У багну часу ўваходзячы...

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Калі тэатр называе сябе «Рускі», ці не трэба яму найперш клапаціцца пра паўнагучнае і прыгожае слова. Пра гучанне рускай мовы ў сучасным рэпертуары і гістарычных п’есах, у класічнай драме. Каларытнае, моцнае, з маскоўскім «аканнем» і волжскім «оканнем», каштоўнае само па сабе слова надае сюжэту драмы або камедыі дынаміку. Сэнс і паэзія страсцей чалавечых захапляе гледача, калі на падмостках гучна і спеўна лунае артыстычна прамоўленае слова. Як дарэчы дзеля гэтага быў абраны «Цар Фёдар Іаанавіч» Аляксея Талстога! Ёсць дзе разысціся рускаму акцэнту: што ні персанаж, то характар, і ў кожнага сваё прамаўленне -- ад патэтыкі рэчытатыву да шэпту закаханых, ад высокай вершаванай мовы да сумбурнага мармытання. Да таго ж гістарычная драма звычайна перагукаецца з сённяшнім днём. Зменлівасць лёсу і сама доля чалавека на троне закранае пытанні ўзаемазалежнасці ўлады і асобы, палітыкі і маралі, сапраўднай духоўнасці і рытуальна-паказной велічнасці.

 /i/content/pi/mast/7/170/Rarytet.jpg
Дзмітрый Арлоў у ролі цара Фёдара. Рускі тэатр БССР. 1946.
Абвясціўшы пра канец вайны, пераможныя салюты 45-га як бы наноў асвятлілі праблему традыцый і пераўтварэнняў у дзяржаўным ладзе на прасторах, якія часцей за ўсё называлі Расіяй нават пры існаванні СССР. І цараванне Фёдара -- па-свойму прыкметная вяха ў гісторыі.
..
Вось узнікае ён на парозе баярскай палаты ў сваім парчовым адзенні. Усе наўкол схіляюцца перад манархам, і цар раптам капрызліва спешчаным тонам пытаецца: «Чаму конь пада мной узняўся на дыбкі?» Ні пагрозы, ні гневу няма ў ім, больш падобным да «дзяка», чым да венцаноснага сына Грознага, нашчадка Рурыкавіча. І няхай цягам дзеі цар Фёдар, якім яго іграў Д.Арлоў, перажыве прылівы раптоўнай лютасці, нават будзе распаляць сваю дзяржаўную адвагу і прарвуцца ў ім вонкі не на жартачкі ўладарныя ноты, усё роўна слабавольны гэты ўладар вельмі хутка завяне, змарнее, амаль заскуголіць, пачне сіратліва хавацца ў абдымках сваёй Арынушкі.
Узрушала гледачоў пытанне-лямант Фёдара: «Я цар або не цар?» Пакута ягоная, ад якой ні крыжом, ні пярстом не адмолішся. Узведзены на прастол, ён, нібы дзіця неразумнае, блытаецца ў інтрыгах князя Івана Шуйскага і свайго швагра Барыса Гадунова. А тыя пры жывым цары ўчапіліся ў трон і бессаромна б’юцца за ўладу ў дзяржаве. Сутыкаючыся з імі, арлоўскі Фёдар ніяк не можа пазбыцца адной ілюзіі: ён перакананы, што ва ўсёй чэлядзі пры двары ёсць сумленне. Да яе звяртаецца, пускаючыся на зневажальныя для яго ўгаворы варагуючых царадварцоў, спрабуе прымірыць непрымірымых, нават тупае нагамі і павышае голас, не ведаючы, што зрабіць, каб затаптаць насенне разладу.
Вядома, хто царуе ўнутры сябе і кіруе сваімі страсцямі, жаданнямі і прадчуваннямі, той больш чым цар. На жаль, бязвольны пакутнік лёсу, застаючыся пры скіпетры і кароне, ва ўсякую хвіліну тут быў менш, чым цар, і гэта акрэслівала лёс Фёдара ў спектаклі, пастаўленым С.Уладычанскім у 1945 годзе.
У знакамітай мхатаўскай версіі трагедыі, якая лічыцца класічнай і ведала такіх непараўнальных выканаўцаў галоўнай ролі, як І.Масквін, В.Качалаў, М.Хмялёў і Б.Дабранраваў, сам час удакладняў «скразное дзеянне» акцёра ў ролі цара Фёдара: ад «я ўсім сэрцам хачу кіраваць дзяржавай» да «Бог не даў мне патрэбнага нораву» і ад «мне прызначана, і я хачу ўладарыць, але якая цяжкая абуза палацавых звадаў» да «мне б манастырскі спакой набыць, ды кроў продкаў прымушае ствараць нешта царскае». Як памятаю, у Д.Арлова цар Фёдар зведваў папераменна ўсе гэтыя «жаданні», мітусіўся, пакутаваў, ліў слёзы, біўся ў прыпадку бяссільнай прагі міру і цішыні ў дзяржаве. Спектакль нібы нагадваў пра гістарычную неабходнасць для Русі дзяржаўнай «моцнай рукі». Баяры, збіваючыся вакол трона, жылі таксама гэтым. Ім заставалася толькі вырашыць, каму выпадзе стаць гэтай «моцнай рукой» на троне -- пагрозліва цвёрдым пры Іаане Грозным і пахіснуўшымся пры Фёдары Іаанавічы.
Акцёрскі ансамбль у гэтым спектаклі склаўся бліскучы: Дзмітрый Арлоў, Аляксандр Кістаў, Ганна Абуховіч, Яўген Карнавухаў, Алег Шкапскі, Яўген Батурын, Юрый Арынянскі, Барыс Вішкароў, Васіль Воінкаў, Іосіф Ражба з выдатным густам вялі свае ролі, малюючы каларытныя характары. Адчувальна адбіваліся на трактоўцы «Цара Фёдара» распаўсюджаныя тады ідэалагічныя павевы, якія сцвердзіліся ў публіцыстыцы, на экране, у жывапісе, у музыцы і ў тэатры, -- на тэму «вялікага гасудара». Культ такога гасудара ўсяляк ухваляўся як наймацнейшы спосаб аб’яднаць і натхніць народ на подзвіг у славу Айчыны. Такім чынам трактаваліся тады і творы пра Івана Грознага, ягоных прыхільнікаў і ахвяр, ягоных нашчадкаў і наступнікаў. Рускі тэатр БССР не мог не аддаць даніну агульнапрынятым тады павевам.

Барыс Бур’ян