Хоць нельга не згадаць яго ўдалы праект з Іванам Семілетавым «Механізмы: рэфлексіі і метамарфозы». Скульптар знайшоў арганічную форму выжывання, ну добра, назавем яе так — «існаванне ў мастацтве»: ён пакідае свае манументальныя рэчы на замежных сімпозіумных пляцоўках, гэта значыць у гарадах і парках іншых краін, а станковыя паказвае ў Мінску. Аднак працягвае марыць і пра тутэйшую «манументальную рэалізацыю».
Сёння стан рэчаў у манументальнай гарадской скульптуры быццам бы мяняецца — у бок мадэрнізацыі. Здаецца, многім становіцца зразумела: калі ў Мінску спрабуюць будаваць сучасныя архітэктурныя аб’екты, то і скульптура мусіць не адставаць. Твае творы эфектна ўпрыгожваюць замежныя гарады, але хацелася б убачыць штосьці падобнае і на радзіме. Ці ўдзельнічаеш ты ў конкурсах апошнім часам, ці прапануеш свае працы?
— Так, звычайна, калі ўсё шчыра і справядліва, манументальная скульптура выбіраецца праз конкурс. Манументальны савет прымае рашэнне, абірае праект, рэкамендуе аўтару штосьці дапрацаваць ці палепшыць. Значная работа рэспубліканскага значэння не можа быць пастаўлена без ухвалы Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.
Я, безумоўна, спрабую, але не так часта, як хацелася б. Бывае, праўда, працую ў іншых краінах і нейкія конкурсы прапускаю. Апошнім часам стаў больш актыўна падаваць свае праекты.
Таму што нельга толькі скардзіцца на кепскі стан сучаснай скульптуры ў гарадскім асяроддзі, калі сам не імкнешся змяніць сітуацыю ў іншы бок.
Напрыклад, мы з Аляксеем Сарокіным прапанавалі рэльефы і канцэпцыю калон адной з новых станцый мінскага метро. Праз нейкі час будуць абвешчаны вынікі выбару. Мы пачалі паглыбляцца ў работу — і высветлілася, што гэта надзвычай прываблівы аб’ект для афармлення. На дадзеным этапе мы атрымалі магчымасць працаваць цалкам вольна, пакуль без уліку меркаванняў заказчыка. Калі атрымаецца рэалізаваць задуманае, мне было б вельмі цікава, бо гэта сугучна маім сённяшнім ідэям і памкненням.
Даводзіцца выконваць рознага кшталту творы, некаторыя — для заробку, прафесійна, але без палёту. Але ж самарэалізацыя для мастака — найважнейшая рэч.
Нечакана для сябе я паўдзельнічаў у скульптурным конкурсе для Парка высокіх тэхналогій. Прапанова ўзнікла ў выніку выставы «Праект», што праходзіла ў Палацы мастацтва. Там скульптары паказвалі рэчы, якія ім хацелася б рэалізаваць. Выстава ладзілася як адказ на пытанне, чаму творы незапатрабаваны. Было вырашана, што, верагодна, нас проста не ведаюць. І мы зрабілі крок насустрач, каб сябе паказаць і знайсці людзей, месцы і магчымасці для ўвасаблення нашых ідэй. Туды запрашаліся спецыяльныя госці, у тым ліку і з Саюза архітэктараў, міністэрства архітэктуры. Што тычыцца Парка высокіх тэхналогій, то там плануецца некалькі этапаў. Першы этап — некалькі скульптур на ўваходнай зоне, другі — парк скульптуры. Гэта ўсё пакуль на ўзроўні праекта, да ўвасаблення яшчэ далёка.
Таксама для новага будынка «Белгазпрамбанка» нядаўна быў праведзены конкурс на стварэнне мастацкага аб’екта. У выніку замоўцы выбралі дызайнерскі аб’ект, які будзе выкананы са шкла і бетону, з выкарыстаннем агню. Мяне, скульптара, такая сітуацыя здзівіла, бо ў чарговы раз абышлі ўвагай скульптуру, што, на мой погляд, мусіць абавязкова прысутнічаць каля значных будынкаў. А на гэтым конкурсе можна было назіраць увасабленне выдатных ідэй ад розных скульптараў. I немагчыма паскардзіцца на такое рашэнне журы, бо банк актыўна ўдзельнічае ў мастацкім жыцці краіны і ў вяртанні нашай спадчыны. Каб усе буйныя ўстановы так падтрымлівалі мастацтва, для творцаў настала б цудоўнае жыццё і ў краіны з’яўлялася б больш падстаў для гонару.
На днях адзін знаёмы скульптар — ці то жартам, ці то ўсур’ёз — выказаў меркаванне, маўляў, нікому мы тут не патрэбныя, кожны выжывае, як можа. Мне цікавы твой шлях выжывання. Як ты — з акадэмічнай адукацыяй за спінай — дайшоў да ўдзелу ў вялікіх міжнародных праектах з цалкам фармальнымі рэчамі?
— У скульптуру я ўвогуле патрапіў выпадкова. Два разы паступаў на жывапіс у мастацкую вучэльню, мне хацелася пісаць, а на скульптуру па конкурсе не хапала чалавека. Узялі мяне, не ведаю, на чым грунтаваўся гэты выбар. І адразу вельмі пашанцавала на настаўніка: Барыс Лазарэвіч навучыў, захапіў, і я ўжо не бачыў сябе без скульптуры, хацелася вучыцца далей, таму паступіў у Акадэмію мастацтваў. Заканчваў у 1990-я, матэрыяльна было вельмі цяжка. Усім было цяжка, але скульптарам асабліва. Каб рэалізаваць сваю ідэю, трэба выдаткаваць шмат часу і грошай. А дзе ты возьмеш грошы, напрацоўкі, сувязі, майстэрні? Уладзімір Слабодчыкаў уладкаваў усю нашу групу да Акіма Курачкіна, і мы ўчацвярых працавалі ў яго майстэрні — зімой, без ацяплення, без каналізацыі, у валёнках і ватоўках. Замоў асаблівых не было, ваялі, выжывалі, але творчае жыццё адчувалася насамрэч сапраўдным, нягледзячы ні на што.
І так шмат гадоў, пакуль дом не знеслі. Мы пераехалі ў часовую майстэрню на тэхнічным паверсе жылога дома. На месцы старога будынка быў узведзены сучасны дом, але мастакі туды так і не вярнуліся. Таму што ў нашым грамадстве аўтарытэт творцы вельмі нізкі.
Пасля гэтага на нейкі час давялося забыць скульптуру, рабіў візіткі і буклеты. Вярстальніцкія, дызайнерскія навыкі спатрэбіліся ў мастацкім жыцці, бо засвоіў камп’ютар і стаў заходзіць у Інтэрнэт. На міжнародныя конкурсы пачаў падаваць свае праекты ад безвыходнасці. Было спачатку вельмі цяжка, патрабаваліся напрацоўкі. У мяне былі маленькія аб’екты, зробленыя з валуноў. З’явіўся першы міжнародны вопыт працы з валунамі ў Польшчы, пазнаёміўся з Анджэем Струмілам — выдатным скульптарам, графікам, жывапісцам, кнігавыдаўцом, падарожнікам і проста цудоўным чалавекам. Знаёмства, сумесная работа вельмі ўзрушылі мяне і яшчэ больш замацавалі маю любоў да каменнай скульптуры.
А затым пакрысе прыйшоў досвед працы з каменем. Бо ў Акадэміі мастацтваў нас вучылі найперш ляпіць і маляваць, таксама была летняя практыка, на якой мы карысталіся гіпсам, каменем, бронзай. На выбар: адзін год — бронза, на наступны — дрэва ці камень. Гэта называлася азнаямленнем з матэрыялам. У нас не было канкрэтнай спецыялізацыі па матэрыялах, працавалі з рознымі.
Можна сказаць, што твая школа — не толькі Акадэмія мастацтваў, але і гэтыя скульптурныя сімпозіумы, твой стыль сфармаваўся праз удзел у іх.
— Гэта ўсё вельмі складана адбывалася, як адзіны непарыўны працэс, дзе часам табе балюча, цяжка, страшна, але пасля ты адчуваеш радасць, што знаходзіш нешта сваё ў тым творчым пошуку. Пасля Акадэміі я не мысліў сябе без постаці, рухаўся праз фігуратыўнасць, аднак і праз нейкую стылізацыю сілуэта, бо чысты рэалізм станавіўся незапатрабаваным. Дый і сёння, шчыра кажучы, так моцна развіваецца гіперрэалізм у свеце, што нам да таго ўзроўню яшчэ далёка.
У нас у краіне існуе нейкі непераадольны страх перад абстрактнай скульптурай. Сучасная архітэктура нікога не здзіўляе, а скульптура захрасла дзесьці яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Але ніхто, акрамя нас, скульптараў, гэтую сітуацыю не выправіць.
Камень мяне захапляў з дзяцінства: каменьчыкі ў рэчцы, вялізныя валуны на полі. Калі я прыйшоў да каменю як да матэрыялу, ён мяне змяніў. Пачынаў я з апрацоўкі валуноў, сярод матэрыялаў былі граніт, дыябаз, траверцін, мармур і пясчанік. Але на сімпозіумах у гэтых матэрыялах стала цяжка дасягаць фігуратыўнасці, элементарна не ставала часу. Паступова пачаў нараджацца нейкі новы стыль. Бо калі ты працуеш над матэрыялам, калі ты гадзінамі рэжаш і апрацоўваеш яго, прыходзіць разуменне ўсіх яго магчымасцей. Ён сам табе падказвае пластычныя вырашэнні. І я пачаў заўважаць, што стаў мяняцца. Стаў прыдумваць зусім іншыя праекты, іх рэалізоўваў, разглядаў вынікі, знаходзіў там нейкія цікавыя дэталі, адметнасці. Зважаў на тое, што мне падабалася. Чым добры ўдзел ва ўсіх гэтых конкурсах? Ты правяраеш сябе, робіш праекты, а табе кажуць: не, не, не. На дзясяты год прымаюць. І ты ствараеш аб’ект у іншай краіне, разглядаеш зробленае ў адным шэрагу з іншымі працамі, і асэнсоўваеш і свой узровень, і кірунак руху.
Гэты працэс вельмі змяняе, бо калі твая работа некага зачапіла ў Паўднёвай Карэі ці Бразіліі — гэта дае сілы і падтрымлівае цябе ў прафесіі. Можна рухацца далей.
Што ты адчуваеш, пакідаючы свае працы так далёка, што ад іх застаецца толькі фотаздымак у каталогу?..
— Так склалася сітуацыя. Мае скульптуры кранаюць душу і сэрца людзей на розных кантынентах. Той факт, што мне ўдаецца рэалізаваць мае манументальныя скульптуры ў асяроддзі, дае натхненне рухацца наперад. Але мару, што калі-небудзь яны крануць душы і маіх землякоў.
Але ў той жа час я не магу заставацца незадаволеным тым, што мая работа стаіць у Кітаі ці Турцыі. Там у мяне з’яўляецца магчымасць быць самім сабой, я ўвасабляю свае ўласныя праекты. І гэта — вялікае шчасце, што не працую на замову, не кіруюся чужымі меркаваннямі і пажаданнямі.
Як праходзяць міжнародныя сімпозіумы, які механізм удзелу ў іх?
— Звычайна абвяшчаецца тэма чарговага сімпозіума, і ўнутры гэтага вялікага праекта ты ўпісваеш сваё выказванне.
Вось ужо -наццаць гадоў, пачынаючы з канца 1990-х, я ў гэтым працэсе нон-стоп. Ты пастаянна думаеш, пасылаеш прапановы, чакаеш, спадзяешся. У мяне былі выпадкі, калі мяне запрашалі да ўдзелу толькі на сёмы раз, але пасля бралі ўжо тры разы запар. Памятаю, чарговы раз адмаўляюць, я клянуся, што больш ніколі... Праходзіць год, я зноў раблю праект, дасылаю для іх эскіз на новую тэму. На міжнародных сімпозіумах велізарныя конкурсы, бывае 30-40 чалавек на месца. Гэта свайго роду латарэя, няма сэнсу крыўдзіцца...
На такіх мерапрыемствах можна даведацца пра мясцовую культуру, пазнаёміцца з рознымі мастакамі з усяго свету, бо звычайна сімпозіум уключае шмат складнікаў і мае шырокую праграму. Выставы, канферэнцыі, семінары, мы самі паказваем працы і знаёмімся з удзельнікамі, таксама — музеі, культурныя месцы. Звычайна выкарыстоўваем матэрыял, распаўсюджаны ў краіне, да таго ж мы працуем публічна, заўсёды адбываецца камунікацыя з людзьмі. Ты адчуваеш напружанне, атмасферу пэўнай мясціны. У розных краінах рознае стаўленне да скульптуры, нават да жаночага вобраза.
Такое сутыкненні з размаітымі культурамі мяне змяніла. Я ўжо не кажу пра важнасць пастаяннай практыкі, бо скульптару, як і хірургу, неабходна ўвесь час працаваць. Толькі так прыходзіць майстэрства. Рабоце з каменем я вучыўся ў асістэнтаў у Бразіліі, у Кітаі, у Паўднёвай Карэі. У нас вялікіх камянёў мала, наша скульптура пераважна з дрэва і бронзы. І дасюль я вучуся, збіраю па драбочках. Майстэрства дазваляе мне рабіць мае задумы больш дасканалымі.
Зразумела, на міжнародныя сімпозіумы ты едзеш як прадстаўнік краіны, а не як прыватны мастак...
— Сімпозіумы розныя па значнасці, часам запрашае прыватная арганізацыя ці горад. Універсітэты могуць запрасіць, там усплывае яшчэ і дадатковая задача — студэнты вучацца, працуюць разам з намі. Бываюць вельмі вялікія сімпозіумы, што праводзяцца на дзяржаўным узроўні: напрыклад, у Кітаі ёсць вялізныя паркі на 200 скульптур. Мы тут, у Беларусі, нават не мыслім такімі маштабамі. Канешне, я еду як прадстаўнік краіны. Гэтым і цікавяць такога кшталту праекты — параўнаць тэндэнцыі, што становяцца відавочнымі, калі прадстаўлена каля паўсотні краін ці — як у Сусветным парку скульптур у Чанчуне — 216 нацый.
І якая вымалёўваецца карціна развіцця сучаснай беларускай скульптуры?
— Думаю, трэба няспынна працаваць і прапаноўваць свае асабістыя ідэі, нягледзячы ні на якія адгаворкі пра адсутнасць сродкаў на скульптуру, не зважаючы на памылковае меркаванне, што гэта нікому не патрэбна, на некампетэнтнасць людзей, ад якіх залежыць прыняцце рашэнняў. Бо ў нас ёсць таленавітыя скульптары.
Згадаеш самы прэстыжны для цябе скульптурны конкурс?
— Апошні мой праект у Кітаі: пятая міжнародная выстава-конкурс «Лі Кайгу», дзе я атрымаў бронзавую ўзнагароду. Ад ідэі да рэалізацыі прайшло два гады, месца правядзення — вялізны парк у горадзе Уху. Гэта сярэдні па памеры горад, нават невялікі — мільёны чатыры жыхароў. Адбор праводзіла міжнароднае прафесійнае журы. З некалькіх тысяч прэтэндэнтаў з усяго свету выбралі 40 праектаў, а пасля раздалі прызавыя месцы.
Што мяне асабліва ўразіла ў Кітаі? Архітэктурнае асяроддзе там не мысліцца без скульптуры, няважна якой — традыцыйнай, сучаснай, нават камяні з гор прыцягнуць бывае дастаткова. Скульптура разглядаецца як сувязь паміж чалавекам і архітэктурай, такі модуль, што спрыяе адчуванню сувязі з прыродай. Таму ў Кітаі шмат чаго адбываецца ў гэтай галіне.
Сваю першую манументальную скульптуру я зрабіў якраз у Кітаі, у 2002 годзе, калі страціў страх перад вялікім скульптурным блокам. Я, канешне, яго сам замовіў, але адна справа — калі ты яго ўяўляеш, аднак калі ты яго бачыш — адчуванне зусім іншае. І калі няма досведу, то становіцца крыху страшна.
Атрымалася?
— Так, было вельмі цікава: новыя маштабы, інструменты і новыя магчымасці. Першы вопыт працы разам з асістэнтамі, кітайскімі майстрамі, якім я спачатку вельмі не давяраў, раўнаваў іх да сваёй скульптуры, але ў працэсе работы мы пачалі разумець адзін аднаго. Як вынік, я многаму ў іх навучыўся і, дарэчы, карыстаюся гэтымі ведамі і па сёння.
Апошняя твая манументальная скульптура «Рака часу» таксама зроблена ў Кітаі. Сталь, якая адлюстроўвае асяроддзе. Ты ўлічваў, што не толькі форма стварае вобраз, але і гэтыя адбіткі?
— Спачатку я над тэмай цыркуляцыі ў прыродзе працаваў у камені, ідэя — раскладанне цэлага на атамы, малекулы. Формула, якую вынаходжу і ствараю. Знак пераходу вады з аднаго стану ў іншы. Камень мае дзікае супраціўленне, карункавыя формы ў гэтым матэрыяле выклікаюць моцнае адчуванне; іх нашмат цяжэй увасобіць у нержавейцы, але я вырашыў паспрабаваць і быў задаволены вынікам. Таму што тут дадаліся новыя грані: гульня адлюстравання стварае новыя непаўторныя хваляванні.
Скульптура моцна залежыць ад тэхналогіі, вельмі складана рэалізаваць некаторыя аб’екты самому. І калі ты знаходзіш такую магчымасць — гэта цудоўна. Калі б я чакаў рэалізацыі маіх ідэй у Мінску, да многіх рэчаў я б элементарна не дайшоў. Многія задаюць пытанне, маўляў, чаму дома не працуеш? Я ж згодны тут ставіць свае аб’екты, аднак... Мая прапанова для «Белгазпрамбанка» такая ж, як і для прэстыжных міжнародных сімпозіумаў, але тут гэта — нефармат. Нязвыкла для спажыўца. Нейкія рэчы ўвогуле мала дзе можна рэалізаваць, яны толькі для Кітая — з тымі тэхналагічнымі магчымасцямі, якія прапануюцца ў гэтай краіне.
Як адбываецца працэс — ад накіда да ўвасаблення?
— Спачатку з’яўляецца графічны эскіз, аднак мне не надта звыкла ствараць ілюзію ў малюнку, усё становіцца зразумелым, калі выходжу ў аб’ём. Не бачу чароўнасці ў ілюзіі, рэальны аб’ект мяне больш захапляе, я павінен памацаць, каб асэнсаваць тое, што атрымалася.
Разуменне скульптуры прыходзіць не адразу, толькі на нейкім этапе. Ва ўсіх па-свойму і ў свой час.
Жывапіс і колер таксама люблю, з цягам часу, думаю, буду займацца, крыху пішу. Люблю пайграць з колерам у скульптуры, з пацінай, розныя матэрыялы ствараюць розныя эфекты паверхні.
Так, і гэта было заўважна на апошнім нашым біенале жывапісу, графікі і скульптуры, дзе ты выставіў трыпціх «Выйсце» са спалучэннем аб’ектаў, адлітых скульптурных рэльефаў і малюнка, зробленага з дапамогай вуглашліфавальнай машыны.
— Я заўсёды ставіўся да прамысловых адкідаў даволі падазрона. Быў упэўнены, што твор мусіць быць цалкам рукатворным, толькі тады ён твой. І нядаўна прачнулася любоў да знойдзеных прадметаў, я пачаў цягаць жалеза, у ліцейцы збіраць адкіды, старыя рэчы і дэталі. Неўзабаве высветлілася, што мы з мастаком Іванам Семілетавым маем агульнае захапленне, і нарадзілася выстава «Механізмы: рэфлексіі і метамарфозы».
Ты прапанаваў гатовыя працы ці спецыяльна рыхтаваўся?
— Нешта рабіў раней, нешта зрабіў пасля, калі ўбачыў працы Iвана. Жалеза, яно ж тут, у майстэрні, ты яго не бачыш, а яно паўсюдна — на стэлажах і пад імі. Вельмі падабаюцца свабода і чароўнасць гэтага матэрыялу. Іржа, фактура, форма — важна гэта ўсё захаваць у гатовым аб’екце, захаваць яго душу і дадаць сваю.
Мне цікавы пошук. У нашай сітуацыі не трэба трымаць марку, працаваць у адным стылі. Эксперыментаваць не страшна. Ты нікому нічым не абавязаны. Ды і як знайсці нешта новае, калі ты не будзеш залазіць на недаследаваныя тэрыторыі? А рабіць у адной і той жа манеры — такі шлях мне незразумелы.
І дзе зараз твой пункт пошуку? Які матэрыял для цябе — выклік?
— Калі я сышоў ад валуна — круглай формы, многія скульптуры стаў рабіць зыходзячы з блока каменя. Нержавейка — сыход ад блока ў бок ускладнення формы. У ліцці з бронзы і сілуміну я больш настальгічны: вяртаюся да прац і ўспамінаў студэнцкага і пасляакадэмічнага перыяду, калі мяне захапляла ў асноўным фігуратыўнасць.
Таксама ў апошні час я зусім нечакана для сябе самога зацікавіўся працай са старым жалезам. Неверагодная гульня, у якой магчымая размова на сур’ёзныя тэмы.
Хачу даследаваць дрэва. Вось бачыш: стаяць драўляныя камлі ў майстэрні і ў двары. Для мяне як для выхадца з вёскі дрэва, калі яно не жывое, — гэта дровы: на калодкі яго — і спаліць. Адчуванне недаўгавечнасці драўніны не дае мне магчымасці ўзяцца за гэты матэрыял.
Мы з Валянцінам Борздым доўга працавалі ў адной майстэрні, і ён мяне агітаваў за сваё, маўляў, паглядзі, дрэва — яно цёплае, ніякага пылу пры апрацоўцы, падатлівае, камфортнае, а ты працуеш — пыл, шліфмашына, небяспечна, дзіка.
Напэўна, гэтае супрацьпастаўленне — вечнасць і прах, — вось што мяне спыняе ад працы з дрэвам. Матэрыял, які заўсёды побач, раптам стаў такім недаступным. Інструмент, ідэі — усё ёсць.
Якая твая самая крутая ўзнагарода?
— Трэцяя прэмія ў міжнародным конкурсе скульптуры ў рамках выставы «ЭКСПА-2014» у кітайскім Ціндао. Атрымаў другую прэмію на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Возера Джынгпо — 2011» таксама ў Кітаі.
Мне спадабаўся твой мінулы праект для Тэгерана. Тонкае напружанне і адначасова сімбіёз біянічнай і тэхнічнай формаў.
— Называецца твор «Калыханка зямлі».
Гэта вельмі складаная праца для такога кароткага адрэзку часу, як сімпозіум. Працаваў на мяжы магчымага. Няпростая форма ў цэлым плюс тэхнічна складаная дэталіроўка. У гэтай скульптуры я адышоў ад формы блока, з распрацоўкай дэталяў у гэтых рамках, што займала мяне апошнія гады, і пачаў шукаць іншую вонкавую абалонку, больш складаную і дынамічную.
Як бы ты коратка акрэсліў сваю стылістычную эвалюцыю?
— Першыя мае работы — рэалістычныя, я вельмі іх люблю, гэта маё ўсё, яно працягвае жыць, ператвараючыся ў новыя вобразы.
Часта знаходзіш старыя эскізы і хочаш іх дапрацаваць, адчуваеш тую пластыку і бачыш, што яны не губляюць сваю актуальнасць.
Усе мы абрастаем нечым іншым, але ўнутраны стрыжань застаецца.