Адной з найважнейшых задач заяўлена «стварэнне міжнароднай асацыяцыі мастакоў, утварэнне доўгатэрміновых партнёрстваў пад наступным дэвізам: мастацтва і культура прыводзяць да змен у грамадстве і пры гэтым таксама змяняюцца» — своеасаблівая міжкультурная інтэграцыя Усходу і Захаду ў рамках адзінай «палітычна і эканамічна аб’яднанай Еўропы». Беручы пад увагу тое, што Еўропа сёння — ланцужок перманентных сацыяльных, палітычных, этычных і культурных трансфармацый, зоны стабільнасці і паўзы практычна выключаны. Прасторы, генераваныя такімі ўзаемадзеяннямі/выставамі, становяцца магчымасцю пратэставаць жыццяздольнасць як калекцыі мясцовых міфаў, так і адэкватнасць глабальных сімвалаў. У тым ліку выявіць існуючы беларускі МЕМ, калі МЕМ — гэта «адзінка культурнай спадчыны, назапашаны досвед, думка, якая перадаецца і распаўсюджваецца пры дапамозе камунікацыі», і яго актуальнасць для стварэння агульнай карціны сучаснага мастацтва Еўропы.
«Art in process» прадугледжвае пастаянную камунікацыю, дыскусіі і проціпастаўленне. Выстава выяўляе рознасць у падыходах, артыстычных пазіцыях, мастацкіх мовах, фарматах рэалізацыі прадстаўленых у ёй аўтараў — беларускай часткі і групы «МЕМ». У той жа час праект не ставіць задачай пераадоленне гэтага адрознення, хутчэй узмацняе яго. Магчыма, такім чынам пастулюючы неактуальнасць у кантэксце татальнай глабалізацыі дыскурса нацыянальнага.
Гэтая нераўнамернасць міжнароднага культурнага абмену праяўляецца і ў інтэрпрэтацыі сучаснасці, яе выклікаў і актуальных праблем. Тут спецыфіка асяроддзя/месца і мастацкія коды вызначаюць разрозненасць і перарыўнасць сімвалічнага поля праекта.
Матэрыял мастацтва і кантэкст мастацтва знаходзяцца ў пастаянным працэсе сімвалічнага абмену. Так, экспазіцыю выстаўкі «Art in process» выбудоўваюць чатыры дыскрэтныя спосабы рэпрэзентацыі актуальнай для кожнага рэальнасці. Група «МЕМ» прад’яўляе ў якасці маніфеста свой прынцып: «У цэнтры нашай працы і нашай творчай дзейнасці знаходзіцца духоўнае развіццё ўпэўненага і адказнага чалавека з мэтай фармавання ў яго самастойнага і вольнага мыслення». Акрамя таго, прадстаўнікі групы заяўляюць пра агульную парадыгму — «узаемапавага ў адносінах да свабоды творчага самавыяўлення і непрыманне фінансавай дыктатуры рынку мастацтваў». Стратэгія рэалізацыі — адмова ад традыцыйных відаў «так званых выяўленчых мастацтваў» і прыцягненне да пэўнага інтэлігібельнага арту.
Складаныя жывапісныя дэкаратыўныя плоскасці Бэпэ Банеці з Італіі, напоўненыя геаметрычнай абстракцыяй, нясуць у сабе рэалізацыю канцэпта метарэальнасці. Паняцце метарэальнасці становіцца не толькі ідэалагічнай базай і прынцыпам работы італьянскага мастака, але таксама пракладае выразную збалансаваную аснову — «трэці шлях паміж розумам і інстынктам, правілам і выпадковасцю, парадкам і беспарадкам». Роланд дэ Ёнг Арланда з Нідэрландаў абвяшчае першынство формы над зместам. У сваіх модульных скульптурных канструкцыях ужывае «метадычны падыход» у стварэнні геаметрычна-абстрактных работ. Мастак аб’ядноўвае асобныя модулі аб’екта з дапамогай загадзя ўсталяванай паслядоўнасці і парадку. Уключаючыся ў гэтую бясконцую гульню з формай і варыятыўнасцю «вынайдзеных» ім самім модуляў, аўтар спрабуе ўжываць і змяняць першапачаткова зададзеныя зыходныя, выкарыстоўваючы «не толькі сістэмны падыход, але і інтуіцыю ці вонкавую эстэтыку аб’екта».
Для Хельмута Бруха з Аўстрыі, наадварот, змест пераважае над формай, а інфармацыйны і фармальны патэнцыялы святла становяцца асновай для твора. Кампазіцыі аўстрыйскага мастака абстрактныя, флуарысцэнтнае акрылавае шкло дае «таямнічае свячэнне», выяўляе тоеснасць колера, святла і ўласна матэрыялу. Хельмут Брух кажа: «Мае працы не з’яўляюцца абстракцыямі бачнага, яны вынікаюць з тых перадумоў, якія вызначаюць форму матэрыяльнага свету».
У беларускай частцы экспазіцыі абсалютна па-іншаму трактавана сама прастора выставы. Унёсак Паўла Вайніцкага «Былых не бывае» ўяўляе з сябе site-specific інсталяцыю, якая апавядае пра асабістае перажыванне мастака, успаміны, злучаныя з пэўнымі прасторай і часам. Тут памятныя падзеі мінулага сустракаюцца з актуальнымі пытаннямі сучаснасці, спадчына, у тым ліку і сімвалічная, мінулай эпохі накладвае адбітак на ўспрыманне дня сённяшняга.
Тэксты фундаментальных твораў філосафаў, даследчыкаў, тэарэтыкаў і ідэолагаў сучаснага свету з’яўляюцца месцам крытыкі і асновай для канструявання твора Канстанціна Селіханава «Кінасеанс». Праект складаюць інсталяцыя з відэапраекцыяй верхавін дрэў у медытатыўным калыханні, шэрагі крэслаў, пакрытых чырвонымі падушкамі з тэкстамі, якія ўтрымліваюць цытаты Карла Маркса, Фрыдрыха Ніцшэ, Чарльза Дарвіна, Філіпа Котлера і іншых, а таксама рэкламныя слоганы вядомых сусветных брэндаў.
Тэмы ідэнтычнасці, штодзённасці ператвараюцца Вольгай Сазыкінай у «ментальнае і фізічнае дзеянне» — твор мастацтва (у адным са сваіх маніфестаў англійскі мастак Рычард Хамільтан кажа пра арт-аб’ект як сродак для «перадачы інфармацыі аб ментальным або фізічным дзеянні мастака»). У дадзеным выпадку экспазіцыя аўтаркі пабудавана на двух відэа: «Дыялогі», 2011, «Булён для душы», 2008. У першай працы Сазыкіна выкарыстоўвае дынаміку змяняючых адзін адно кадраў — відэафармат. «Булён для душы» вяртае да пытання ідэнтыфікацыі як зваротнага працэсу: апазнанне інгрэдыентаў, частак цэлага, адбываецца падчас змешвання складнікаў, а не на этапе аналізу гатовай субстанцыі.
Такім чынам, міжнародны выставачны праект ператвараецца ў негамагеннае, разнастайнае выказванне мастакоў з пяці краін, становіцца прасторай, кантэкстам і фарматам узаемаадносін артыстычных моў, пошукам агульных зон і магчымасцяў «перакладу». Гэтыя праблемы, спосабы іх рашэння, метадычныя формы, сувязі і дыялогі складаюць змест выставы, зладжанай у Мінску, а таксама сумеснага праекта, запланаванага ў Германіі.
Вольга РЫБЧЫНСКАЯ