«Трохвугольная» опера

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Трохвугольнік у геаметрыі і ён жа ў «Арыфметыцы кахання» — рэчы прынцыпова розныя. У геаметрыі ён фігура досыць устойлівая: як ні круці, а памеры вуглоў не зменяцца, трохвугольнік не «рассыплецца». У каханні ж — у большасці выпадкаў — ён павінен падпарадкавацца ў рэшце рэшт формуле «трэці лішні». А як у оперы? Пра гэта і пагаворым, звярнуўшыся да новай прэм’еры нацыянальнага тэатра оперы рэспублікі беларусь — «Рыта, альбо пірацкі трохвугольнік» Гаэтана Даніцэці.

Н.Масквіна (Рыта), Ю.Балацько (Бэпе).
Н.Масквіна (Рыта), Ю.Балацько (Бэпе).

А.Краснадубскі (Гаспар).
А.Краснадубскі (Гаспар).

Сцэна са спектакля.
Сцэна са спектакля.

У гэтага італьянскага класіка першай паловы ХІХ стагоддзя — больш за 70 опер, з якіх часцей за іншыя ставяцца хіба тры («Любоўны напой», «Дон Паскуале» і «Лючыя ды Ламермур»), нярэдка гучаць фрагменты і з «Лінды ды Шамуні». Дарэчы, з першым спектаклем оперныя заўсёднікі Мінска маглі пазнаёміцца колькі гадоў таму ў опернай студыі Беларускай акадэміі музыкі, з другім — яшчэ раней, непасрэдна ў нашым тэатры. «Рыта» ж нават для знаўцаў італьянскага бельканта — своеасаблівая «тэра інкогніта»: прывабная, быццам з хітрай усмешкай «зашыфраваная» назва, за якой хаваецца ліха закручаны сюжэт — пра трохвугольнік, у якім «трэцяй лішняй» можа стаць з-за свайго характару... сама Рыта, бо яе былы і цяперашні мужы спрачаюцца не за права застацца, а, наадварот, развітацца з ёй назаўсёды.

Нядаўна пастаўленая ў некалькіх тэатрах Расіі, опера трапіла і да нас. Але — у выглядзе клавіра. Аўтарская партытура Даніцэці каштавала (у гэта цяжка паверыць) болей, чым новая аркестроўка, якая і была замоўлена тэатрам кампазітару Вячаславу Кузняцову. Шчыра кажучы, новай інструментальнай версіі вымагалі і ўмовы, у якіх апынулася опера на час рамонту будынка. У Цэнтральным Доме афіцэраў, дзе дае цяпер спектаклі тэатр, аркестр размясціўся не ў яме, а проста ў партэры, што, безумоўна, вымагае больш мяккага аркестравага гучання. Дый аднаактовая опера, разлічаная ўсяго на трох персанажаў, магла б стаць «выязной» і паказвацца на невялікіх сцэнах у тых жа абласных цэнтрах.

Аркестроўка ж Даніцэці, наколькі можна меркаваць па яго іншых партытурах, разлічана на поўны сімфанічны склад. Вось і замовілі Кузняцову — абысціся без аркестравай медзі. Дый потым яшчэ дырыжор-пастаноўшчык Алег Лясун уносіў карэктывы, каб зрабіць суправаджэнне максімальна камерным. Да таго ж, цалкам была заменена уверцюра да оперы. Але відавочныя драматычныя ўсплёскі, што сустракаюцца ў гэтым запазычанні, не адпавядаюць самому жанру камічнай оперы. Адыход, такім чынам, ад аўтарскага тэксту ў нотах спалучыўся з імкненнем захаваць у самой пастаноўцы традыцыйную эстэтыку оперы-буф ХVІІІ ст.: стылізаваныя сцэнічныя строі, парыкі, элементы рэальнага інтэр’ера (мастак  Кацярына Булгакава).

Данінай сучаснасці (і адначасова мабільнасці сцэнаграфіі, што можа быць прыстасавана да любой невялікай прасторы) сталі хіба размешчаныя па баках сцэны вялізныя кубы. Але ж малюнкі на іх, як і ўласна сцэнічны заднік, зноў-такі вяртаюць нас да замацаваных традыцый, што прапанаваны рэжысурай Маргарыты Ізворска-Елізар’евай. Калі ж узгадаць іншыя «буфонныя» пастаноўкі нашага тэатра, стане зразумела, што цяперашняя займае ў іх шэрагу гэткую «цэнтрысцкую» пазіцыю — паміж цалкам аднасэнсовымі, без асаблівых псіхалагічных ваганняў, але поўнымі гумару «Донам Паскуале» таго ж Г.Даніцэці і «Служанкай-пані» Д.Пергалезі і псіхалагічна тонкім, сюжэт на перапрацаваным,набліжаным да сучасных рэалій (пры поўным захаванні аўтарскага тэксту і лібрэта) «Шлюбным вэксалем» Д.Расіні, які, на жаль, сышоў з рэпертуару.

Дарэчы, ноткі разважанняў уносяцца ў «Рыту...» дзякуючы розным складам выканаўцаў. Больш трывалым у розных паказах спектакля аказваецца хіба Гаспар: Уладзімір Громаў і Аляксандр Краснадубскі бездакорна ўвасабляюць прыгажуна, здольнага знайсці падыход да жаночай душы.

Па-рознаму прачытваецца характар Бэпе. Вельмі яркі, артыстычны, здольны на імправізацыю і нават гімнастычныя трукі Эдуард Мартынюк выяўляе ў сваім героі «патэнцыяльнага» пірата, якому не даюць разгарнуцца не столькі жончыны капрызы, колькі абставіны (уласна кажучы, «хавацца» за ўладарнай жанчынай, якая сама ўзвальвае на сябе ўсю адказнасць, не так і блага). Герой Юрыя Балацько выказвае іншыя рысы характару. Яго Бэпе шукае і знаходзіць сабе сілы змяніць пакору на адвагу: для яго тут усё — зусім не «назнарок», ён і сварыцца з Рытай па-сапраўднаму, а не проста церпіць, як тая скандаліць.

Таццяна Траццяк, якой пашчасціла праспяваць самы першы спектакль, бачыць у Рыце гераіню тэатра масак, падкрэслівае ў ёй наўмысную гульню. Таццяна Гаўрылава намагаецца зразумець і перадаць унутраныя памкненні маладой жанчыны, якая вучыцца балансаваць паміж каханнем і грашыма. Такі падыход выяўляе ў оперы ўжо не класіцыстычную безапеляцыйнасць, а рамантычную дылему, больш адпаведную кампазітарскай эстэтыцы. Нарэшце, Рыта Настассі Масквіной — настолькі адданая, горача любячая жонка, што менавіта каханне прымушае яе нястомна займацца «выхаваннем» свайго неабачлівага мужа, але... псіхалагічна незразумелымі становяцца яе сардэчныя прызнанні Гаспару.

Рознымі аказаліся нават дырыжорскія трактоўкі. Алег Лясун ужо самой рухавасцю тэмпаў імкнецца наблізіцца да стылістыкі ХVІІІ ст. А вось Іван Касцяхін, наадварот, максімальна запавольвае кожны нумар, выяўляючы ў оперы лірыка-рамантычны пачатак. Думаецца, ісціна дзесьці пасярэдзіне, яна — быццам той трэці вугал, што і надае канструкцыі ўстойлівасць.

НАДЗЕЯ БУНЦЭВІЧ