Асацыяцыя актыўна супрацоўнічае з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Акадэміі музыкі, Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Асаблівае месца ў дзейнасці Асацыяцыі займае супраца з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы. Каардынатарам канцэртаў Асацыяцыі выступіла спадарыня Ілона Юрэвіч, саветнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі.
За кароткі гістарычны тэрмін «Жыццё ў музыцы» стала свайго роду «культурным мостам», што яднае беларускіх і французскіх выканаўцаў і знаўцаў акадэмічнага мастацтва. Старшыня асацыяцыі — «беларускі парыжанін», кампазітар Георгій Сасноўскі — вядзе сапраўды падзвіжніцкую працу па папулярызацыі айчыннай музычнай культуры за мяжой. Арганізуе канцэрты і творчыя праекты з удзелам нашых выканаўцаў у залах розных еўрапейскіх краін, нястомна займаецца прасоўваннем творчасці нацыянальных кампазітараў. Больш за тое, Георгій Сасноўскі, у мінулым — выпускнік Беларускай акадэміі музыкі, з асабістага досведу ведае, наколькі важна захаваць імпэт маладога музыканта, які робіць першыя крокі ў прафесіі, і таму заснаваў у alma mater штогадовую прэмію для лепшых выпускнікоў па класе кампазіцыі.
Юбілейныя канцэрты ў Мінску, прасякнутыя светлым духам сяброўскіх сустрэч, цяплом кантактаў аднадумцаў і паплечнікаў, сталі выдатнай нагодай выказаць у адрас асацыяцыі і яе кіраўніка шчырыя словы віншавання і падзякі. Яны дазволілі падарыць удзячным слухачам імгненні сапраўднага музычнага натхнення і творчага палёту. Менавіта такім эмацыйным ладам прамяніўся канцэрт у Нацыянальным мастацкім музеі. У прывітальным слове гасцінны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў падкрэсліў добрую сінэргію мастацтваў, якая шматкроць узрастае ў такога кшталту сумесных праектах.
Канцэрт распачалі два дзіцячыя хоры «Спеўныя музыканты» і «Званочкі» Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам дасведчанай настаўніцы Алы Мазуравай. Харавы цыкл Георгія Сасноўскага «Pannа Maria» на тэксты Сімяона Полацкага быў успрыняты слухачамі на адзіным дыханні, як музычнае адкрыццё. У гучанні дзіцячых галасоў увасобілася асаблівая аўра твора, прасякнутая нябесным святлом і чысцінёй. У ролі салістаў бліскуча выступілі дырэктар Рэспубліканскай музычнай гімназіі-каледжа Сямён Кліманаў і рэгент мужчынскага хору «Усіхсвяцкі» Дзмітрый Такмакоў. Выкананне харавых сачыненняў «Цвыркун» Рамо-Беранжэ і «Коцікі» Георгія Сасноўскага на словы Юрася Свіркі было арганічна дапоўнена харэаграфічнай пастаноўкай.
У канцэрце таксама прагучалі рознахарактарныя інструментальныя кампазіцыі: «Акварэль» Віктара Войціка ўразіла сваімі пастэльнымі фарбамі ва ўвасабленні госці з Францыі, цымбалісткі Алы Фраловай-Селар’е, драматычны па характары твор Вольгі Клімашэвіч «Арол» пачуўся ў інтэрпрэтацыі піяніста-віртуоза Аляксандра Музыкантава. Юны, але ўжо ганараваны міжнароднымі ўзнагародамі таленавіты музыкант Уладзіслаў Хандогій, выхаванец Ірыны Семяняка, неверагодна экспрэсіўна і тонка выканаў Эцюд-карціну соль мінор Сяргея Рахманінава.
Высокім эмацыйным напружаннем бруіла заключная частка канцэрта, у якой салісты Дзмітрый Такмакоў і Анастасія Храпіцкая, а таксама піяністка Марына Русакова агучылі шэдэўры беларускай вакальнай музыкі, народныя песні і рамансы ў апрацоўцы Георгія Сасноўскага. Сярод іх — «Купалiнка», «Дубочак зялёненькi», а таксама «Явар i Калiна» Юрыя Семянякі на вершы Янкі Купалы і «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага на вершы Максіма Багдановіча. Сапраўднай драматычнай кульмінацыяй выступу стала прэм’ернае выкананне вакальнага твору «Сымон i Магдалена» Сасноўскага на тэкст Анн Гасіні (у перакладзе кампазітара).
Заключным акордам юбілейных мерапрыемстваў франка-беларускай асацыяцыі зрабіўся музычны вечар у Нацыянальнай бібліятэцы. Акцыя прайшла пад знакам спадчыны Пракоф’ева і Шэкспіра, яна была прымеркаваная да Года культуры ў Рэспубліцы Беларусь.
Гэтая сустрэча яшчэ раз дазволіла слухачам раскрыць шматгранную асобу Георгія Сасноўскага — выдатнага арганізатара-куратара праекта, але перш за ўсё таленавітага кампазітара і педагога. Канцэртную праграму ўпрыгожылі яго пералажэнні для фартэпіяна ў чатыры рукі кантрасна-выразных урыўкаў з балета «Рамэа і Джульета» Пракоф’ева, імпрэсіяністычна-празрыстага ўступу да оперы «Хаваншчына» Мусаргскага «Світанак на Маскве-рацэ», а таксама трагічна-пачуццёвага «Лебедзя» Сен-Санса. Усе гэтыя пералажэнні прагучалі ў выкананні фартэпіяннага дуэта выкладчыкаў Беларускай акадэміі музыкі Марыны Русаковай і Сяргея Тургеля. Дадамо, што імпульсіўна-каларыстычная партытура балета «сонечнага багацея» Пракоф’ева, прадстаўленая ў транскрыпцыях для самых розных складаў, не так часта ўвасаблялася на фартэпіяна ў чатыры рукі. Таму інтэрпрэтацыі Георгія Сасноўскага здольныя запоўніць гэтую лакуну і стаць упрыгожваннем піяністычнага рэпертуару.
Разыначкай вечара і відавочным уцелаўленнем дэвіза асацыяцыі «Жыццё ў музыцы» стала выступленне французскіх вучняў Георгія Сасноўскага — вядучага інжынера буйной французскай кампаніі Жан-П’ера Пелісье і яго юнай дачкі Луiзы. У іх асобах беларускаму слухачу была прадстаўлена выдатная французская традыцыя хатняга музіцыравання, якая не страціла сваёй актуальнасці ў кругабегу часу! Сумесны творчы працэс, што дазваляе гадаваць пакаленні музыкаў-аматараў, якія ведаюць і любяць класіку.
Бліскучае сольнае выступленне піяніста Аляксея Пятрова паставіла моцны клічнік у фінальнай частцы канцэрта. Юбілейны вянок-прынашэнне Пракофьеву быў сплецены з яркіх суквеццяў — вытанчаны Вальс з балета «Папялушка», фартэпіянная Прэлюдыя і знакаміты энергічна-бадзёры Марш з оперы «Любоў да трох апельсінаў». Унутраны драматызм, багацце настрояў, маляўнічасць гарманічнай мовы былі па-асабліваму інтэрпрэтаваныя піяністам праз партытуру аднаго з самых апошніх опусаў Шапэна — рамантычна-паэмнага Паланэза-Фантазіі.
Адзначым, што піяністычны стыль Аляксея Пятрова ўвогуле высакародны, музыкант выкарыстоўвае эмацыйнае дыханне, яму ўласцівы яркі, «гранёны» гук і тонкае тушэ. Назіраўся імгненны пераход у энергетычную прастору кожнага новага аўтара.
Вельмі сімвалічна, што выступленне Аляксея Пятрова было аб’яднана тэмай цудоўнай marine. На пачатку канцэрта — праз дэкаратыўны гукапіс п’есы «Човен пасярод акіяна» (з цыкла «Адлюстраванні» Равеля), у якім музычнымі імпульсамі ствараецца карціна-ўражанне ад бязмежнай воднай стыхіі. А на новым інтанацыйна-стылявым вітку гэтая тэма знайшла адлюстраванне і ў сачыненні Георгія Сасноўскага «Акiян». Піяніст літаральна пагрузіў у прастору сузірання таямнічай бурлівай стыхіі. Да таго ж абраны аўтарам вобраз зноў вярнуў да разваг на тэму плённасці сумеснага творчага франка-беларускага дыялога, у якім можна яшчэ шмат чаго пабачыць і пачуць.
Наталля АРУЦЮНАВА,
Наталля ГАНУЛ