Кожны другі пераможца -- наш!

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Нататкі пра ІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў на драўляных смычковых інструментах імя М.Ельскага (Мінск, 1 -- 9 снежня 2007 года. Беларуская дзяржаўная філармонія.)

/i/content/pi/mast/7/169/Kozhny-drug1.jpg 

Беларускія лаўрэаты конкурсу разам з Т.Будневай, загадчыкам кафедры скрыпкі Беларускай акадэміі музыкі.

Для акадэмічных музыкантаў выканальніцкія конкурсы апошнім часам сталі амаль неад’емнай часткай рэпетыцыйнай падрыхтоўкі, чымсьці накшталт «прафесійнай неабходнасці». За няпоўнае дзесяцігоддзе ў Беларусі склалася і сістэма ўласных конкурсаў, што ахопліваюць музыкантаў рознага ўзроўню -- ад пачаткоўцаў да маладых спецыялістаў. Колькасць перамог толькі на міжнародных конкурсах, атрыманых толькі студэнтамі Беларускай акадэміі музыкі, штогод перасягае сотню. Не менш «ураджайны» -- і Рэспубліканскі каледж пры БДАМ, шмат юных зорачак рыхтуюць іншыя навучальныя ўстановы. Але тыя медалі, колькасцю якіх могуць пахваліцца хіба што лічаныя краіны, маюць і свой адваротны бок. Бо стаўленне да міжнародных творчых спаборніцтваў, што праводзяцца ў Мінску, нейкае будзённае: галоўнае -- годна правесці, годна паказаць нацыянальную выканальніцкую школу. А падумаць пра «раскрутку» ў СМІ (я ўжо маўчу пра сапраўдны піяр, што суправаджае тыя ж конкурсы прыгажосці) -- ці то няма калі, ці то сумнеў бярэ: маўляў, каму гэта трэба?
Вось і чарговы конкурс імя М.Ельскага не толькі не выклікаў ажыятажу, але і ўвогуле застаўся амаль незаўважаным. «Паводле традыцыі», не адбылося ніводнай прысвечанай яму прэс-канферэнцыі, нерэгулярна аднаўляўся сайт (дый існуе ён не асобна, а ў межах БДАМ, быццам гэты конкурс -- усяго толькі частка навучальнага працэсу). Таму не дзіва, што падчас узнагароджвання лаўрэатаў на заключным канцэрце не было ніводнай тэлекамеры. Адпаведна, і ў самы разгар конкурсу, калі то ў адной, то ў другой намінацыі падводзіліся вынікі, выпускі навін культуры абыходзіліся без лаўрэацкіх імёнаў, не гаворачы ўжо пра рэпартажы ці бліц-інтэрв’ю з удзельнікамі.
Па ўсім відаць, арганізатары ніяк не чакалі, што конкурс можа стацца сапраўднай сенсацыяй. А сталася акурат так! Па-першае, ён сабраў неверагодную колькасць удзельнікаў: 149 музыкантаў з 9 краін (Германіі, Паўднёвай Карэі, Малдовы, Казахстана, Літвы, Эстоніі, Расіі, Украіны, Беларусі). Па-другое, практычна ўсе канкурсанты мелі надзвычай высокі, папраўдзе лаўрэацкі ўзровень, што дазволіла выйсці ў пераможцы па чатырох намінацыях і дзвюх узроставых групах 52 прадстаўнікам 8 краін. Па-трэцяе, нашых лаўрэатаў і дыпламантаў аказалася 25, а гэта значыць, што кожны другі пераможца -- наш! Па-чацвёртае, двое навучэнцаў Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ выступалі і сталі лаўрэатамі не ў сваёй сярэдняй групе, а ў старэйшай, сярод студэнтаў ВНУ і маладых спецыялістаў. Ці ж не нагода ўсё гэта для актыўнай інфармацыйнай падтрымкі сваёй выканальніцкай школы?
На жаль, былі на конкурсе і расчараванні. Але не з-за таго, што хтосьці з нашых выступіў няўдала: такога проста не было. Непрыемнай неспадзяванкай сталася тое, што сярод скрыпачоў старэйшай групы І прэмію, на жаль, не прысудзілі. І не з-за таго, што прэтэндэнтаў на яе не было, а наадварот -- іх аказалася некалькі. І ўсё роўна можна без усялякага сумневу сказаць, што перамагла наша Ўлада Беражная. Ужо хоць бы таму, што ажно з чатырох уладальнікаў ІІ прэміі яна была самай малодшай. Больш за тое: як навучэнка каледжа яна павінна была змагацца ў сярэдняй, а не ў старэйшай групе. І справа тут не толькі ў безумоўнай адоранасці дзяўчынкі, але і ў тым, што яна навучаецца ў класе дацэнта Эдуарда Кучынскага. Менавіта ён падрыхтаваў знакамітага лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў (і ўладальніка І прэміі І Міжнароднага конкурсу імя М.Ельскага) Арцёма Шышкова, які зараз вучыцца ў магістратуры БДАМ і працягвае традыцыі свайго настаўніка, выкладаючы побач з ім у каледжы.
Такім чынам, у старэйшай групе ўсе вышэйшыя прыступкі п’едэстала гонару занялі беларусы. Тая ж дацэнт Лючыя Ластаўка падрыхтавала пецярых пераможцаў! Важкі яе ўнёсак не толькі ў музычную педагогіку, але і ў фарміраванне сучаснага канцэртнага альтовага рэпертуару. Дзякуючы намаганням Лючыі Леанардаўны альтовай намінацыі пашанцавала болей за іншыя: абавязковым конкурсным творам сталася цудоўная віртуозная п’еса «Рэгбі» Галіны Гарэлавай.
Што ж да нашай віяланчэльнай школы, дык яе неаспрэчным поспехам трэба лічыць бліскучую перамогу ў старэйшай групе Івана Карызны (клас прафесара Уладзіміра Перліна), якому ўсяго 15 гадоў. Не толькі знаўцы-слухачы, але і члены журы прызналіся, што яго выкананне трэба было б адзначаць яшчэ больш высока, чым проста 1-й прэміяй. На жаль, умовы конкурсу не прадугледжваюць Гран-пры... 

Надзея Бунцэвіч