Яшчэ школьніцай я трапіла ў Мінску на канцэрт іспанскіх артыстаў. Гітары, кастаньеты, смуглявыя артысткі ў чырвоных, амаль вогненных сукенках. Фламенка! Раптоўнае адкрыццё нечаканай прасторы... Тое фантастычнае ўражанне засталося ў памяці на ўсё жыццё.
Далёкая Іспанія час ад часу нагадвала пра сябе. Гарачыя пачуцці жыхароў Пірынейскага паўвострава жывілі вобразы ўбачаных, а потым і адрэцэнзаваных балетаў «Дон Кіхот» і «Лаўрэнсія». Іспанскія танцы — кульмінацыі баляў у «Лебядзіным возеры» і «Раймондзе». Знакамітую іспанку, оперную Кармэн пашчасціла пабачыць у інтэрпрэтацыі вялікіх спявачак Алены Абразцовай і Ірыны Архіпавай. Беларускі балет пачаў гастрольныя вандроўкі па Іспаніі яшчэ ў другой палове 1980-х. Яшчэ тады нашы артысты аб’ехалі ўсю краіну. Прычым безліч разоў.
Радзіма Сервантэса і Эль Грэка, Гоі і Альбеніса, Гарсіі Лоркі і Пікаса, Далі і Міро... Рэальная Барселона, убачаная на яве, дзівіць, уражвае і агаломшвае. Нязвыкласцю і экзотыкай. Неверагодным багаццем візуальных вобразаў. Разняволеным і натуральным суседствам, здавалася б, несумяшчальных архітэктурных стыляў. Дзівоснай захаванасцю помнікаў розных стагоддзяў, у якіх адлюстроўваецца шматвяковая гісторыя краіны. Невыпадкова гэты горад, адзін з турыстычных цэнтраў свету, займае шостае месца па папулярнасці ў еўрапейскіх вандроўнікаў.
Аднак спачатку музычныя ўражанні.
У Палацы каталонскай музыкі
Некалькі гадоў таму я рыхтавала гутарку з беларускай опернай спявачкай Таццянай Траццяк. Адно з архіўных фота адлюстроўвала выступленне салісткі ў Барселоне, у Палацы каталонскай музыкі. Зала неверагоднай прыгажосці. Як не ўбачыць яе падчас падарожжа? З канца мінулага стагоддзя Палац уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Выпадковых аб’ектаў там няма.
У Палац можна трапіць на экскурсію днём. А можна самастойнае сузіранне дзівосных інтэр’ераў сумясціць з музычнымі ўражаннямі. Я выбрала менавіта такі шлях. Квіток на араторыю «Месія» Гендэля быў замоўлены праз Інтэрнэт яшчэ з Мінска. І абачліва, бо ў зале, нават на верхніх ярусах, вольных месцаў не назіралася.
Спачатку пра будынак, які пакідае фантастычнае ўражанне. Магчыма, нязвыкласць нараджаецца ад спалучэння элементаў традыцыйнай іспанскай і арабскай архітэктур. Канцэртная зала на 2200 месцаў, узведзеная больш за 100 гадоў таму ў стылі каталонскага мадэрну, адзіная ў Еўропе мае натуральнае асвятленне. Столь — купал з каляровай шкляной мазаікі, сцены — пераважна вітражы з каляровага шкла. Захапленне мастацтвам адчуваецца і ў аздабленні фасадаў Палаца, дзе над калонамі бюсты Палестрыны, Баха, Бетховена, Вагнера, і ў аздабленні залы. Мноства скульптур — яны ўвасабляюць палёт вагнераўскіх валькірый, пегасаў, 18 грэчаскіх муз. Прызначэнне залы ўніверсальнае — тут ладзяцца спектаклі, канцэрты сімфанічнай і камернай музыкі, гучаць джаз і народныя песні. Але гэта яшчэ і штаб харавога таварыства «Каталонскі Арфей». Разглядаеш Палац каталонскай музыкі і думаеш, а чаму ў Мінску няма Дома беларускай музыкі? Каб у ім працавалі, мелі рэпетыцыйныя памяшканні прафесійныя калектывы, у рэпертуары якіх пераважаюць нацыянальныя творы.
Буклеты араторыі з падрабязным тэкстам «Месіі» на трох мовах і звесткамі пра выканаўцаў бясплатныя. Іх шмат у руках кантралёраў і на падваконні. Наведнікі трымалі выданні раскрытымі. Слухалі, уважліва сочачы за тэкстам.
«Месія» — самы вядомы твор Гендэля і адно з папулярных сачыненняў у заходняй харавой літаратуры. Пра яго значнасць сведчыць той факт, што будынак, дзе Гендэль працаваў над гэтым маштабным опусам, цяпер ператвораны ў Дом-музей кампазітара. І адкрыты для наведвання.
Тэкст для араторыі «Месія» ўзяты з Бібліі караля Якава. Гэты пераклад распаўсюджаны сярод англамоўных пратэстантаў. Паколькі англамоўныя музычныя опусы выконваюцца ў Мінску рэдка, я заўжды лічыла: мова Байрана і Шэлі не надта спрыяльная для спеваў. Куды ёй да італьянскай і французскай! Але спадар Гендэль лёгка і непрыкметна пераканаў у адваротным. Маштабны твор, напісаны больш як 270 гадоў таму, падаўся пазачасавым і актуальным. Бо адлюстроўваў жыццё Ісуса Хрыста і прымушаў успрымаць веру як аснову светабудовы, маральны грунт грамадства і асобы.
Музычная дзея разгортвалася пад кіраўніцтвам дырыжора Джулза Гейла. Яе складнікамі былі аркестр Кадакеса і хор самога Палаца. У выкананні ўласна харавых частках прымалі ўдзел і спевакі-аматары, больш за 400 чалавек, згрупаваныя па галасах і размешчаныя ў ложах вакол сцэны і побач з ёй. Нечаканае ўражанне! Бо здаецца, што спявае ледзь не ўся зала.
Музыка барока падуладная далёка не кожнаму артысту. Але вакальная разняволенасць салістаў «Месіі» — гэта сапрана Элеанор Дэніс, контр-тэнар Карлас Мена, тэнар Давід Бут Філіп і бас Давід Соар. Іх моцныя, выразныя галасы сведчылі пра дакладнасць разумення стылю эпохі.
Тэатр «Лісеа»
У Барселоне мне пашчасціла жыць у гістарычным цэнтры, побач з Гатычным кварталам і бульварам Рамблас (менавіта пра яго Сомерсэт Моэм сказаў: «Гэта самая прыгожая вуліца ў свеце»). Бліжэйшы прыпынак метро — «Лісеа», але гэта і назва опернага тэатра. У кансерваторыі пры тэатры ў свой час вучыліся знакамітыя Мансерат Кабалье і Хасэ Карэрас.
Трапляючы, хоць і не надоўга, у еўрапейскія сталіцы, заўжды імкнулася ўбачыць знакавыя тэатральныя збудаванні. Звычайна яны на ўсё жыццё застаюцца ў памяці — парыжскі Палац Гарнье, Венская і Будапешцкая оперы... «Лісеа», у адрозненне ад іх, нельга абысці з усіх бакоў. Толькі галоўным фасадам ён выходзіць на Рамблас, астатнія памяшканні схаваныя ў глыбіні квартала. Праўда, бліжэйшыя гмахі таксама належаць тэатру.
У фае чакаю пачатку экскурсіі, якія ладзяцца кожную гадзіну. Акрамя мяне, вялікіх аматараў музыкі яшчэ двое, мужчына і жанчына з франкамоўнай краіны. Пакуль ёсць час, вывучаю даступную інфармацыю. Для музычнай культуры кожнай краіны надзвычай важна, калі адкрылася ўласная Опера. Бо гэта пачатак магутнай традыцыі. Для «Лісеа» адкрыццём стаўся 1847-ы. Амаль 170 гадоў — гэта вялікі пласт гісторыі. Іншая краіна — іншыя правілы гульні. Тэатр пабудаваны на грошы прыватных мецэнатаў. Будынак двойчы гарэў, але адноўлены. Спачатку «Лісеа» змяшчала 3500 гледачоў, пасля рамонтаў засталося 2700 месцаў.
Па афішах і буклетах можна вывучыць рэпертуар. Ён акрэслены на ўвесь сезон, заяўлены ўсе даты. Так, прысутнічаюць назвы «хадавыя» — кшталту «Набука» і «Атэла» Вердзі. Але побач — «Атэла» Расіні, опера, пра якую беларускія меламаны, хутчэй за ўсё, і не чулі.
У тэатра традыцыя — на працягу месяца засяроджвацца на адной ці дзвюх пастаноўках. Сёлета ў сакавіку — пяць паказаў «Гібелі багоў» Вагнера. У красавіку — восем спектакляў «Сімон Баканегра» Вердзі. Сярод выканаўцаў — зорныя тэнары Леа Нучы і Пласіда Дамінга. Сайт тэатра падказвае: сачыце за выканаўцамі! Квіток на «Сімона...» ад 150 да 300 еўра (апошняя лічба, пэўна, «на Дамінга»). Эстэтычнае задавальненне для барселонца рэальнае, а для беларуса непад’ёмнае. У маі «Лісеа» дзевяць разоў пакажа невядомую нам оперу Беліні «Капулеці і Мантэкі». Адну з вядучых партый там выконвае сапрана Эліна Гаранча — яна ў ліку самых запатрабаваных вакалістак свету. У чэрвені і частцы ліпеня на афішы дамінуе «Багема». У сямі паказах оперы Пучыні будзе спяваць саліст нашага тэатра бас Анатоль Сіўко.
Нарэшце вандроўка па тэатры пачынаецца. Моцна ўражваюць два памяшканні — люстэркавая зала, у якой шмат карцін і залатой ляпніны, і, вядома ж, шыкоўная глядзельная. З высознай столлю, пяццю ярусамі крэслаў, абабітых чырвоным аксамітам. Падымаліся мы і на самы высокі ярус. Авальныя, чырвонага колеру аздабленні на светлай столі — гэта, як ні дзіўна, тэхнічныя прыстасаванні. Люкі адкрываюцца на спектаклі, за імі схавана светлавое абсталяванне. Крыху расчароўвае фае, надта простае ў параўнанні з нашым Оперным, і буфет (ён знаходзіцца фактычна пад сцэнай), сціплы і па-хайтэкаўску дзелавіты. У час, вольны ад спектакляў і рэпетыцый, ён выкарыстоўваецца для канферэнцый, акцый з юнымі гледачамі. Так што ўсё спасцігаецца ў параўнанні. Шматлікія фае нашага тэатра, вядома, эфектныя і прэзентабельныя. Праўда, такімі акцыямі, як сольнік Дыяны Дамрау, адной з вядучых спявачак свету (ён мае адбыцца сёлета ў чэрвені), або канцэрт дырыжора Рыкарда Муці, які ладзіўся ў «Лісеа» летась у лістападзе, нашы імпрэсарыа пакуль пахваліцца не могуць.
У парку Гуэль
Калі вандруеш па Барселоне, разумееш: гэта горад Антоніа Гаўдзі. Дарэчы, іспанцы прозвішча славутага архітэктара вымаўляюць з націскам на апошнім складзе. Барселона — гэта Гаўдзі, а Гаўдзі — гэта Барселона. Выявы яго самых знакамітых збудаванняў — Саграда Фамілія, Дом Міла, Дом Бальё — зрабіліся сімваламі.
Свядомасць жыхароў буйнога горада, здаецца, выбірае з мноства выяўленчых вобразаў тое, што ўспрымаецца як мастацкі знак. У Амстэрдаме гэта Ван Гог. Мастак памёр нікому не патрэбным жабраком. Але цяпер яго «Сланечнікі» і «Начная тэраса кавярні» — частка масавай свядомасці і масавай культуры. У Вене і Браціславе дамінуе Густаў Клімт і вобразы яго карцін «Залатая Адэль» і «Пацалунак». Гэтыя выявы шырока растыражаваныя — яны на фота, у жывапісе, шкле, тканінах, кераміцы. На магніціках, кубках, сумках, талерках, шаліках. Тое самае датычыць і шматлікіх твораў Гаўдзі. Уражанне, што архітэктар, які памёр 90 гадоў таму, да гэтага часу «корміць» горад.
У каталонскай сталіцы ў чарговы раз пераконваешся, што геніяльны мастак заўжды апярэджвае час. На пачатку ХХ стагоддзя Эўсебі Гуэль, багаты заступнік архітэктара, выкупіў 62 гектара зямлі, каб стварыць горад-сад. Меркавалася, што тут і «разгорнецца» Гаўдзі. Там, дзе цяпер знаходзіцца парк Гуэль, раней была ўскраіна. З запланаваных 60 дамоў пабудавалі толькі тры. Стагоддзе таму праект успрымаўся дзіўнаватым і... фінансава няўдалым. Цяпер гэта месца паломніцтва, дзе ўвесь час віруе натоўп.
Парк Гуэль знаходзіцца на высокім узгорку. Спачатку едзеш на метро, потым ідзеш пешкі паміж шматпавярховымі гмахамі, якія ўступамі цягнуцца ўверх. Дрэвы, а між імі... эскалатар. Каб вандроўніку было не надта цяжка ўздымацца па прыступках. Праехаў, крыху прайшоў. Такой увагі і клопату не бачыла нідзе. Спуск потым быў, вядома, больш вясёлы.
Парк і яго часткі ўспрымаюцца як гатовыя дэкарацыі да фільма ў стылі фэнтэзі. Яны дзіўнаватыя, таямнічыя і... прывабныя. Шмат разоў бачыла ў часопісах славутую балюстраду, аздобленую фрагментамі па-іспанску яркай керамічнай пліткі. Але як яна суадносіцца з іншай прасторай? Што вакол?
Усё агледзеўшы, зразумела. Прасторная, амаль велізарная тэраса, пасыпаная жоўценькім пяском (чамусьці яна нагадвае вялікую танцпляцоўку), і ёсць тэрыторыя, якую «абдымае» балюстрада. Мармуровая «лаўка» надзіва пластычная, у форме марской хвалі. Публіка з задавальненнем разглядае, фатаграфуецца, здымае на відэа. Але ўваходны квіток разлічаны толькі на паўгадзіны. Чаму? Каб на тэрасе і балюстрадзе не збіралася адначасна надта шмат публікі. Бо сама тэраса абапіраецца на сапраўды рукатворны лес з неагрэчаскіх калон. Бяспека — таксама важная рэч, асабліва калі плынь наведнікаў бясконцая.
Саграда і Кафедральны сабор
Яшчэ адзін магутны твор Гаўдзі, які таксама ўспрымаецца як сімвал Каталоніі, — Саграда Фамілія. Або сабор Святога Сямейства.
Бліскучая ілюстрацыя, як у творчасці аднаго архітэктара могуць спалучацца рысы неаготыкі, мадэрну і сюррэалізму. Праектаваннем і будаўніцтвам храма Гаўдзі займаўся ўсю другую палову жыцця.
Вядома, уражваюць выявы Саграды, зробленыя з высокіх пунктаў. Пра касмічны маштаб асобы архітэктара прымушаюць думаць фасады гэтага храма. Ён не менш захапляе і знутры. Такое адчуванне, што ходзіш паміж калонамі гіганцкага лесу, дзе столь нагадвае неба з зоркамі. Яны там, удалечыні. Касыя промні святла трапляюць праз вокны (іх афарбоўка залежыць ад малюнку вітражоў) і дадаюць будынку фантастычнасці.
Але разам з тым Саграда — своеасаблівае і, скажам так, аўтарскае ўспрыманне ідэі Бога і рэлігіі. Храм агромністы. Але мне здаецца, што стасункі чалавека з Богам патрабуюць пэўнай камернасці і засяроджанасці. Мо ўзвышанаму настрою шкодзяць настойлівыя, а часам агрэсіўныя гукі будоўлі, якая ідзе няспынна? Калі будзе скончана ўзвядзенне Саграды Фаміліі, ніхто не ведае.
Дзіўна, але больш цікавым падаўся музей храма, дзе яго адметнасць можна ўспрымаць паступова, па частках. Адначасова прасачыць, як узнікала і мянялася думка архітэктара, якія ідэі дадалі спадкаемцы. Здзвілі фотаздымкі дзён, калі ў храме адзначалася 2000-годдзе хрысціянства. Папа Рымскі і іерархі каталіцкай царквы прыехалі менавіта ў Барселону. Будынак запоўнены публікай, ідуць хвіліны ўрачыстасці...
Велічны Кафедральны сабор знаходзіцца ў старой частцы горада, у Гатычным квартале, дзе няспынная плынь мінакоў, мясцовых і прыезджых.. Каля сабора чародкай стаяць прадаўцы сувеніраў. Самыя хадавыя тавары — вееры і... кастаньеты. Іх сухі трэск нагадвае пра фламенка, гераіню оперы «Кармэн» і ўвогуле абуджае безліч тэатральных успамінаў. Сабор робіць крыху іншае ўражанне, чым Саграда Фамілія. Магчыма, ён больш традыцыйны па архітэктуры і ўнутранай аздобе, але ўвасабляе спакойную і гарманічную прастору.
Дом Міла і Дом Бальё
Нельга не згадаць яшчэ два мастацкія аб’екты, іх імкнуцца абавязкова ўбачыць тыя, хто трапляе ў Барселону. Гэта Дом Міла і Дом Бальё. Абодва — творы Гаўдзі. Найбольш моцнае ўздзеянне, як правіла, атрымліваеш тады, калі не чакаеш яго. Каля гэтых помнікаў літаральна натоўп. Бо ад такой прыгажосці зусім не хочацца сыходзіць. Квіток у першы музей каштаваў 11 еўра, у другі — больш за 20. Але вынік таго варты.
Няспешная экскурсія па Доме Бальё, які з 2005 года ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, заняла паўтары гадзіны. Усюды выяўляецца наватарскі падыход архітэктара. У вырашэнні прасторы, вентыляцыі, ацяплення. У выкарыстанні памяшканняў пад дахам і на ім. Столь, сцены, калідор, вокны, балконы — усё пластычнае, зменліва-прыгожае. Па эскізах Гаўдзі зроблены дзверы, іх ручкі, свяцільні; спраектаваныя каваныя лесвіцы, унутраныя дворыкі. Татальная архітэктура! Ходзіш па пакоях і паверхах, разглядаеш узоры керамічнай пліткі, выходзіш на балкон, уздымаешся на дах — і вар’яцееш ад немагчымай прыгажосці, вытанчанасці рашэнняў, вынаходлівасці дойліда.
Аглядаючы інтэр’еры абодвух помнікаў, усведамляеш, што індустрыяльнае домабудаванне (кватэры, дзе праходзіць адзінае і непаўторнае жыццё большасці з нас) не маюць з архітэктурай нічога агульнага. Гэта панылая геаметрыя, у якой няма ні кроплі фантазіі. Клеткі, каморкі большых ці меншых памераў. Можа, мы лепшага не заслужылі?
Дом Бальё — гэта ўласнасць канкрэтнай сям’і. Дзяржава фінансава ім не дапамагае. А грошы ад квіткоў ідуць на тое, каб падтрымліваць будынак у адпаведным стане. Высвятляецца, і такім чынам можна захаваць аб’екты, статусныя для культуры краіны. Важна і тое, што ў некага хапае сродкаў набыць такі дом-помнік.
Пікаса ў старым горадзе
У Барселоне не перастаеш здзіўляцца. Захапленню творцамі, здольнасці з размахам прэзентаваць плён іх дзейнасці. Музей Пабла Пікаса знаходзіцца ў Старым горадзе і займае пяць агромністых пабудоў. Гэта каменныя палацы замежных купецкіх сем’яў, якія жылі тут у XIII—XV стагоддзях. На трох паверхах — 35 (!) залаў. У будынках ёсць рамантычныя ўнутраныя дворыкі з пальмамі. Паколькі Пікаса заўжды хацеў мець у Барселоне ўласны музей, яго сябра і асабісты сакратар Хайме Сабартэс разам з урадам Барселоны ажыццявіў такую мару.
Экспазіцыя сведчыць, што мастак пачынаў як рэаліст. З інтарэсам разглядаеш яго анатамічныя штудыі, віртуозныя малюнкі і графічныя працы, творы «блакітнага» перыяду, цыкл «Меніны» — парафраз Веласкеса. Надоўга застаецца ў сховах памяці яго дасціпная і сакавітая кераміка.
Калекцыя ўключае ажно 3800 работ Пікаса, у тым ліку раннія, тыя, што з’явіліся да ад’езду ў Парыж. Крама знаходзіцца ў апошняй зале, перад выхадам з музея. Тут стосы асобных мастацкіх прац, манаграфіі пра творцу, вялікія і маленькія альбомы на шматлікіх мовах. Музей, дзе шмат залаў і прасторы, мае магчымасць на ўласных плошчах разгортваць іншыя экспазіцыі.
Якія бываюць музеі?
Выпраўляючыся час ад часу ў падарожжы, заўжды імкнуся звярнуць увагу на нечаканыя і нязвыклыя для нас музеі. Пачну са смачных. У Будапешце ёсць Музей марцыпана. У Барселоне — Музей шакаладу і Музей хамону. Каб стварыць музей, сучасны па назве і змесце, які будзе потым запатрабаваны публікай, трэба найперш мець досціп. Можна занудліва назваць установу Музеем палеанталогіі, і туды, акрамя спецыялістаў, наўрад ці хто пойдзе, а можна — Музеем маманта. У ім сабраная ўнікальная экспазіцыя шкілетаў, знойдзеных у Амерыцы, Канадзе, Якуціі, на Чукотцы. Ёсць рэканструкцыі жывёл у натуральную велічыню.
Існуюць у Барселоне Музей коміксаў і ілюстрацый, Музей керамікі, Музей тэкстылю і гісторыі касцюма. Адразу пачынаеш думаць: а чаму ў нас няма падобных культурных інстытуцый? Не хапае ў нас керамікі або тэкстылю? У сталіцы Каталоніі існуе Музей цырульніцкага мастацтва. А як вам Музей ідэй і вынаходніцтваў?..
У большасці музеяў экспазіцыі, на якія не трэба выдаткоўваць палову дня. Яны кампактныя, разлічаныя на 30-40 хвілін. Не стамляешся, не адчуваеш перагрузкі інфармацыяй і візуальным шэрагам. І ніякіх цётачак з указкамі! Або натоўпу, які пераходзіць з залы ў залу. У кожным музеі табе даюць навушнікі, можаш выбраць мову. У залах стрэлкі падказваюць кірунак агляду. Кожная зала пазначана лічбай. Уваходзіш, націскаеш адпаведную кнопку — і нябачны гід усё падрабязна пракаментуе. Прапусціш залу — можаш вярнуцца. Не згубішся, не адстанеш ад экскурсіі. Разглядай, колькі заўгодна. Амаль у кожным музеі ёсць мультымедыйная прадукцыя, якая распавядае пра мастака і аб’ект вашай увагі, дае ўяўленне, як стваралася экспазіцыя.
***
Барселона натхняе. Нават тым, што тут ацалела больш за 200 храмаў. І некаторыя з іх ты здолеў пабачыць. Натхняе бульварам Рамблас і портам з велізарнымі, дзесяціпавярховымі акіянскімі лайнерамі. Багаццем кветак на вуліцах. Пальмамі і апельсінавымі дрэвамі ва ўнутраных дворыках палацаў і музеяў. Спалучэннем готыкі і авангарду, барока і мадэрну. Плёскатам хваль Міжземнага мора на пляжах Барселанеты. Змяшэннем самых розных моў і гаворак на вуліцах і плошчах. І такіх штуршкоў твайму ўяўленню сталіца Каталоніі дае безліч. Хіба можна не любіць гэты дзівосны горад? І не імкнуцца вярнуцца сюды яшчэ неаднойчы?