Вось і цягне творцаў у Маскву, Парыж, Нью-Ёрк. Імі рухае надзея прапісацца сваімі работамі ў Траццякоўцы, Луўры, Музеі Гугенхайма. Даязджаюць, зразумела, да гэтых «станцый» не ўсе, хто выправіўся ў далёкую дарогу, як і не ўсе, хто даехаў, знаходзяць там тое, што шукалі. Аднак ужо сам рух па згаданых маршрутах успрымаецца вандроўнікамі як праява паўнавартаснага жыцця, альтэрнатыва гібенню на ўскрайку цывілізацыі.
Яно так. Але ёсць небяспека ў непазбежнай мітусні згубіць галоўную мэту. І тут перавага ў дамаседаў, якія робяць культурніцкую справу «тут і цяпер». У якасці прыкладу згадаю такіх майстроў, як амерыканец Эндру Уает, расіянін Аркадзь Пластаў, беларус Лявон Тарасэвіч. Творчасць гэтых асоб прывязана да канкрэтных мясцін, дзе і асфальту няма, але яна з’яўляецца нацыянальным здабыткам, культурным брэндам краіны.
Я зрабіў гэты доўгі ўступ каб патлумачыць, чым цікавы менавіта мне бабруйскі мастак Анатоль Концуб, выстава якога ладзілася ў Мінску. Не ведаю, ці збіраўся ён, ураджэнец вёскі Калкі на Берасцейшчыне, у маладыя гады заваёўваць Мінск, здзіўляць Маскву і ў рэшце рэшт атабарыцца ў Парыжы, але склалася так, як склалася, і ёсць тое, што ёсць. Ягонае жытло і майстэрня ў раённым цэнтры, аднак даволі часта спадар Анатоль выстаўляецца ў Мінску і нямала часу праводзіць за мяжою як удзельнік мастацкіх пленэраў. У ягоных творах адчуваецца каларыт правінцыі. Калі, зразумела, буйны прамысловы цэнтр з тэатрам і музеямі, якім з’яўляцца Бабруйск, можна лічыць правінцыяй — зрэшты, залежыць ад таго, з чым параўноўваць. У любым выпадку ў горадзе з больш высокім статусам і шырэйшым амбіцыйным полем мастак быў бы іншым. Мяркую, што Анатоль Концуб у Бабруйску знайшоў пабытовы і псіхалагічны фармат, які адпавядае творчым памкненням майстра. Нездарма ўступны артыкул да альбома, які пабачыў свет сёлета і падсумоўвае дасягненні мастака на дадзены момант, названы «Дарога ў травах». Творца, нібыта археолаг, здымае з цывілізацыі асфальтавыя наслаенні, дакопваецца да ўрадлівай глебы. Ён адчувае босымі нагамі вільгаць палескага балота, як дзве тысячы гадоў назад дзядзька з палесцінскіх Азарычаў, сёння вядомы ўсяму свету, адчуваў жар пустэльні. Нездарма значная частка карцін Концуба напісана на біблейскія сюжэты, трактаваныя так, нібыта адбывалася тое на беларускім Палессі. Я бачу ў гэтым сімвалічнае значэнне: кіруюць усім мегаполісы, а змяняе — глыбінка. Бо глыбінка мяжуе з іншасветам і сілкуецца даляглядам.
Адзін з улюбёных вобразаў мастака — Дыяген. Той, каму было не цесна жыць у бондзе, хто сярод белага дня з запаленым ліхтаром шукаў людзей у горадзе. І дазволю сабе сцвярджаць, што адна з лепшых работ Концуба — гэта партрэт Дыягена з ліхтаром на фоне заснежанай беларускай вёскі.
Яшчэ адзін важны вобраз — карабель. «Карабель дурняў»: ён стаіць на зямлі, занесены пяском, а каманда ладзіць бясконцы мітынг на тэму, куды плыць. Рамантычны «Карабель закаханых»: ягоная каманда і пасажыры ў згодзе адносна маршрута. «Карабель мастакоў», які ўвогуле немаведама як плыве...
Творца шануе прыроду, блукае думкамі ў травах, аднак жыве ўсё ж такі ва ўрбанізаваным асяродку. З гэтым даводзіцца лічыцца і на гэтую рэчаіснасць рэагаваць. Горад на карцінах Анатоля Концуба паўстае раз’яднанай, фрагментарнай прасторай. Гэта асобныя, звычайна старасвецкія будынкі, побач з якімі — міфічныя постаці з нейкага паралельнага свету, што відавочна пераблыталі, як спяваў Акуджава, «вуліцу, горад і век». У іншых выпадках горад увасабляе так званую другую прыроду: яна хоць і развіваецца паводле законаў першай, але супрацьстаіць ёй як агрэсіўная, антыгуманная альтэрнатыва. Яе сімвал — Вавілонская вежа.
Паралельны свет прысутнічае і ў творах, пазбаўленых сюжэтнасці. Напрыклад, нацюрморт, фонам якому служыць лясны краявід з рыбай на тым месцы, дзе мусіла быць птушка
Жывапіс Анатоля Концуба, таксама як і ягоную кераміку, можна залічыць у шэраг інтэлектуальных гульняў. Гучыць нібыта не сур’ёзна... Але менавіта праз гульню на пачатку жыцця чалавек атрымлівае веды пра дыялектыку жыцця, і прынцыпы светабудовы, пра знітаванасць і канфлікт «першай» і «другой» прыроды — дадзенай Богам і ўтворанай чалавекам. Мастак жа імкнецца сваёй працай злагодзіць свет, каб жыццёвыя гульні не мелі драматычных развязак.
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ