Сцэна са спектакля. |
З агульнапрынятымі маральнымі каштоўнасцямі сёння зусім блага. Яны, здаецца, ужо нікому не патрэбны ў дарослым тэатры, а дзяцей і ўвогуле адпужваюць, як нудны ўрок. Вось і кінуліся нашы пастаноўшчыкі спектакляў для дзяцей у небяспечную забаўляльную стыхію, дзе змяшаліся, зрабіліся нераспазнавальнымі дабро і зло. Калі драматургія не дае падставы для шоу, дык рэжысёр абавязкова нагрузіць відовішча моднай атрыбутыкай, а акцёр у сваю чаргу «паддасць пары».
Мне неаднойчы даводзілася крытыкаваць Тэатр юнага гледача і Маладзёжны тэатр за адсутнасць густу і вызначаных крытэрыяў, неабходных для фарміравання маладой асобы. Можа быць, гэта і прагучыць занадта пафасна, але хачу працытаваць надзвычай слушную думку выдатнага педагога А.Макаранкі: «Нашы дзеці -- гэта наша старасць. Правільнае выхаванне -- гэта шчаслівая старасць, кепскае выхаванне -- гэта наша будучае гора; гэта нашы слёзы, гэта наша віна перад іншымі людзьмі».
Якасныя паказчыкі многіх адрасаваных дзецям спектакляў даволі сціплыя з-за таго, што тэатр, вобразна кажучы, з’яўляецца юным барабаншчыкам, які ідзе не наперадзе, а ў хвасце атрада. Каб рабіць касу, трэба прыстасоўвацца да публікі. Колькасны паказчык, запаўняльнасць залы, як даўно вядома, -- небяспечная мель для тэатральнага карабліка. Вось і атрымліваецца, што кіраўніцтва тэатраў душой адпачывае, калі гледачы апладзіруюць, пляскаюць далонямі ў такт, устаюць у знак салідарнасці. І няма часу задумацца, што ў нас у сухой рэшце.
Прыняўшы кіраўніцтва Тэатром юнага гледача ў цяжкі, драматычны для яго час, рэжысёр Наталля Башава выслухала мноства папрокаў і, магчыма, здзейсніла цэлы шэраг памылак, пакуль, нарэшце, не сфарміравала сваё бачанне спектакля для дзяцей. Пайшлі на карысць кадравыя перастаноўкі, запрашэнне вопытных рэжысёраў, увага да нацыянальнай
Г.Казлова (Мары). |
У тэатра і цяпер вельмі разнашэрсны рэпертуар, пярэсты стыль, у наяўнасці і няякасны прадукт творчасці. Але заўсёды цалкам запоўненая зала, папулярнасць у школах, захаваныя, а то і адноўленыя лепшыя спектаклі мінулых гадоў, амалоджаная трупа. Вынік натхняе.
Апошняя прэм’ера -- «Шчаўкунчык» -- была прымеркавана да навагодніх і калядных святаў. Але на разавыя ёлачныя паказы спектакль не падобны. Атрымалася феерыя з вясёлай відовішчнасцю, зіхатлівай стыхіяй гульні, прыгожым афармленнем і багатымі касцюмамі, з марамі пра хараство, каханне, шчасце.
Казку ахвотна глядзіць «змешаная зала», дзеці і дарослыя. Хтосьці згадвае дзяцінства, хтосьці -- адкрывае новыя ісціны.
Да таго ж спектакль жывы і пругкі па рытме, што само па сабе для дзіцячай пастаноўкі -- рэдкасць. Казка захоўвае сумны гофманаўскі рух падзей, але літаратурная першакрыніца вельмі ўдала інсцэнізавана і прыстасавана да псіхалогіі нашых дзяцей. Можна нават сказаць, што знаўцы класічнага балета «Шчаўкунчык» на музыку П.Чайкоўскага сутыкнуцца з новымі паваротамі сюжэта і новымі падрабязнасцямі.
Наталля Башава, робячы інсцэніроўку, пэўным чынам праігнаравала погляды і тэарэтычныя ўстаноўкі Э.Т.А.Гофмана. І правільна зрабіла. Гэты містык, упэўнены, што людзям наканаваны толькі адзіноцтва і пакуты, выступаў супраць пышных дэкарацый і шыкоўных касцюмаў. Ён і ўявіць не мог, які ўдар нанясе ягонаму «Шчаўкунчыку і Мышынаму каралю» балет, што паглыбіць казку ў стыхію шыкоўнага карнавалу. Ды й усе наступныя інтэрпрэтацыі гэтага твору будуць насычаны яркай відовішчнасцю.
На творах Гофмана растуць пакаленні нямецкіх дзяцей. Магчыма, яны не задумваюцца над тым, што казка не надта жыццесцвярджальная -- хутчэй змрочная. У пацучынай гісторыі Гофманам закадзіраваны ягоныя містычныя ідэі і жах ад абсурднасці навакольнага свету. Нашым дзецям гэта не вельмі цікава. На чым жа спыніць іх увагу?
Сцэна са спектакля. |
Рэжысёр разам з мастаком Алесяй Сарокінай паглыбіліся ў фантастычны свет, выбудаваны нямецкім рамантыкам, згадалі, што Гофман быў не толькі пісьменнікам, а таксама кампазітарам і мастаком. Відаць, адтуль гэтае буянства фарбаў і гукаў. Вялізны зіхатлівы свет, дзе спалучаюцца казачнае і рэальнае, -- час пераходу XVIII стагоддзя ў ХІХ-е. Замяшанне духу і надзеі на лепшае. Тады рабілі і прэзентавалі мудрагелістыя рукатворныя цацкі, больш таямнічыя, чым нашы сучасныя робаты.
У спектаклі ТЮГа цацка для расколвання арэхаў ператварылася ў прынца. Сёння робат можа ператварыцца ў чалавека. Ачалавечванне лялькі і рэалізацыя мары. Вось і знойдзены слушны кірунак руху казкі. Без кібаргаў і жалезных рыцараў. Без агрэсіі тэхнагеннага свету. Няхай маленькі глядач даўжэй пабудзе сярод мяккіх прыгожых цацак і касцюмаў, багатых інтэр’ераў, у рэтра-марах сваіх бабуль. Веданне жыцця прыйдзе пазней.
Аказалася, што забаўляльнасць і напружаную інтрыгу можна атрымаць не капіруючы шоу эстрадных зорак, а дакладна пабудаваўшы супрацьстаячыя сусветы. Акрэсліваецца і хрысціянскі сімвал: знізу, як з пекла, прыходзяць пацукі, а зверху, як з нябёс, -- прынцы, прынцэсы, анёлы. Паядынак двух уладароў займае дзяцей. Паядынак дзвюх ідэалогій могуць разглядзець дарослыя. Як высветлілася, можна абысціся без аглушальных гукаў электроннай музыкі і жорсткага брэйк-рытму. Лёгкая архаіка знікае ў музыцы сцэнічнай прасторы. Тэатр нібы вядзе пошук страчанага праз наіўную веру дзяцінства.
У двух складах выканаўцаў занята амаль уся трупа тэатра. Гэта, на мой погляд, своеасаблівыя тэсты для акцёраў: на здатнасць носіць касцюм; пераўвасабляцца ў рэчы і жывёл; падтрымліваць дух гульні; балансаваць між рэальным і ўмоўным. Нарэшце -- на наяўнасць тэатральнай фантазіі, якая схавае маралізатарства і рытарычнасць.
Сярод многіх дзяцей, дарослых, прынцэс і пацукоў усё ж хочацца вылучыць таленавітую ігру Аляксандра Палазкова (Дросельмаер) і Наталлі Якаўлевай (Мышыльда). Здаецца, што ў спектаклі ні ў кога няма жадання выйсці «на сола». У ТЮГу такое здараецца рэдка -- тым больш гэта каштоўна. У спектаклі «Шчаўкунчык» мэтанакіраванасць мастацкай волі дае надзею на тое, што ўсё ў тэатры для дзяцей будзе добра. Няхай глядзяць прыгожыя казкі, мараць, вырастаюць і прыводзяць у тэатр сваіх нашчадкаў для вывучэння мадэлі свету.
Таццяна Арлова
Фота Андрэя Спрынчана.