацім (які атрымаўся пасля шматгадзінных гутарак Яўгена Казачкова з самім Янам) перад гледачом паўстае вобраз не толькі вельмі здольнага, адоранага навукоўца, але і вялікай асобы з адметным характарам. Герой звяртаецца і да гледачоў, і да свайго двайніка на экране, а часам, каб праілюстраваць складанасці чалавечай натуры і магчымасці інтэлекту, вобраз нават траіцца.
Пільную «Залатую маску» цягам гадоў і магу запэўніць: сёння рускі тэатр ні ў чым не саступае еўрапейскаму.
Андрэй МАСКВІН