Мяне, сабакара са стажам, гэтая сцэна чамусьці ўразіла. Ці не для таго мы і трымаем свойскіх жывёл, каб пасунуць або пашырыць межы дачыненняў? Пачуцца жывымі адны з аднымі?
У екацярынбургскім спектаклі «Каштанка» паводле Чэхава мяшанца таксы з дварняком якраз-такі ачалавечылі. І ачалавечылі — вельмі ўдала! — не толькі яго, але і ўсю цыркавую кампанію Незнаёмца з чэхаўскага аповеду: гусака Івана Іванавіча, ката Фёдара Цімафеевіча, свінку Хаўронню Іванаўну.
Спектакль доўжыцца гадзіну. Але за гэтую гадзіну мы пражываем паўнавартаснае жыццё з узлётамі і падзеннямі, хвілінамі пахавальнай цішы ды імгненнямі радасці. Рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Вячаслаў Какорын, стварыў яго бліскуча і пераканаўча. А бацька ўральскага року Аляксандр Пантыкін, спадкаемца традыцыі Мусаргскага і зазвычай такі гучны ў сваіх музычных прапановах, выявіўся ў «Каштанцы» далікатным і лірычным кампазітарам. Яго музыка — як летні дожджык... Асвяжае.
З неверагоднай аддачай працуюць артысты. Кожная інтанацыя і жэст па-снайперску трапляюць у дзіцячае сэрца.
Каштанка Наталлі Кавалёвай — даверлівая і прастадушная. Даводзіць да слёз ад смеху Алена Стражнікава ў ролі Хаўронні Іванаўны. Сцэну смерці Івана Іванавіча, якога іграе Іван Адстаўных, варта згадаць асобна, бо з ёй спектакль узнімаецца да метафарычных вяршыняў. Распавесці дзіцяці пра смерць, пра яе рацыю і прыняцце, распавесці без енкаў ды ўціску вельмі складана. Для гэтага патрэбны, па-першае, густ, а па-другое, мастацкая адвага. У Вячаслава Какорына ўсё як мае быць і з густам, і з адвагаю.
Я чакаў ад «Каштанкі» большай эксцэнтрычнасці, бо трохі знаёмы з уральскай тэатральнай традыцыяй. Уральцы не стрымліваюць сябе ні ў жыцці, ні на сцэне. Пачытайце п’есы Васіля Сігарава або «сонца рускай драматургіі» — Мікалая Каляду... Паглядзеў ягоную «Бабу Шанэль» у ягоным жа тэатры Екацярынбурга: шумна, гучна, грувастка. Гэта быў спектакль, пастаўлены чалавекам з іншым менталітэтам. Тыдзень гасцяваў і ў Свярдлоўскай музычнай камедыі, дзе эмоцыі таксама зносілі ўсе межы. А вось да ТЮГа не дайшоў. Таму ўдвая рады, што тэатр прыехаў у Мінск.
У 2003 годзе «Каштанка» атрымала «Залатую маску», і гэта заслужаная ўзнагарода. Той выпадак, калі язык не павернецца назваць пастаноўку дзіцячай, бо такі ўзровень мастацтва ўзроставым цэнзам не падпарадкуецца.
У нашым Нацыянальным драматычным тэатры імя М. Горкага ў спектаклі Аляксея Ляляўскага «Каштанка» сабачку ігралі маладыя актрысы Аляксандра Багданава і Алена Стацэнка. Мне больш запомнілася вострая манера выканання Алены Стацэнка. Па малюнку яна перагукаецца з екацярынбургскай артысткай. Мяркую, для Стацэнка ў пэўным сэнсе роля стала прарыўной, бо, замест «кушать подано» і якой-небудзь сёмай фрэйліны прынцэсы, маладая артыстка атрымала магчымасць сыграць насамрэч вялікую драматычную ролю, хай і ў дзіцячай пастаноўцы. Бо яе Каштанка праходзіць усе колы драматургічнага пекла — ад шчасця да няшчасця і безвыходнасці. Ад бачнасці дабрабыту і сытасці — да галечы. Але да галечы ў роднай і звыклай хаце. Да ролі Каштанкі Алена Стацэнка шэсць гадоў іграла ў масоўцы, але веру ў сябе не страціла. Па сутнасці, яна іграла самую сябе: «дварняка», які спрабуе прабіцца пад сафіты, пад промні славы, у недасяжны свет мастацтва, дзе, як казаў Трэплеў, могуць жыць ды дзеяць толькі абраныя.
Як хацелася б спадзявацца, што Екацярынбургскі тэатр юнага гледача прыедзе ў Беларусь з вялікімі гастролямі! У красавіку расійскую «Каштанку» паказвалі пяцісоты раз...
«Каштанка». Сцэна са спектакля. Фота прэс-службы фестывалю..
Адметны фармат прапанаваў Мінску фестываль «Кветкі Расіі» — «круглы стол» пра тое, як бавіць вольны час з мастацтвам у школе і па-за школай, адмысловы варштат для дзяцей, якія выходзяць на сцэну, гала-канцэрт таленавітых выканаўцаў падлеткавага ўзросту і інтэрактыўную выставу тэатральных лялек.
Сяргей ПЯТРОЎ