Як і летась, пятнічным вечарам святкавалі адкрыццё, суботнім днём рушылі ў карнавальным шэсці і ўвогуле два дні запар працавалі на сцэнічных пляцоўках. Усё зладзілася так, як задумалі, нават надвор’е падпарадкавалася. Праўда, перад самім адкрыццём грымнуў гром і абрынулася сапраўдная залева, дадаўшы гумору артыстам і публіцы: прэм’ерны спектакль мінскага эксперыментальнага тэатра «EYE» «Рабінзанада» прымалі шчыра і зацікаўлена. У гістарычным цэнтры сталіцы панавалі дух творчасці і добры настрой.
Больш за сто ўдзельнікаў сабрала карнавальнае шэсце — яно абрала маршрут па вуліцы Леніна ў бок Верхняга горада і да самай Ратушы, дзе калектывы прадставіліся публіцы. Шэсце рэжысіравала Уладзіслава Цвікі, кіраўніца віцебскага тэатра «Кола» і арганізатарка тамтэйшага фэсту вулічных мастацтваў «На сямі вятрах». Адметную праграму прадставіў Белдзяржцырк, а бальшыню пастановак трупы падрыхтавалі адмыслова да мерапрыемства. Радасна было назіраць, як узнікае і дасканаліцца культура паразумення з вулічным тэатрам: гледачы не баяцца ўзаемадзейнічаць з артыстамі, рабіцца ўдзельнікамі спектакля, адказваць на жарты і рэпрызы — глядацкае ўспрыманне, рэфлексія пасоўваюцца ў бок асэнсавання вулічнага прадстаўлення як акта мастацкай творчасці, а не аздобы масавага гуляння.
Не менш радуюць і сяброўскія дачыненні з гарадскімі ўладамі і органамі аховы правапарадку, калі службоўцы «пры выкананні» не тое што не заміналі адзін аднаму, а высакародна дапамагалі. Другі год запар форум мае падтрымку і аднаго з буйных айчынных банкаў. Яе важнасць і вагу можна ацаніць, ведаючы, што вулічнае мастацтва аніяк сябе не акупае, але вымагае вялікіх выдаткаў. Як правіла, выступленні артыстаў падтрымліваюцца або за кошт гарадскіх сродкаў, або за кошт мецэнатаў. Адзначу: мінскі фэст — адзіны ў сваім родзе спонсарскі, іншыя святы вулічных мастацтваў («Big Mini Fest» у Гродне, «На сямі вятрах» у Віцебску) — муніцыпальныя. Чацвёрты форум засведчыў, што мяняецца і якасць вулічных спектакляў: калектывы шукаюць свой непаўторны стыль, дасканаляць форму, развіваюць новыя і найноўшыя ідэі, працуюць не толькі з целам, але і са словам. Назіраецца паступовы адыход ад забаўляльнасці да пэўнай дыялагічнасці, якая не цураецца разваг і нават філасафічнасці.
Перад апошнім дзействам арганізатары і калектывы зладзілі «круглы стол» — проста на вуліцы. Сапраўды, як і куды імкне сталічны форум і вулічны тэатральны рух? Разважалі пра неабходнасць навучання, патрэбу ў школах вулічнага тэатра, кансалідацыю артыстаў дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Справядліва? Безумоўна. Бо з выхаваннем гледача мусяць неяк мяняцца і гарадскія ўлады, якія, на жаль, усё яшчэ глядзяць на артыстаў вулічных тэатраў як на бескаштоўную рабочую сілу. Тэатральны крытык Андрэй Масквін (Польшча), які рупліва адгледзеў усе спектаклі фэсту, выказаў думку пра тое, што Мінскаму форуму вулічных тэатраў неабходна вызначыцца, для каго ён ствараецца і збіраецца — для горада ці для гледачоў. Ад гэтага і будзе залежаць кірунак развіцця, бо ў Мінску ёсць шмат вабных месцаў, дзе фэст можа атайбавацца, асталявацца і жыць. Патрэбу ў прыгожым мастацкім свяце мае не толькі гістарычны гарадскі цэнтр, але і жыхары ля кальцавой дарогі. Мо наспявае час пасунуцца ім насустрач?
Уладзімір ГАЛАК