У рухомай, дзейснай, умоўна-метафарычнай сцэнаграфіі ён імкнуўся да гранічнай выразнасці выяўленчых сродкаў і дэталяў, задзейнічаў нават парталы і ар’ерсцэну. Драўляны станок-памост павялічыў і ўзбуйніў пастановачныя магчымасці, зрабіўшыся для персанажаў і вялікім сталом, і бальнаю залай, і забойчаю багнай, а таксама містычнай прасторай для істот — ад таямнічых, амаль што інфернальных да рэальна хцівых, драпежных, здрадлівых. Колерава-светлавое вырашэнне выразна закцэнтавала мізансцэны, як бы набліжаючы да гледачоў важныя прадметы, жэсты і паставы ў вялікім, але ўжо даўно не раскошным замку — раскоша сышла ўслед за стагоддзямі і ўладарамі.
Насычаная карычневая гама спектакля ярчэе праз выразныя мізансцэны рэжысёра Уладзіміра Савіцкага: іх змены прыпадабняюцца да гартання кніжных старонак. Нечаканай выглядае сцэна балю — адна з вырашальных у творы. Падобныя адзін да аднаго персанажы ў аднолькавых гарнітурах (мастак па касцюмах — Дар’я Волкава) больш нагадваюць шэрых статыстаў-паляўнічых, але ніяк не бліскучых шляхцюкоў і шляхцянак. Жывая, трапяткая, безабаронная — Надзея Яноўская ў светлай доўгай сукенцы старадаўняга крою.
«Дзікаму паляванню...» уласцівыя жанравая дакладнасць, абазначаная як «псіхалагічны дэтэктыў», і сучаснае гучанне, якое накіравана не на дэманстрацыю тэхнічных навацый пляцоўкі (яны з’явіліся пасля рэканструкцыі), а на гартаванне выканаўцаў, у першую чаргу — іх драматычных і пластычных здольнасцей.
Праз эмацыйнасць, экспрэсію і аднадумства з мастаком прастора рэжысуры Уладзіміра Савіцкага насычаецца думкай аб непарыўнасці чалавека з радзімай. Згадваючы Васіля Кандзінскага, можна сказаць, што на сцэне таемна існуюць «розныя душы — розныя душэўныя гукі, а значыць, і розныя формы: розныя гімны фарбаў, розныя ключы пабудовы...» Вырашальным для «Дзікага палявання...» робіцца музычнае афармленне Паўла Захаранкі. Яно задае агульны імклівы рытм, характарызуе кожнага героя, напаўняе ўзнёслым гучаннем, спакоем альбо трывогай ці напружанасцю кожную сцэну. Асаблівай, трывожнай музыкай суправоджаны вобраз Надзеі Яноўскай, які ў спектаклі стварае Марта Шантар, — напалоханае дзяўчо з лялькай знаходзіцца ў нервова-напружаным стане прадчування нейкіх падзей у асабістым жыцці. Яе палохае ўсё запар: змена дня і ночы, з’яўленне Беларэцкага, кожны шолах і гук — ва ўсім ёй мірсціцца таямнічае паляванне, якое непазбежна мусіць забраць яе жыццё. Магчыма, і халодная, дакладная ў кожным слове і руху ахмістрыня (Ганна Казлова), і ўраўнаважаны, спакойны Беларэцкі (Аляксандр Гладкі) выклікаюць у яе насцярожанасць і падазронасць. Больш упэўнена яна трымаецца з Дубатоўкам, якога ярка, тэмпераментна, так бы мовіць, па-шэкспіраўску выконвае Ігар Дзянісаў, — і не падазрае, што хаваецца за яго шчодрасцю і заступніцтвам.
Пластыка (рэжысёр па пластыцы — Яўгенія Кульбачная) дакладна і маляўніча падтрымлівае рэжысёрскае вырашэнне і ў дыялогах персанажаў, і ў павольным, жудлівым з’яўленні дзікага палявання караля Стаха, і ў танцах на балі. Часам рэжысёр як бы свядома прыпыняе дзеянне, дае магчымасць абавязкова дачуць тэкст Уладзіміра Караткевіча і асэнсаваць яго. Узбуйненай літаратурнасцю, апавядальнасцю і праз гэта — сугучнасцю класіку літаратуры спектакль Тэатра юнага гледача вылучаецца перад сваім папярэднікам з малой сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (узору 2005 года, у рэжысуры Уладзіміра Савіцкага і мастакоўскім афармленні Віктара Цімафеева).
Вераніка ЯРМАЛІНСКАЯ