Падрастаючы, большасць з іх страчваюць патрэбу самарэалізацыі праз візуальны вобраз… З 10 гадоў для тых, хто застаецца «ў справе», з’яўляецца магчымасць паступаць у мастацкія школы, куды адбіраюць самых таленавітых, ці наведваць гурткі і Цэнтры творчасці, адкрытыя для ўсіх, а ўзрост навучэнцаў у іх вагаецца ад пяці да дваццаці гадоў. Дарэчы, мастацкі профіль — самы запатрабаваны.
Крыху гісторыі
Значную ролю ў развіцці нашай сучаснай сістэмы мастацкай адукацыі адыграў савецкі перыяд, калі ў школьную праграму ўключыліся «выяўленчае мастацтва», «музыка», напрыканцы
1980-х — «сусветная мастацкая культура». Пачатковую акадэмічную адукацыю можна было атрымаць у мастацкіх школах і Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Івана Ахрэмчыка для адораных дзяцей.
У 1990-я істотна павялічылася колькасць школ з мастацкім ухілам ды з адмыслова распрацаванымі вучэбнымі планамі. Такія ўстановы займаліся не толькі эстэтычным развіццём, але і перадпрафесійнай падрыхтоўкай.
У 2008-м былі ўнесены змены ў базавыя вучэбныя планы і ў планы школ з мастацкім і эстэтычным ухіламі. У выніку прадмет «сусветная мастацкая культура» стаў факультатыўным — з адпаведнымі наступствамі (яго толькі нядаўна вярнулі), для школ з мастацкім ухілам перавод спецыяльных творчых дысцыплін у шэраг факультатыўных прывёў да скарачэння колькасці гадзін на іх вывучэнне, кепска паўплываў на матывацыю і дысцыпліну вучняў.
З 2011-га акадэмічную падрыхтоўку сталі паступова ўкараняць у пазашкольныя ўстановы, якія атрымалі статус устаноў дадатковай адукацыі.
Пазашкольнае навучанне
Аднак канкурэнцыю школам мастацтва ўстановы дадатковай адукацыі не склалі, хоць у апошнія гады навучанне ў гэтых аб’яднаннях па інтарэсах выйшла на новы якасны ўзровень: там працуюць высокакваліфікаваныя педагогі з вышэйшай адукацыяй, ужываюцца разнастайныя праграмы, якія дазваляюць дзецям праяўляць свае таленты ў розных сферах. Рэгулярна ладзяцца выставы, сумесныя праекты і майстар-класы. Наступная мэта — распрацоўка праграм, што дазволяць найбольш таленавітым дзецям канкурыраваць з выпускнікамі мастацкіх школ падчас паступлення ў сярэднія навучальныя ўстановы.
Аднак мэты і арганізацыя вучэбнага працэсу ў развіваючых і прафарыентацыйных інстытуцый прынцыпова розняцца: акадэмічная адукацыя арыентавана на пераемнасць, у выніку навучэнец атрымлівае дакумент дзяржаўнага ўзору, што мае юрыдычную сілу, а ва ўстановах дадатковай адукацыі навучанне індывідуалізаванае, неабавязковае, сярод заахвочванняў — дыпломы, граматы, падзякі, удзел у выставах, конкурсах...
Пераемнасць
Праблемы сучаснай мастацкай адукацыі сталіся тэмай абмеркавання на семінары «Пабудова эфектыўнай сістэмы ўзаемадзеяння суб’ектаў адукацыйнага працэсу як фактар павышэння якасці мастацкай адукацыі», што не так даўно адбыўся ў сценах Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава. На ім прысутнічалі прадстаўнікі як мастацкіх школ і ўстаноў дадатковай адукацыі, так і супрацоўнікі ВНУ, што рыхтуюць мастакоў.
Паняцце «мастацкае выхаванне» ўтрымлівае ў сабе і прафесійную адукацыю, і непасрэдна выхаванне. Мастацтва — важны складнік развіцця чалавека, і гэты аспект улічваецца ў навучальным працэсе. Дыскусія пачалася цытатай з праграмы ЮНЕСКА: «Устойлівае развіццё мастацкай адукацыі для заахвочвання разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення», мэта якой — прызнанне значнасці мастацкай адукацыі для развіцця творчага духу, наватарства і культурнай разнастайнасці.
Дырэктар мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава Аляксандр Шантаровіч ва ўступным слове акрэсліў асноўную задачу: важна вярнуцца на ранейшы ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, і адной з прычын падзення прэстыжу спецыяльнасці назваў незапатрабаванасць прафесіі мастака: «Велізарная колькасць цэнтраў творчасці і спецыялізаваных школ як мінімум павінны сфармаваць у грамадстве спажыўца таго, што мы робім. Пасля вяртання ў школу прадмета “сусветная мастацкая культура” можна спадзявацца, што агульнакультурная эстэтычная адукацыя зойме там належнае месца... Бо мы паступова ператвараемся ў педвучылішча, а наша мастацкая ўстанова ад пачатку ўзнікала зусім з іншым пасылам...» Сярод праблем таксама неразвітасць арт-рынку, адсутнасць зацікаўленасці бізнэс-структур, слабая матэрыяльная база ўстаноў адукацыі, неабходнасць стандартаваць падыходы да фармавання заказаў на падрыхтоўку кадраў.
Пятнаццаць устаноў сярэдняй адукацыі рыхтуюць спецыялістаў, так ці іначай звязаных з мастацтвам, аднак навучанне скульптуры — толькі ў дзвюх з іх, жывапісу — у трох. Лічыцца, што падрыхтоўка такіх адмыслоўцаў складаная, і многія адмаўляюцца ад яе. У сферы базавай адукацыі — 123 школы мастацкай скіраванасці. У Мінску — тры, што на такі вялікі горад, безумоўна, мала. Маем каля 15 ВНУ са спецыялізацыяй у сферы мастацтва.
У краіне выбудавана трохузроўневая сістэма навучання: школа, сярэднія і вышэйшыя мастацкія ўстановы. Наколькі яны ўзаемазвязаны і ў якой ступені гэтае ўзаемадзеянне варта распрацоўваць, а ў якой захаваць свае аўтаномныя мэты для кожнага этапу навучання?
Такім чынам, у беларускай мастацкай адукацыі закладзены прынцып неперарыўнасці, аднак у нас не рэгламентавана абавязковае праходжанне ўсіх прыступак навучання. Алена Бохан, прарэктар Акадэміі мастацтваў па вучэбнай рабоце, распавядае: «Трэба ўспрымаць гэтыя тры ступені цэласна, як сістэму, але важна разумець кожную з іх як аўтаномны і абсалютна неабходны цыкл для грамадства, бо кожная з гэтых прыступак мае свае функцыі, патрэбныя нашай краіне.
На першай ступені адбываецца знаёмства з азамі творчасці і выхаванне чалавека, які будзе ўключаны ў культурнае і — адпаведна — духоўнае жыццё грамадства.
Другая прыступка — сярэдняя спецыяльная адукацыя: чалавек вызначыўся прафесійна і абраў свой шлях. Тут важна развіваць выканальніцкае майстэрства, здзяйсняць вельмі сур’ёзную тэхнічную падрыхтоўку.
На стадыі вышэйшай адукацыі мы павінны не толькі самому студэнту, а і грамадству гарантаваць, што ў выніку атрымаецца творца, здольны рэалізоўваць самыя складаныя праекты.
Праблема ў тым, што гэта сістэма мусіць быць цэласнай. А як яе такой зрабіць? Дзякуючы карэляцыі праграм.
Сапраўды, тэхнічнае майстэрства ўдасканальваецца, калі чалавек пераходзіць ад простых заданняў да складаных. Калі вучэбна-метадычныя аб’яднанні сярэдняй і вышэйшай адукацыі будуць працаваць разам, тады і можна гаварыць пра цэласную і агульную сістэму.